Версіі
Юрась Залоска
Выдавец: Тэхналогія
Памер: 463с.
Мінск 1995
Дакуль можна суверэнітэт Беларусі вымяраць адно колькасцю прадукаванай кілбасы? I ці не задоўга лёс нашае краіны вызначалі такія вось "кілбасныя” палітыкі? Настае час палітыкаў дзяржаўна-нацыянальных, беларускіх. Яны прыйдуць і ўжо прыходзяць... Некалі Янка Купала запярэчваў абуванню беларусаў у духоўна-жабрацкія лапці. Сёння гэтаму ж пярэчыць пабуджаны народ можа, пакуль не так голасна, рашуча. Але парашучае, чакаць засталося нядоўга...
Вашу футуралагічную думку пра неўнікнёнасць надзвычайнага няйнакш як апакаліпсічнага выпрабавання для беларусаў, можна, аднак, аспрэчыць. Хіба не была нашым усебеларускім, найбольшым, надта ж трагічным тэстам на трываласць Вялікая Айчынная вайна? Якія ж яшчэ і ці магчымы пасля ГЭТАГА Рацлавіцы ці Барадзіно?
Згодзен: мінулая вайна была страшэннай пакутай, урэшце, не толькі для беларусаў. Але наколькі яна ўзмацніла, нацыянальна з'яднала народ, вычуліла ягоны псіхалагічны імунітэт перад сталай пагрозай асіміляцыі? Скажам болей: ці была тая вайна для беларусаў Айчыннай?
Такое пытанне сёння паўстае. Пэўна, чыталі ў друку фрагменты манаграфіі Юры Туронка "Беларусь пад нямецкай акупацыяй". Мне гэтая праца, як і пакутлівы творчы неспакой аўтара, знаёмая вельмі добра... Пачытайце таксама мемуары, публіцыстыку,безліч эміграцыйнай перыёдыкі а чытанне гэтае непазбежнае, калі мы праўдзіва заклапочаны пошукам ісціны.
Дык вось: якую "Айчыну" бараніў беларус у згаданай вайне? Калгасна-сацыялістычную, партыйна-наменклатурную? Тую самую, што яшчэ да трагічнага чэрвеня 1941 года бязлітасна выкасіла ладную, найбольш дынамічную частку беларускага сялянства, мала не ўсю нацыянальна свядомую інтэлігенцыю, што разгарнула на Беларусі татальную асіміляцыю? Ці мо тую афіцыйную "Айчыну", што ў пасляваенны, пераможны час рукамі вылучэнцаў, нярэдка насланых з-за межаў Беларусі, павядзе далейшы наступ супраць духоўна-беларускага ладу жыцця, пачне застрашаць даносамі, шантажом, зубатычынамі ледзь не кожнага, хто супрацівіўся вынішчэнню беларускасці?!
He забывайма, што і народ у той вайне быў падзелены. Адны пайшлі ў партызаны змагацца з гітлераўскім акупантам. Другія, кіруючыся нацыянальным інтарэсам (не тут месца высвятляць, наколькі адэкватным было разуменне гэтага інтарэсу), выбралі змушанае супрацоўніцтва з акупацыйнай адміністрацыяй, выступіўшы і супраць партызан, і супраць той палітычна-ідэалагічнай сістэмы, якую яны ўвасаблялі і баранілі. Трэція (мабыць, большасць) ратаваліся як хто мог, каб выжыць, выплысці з крывавага
віру. Сотні тысяч мірнага насельніцтва... Попел беларускіх Хатыняў ці не задужа высокая плата за ўзарваныя партызанамі рэйкі, падстрэленага аднаго-другога бургамістра, немца-абозніка, ці нават пакаранага падпольшчыкамі гаўляйтара? Гэтымі ж балючымі пытаннямі смыліць кожнае слова ў вершы Ларысы Геніюш "Партызаны"... Ад іх, гэтых пытанняў, цяжка будзе адмаўчацца гісторыкам, дый не толькі ім.
Вайна, пра якую гаворка, наўрад ці прыбавіла беларускаму арганізму гарту, нацыянальнай трываласці. Паўсюдны заняпад, знішчэнне і самаразбурэнне беларушчыны ў Беларусі на працягу паваенных дзесяцігоддзяў сумны, неабвяржальны доказ таму, (Вядома, калі не вымяраць моц і веліч беларускага духу, як гэта рабілася дасюль, сеткаю сіласных вежаў, ліхам асушаных балот, пабудаваных хімічных камбінатаў "усесаюзнага значэння”, рускіх школ, універсітэтаў ды мільярднымі тыражамі русхамоўных газет і кніг).
