• Газеты, часопісы і г.д.
  • Віцебшчына Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў  Аляксей Ненадавец

    Віцебшчына

    Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў
    Аляксей Ненадавец

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 478с.
    Мінск 2000
    208.15 МБ
    111
    калі, што зайздросцяць ужо зараз, а праз нейкі год яшчэ колькі зайздроснікаў дадасца...
    — Але ці ж можна так?..
    — Я ўжо прызвычаіўся, таму і вы забудзьцеся, — стараўся падбадзёрыць майстроў гаспадар.
    Тут зноў пачулася пагрозлівае:
    — Нядоўга засталося радавацца, вось пабачыце. Чакае вас агонь і бура. Чакае вас смерць і жахі ўсялякія, хутка пра гэта даведаецеся, хутка...
    Плетануў Верамей з сябрамі далей ад таго падворка, нават ужо і развітанне не зацягваючы, бо душу скалыхнулі тыя словы. Пакуль ішлі, пакуль гаманілі паміж сабой, то неяк супакоіліся. А там і родныя мясціны пачаліся. Хлопцы па адным, па два разыходзіліся, да сем’яў імкнуліся. Нарэшце адзін Верамей бадзёра крочыў да ўласнага хутара.
    Зайшоў на падворак і аблегчана ўздыхнуў — дабраўся. Адразу ў хаціну не пайшоў, а прысеў на камень пад старой грушай. Любіў ён тут сядзець ды ўслухоўвацца ў вечаровую цішыню. Так і на гэты раз было. Збіраўся ўжо крочыць спаць, як пачулася далёкае галашэнне. Верамей паслухаў, зайшоў у хаціну і не вытрымаў — разбудзіў жонку:
    — Ганна, пайшлі, паслухаеш нешта...
    Тая здзівілася, але не стала пярэчыць, выйшла разам з мужам. Сталі ўслухоўвацца, каб разабраць хоць паасобныя словы, а той жаночы голас не заціхаў, і, што самае дзіўнае, стагналакрычала жанчына не з боку вёскі, а з боку непралазнай пушчы.
    — Страшнае прадвесце гэта, жонка, — выдыхнуў Верамей.
    Тая не адказала, бо ўважліва прыслухоўвалася.
    — Чалавеча, яна галосіць і гаворыць: «Ой, Божа ж мой, Божа, што будуць бедныя людзі ў той час рабіць, калі ліхі д’ябал стане кроў ліць?»
    — Нам, Ганна, сёння ўжо старая адна, там, дзе мы працавалі, пра страшныя падзеі наперадзе пляла. Пайшлі лепей спаць, a то потым не заснём.
    Толькі сон не выратаваў іх ад жудасных падзей. Праз нейкі тыдзень сапраўды пачалася вайна лютая. Адзін ці то цар, ці то кароль ваяваў з другім. Пачалі вяскоўцаў хапаць на тую бойню. I Верамея лёс не мінуў. Як пайшоў чалавек на вайну, то назад і не вярнуўся, але памяць пра яго засталася ў народзе. Ля ягонай хаціны сталі другія сем’і хаціны будаваць і назвалі сваю вёску — Верамеева.
    112
    ПРУДОК
    Гэтая вёсачка знаходзіцца зусім побач з Верамееўкай. А заснавана была крыху пазней за першую. Здарылася гэта вось як.
    Жылі два браты — адзін багаты, а другі зусім бедны. Старэйшага, багатага, звалі Хведарам, а малодшага, беднага, — Раманам. Так яны і жылі побач. Бацька ім, пры старасці, зямлю і ўсе будынкі пароўну падзяліў. Праўда, сам пайшоў жыць не да старэйшага, а да Рамана, і гэта нягледзячы на ягоную беднасць. Паўтараў толькі стары:
    — He можа такога быць, каб Усявышні так і застаўся глухі да мальбы беднага. Нешта некалі пераменіцца...
    Хведар рагатаў з такіх слоў:
    — Нічога не пераменіцца, як было — так і будзе. Хоць не, я яшчэ болей узбагачуся...
    Стары ў адказ толькі галавой круціў:
    — Грэх гэта, чалавеча, грэх вялікі... Ты ж з роднага брата насміхаешся. Разам жа раслі, адны рукі вас гадавалі, а такое гаворыш. Лепей бы дапамог беднаму, табе потым залічылася б...
    — А навошта мне потым? Навошта мне дапамагаць? У мяне ўсё ёсць, і ніхто мне нічога не даваў, усё ўласнымі рукамі ды гарбом зарабіў. Калі Раман працаваць не ўмее, то няхай і дзяцей не плодзіць. Іх ужо гэтулькі, што і сам, мабыць, не ведае ўсіх па імёнах. Тут дык і розуму, і спрыту хапае.
