• Газеты, часопісы і г.д.
  • Версіі  Юрась Залоска

    Версіі

    Юрась Залоска

    Выдавец: Тэхналогія
    Памер: 463с.
    Мінск 1995
    144.09 МБ
    прыйшлі да нас ці то з Захаду, ці то з Усходу. Таму, калі я і сёння чую ад сваіх маладых калег-філосафаў пра арыентацыю на заходнія інтэлектуальныя плыні, на Хайдэгера ці Гадамера, у мяне міжволі ўзнікае пытанне: а ці не хопіць нам жыць чужым розумам? Мы, беларусы, колісь займалі сваё, пачэснае месца сярод народаў Еўропы, здолелі выпрацаваць сваю, уласную культуру. Трэба гэта ўспомніць сёння і добра сабе ўсвядоміць.
    Гэта тым больш важна, што ў культуры сучаснага Захаду праглядаюцца яскравыя ўпадніцкія рысы, якія вельмі нагадваюць позні Рым. Асабліва добра яны бачны ў мастацтве, філасофіі, дзе пануе ірацыяналізм, унікненне сэнсу. Г.Рыд, аналізуючы сучасны заходні жывапіс, называе яго плёнам сацыяльнай шызафрэніі, разрыву рацыянальнага і пачуццёвага пачаткаў творчасці.
    Можна сказаць, што сучасная заходняя культура блізкая да раўнавагі, але на ўзроўні не фармацыі, а чалавецтва як суперсістэмы. Раўнавага гэтая вельмі няўстойлівая. Цяжка спрагназаваць, што адбудзецца з чалавецтвам у будучым; баюся, што агульначалавечае "лета" ўжо прайшло..
    ЛЮБОУ СІЛА, ШТО ПРЫЦЯГВАЕ
    Мы непакоімся за лёс чалавецтва, забыўшыся клопатаў пра сябе. Вы вельмі добра сказалі пра тое, што беларусам не выпадае пераймаць чужую ментальнасць. Што ж дапаможа нам дачакацца свае вясны, перажыўшы "зіму"?
    А ластаўка нашай гіпатэтычнай вясны ўжо лётае гэта беларуская ідэя, пра якую культуролагі кажуць усё смялей.
    Самым благім у нашым перайманні Захаду ці Усходу было перайманне ідэй. Мы бралі чужую ідэю і спрабавалі па ёй жыць. А рацыя ў тым, каб жыць паводле ўласнай ідэі ІДЭІ СЯБЕ. Бо бярэмся мы з ІДЭІ СЯБЕ і мы мусім як след выказаць сваю, БЕЛАРУСКУЮ ІДЭЮ. Пасіўнасць беларусаў у той час, калі вельмі актыўна ўзяліся ладзіць свае нацыянальныя гаспадарствы суседзі з усходу, поўначы і поўдня, можна растлумачыць менавіта недавыказанасцю сваёй нацыянальнай ідэі.
    Нельга пагадзіцца з тымі гісторыкамі і культуролагамі.
    што схільны ўважаць беларускую культуру толькі як палеанталагічную, хоць і вельмі каштоўную. Як вядома, амерыканскія культуролагі шчыра любяць індзейскую культуру і заклапочаны яе знікненнем, але мы ведаем, дзе зараз захоўваецца тая культура ...
    Культуры для змацавання і развіцця патрэбна яднаючая, прыцягальная ідэя. Яшчэ Эмпедокл лічыў, што Свет вызначаюць дзве сілы Любоў і Нянавісць. Любоў гэта сіла, якая прыцягвае і фармуе; нянавісць сіла, якая адштурхоўвае і разбурае. "Усё" ўтвараецца з камбінацыі гэтых дзвюх сіл. Калі культура ўзыходзіць, расце, дык мусіць пераважаць Любоў, якая асаблівасці і часткі фармуе ў цэлае. Нянавісць пераважае тады, калі цэлае распадаецца.
    Імперскае "сілавое поле" распалася. Колішняга адзінага цэнтра няма, узнікла шмат цэнтраў, вакол якіх з цягам часу будуць фармавацца новыя культурныя палі. Тое ж і ў беларускай культуры: "сілавыя лініі" цягнуцца да Мінска, ён становіцца нашым культурным цэнтрам. Дарэчы, багасловы кажуць, што любоў гэта Бог... Ва ўсякім разе наш шлях павінен весці да Храма, а ў Храме павінна быць ідэя нас, народа.
    Такім чынам, унутраная логіка кожнай культуры натуральна вымагае яе палітычнай і якой іншай суверэнізацыі?
