• Газеты, часопісы і г.д.
  • Віцебшчына Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў  Аляксей Ненадавец

    Віцебшчына

    Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў
    Аляксей Ненадавец

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 478с.
    Мінск 2000
    81.22 МБ
    — Як цябе завуць, гаспадынька?
    — А навошта табе?
    — Каб ведаць, каму дзякаваць за выратаванае жыццё.
    — Чарняўка.
    — Язычніца?
    — Так.
    Памаўчалі і запыталася ўжо гаспадыня:
    — А ты хто такі і як у гэтым глухім краі апынуўся?
    — Сама ж бачыла — паляўнічы. А апынуўся тут, бо ляцеў стрымгалоў за вялізным турам. Такога я яшчэ не бачыў.
    401
    — Мог даляцецца...
    — Ведама што. Каб не ты...
    — Абышлося... Скажы лепей, як цябе завуць?
    — Васіль.
    — Імя нязвычнае для нас. Ты што, не нашай веры?
    — Так, я хрысціянін.
    — Значыцца, ты не просты чалавек?
    — Кінь дурное, Чарняўка.
    — Адказвай, чалавеча. Мне карціць даведацца.
    — Князь я. Уладальнік усёй гэтай зямлі.
    Гаспадыня змоўкла. Прадчуванні яе спраўдзіліся.
    — А дзе ж твая ахова была, княжа? Куды сябры ды воі падзеліся?
    — Адсталі.
    — Адсталі? I шукаць цябе не кінуліся?
    — Мабыць, шукалі, ды не знайшлі. Ты, відаць, усё хітра падстроіла.
    — Гэта мая справа, — неяк суха прамовіла чараўніца. — Як хацела, так і зрабіла.
    — He злуйся.
    — Чаго мне злавацца. Спі давай, набірайся сілы.
    Хворы заціх, бо зразумеў, што далей працягнуць размову не ўдасца, — Чарняўка яе не падтрымае.
    Так ляцеў дзень за днём. Паранены князь ужо спрабаваў уставаць, але гаспадыня, калі заўважыла, забараніла:
    — Рана яшчэ, княжа.
    Міналі дні і тыдні, і неяк незаўважна пакахаліся Васіль з Чарняўкай. Князь абяцаў і бажыўся сваім Богам, што забярэ ў свой стольны горад і дзяўчыну, але тая не давала веры:
    — He жартуй, Васілька, не трэба.
    — Чаго?
    — Каму я там патрэбна?
    — Мне.
    — Знойдзеш ты сабе прыгажэйшую і намнога багацейшую і забудзеш пра мяне. Нават у марах не згадаеш пра тую, якая выратавала табе жыццё.
    Князь супярэчыў, але абодва вырашылі да пары да часу не кранаць гэтую тэму..
    Аднаго разу Васіль папрасіў дзяўчыну завесці на тое месца, дзе яго ледзьве не дабіў раз’юшаны тур. Чарняўка, нічога не падазраючы, пагадзілася, а калі прыйшлі на палянку, то князь прамовіў:
    402
    — Адсюль я ўжо і сам дарогу знайду.
    — Куды?
    — Да свайго горада. Няма чаго мне ў балоце сядзець, мяне княства чакае.
    — А я? — вырвалася ў дзяўчыны.
    — Пойдзеш са мною.
    — I за мяне вырашыў? Дарма, княжа.
    — Як сабе хочаш, — адрэзаў Васіль і бойка пакрочыў да дубровы.
    Доўга плакала Чарняўка, праклінала сябе, што паверыла князю, але змяніць ужо нічога нельга было. Нарадзіла яна дзяўчынку. Калі першы раз зірнула на маленькае стварэнне, якое смешна крывіла ротам, то ажно ўсміхнулася, ці не ў першы раз пасля расстання з Васілём:
    — Бачыш ты, малая, а ўжо мяне дражніць...
    Сказала так і весялей на душы зрабілася, што ўжо не адна будзе.
    Чараўніца жыла ў той жа хацінцы. Праўда, людзі пасоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй да патаемнай некалі пушчы. Абжывалі прыдатныя для сяўбы землі, высякалі і разворвалі ляды, адным словам, жыццё кіпела. Здаралася, што і да яе наведваліся людзі: то які чалавек заблукаў, то з палявання позна было ў далёкую хаціну вяртацца, і, каб не калець на дажджы ды ветры, паляўнічы ішоў на агеньчык сярод густога лесу. Так і даведвалася Чарняўка пра тое, што адбывалася навокал. Так і данесліся да яе чуткі, што ўладарыць гэтай зямлёю паранейшаму магутны князь Васіль, што ажаніўся ён і гадуе сына.