Адсюль і меркаванне наконт фатальнай неўнікнёнасці ўсебеларускага ўздыму, узрушання або паспалітага рушання, якое б урэшце ацвярэзіла, з'яднала, узмацніла гэты народ дзеля здабытку сваёй незалежнасці, дзеля наймення сваёй, падкрэсліў бы, беларускасці. Іншае калі, у якой праяве адбудзецца тое ўсебеларускае самасцвярджэнне. Ды няхай над гэтым маракуюць прагназісты. Для мяне істотна адно: УСЕСУПОЛЬНАЕ БЕЛАРУСКАЕ "Я" ПРАГУЧЫЦЬ, БО HE МОЖА HE ПРАГУЧАЦЬ.
Зараз існа-інтэлігентныя людзі, найперш інтэлігенцыя Із яе шыхтоў па большасці рускамоўная беларуская інтэлігенцыя), хто хацеў бы вярнуцца да мовы, спасцігнуць яе багацце, скрозь сутыкаюцца з падабенствам Іпрыпадабненнем?) беларускай мовы і рускай. Яны кажуць: навошта калькаваць мову, гэта і не дасціпна, і не рацыянальна, вось бы авалодаць "існа-беларускай" мовай, самавітай, адрознай ад усіх. Вы напісалі кнігудаследаванне "Тутмой народ"; якое ваша, скарыназнаўцы, меркаванне: ці не зашмат старакрыўскай лексікі мы забыліся за гісторыю "прыпадабненняў"? Можа, ёсць рацыя ў тым, каб узняць забытыя пласты мовы?
Чаму ж не? Пласты, цэлыя радовішчы старабеларускай
лексікі дастаткова багатыя, эстэтычна I функцыянальна вабныя, каб не "музеіць" Іх адно ў гістарычных слоўніках. Вунь "спадар", "спадарыня",' "спадарства" ужо вярнуліся ў моўны побыт і, заўважце, як адразу памілагучнела, паласкавела нашае маўленне. На падыходзе, трэба спадзявацца, беларускі "сойм", беларускія грошы, мо "талер" ці штось падобнае, беларускі "канцлер" або "гаспадар" (навошта нам пазычаны "прэзідэнт" пры ўласнай мнагавечнай традыцыі вярхоўнага валадара?). Без сумніву скарыстаюць з тае ж спадчыны нашыя суддзі і падсудныя, "старасты", "ваяводы", радныя", "радцы", "пісары земскія", усё чынавенства, пачаўшы "нацыяналізоўваць", беларусіць, асвяжаць сваю замшэлую ў асімілятарстве гаспадарку. He менш вартасным і прынадным бачыцца здавён абеларушчаны рэлігійна-царкоўны пласт (такі ж вернецца і ў святыні, бо ў ім словы Скарыны, Цяпінскага, Карповіча, Адама Станкевіча...). Сціплейшымі, мабыць, будуць "старадаўнія" імпульсы адносна адраджэнмых патрэб навукі I тэхнікі. Але галоўнае тут не ў колькасным карыстанні: насамперш павінна адрадзіцца натуральнасць гукавой і граматычнай асновы нашай моўнай культуры, адносна якой продкі пакінулі нам высокі ўзор "рацыі і грацыі". Слынны наш Палачанін мала не пяцьсот гадоў таму напісаў і выдрукаваў "селуняне велмн плачуць па умерлых”. Газеты сённяшнія, ды не толькі газеты скрозь стракацяць "памёршымі", "прыйшоўшымі", нават "сабраўшыміся"... Так што "існаінтэлігентным" можна толькі паспачуваць. I ўсё ж іхні шлях да Беларусі аб'ектыўна пралягае не ўбаку ад роднай беларускай мовы натуральна, ачышчанай ад штучных калек, наогул выбаўленай ад задоўжанага, нярэдка прымусовага ўпадаблення мове рускай. А пакуль даводзіцца слухаць невясёлыя рэляцыі накшталт тае, што мова беларуская сваёй лексічнай "самастойнасцю" амаль напалову паўтарае рускую. Гэта пры ўласным амаль мільённа-слоўным набытку!
-За некалькі апошніх гадоў у сучасным адраджэнстве, здаецца, сказана і выказана ўсё, што-кольвек можна было і хацелася выказаць: і пра гістарычную незалежнасць, і пра нацыянальную "собскасць", a пра мову колькі сказана? Але, на маю думку, пакуль нельга казаць, каб народ
РАЗУМЕЎ адраджэнства і шчыра да яго гарнуўся. У вёсцы ўяўленні пра Беларускі Народны Фронт, сацыялдэмакратычную Грамаду на ўзроўні казак пра нячысцікаў... He здаецца вам, што адраджэнства працягвае хварэць на "элітарнасць", па-ранейшаму і ад пачатку развіваецца бы "само ў сабе", без лучнасці з сацыяльным грунтам?