    У аснове дзяржаўнага суверэнітэту ляжыць дыялектыка юрыдычнай формы і культурнага зместу. Як у Гегеля: дзяржава гэта рэалізацыя маральнай ідэі. Дзяржаўны суверэнітэт становіцца рэальнай сілай, калі ён напоўнены культурным зместам, і наадварот калі няма культуры, суверэнітэт застаецца пустой формай. Суверэнітэт гэта абалонка, палітычнае ўфармаванне культуры.
    У нас спачатку націск быў зроблены на палітычны суверэнітэт, была ўзведзена ў абсалют Дэкларацыя аб незалежнасці. Па ідэі, прагалошанне палітычнай незалежнасці павінна быць апошняй прыступкай, па якой узыходзіць народ у сваім станаўленні. Натуральна, прыняцце Дэкларацыі не магло адбыцца на абсалютна пустым месцы. Самая важкая падстава суверэнітэту і яго асноўны аргумент сам народ, які мае сваю культуру. Але вызначальнымі дзеля сутнаснай суверэнізацыі дзяржавы з’яўляюцца ўсётакі чыннікі культуры мова, мастацкая культура, філасофія
    і інш. Зрабіўшы палітычны крок, мы цяпер павінны зрабіць крок культурны, "падцягнуць", перасунуць наперад самасвядомасць.
    У нашым адраджэнні галоўны ўпор адпачатку быў зроблены на мову; мова сталася абсалютызаванай падставай Адраджэння і сферай прыкладання асноўных высілкаў, у тым ліку і дзяржаўнай палітыкі. Як на вашу думку, наколькі апраўданы такі разлік на мову?
    Спадзяванні на мову і яе ратаўнічую функцыю ў справе адраджэння беларускай культуры зусім справядлівыя. Мова з'яўляецца носьбітам духоўнай культуры народа. Больш таго, можна прасачыць уплыў мовы на матэрыяльную культуру і іх узаемадыялектыку. Існуе нават семантычная канцэпцыя культуры, паводле якой не толькі мова як свет слоў адлюстроўвае свет рэчаў, але й рэчавы свет адлюстроўвае сабой мову, што добра вядома археолагам. Заходнія лінгвісты і культуролагі Сэпір і Уорф лічылі, што чалавек бачыць акаляючы свет праз каардынатную сетку ўласнай мовы. А калі бачыць, то, пэўна ж, і пераўтварае гэты свет, карыстаючыся той жа каардынатнай сеткай. Перш чым зрабіць матэрыяльную рэч, чалавек задумвае яе ў сваёй галаве, а мысліць то ён на мове, роднай мове.
    Было б, аднак, недыялектычна ў справе адраджэння абмяжоўвацца адною мовай. Мова толькі знешні выраз, абалонка культуры. Філосафы з платонаўскіх часоў лічылі мову формай, а зместам думку. Мова ёсць форма, якая выяўляе пэўную самасвядомасць, і нельга адраджаць і адрадзіць мову, не клапоцячыся пра яе змест, г.зн. самасвядомасць у такім разе мова застанецца мёртвай, не запатрабаванай культурай. Тут нагадваецца вобраз зомбі з амерыканскага фільма, які быццам рухаецца, але душа яму штучна ўжыўлена. Такое, дарэчы, было ў беларускай культуры савецкага часу, калі яна знешне, па форме, з'яўлялася нацыянальнай, а змест у яе быў чужы, штучна ўжыўлены марксісцка-ленінская філасофія як выраз ментальнасці зусім іншага сацыяльнага паходжання і нацыянальных каранёў. Можна прасачыць, колькі беларусаўзомбі з прыпісанай яму чужой душой блукае па старонках беларускай савецкай літаратуры...
    Душа павінна быць сваёй, якой яна даецца народу ад
    пачатку. Выказніцай душы народа з'яўляецца філасофія, як самая інтымная, запаветная частка нацыянальнай культуры. Гэта самасвядомасць народа, выказаная ўжо не ў пачуццёва-размытых мастацкіх вобразах, а ў чыстай, дыстыляванай лагічнай форме. Што датычыць беларускай філасофіі савецкага часу (і большай часткі цяперашняй), дык яна не была нацыянальнай не толькі па змесце, але і па мове спрэс рускамоўная і рускадумная.
    Таму выратаванне культуры у адраджэнні не адной толькі мовы, але ўсіх кампанентаў культуры, пачынаючы з матэрыяльнага яе пласта (традыцыйныя народныя формы вытворчасці, рамёствыі і канчаючы пластом духоўным, дзе на першым месцы павінна стаяць беларуская нацыянальная філасофія як вершаліна культурнага дрэва.