    Балела душа ў жанчыны, але нікому яна сваю крыўду не паказвала. Вось толькі калі вельмі брала, то пачынала ні з таго, ні з сяго помсціць простым людзям, якія і дачынення ніякага да яе горабяды не мелі. Потым, апамятаўшыся, залівалася слязьмі і прасіла даравання... у дачушкі.
    Звала яна сваю малую Уша — такая трава лугавая, мяккая, доўгая, хвалістая. Валасы такія ў дзяўчынкі былі, вось і імя па гэтай нагодзе атрымала. Чарняўка часта жартавала:
    — У мяне валасы, як воранава крыло, а ў цябе, як лён. I чаго гэта?
    Увесь час Чарняўка была разам з Ушою. Дзе сама хадзіла, там і дачушку вадзіла. Усё ёй паказвала, тлумачыла, адказвала на бясконцыя пытанні дапытлівай малой.
    403
    He забывалася чараўніца і пра тое, як у такія гады вучылі яе матуля і бабуля, якія замовы шапталі, як прызвычайвалі да таямніц чараўніцтва. Таму і гэтаму рамяству вучыла дачушку.
    Непрыкметна міналі гады. Вырасла Уша такой прыгажуняй, якой, можа, і сама Чарняўка ў маладосці не была. Гледзячы на яе, чараўніца не адзін раз прамаўляла, невядома да каго звяртаючыся:
    — Дзе ты сваё шчасце знойдзеш, самотная мая? Дзе яно цябе чакае?
    Чакала, як аказалася пазней, на тым месцы, дзе некалі і саму Чарняўку. Пайшла неяк Уша на рэчку і засядзелася там. Задумалася, можа, таму і не пачула, як да яе падляцелі вершнікі. Іх было некалькі, усе збройныя, маладыя, вясёлыя. Убачылі дзяўчыну і гукнулі:
    — Быць такога не можа... Нам, мабыць, мроіцца...
    — Што? — вырвалася ў дзяўчыны.
    — Адкуль тут такая прыгажуня?
    Болей Уша не прамовіла ні слова, павярнулася і пабегла. Вершнікі, весела смеючыся, засталіся на месцы, акрамя аднаго, які паскакаў за ёю.
    — Чаго ты ўцякаеш, дзяўчына? Пастой крышачку.
    Ён так хораша глядзеў на яе, што Уша затрымалася, і яны пагаманілі. На развітанне той хлапчына прамовіў:
    — Заўтра чакаю цябе на гэтым самым месцы. Прыходзь.
    — Чакай, — толькі і данеслася ў адказ.
    Малады паляўнічы закахаўся ў дачку чараўніцы, і яны сталі сустракацца. Заўсёды на адным месцы: пад старым, галінастым дубам.
    Чарняўка неўзабаве адчула, што з дачкою адбываюцца нейкія перамены, і вырашыла прасачыць. Калі першы раз убачыла хлапчыну, то ледзьве не ўскрыкнула, гэтак той быў падобны да князя Васіля. Потым аказалася, што гэта на самай справе быў малады княжыч. Хацела перасцерагчы дзяўчыну, але перадумала, бо спадзявалася, што хоць ёй пашанцуе ў жыцці, што не будзе хоць дачка туляцца па пушчах, па барах, а зажыве сярод людзей.
    Да таго ж па ўсім было відаць, што Уша і сама збіраецца пра ўсё распавесці матулі, ды адкладвае. Чарняўка таксама не спяшалася распытваць, чакала.
    I вось аднаго разу пабегла Уша на спатканне. He было яе доўга. Тым часам хмара чорная напаўзла, загрымеў
    404
    гром, забліскалі маланкі. Адзін раз так лупянула, што зямля хадуном захадзіла. Нейкае прадчуванне ажно падкінула чараўніцу, яна не вытрымала і пабегла да дуба. I што ж вы думаеце? Стары, таўшчэразны асілак гарэў — у яго ўлупіла страла Перуна, а побач ляжалі ён і яна — Уша і княжыч. Дзяўчына была мёртвая, а хлапчына ўсё шаптаў, да самага скону паўтараючы імя каханай: «Уша... Уша...»
    Потым, калі і ён памёр, то рачулку, якая цякла ля дуба, назвалі Ушою, а княжыч ператварыўся ў шэры камень.
    3 цягам часу людзі пастаўлялі хаціны на тым месцы і назвалі паселішча Ушачы.
    КАЧАНЫ
    Жылі некалі тут два хітрыя браты — Фёдар і Якім. Займаліся земляробствам, але падраблялі гандлярствам. I так здарылася, што апошняе пайшло ў іх намнога лепей за першае. Вырашылі тады яны увогуле перайсці на гандаль — так і пражыць лягчэй, і рвацца надта не трэба. Праўда, Якім, больш памяркоўны, вагаўся:
    — Каб нам, браце, не праляцець з гэтым гандлем... Давай зямлю не будзем прадаваць. На ўсялякі выпадак...