Па-першае, не пагадзіўся 6, што адраджэнства ўжо нагаварылася, выказалася. Яно толькі цяпер набывае роўнага, свабоднага дыхання, голас ягоны мацнее, страйнее, пазбаўляючыся першапачатковага надрыву. Падругое, змена, палагадненне палітычнага клімату ў краіне, страта партакратыяй манаполіі на слова спрыяе зялёнаму святлу на шляху адраджэнскай ідэі, пашырэнню пад ёю сацыяльнай базы. "Казкі пра нячысцікаў" нейкі час, па інерцыі, яшчэ пабытуюць, але платным "казачнікам" работы паменшала і ўвогуле хутка не будзе каму іх слухаць. Таму, па-трэцяе, і супярэчнасць паміж "вярхамі" і "нізамі" ў адраджэнстве будзе паступова вырашацца.
Існуе затое другая праблема, затурбочанасць якой падкрэсліваюць і лідэры БНФ: больш цеснае спалучэнне высокай адраджэнчай ідэі са штодзённымі, штораз вастрэйшымі матэрыяльнымі клопатамі, болькамі людскімі... АДРАДЖЭННЕ НАША НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАХОДНЯ, I ЯЕ НАТУРАЛЬНАЕ МЕСЦА ПАЛАЦЬ НАПЕРАДЗЕ. Каго-каго, а цягальшчыкаў забабонных шлейфаў за спінаю натоўпу ніколі не бракавала. Гаворка ж наша пра народ, варты, як і кожны іншы, свае народнае эліты.
Паўторы? 3 імі таксама дамо рады па меры памасавення руху, калі носьбітамі, выказнікамі Адраджэння стануць сотні і тысячы беларусаў, і кожнаму, і ўсім разам будзе што сказаць, што зрабіць новае, надзённае дзеля адбудовы супольнага дому беларускага.
Сапраўды, мусіць, кожнаму знойдзецца работа ў гэтым мройным на сёння доме... Аднак жа дзе Беларусь пачынаецца, а дзе канчаецца таксама пытанне. Вы кажаце, што пры ўездзе на Берасцейскі чыгуначны вакзал з боку замежжа можна прачытаць шыльду "Московская сторона”, а ў Лондане затое можна пабачыць белчырвона-белыя сцягі... Дарэчы, было б несправядліва пакінуць па-за ўвагай сховы тамтэйшай бібліятэкі імя
Ф.Скарыны.
3 вашае ласкі назаву толькі некаторыя загалоўкі перыёдыкаў, што ў розныя пасляваенныя гады выдаваліся і часткова яшчэ выдаюцца беларускай эміграцыяй. To паслухайце: "Адраджэнне", "Бацькаўшчына", "Баявая Ускалось”, "Беларуска", "Беларускае Слова", "Беларуская Воля", "Беларуская Думка", "Беларуская Праўда", "Беларуская Трыбуна", "Беларускі Патрыёт", "Беларускі Скаут", "Беларускі Царкоўны Голас", "Беларускі Эмігрант", "Беларускія Навіны", "Беларус", "Беларус на Чужыне", "Божым Шляхам”, "Вольнае Слова", "Голас Беларуса", "Голас Гаспадарніка", "Зважай", "Змагар”, "Зьніч", "Крывіцкі Сьветач", "Моладзь", "Мэдычная Думка", "Нашыя Ветразі", "Незалежнасць", "Пагоня", "Праваслаўны Беларус", "Пуга", "Рунь", "Сакавік", "Схаут”, "Студэнцкія Весткі", "Студэнцкі Кліч", "Сьмех на здароўе" Іяк жа беларусу не смяяцца?), "У вырай", "Хрысьціянскі Сьветач", "Шыпшына", "Юнак"... He прытаміліся, слухаючы гэтулькі назоваў? Дый, зрэшты, тут не назовы: дзіўная музыка беларуская, ад якой адзвычаіўся ачарсцвелы слых.
Цяпер параўнайце гэтую гукавую і сэнсавую палітру з адпаведнымі назвамі перыёдыкі ў менскіх ятках, у якіх пасля другой гадзіны цяжка прыдбаць беларускую газету (і гэта пры гандлярскім "ніхто не бярот!"|...
Як бы вы, пабыўшы "на эміграцыі", пракаментавалі адносіны Бацькаўшчына эміграцыя? Мне здаецца, што дасюль гэта два розныя светы, кожны з якіх ганарыцца толькі сваёй працай, сваім беларусазнаўствам, часта не ведаючы, як і чым жыве замежны візаві...