Версіі
Юрась Залоска
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 463с.
Мінск 1995
У мастацтва, як мне здаецца, у адрозненне ад дакладных метадаў даследавання будучыні, дзе нельга абысціся без тэхнічных прыстасаванняў, самыя універсальныя сродкі ўздзеяння, візуалізацыі, прыбліжэння, асэнсавання. Яго карцінная плоскасць, сцэнаграфія, трохмерная скульптурнасць і іншыя магчымыя матэрыялізаваныя гняздоўі ідэй у пэўным сэнсе мадэль той футуралагічнай рэальнасці, да якой будуць набліжацца і, можа,
прыйдуць наступныя пакаленні гуманоідаў праз перажыванні, звязаныя з кантактам з мастацтвам. Агульна гэта можна акрэсліць як працэс глабальных перамен.
Без мастацтва паўнавартасна перажыць свой час немагчыма. Яно пакідае адбітак гэтага часу, які потым можа даць стымулы для новых пераўтварэнняў. Што б мы ведалі аб Антычнасці ці Рэнесансе, каб не іх найвышэйшыя мастацкія ўзлёты? Тагачасныя творцы, між іншым, пры вырашэнні чыста мастацкіх задач займаліся і праблемамі, якія далі пачаткі многім навукам. Яны былі як возніцы на квадрыгах, што перамагалі ў спаборніцтве з часам, а за імі ўжо гнаўся абуджаны і натхнёны імі свет.
Рэзюмуючы сказанае, сфармулюем выніковую думку так: перамены перш адбываюцца ў вобразнай ідэальнай сферы, а пасля ўжо здзяйсняюцца на зямлі.
Гэтым самым мастацтва стаіць ля вытокаў абстрактнага мыслення, магчымасці ўсведамляць фізічны і духоўны свет. I ў гэтым заключаецца яго касмалагічная вышэйшасць, звязаная з фармаваннем гарманічных адносін чалавека да вечнасці і сусвету. Такая скіраванасць мастацтва пачынае прасочвацца ўжо з архетыповых адлюстраванняў звяроў і жанчын-багінь, што пакінулі па сабе пячорныя творцы. Ад старажытнасці да Новага часу мастацтва тым і займалася, што набліжала да чалавека ідэалы і ўзвышала яго да ідэалу. Калі мастацтва Адраджэння дапамагло чалавеку ўсвядоміць яго універсальную гуманістычную дасканаласць на ўзор Бога, яно падштурхнула яго да ўсебаковай дзейнасці на ніве спазнання. Зараз, калі свет імчыць у бясхонцых змяненнях у будучыню, калі дзесяцігоддзі па ліку перамен абганяюць якія-колечы стагоддзі, толькі мастацтва сваімі рознастылёвымі, рознамэтавымі намаганнямі можа гэты свет найбольш зразумець, разгледзець, прывесці да гарманічнай раўнавагі і скіраваць жыццё туды, дзе ёсць шанец выжывання і эвалюцыі.
Але ўсё-такі: які сэнс ты ўкладаеш у вызначэнне сучаснага моманту як "пераломнага" і "пераходнага"? Калі браць на ўзроўні касмічным альбо метафізічным гэта пераход АД чаго і ДА чаго?
Варта, на мой погляд, часцей хадзіць на пляц Незалежнасці, назіраць за паводзінамі розных людзей, каб
скласці сваё ўласнае меркаванне аб тых працэсах, што адбываюцца апошнім часам. У іх няма старонніх гледачоўназіральнікаў: усе свядомыя альбо несвядомыя ўдзельнікі падзей, ніхто не можа схавацца за імідж "нейтральнасці", "незаангажаванасці". Надыходзіць пара паказваць сябе такімі, якія мы ёсць. Гэта адна з асаблівейшых прыкмет часу, які сапраўды найтрапней назваць пераходным: ад таго, што было ў трывалай нязменнасці, ад ладу жыцця, комплексу ўяўленняў, да яшчэ няспраўджанага, неакрэсленага, у пэўным сэнсе цьмянага, але непазбежнага будучага.