    Як пачалі браты займацца новай справай, дык зусім пра зямлю клапаціцца перасталі, адна ў іх думка ўжо была — як грошай болей прыдбаць.
    I трэба сказаць, што шанцавала новаспечаным гандлярам, мелі яны неблагі прыбытак. Здавалася б, і пройгрышны варыянт задумаюць, але так пракруцяць, што выйдуць сухімі з вады. Потым пасмейваюцца:
    — Ведаць трэба, з кім звязваецеся. Нас перахітрыць вырашылі. Ды мы сотні такіх, калі іх нават разам сабраць, абдурым.
    Ад нараджэння Фёдар з Якімам былі худыя, як трэскі. Як ні елі, як іх маці ні карміла, а раслі хлопцы ў заможнай сям’і, — паранейшаму заставаліся худымі.
    Гадоў па трыццаць мелі ўжо браты. Бацькі іхнія рана памерлі, а Фёдар з Якімам сем’ямі не абзавяліся. Людзі пасмейваліся:
    — Як гаспадароў не стала, то яны і есці перасталі. Баяцца, каб не збяднець, а жонак не бяруць, бо жанчын жа карміць трэба...
    405
    Дюдзі жартавалі, а браты ўвагі на кпіны не звярталі, сваім займаліся. Праз пару гадоў яны мелі ўжо вялікія грошы. Але, што самае галоўнае, пачалі папраўляцца. Спачатку непрыкметна, а потым так раз’еліся, што і пазнаваць іх людзі, асабліва якія даўно не бачылі, перасталі. Цяпер пра іх ужо казалі:
    — Зусім, як качкі, гатовы і за сабой усё паесці...
    Ды братам мала справы было да таго, што навокал адбывалася. Чым больш яны ўзбагачаліся, тым больш ганарыліся і выхваляліся. Цяпер ужо і зсуседзямі першымі не віталіся.
    Трывалі, трывалі сяляне, а потым вырашылі правучыць задзір. Доўга разважалі, як лепей зрабіць. Найбольш катэгарычныя кідалі:
    — Што тут доўга валтузіцца! Злавіць іх, зацягнуць у цёмны кут ды ўсыпаць.
    — А што, яны ад гэтага разумнейшымі стануць?
    Некаторыя раілі:
    — Пусціць ім чырвонага пеўня пад страху...
    — Паліцыя тады знойдзе вінаватых і ў Сібір сашле, a яны пановаму адбудуюцца...
    — Так, няважна атрымаецца. Трэба... такое незвычайнае, каб да іх на ўсё жыццё прыліпла, і яны гэтага не забылі...
    Ужо добра прыцемак узяўся, а людзі не разыходзіліся, не маглі прыдумаць такое пакаранне, якое зняславіла б багатых братоў у найбольшай ступені. Так бы, відаць, і не прыдумалі, каб не стары дзед, які ўвесь гэты час моўчкі драмаў ля гаманлівага натоўпу.
    — Трэба іх у карчму неяк зацягнуць і добра напаіць. Яны ж за свае ніколі піць не стануць, а вось за чужыя...
    — А што — гэта справа.
    — Давайце тады скінемся па якой залатоўцы ды напоім злыдняў.
    Падлічылі сяляне, колькі ім абыдзецца гэтая «навука», пашкрэблі патыліцы і махнулі:
    — Вучыць, дык вучыць! Няма чаго тады брацца, калі грошай шкадаваць!
    На наступны дзень, недзе ўжо надвячоркам, да Фёдара з Якімам зайшло пару вяскоўцаў:
    — Тут такая справа...
    — Прасіць прыйшлі? Мы нічога не падаём і не пазычаем!
    406
    — Ды не. Прыйшлі вас запрасіць з намі пасядзець...
    — Дзе, чаго?
    — У карчомцы.
    — Але ж...
    — Ды ў нас радасць — старасту новага выбіраем. I гарэлка агульная, ужо куплена...
    — Чаго ж вы маўчалі гэтулькі часу? Так бы адразу і сказалі. Пайшлі!
    У карчме стаялі шум, крыкі. Вяскоўцы пасадзілі братоў за асобны стол і ўзяліся частаваць. Піць падносілі бесперастанку, а закусваць — адну кіслую капусту. У другім выпадку Фёдар з Якімам, можа, нешта і сказалі б, а тут жа ўсё было дармовае. Таму пілі, елі не ў сябе. Сяляне ўжо пачалі занепакоена пераглядвацца паміж сабою: што рабіць? Амаль усю гарэлку браты папілі, але яна іх не брала.