    Бацька грэбліва пляваў і мовіў:
    — 3 табой пагамоніш — розуму не набярэшся.
    Сын таксама не заставаўся ўбаку:
    — А я ад размоў не багацею.
    — Усё пра багацце...
    — А то як жа... Навошта тады і жыць, калі бедным ды гаротным сядзець?
    — Патвойму, дык бедным і гаротным і жыць ужо на гэтым свеце не выпадае?
    — Ну я такога не гаварыў, — пачынаў злавацца Хведар, — гатовы ўсяго навешаць на мяне, абы толькі маўчаў.
    — Ты змоўчыш, — выціскаў з сябе стары і ішоў на падворак да Рамана.
    Там садзіўся і, апусціўшы галаву, думаў нейкія адвечныя думы, а навокал яго дзеці бегалі, скакалі, песні спявалі, з просьбамі ўсялякімі звярталіся. Радасна ім было
    113
    ад таго, што сонейка свеціць, што цёпла, што трава расце ды дрэвы шапочуць, што жывуць, нарэшце. Так, гледзячы на іх, адыходзіў душою стары. Ён працаваў да апошняга, усяляк імкнуўся дапамагчы малодшаму, але той, калі заўважыў, што бацька стаў слабець, наказаў:
    — Сядзі, тата, дома, не трэба больш ездзіць са мной у поле — не маладзенькі. Глядзі за малымі, мы з жонкай самі ўправімся. Яшчэ гадоў пару — і старэйшыя ўжо дапамагаць будуць, не доўга чакаць засталося. Вось толькі не шанцуе...
    — Трымайся, сынку, не можа такога быць, каб лёс увесь час ад цябе адварочваўся, нешта ж павінна перайначыцца...
    — Каб жа так здарылася, каб хоць раз мне пашанцавала. Працуем многа, амаль не спім, а ўсё не тое... Жывёлу збіраліся разгадаваць, дык хвароба ўбілася, і павыдыхала амаль уся. Жыта то не зародзіць, то звяры лясныя патопчуць. I так пастаянна. Вунь у Хведара, на суседніх жа нівах, зусім паіншаму атрымліваецца...
    — Зайздросціць, сынку, не трэба, ад гэтага лягчэй не стане. Я ніколі нікому не зайздрыў, на сябе спадзяваўся і неяк жа выжыў. Недзе і табе пашанцуе, вось пабачыш.
    — Эх, тата. Столькі ўсяго на мяне аднаго навалілася, што часам, здаецца, рукі наклаў бы на сябе.
    — Ты чаго гэта, дурында? — узарваўся бацька. — I не сорамна такое казаць? У цябе ж дзеці, нібы тыя галубкі, падрастаюць! He паспееш азірнуцца, а яны ўжо сваімі плячамі цябе і падтрымаюць! Каб апошні раз ад цябе такое чуў! Добра, што нікога побач не было! Я цябе ўзгадаваў — я табе і дарую, але пры жонцы ці пры дзецях каб такіх гамонак болей не было!
    — Вырвалася неяк, тата, і сам таго не жадаў. Цяжка проста, таму і сказалася...
    — Ведаю, што цяжка, але, пакуль можаш, пакуль чуеш у сабе сілу, павінен старацца, гэта табе залічыцца.
    Так яны гаманілі ўвечары, калі сядзелі на прызбе і абмяркоўвалі падзеі мінулага дня, а з раніцы гаспадар пачаў збірацца на луг, касіць сенажаць. Дабірацца трэба было вёрст пятнаццаць, таму стары селянін параіў:
    — Запражы, сынку, коніка, лягчэй будзе дабірацца, a па дароге назад і адпачнеш крыху, пакуль прыедзеш.
    — He, тата, я пайду пешшу, коніка вам пакіну. Вы з маімі старэйшымі лепей на поле зазірніце, там парадак навядзіце, а я пераначую на нашай сенажаці. За два дні
    114
    даб’ю ўсё. I вы справу зробіце, і ў мяне ладам атрымаецца.
    — Таксама слушна, — пагадзіўся стары, — але ж натомішся моцна...
    — Нічога, потым адпачну, час будзе.