Мяжа, ад якой пачаўся пераход да новага, з кожным днём усё больш аддаляецца. Для мяне гэта быў той кастрычнік 1988 года, калі я быў прылюдна абраны адным з сяброў Аргкамітэта БНФ "Адраджэньне", і пачаўся пераход разам з сябрамі і аднадумцамі да таго, што ўжо часткова адбылося, і што яшчэ мае адбыцца. Між іншым, засталіся і такія рэтра-арыгіналы, каму патрапіла спыніцца перад той мяжой, псіхалагічна не здужаўшы пераадолець яе. Яны зараз існуюць у дзіўным, вартым жалю стане загіпназаванасці, калі ілюзіі старога мацней за рэальнасць. ёсць і такія, што хутка збочылі, сышлі з дыстанцыі і памкнулі недзе за сваімі асабістымі інтарэсамі, найчасцей матэрыяльнымі. Іх здолеў страх, што не паспеюць у час дэфіцытнай ліхаманкі стаць мільянерамі... Але большасць людзей ужо адчулі, што старога не вярнуць, і з надзеяй пацягнуліся за тымі, хто моцна апярэдзіў іншых не ў матэрыяльным, але ў ідэйна-ратункавым сэнсе.
Калі нашыя, беларускія падзеі накласці на храналогію агульнаеўрапейскіх змен, дык выявіцца шмат, на мой погляд, ідэнтычнага, нават сінхроннага. Уся Еўропа мяняе сваё аблічча з той запраграмаванай паслядоўнасцю, як на дрэвах увесну вырастае новая лістота. Спыніць гэты поступ вясенняга абуджэння немагчыма тым больш гвалтам і крывёю. У грамадскім эвалюцыяніраванні Еўропы аджылыя нормы, прынцыпы, формы, звычкі, пазіцыі і інш. адсыпаюцца ў глабальным маштабе, але зараз такі момант між старым і новым, што яшчэ яўна не адчуваецца перавага новага. Таму і страхі вялікія, трывога, напружанне. Еўропа зараз эпіцэнтр сусветных змяненняў, тут многія працэсы праходзяць
у самай сканцэнтраванай і інтэнсіўнай форме, тут знаходзіцца іх буйнейшы нервовы вузел. Калі яны вырашацца на гэтым плацдарме выпрабаванняў дык засвояцца і пашырацца на ўсіх іншых кантынентах. I адбудзецца гэта, пэўна, да канца стагоддзя. Такі цыклізм сусветнага развіцця, што напрыканцы аднаго стагоддзя нараджаецца новае (80-я 90-я гг.1, затым новае цалкам пераадольвае колішняе, вызначае кірункі, якія ў першай-другой палове веку развіваю цца, сутыкаюцца, ствараюць нечаканыя праблемы і канфлікты, нарэшце вычэрпваюцца і затухаюць і даюць ход якасна іншаму, што назапашваецца ў позняй, сінтэзаванай фазе. I так увесь час без супынку.
Калі бачыць метафізічную аўру працэсу, дык можна ўлавіць тэндэнцыю ад палярызаванасці настрояў да духоўнай міласэрнасці. Сэрцы стаміліся ненавідзець і прызнаваць толькі сваё... Адчувальныя памкненні да ўзаемаразумення і ўзаемаўзбагачэння. Зараз на адной частцы зямлі гора, галеча, пакуты, азвярэласць, на другой дабрабыт, шчасце бесклапотнага існавання. I адно і другое не ёсць для чалавека ідэальнае, бо чалавек істота гарманічная, звязаная з космасам праз духоўную суладнасць і біялагічную раўнавагу свайго існавання. У шчасці павінна быць і кропля цярпення, а ў пакутлівасці пераважаць не безнадзейнасць, а высакародная мэта. Зараз у еўрапейскім метафізічным клімаце адбываецца змяшанне, як у тэмпературы, пакутліва-сцюдзёнага і горачакамфартабельнага. У натуральным цяпле добрае мае большыя шансы для развіцця, а злое курчыцца і затухае...
Людзі на адной шостай частцы свету досыць нацярпеліся і за сябе, і, мабыць, за наступныя пакаленні, літаральна выпакутавалі жаданне лепшага, гуманнага жыцця. Ды не мы першыя і не мы апошнія, каму наканавана перажываць пераходы і пераломы ў грамадскіх працэсах. Напрыклад, у канцы XV стагоддзя ў Еўропе панавалі апакаліпсічныя настроі, але, як потым высветлілася, духоўна-змрочная эпоха скончылася і распачалося Вялікае Адраджэнне; яго геніяльны сын Альбрэхт Дзюрэр, які з маладосці сам быў удзельнікам таго "пераходнага" перыяду і ўсё перажыў і бачыў, потым, калі прайшлі гады, стварыў медзярыт "Райтар, смерць і д'ябал" (15131. Кашчастае страшыдла там
патрасае пясочным гадзіннікам, рагаты у выяве казла зманьвае сумненнямі, страшыць нечаканасцямі. А райтар, вершнік, цярплівы і мужны, трымае лейцы свайго каня і рухаецца наперад...