    Заўважу што мова беларуса-"зомбі", як вы яго назвалі, не была аўтэнтычнай дастаткова паглядзець руска-беларускія слоўнікі пад рэдакцыяй К.Крапівы, паводле якіх беларуская мова сапраўды можа быць успрынята як дыялект мовы рускай... Дарэчы, каля сарака гадоў таму ў Мінску выйшла кніга М.Крукоўскага "Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую мову". Назва досыць празрыстая, каб не здагадацца, што гутарка ідзе пра г.зв. білінгвізм. Як бы вы цяпер ацанілі руска-беларускае моўнае ўзаемадзеянне?
    Праблема ўзаемадзеяння моў і цяпер уяўляе вялікую тэарэтычную цікавасць у кантэксце болыв шырокай праблемы ўзаемадзеяння культур. У адной з маіх кніжак па эстэтыцы ў свой час было пастаўлена пытанне аб узаемадзеянні розных мастацка-эстэтычных культур, і гэта была навацыя.
    У сярэдзіне 50-х гадоў, калі пісалася згаданая вамі кніжка, праблема ўзаемадзеяння моў бачылася даволі рамантычна. Я, напрыклад, лічыў, што магчыма зліццё нацый у адну сям'ю з адзінай, агульнай мовай... Трохі пазней, штудуючы Гегеля, пачаў здагадвацца аб недыялектычнасці такога погляду на культуру, а ў хуткім часе пераканаўся, што на гэтай тэме ідзе бессаромная палітычная спекуляцыя. Калі мне прапанавалі тэму доктарскай дысертацыі "Узаемадзеянне блізкародных моў у варунках развітога сацыялізму", у мяне хапіла розуму і інтуіцыі, каб адмовіцца ад яе_.
    Праблема рускамоўнага ўплыву на беларускую мову паранейшаму вострая і актуальная. Руская мова аказала і аказвае ўплыў на беларускую мову з-за вялікай колькасці насельніцтва, якое гаворыць на рускай мове. Ва ўмовах свядомага перамешвання розных нацыянальных груп, што праводзіў г.зв. цэнтр, беларуская мова не толысі падвяргалася ўплыву, асіміляцыі, але ўвогуле выцяснялася са сферы свайго традыцыйнага ўжытку, Уплыў рускай мовы абумоўлены таксама тою акалічнасцю, што ў ёй была больш развітая кніжная лексіка. Прычынай таму таксама русіфікацыйныя працэсы, з-за якіх беларуская мова змагла захаваць сваё жывое функцыянаванне толькі на ўзроўні дыялектаў.
    Да гэтых фактараў уздзеяння рускай мовы на беларускую трэба адносіцца па-рознаму. Палітыка зліцця моў, якую праводзілі цэнтральныя маскоўскія ўлады, ужо скасавана Законам аб дзяржаўнай мове. Міграцыю насельніцтва можна ўпарадкаваць эканамічнымі і іншымі захадамі, якія б рабілі міграцыю нявыгаднай. Але трэба працаваць і над узбагачэннем беларускай кніжнай мовы. Тут магчыма папаўненне лексічнага складу за кошт спецыяльнай, навуковай тэрміналогіі, пэўнае граматычнае развіццё. Я, напрыклад, да гэтага часу стаю на пазіцыі, якую абараняў яшчэ ў 1955 годзе перад светлай памяці Кандратам Кандратавічам Крапівой (ён быў маім першым афіцыйным апанентам пры абароне кандыдацкай дысертацыі), пазіцыі, згодна якой і ў беларускай літаратурнай мове павінна быць развітай сістэма прыслоўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, бо яны надзвычай павялічваюць магчымасці кніжнай мовы. Дарэчы, у рускай мове яны таксама прымяняюцца пераважна ў кніжнай стылістыцы, у гутарковай жа мове, дыялектах іх няма.
    Калі мы выйдзем за межы нацыі, паглядзім на ўзаемадзеянне моў, дык руская мова між намі і светам можа адыграць ролю пасрэдніцкай мовы. Венгры і фіны, напрыклад, пішуць na-нямецку і па-ангельску, бо іхнія мовы малавядомыя ў Еўропе. Аб'ектыўна складваецца іерархія моў, якая адлюстроўвае камунікацыйныя працэсы. Але ні ў якім разе гутарка не можа ісці пра "агульначалавечую" мову альбо культуру. Мовы і культуры па паходжанні