    Так колькі слоў сказалі, і Раман паджгаў на луг. Выйшаў, дык яшчэ сонца спала, а пакуль дабраўся, то ўжо птушкі весела вызвоньвалі на ўсялякія галасы, услаўляючы раніцу. Забіў ён касу і давай махаць. Калі гуртам косяць — адна справа, а калі сам намагаешся — зусім іншая. Працуеш, працуеш, а, здаецца, зрабіў зусім мала. Так і ў гаспадара атрымлівалася. Столькі выкасіў, што трое за дзень не ўвабралі б, адпачыць ні разу і не прысеў. Касіў ды ўсё паглядваў, каб на заўтрашні дзень меней пакінуць, бо, вядома, цяжэй касіць будзе пасля такой стомы. Засталася ўжо, можа, трэцяя частка, тады толькі кассё ўбіў у зямлю касец і пайшоў на высокі груд, каб распаліць агеньчык і, перакусіўшы, легчы адпачываць.
    Выйшаў, назбіраў крыху ламачча, але потым неяк прыткнуўся пасярод кустоўя і соладка заснуў. I што ж вы думаеце? Які стомлены ён ні быў, але прачнуўся ад таго, што непадалёку нехта гаманіў. Прыслухаўся касец уважліва і чуе:
    — Ды што нам з сабой усё насіць? Давайце дзенебудзь прыхаваем.
    — А дзе?
    — Дзе, дзе? — выразна даносіўся незадаволены голас. Ды вось пад гэтым дубам і закапаем. Хто тут стане скарб шукаць? На дзесяць вёрстаў ніводнай хаціны няма, глухі луг...
    — Сена ж нехта косіць...
    — Ага, нехта косіць, а яшчэ нехта і есць.
    На такуюзаўвагу некалькі галасоў коратка рагатнулі.
    — Ну дык што вырашаем?
    — Калі так, то тут і закапаем.
    Раман ціхенька папоўз на галасы. Тое, што ўбачыў, не на жарт яго ўсхвалявала: нейкія, відаць, рабаўнікі пад старым дубам закопвалі свае каштоўнасці.
    На другі дзень дакасіў вясковец сенажаць, і ўвесь час цікаваў, ці не вернуцца тыя ліхія людзі назад? Нікога не было. Тады ён асмялеў, адкапаў іхняе золата, а там яго даволі многа было, набраў сабе паўторбы і пакіраваў дамоў. Калі прыйшоў, то аднаму бацьку паведаміў пра ўсё, бо добра памятаў, што язык можа і да гора давесці.
    115
    Стары параіў першнаперш зямлі дакупіць і будавацца нанова.
    Раман так і зрабіў. У тым жа паселішчы, але з другога боку купіў ладны кавалак зямлі, жывёлы і наняў майстроў, каб будавалі хату. Калі пра ўсё гэта даведаўся Хведар, то адразу прыляцеў, нібы яго нячысцікі прынеслі, ды давай дапытвацца:
    — А адкуль у цябе, братка, грошы?
    — Назбіраў.
    — А чаму ты ля мяне не захацеў будавацца?
    — Ай, Хведарка, — адказваў Раман, — няхай ужо табе аднаму будзе той грудок, а мне — прудок.
    I сапраўды, яго хаціна стаяла ля невялічкага прудка. Так і атрымалася з таго часу, што адна вёска падзялілася на дзве — Верамееўку і Прудок.
    СМОЛАЎКА
    Калісьці даўнымдаўно на тым самым месцы, дзе зараз стаіць наша вёска, быў вялікі і непралазны лес, a больш дакладна — лес гэты быў першастваральным. Як зрабіў Усявышні зямлю, з дрэвамі ды раслінамі, так тут усё і стаяла. Ведама, цяжка было знайсці такое месца на белым свеце, але ж трэба ўлічваць тое, што народу тады жыло значна меней, чым цяпер, некаторыя пусткі сотні гадоў увогуле не засялялі і не выкарыстоўвалі, а выглядалі толькі такія мясціны, дзе можна было лягчэй пракарміцца: ля азёраў ды рэчак, ля халодных крынічак і г. д.
    Праўда, з цягам гадоў справа крыху перайначылася. Цяпер ўжо нашы продкі не выбіралі найлепшыя ўчасткі, а проста шукалі незанятыя мясціны, дзе і ставілі хаціны ці зямлянкі.
    Аднаго разу і сюды прыйшло чалавек колькі. Спадабалася ім тут. А чаму б і не? Птаства ўсялякага хапае, звяры самыя розныя праз кожныя дзесяць крокаў сустракаюцца. I што самае галоўнае, пушча навокал такая, што ажно шапку здымаць трэба, калі спрабуеш да верхавін агледзець дрэвы.
    А тады ж такія часы былі, што Бог і ягоныя святыя па зямлі, нібы самыя звычайныя грэшныя, хадзілі, жылі сярод народу, усялякія просьбы выконвалі. Калі бачылі, што цяжка нейкаму чалавеку, то і ў працы яму дапамагалі, калі заўважалі дзе які непарадак ці пошасць, то тэрмінова