Рухаемся наперад незалежна ад свайго настрою і жаданняў і мы. Правакуе гэты рух, як ва ўсе часы, палітыка, палітычная дзейнасць сучаснікаў. Мы міжволі звяртаем на іх увагу, спрабуем зразумець іх памкненні, глядзіш / ўжо цягнемся да іх, робімся палкімі прыхільнікамі таго ці іншага кірунку. Кажу "мы", маючы на ўвазе, натуральна, шараговага грамадзяніна, заложніка вось гэтай самай палітыкі. Але выклікае здзіўленне актыўная палітызацыя сферы мастацтва, якое ці не з-за гэтага пазбаўляецца свае метафізічнае напругі і, калі заўгодна, духоўнае цнатлівасці... Мабыць, мастак узроўню Марачкіна ці Куліка ўсё-такі не павінен пісаць палітычныя лозунгі і карыкатуры... Наколькі гэта арганічная з'ява палітызацыя беларускага мастацтва ў другой палове 80-х гадоў?
Звычайна "палітызаванасцю” азначаюць нешта быццам прымітыўнае ў мастацтве. Гэта зручнае тэрміналагічнае клішэ, якім можна заштампаваць усё, што па розных прычынах не падабаецца, і ім зазвычай карыстаецца той, хто "палітыкай" не займаецца. Але па сутнасці і раней і цяпер "палітыка" ў мастацтве гэта актыўная грамадзянская пазіцыя мастака. Хоць ніхто з мастакоў у Беларусі прафесійным палітыкам, дэпутатам альбо міністрам не стаў, але ў грамадскім дэмакратычным руху яны ўдзельнічаюць, і ў параўнанні з пісьменнікамі і кампазітарамі іх тут значна больш.
У шчыльным судакрананні з праблемамі быцця народа беларускае мастацтва здолела спарадзіць такія нетрадыцыйныя актыўныя сродкі выразу, як спантанную каліграфію надпісаў, першабытна-умоўныя формы малюнка, сімволіку архаічна-вобразных колераў белага, чырвонага, чорнага, фотамантаж, калаж і інш., а таксама гіпербалу, метафару, палітычную карыкатуру, жанр плакатнай і часопіснай графікі. Пасля масавых шэсцяў і акцыяў у абарону правоў народа, яго гістарычнай памяці з дасканалай, зазначым, "рэжысурай" і выкарыстаннем неардынарных мастацкіх сродкаў выразу сотні тысяч
удзельнікаў апроч іншага разумелі, якую моц пазітыўнага ўздзеяння нясе ў сабе спалучэнне грамадскай акцыі з формамі хэпенінга, пэрформэнса. Мабыць, зараз ужо не трэба перакладаць гэтыя англамоўныя тэрміны, бо ў беларускага мастацтва ёсць свае адпаведнікі акцыя "Дзяды", ''Чарнобыльскі шлях", "Прысяга" і інш. Прафесійнае мастацтва натхніла сваім прыкладам і ананімную дадаістычную творчасць, дзе пафас адмаўлення даведзены да крайняга абсурду і выклікае шокавыя ўражанні. Вянкі з калючага дроту да помніка Леніну замест кветак; дамавіна КПБ, што ўласнаруч зрабілі і пранеслі па Менску дэманстранты, унікальныя і ўжо гістарычныя факты актывізацыі стыхійнага вобразнага самавыражэння. Лозунгі, якія ўпэўненай рукой першакласнага еўрапейскага жывапісца маляваў колькі год таму Аляксей Марачкін і іншыя апазіцыянеры, "Жыве Беларусь!", "Беларускай мове дзяржаўнасць!", "Толькі Незалежнасць!" і інш., рэчы эпахальныя для Беларусі і іх месца у Нацыянальнай мастацкай галерэі. Як аналогію можна ўзгадаць акцыі вялікага нямецкага мастака Ёзэфа Бойса, які прымаў самы чынны ўдзел у руху "зялёных". Вынікі ёсць Рэйн актыўна ачышчаецца ад бруду, а дэкларатыўныя творы мастака (так можна па-беларуску азначыць лозунгавы від актуальных творчых выказванняў) захоўваюцца ў музейных калекцыях Германіі як класіка 80-х гадоў.