Выбранае  Рабіндранат Тагор

Выбранае

Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
58.19 МБ
У пасудзіне з маладога бамбука нельга захоўваць ні ваду, ні масла. Яна ў гаспадарцы ні на што не прыдатная. Але чым маладзей бамбук, з якога зроблена флейта, тым часцей яна гучыць. Я вырашыў, што няшчасны, які нідзе не можа знайсці ўжытку сваім здольнасцям, павінен пісаць кнігі. Таму я смела ўзяўся за аднаактовую камедыю.
П’еса шмат каму спадабалася і была пастаўлена. Прыйшла вядомасць, а з ёй і небяспека, што я ўжо не здолею кінуць пачатай справы. Цэлымі днямі, заклапочаны і неспакойны, пісаў я свае камедыі.
— Тата, можа трохі пагуляем,— ласкава ўсміхаючыся, прасіла Пробха.
— Зараз жа ідзі адсюль, зараз жа! He злуй мяне! — закурваючы люльку, крычаў я ў адказ. Вясёлы твар дзяўчынкі цьмянеў. А я нават не заўважаў, як піха, з трапяткім ад незаслужанай крыўды сэрцам, знікала з пакоя дзяўчынка.
У тыя часы я бязлітасна лаяў служанак, збіваў слуг, а калі прыходзіў які-небудзь жабрак, я выганяў яго палкай. Мой дом стаяў на ўскрайку вуліцы, і, калі які бяскрыўдны прахожы прасіў мяне праз акно паказаць яму дарогу, я пасылаў яго к чорту і паказваў дарогу зусім у другі бок. Так, ніхто не хацеў зразумець, што я пішу вельмі вясёлую камедыю.
Маё захапленне драматургіяй і слава ўзрасталі з кожным днём, аднак грошай ад гэтага не большала.
Зрэшты, тады я нават і не думаў пра іх. Я забыўся і на тое, што павінен падшукаць для дачкі жаніха з добрай сям’і.
Невядома, колькі часу цягнулася б гэта вар’яцтва, каб не адно здарэнне. Заміндар вёскі Джахірграм, які выдаваў газету, запрасіў мяне супрацоўнічаць у ёй. Я згадзіўся і некалькі дзён запар так старанна пісаў, што людзі пачалі на мяне паказваць пальцамі.
Недалёка ад Джахірграма была вёска Ахірграм. Памешчык гэтай вёскі належаў да іншай партыі, чым мой заміндар. Расказвалі, што калісьці іх людзі нават пабіліся на палках і што суддзя мусіў узяць з іх пісьмовае абавязацельства, што больш такое не паўторыцца. Цяпер мой гаспадар пачаў выкарыстоўваць маё пяро замест забойцаў і бандытаў. Лічылася, што сваімі вострымі артыкуламі, у якіх я зласліва апісваў гісторыю продкаў заміндараў Ахірграма, я абараняю гонар Джахірграма. Ахірграм быў канчаткова разгромлены. Гэта была пара майго росквіту. Я паздаравеў, на маім твары з’явілася прыемная ўсмешка. Раскрыццём гісторыі ворагаў я нанёс заміндарам Ахірграма смяротны ўдар. Увесь Джахірграм літаральна лопаўся ад смеху, як выспелы плод. Я быў шчаслівы.
Але заміндар Ахірграма не застаўся ў даўгу. Ен таксама пачаў выдаваць газету. Чаго толькі не пісалася ў ёй! Яна кідала абразы з такім натхненнем і запалам і на такой даступнай народу мове, што, здавалася, самі друкаваныя літары, быццам вогненныя, уставалі перад вачамі. I жыхары абедзвюх вёсак добра разумелі значэнне гэтых слоў. Я ж, умудроны вялікім вопытам, з такой выдасканаленай дасціпнасцю граміў праціўнікаў, што ніхто — ні сябар, ні вораг — не MarAi зразумець, у чым сутнасць маіх артыкулаў. У выніку, хоць я і перамог, усе лічылі мяне пераможаным. Апынуўшыся ў цяжкаватым стане, я напісаў артыкул пра добры густ. Аднак убачыў, што наколькі лёгка
высмеяць добрую рэч, настолькі цяжка — дрэнную. Малпам лёгка перадражніваць людзей, тады як людзі ў гэтай справе не маглі б мець ніякага поспеху. Таму мой трактат не быў прыняты.
Мой заміндар не выказваў ужо да мяне ранейшай павагі, і сярод людзей я больш не меў аўтарытэту. Калі я выходзіў на вуліцу, усе адварочваліся ад мяне, а некаторыя пачыналі рагатаць.
Да гэтага часу людзі зусім забыліся пра мае камедыі. У мяне з’яўлялася ўражанне, што я стаў падобны на пачак запалак — запалілі, і ў адну хвіліну ён увесь, дарэшты, згарэў. Душа мая прыйшла ў роспач, галава пацяжэла і страціла здольнасць мысліць. Жыццё, здавалася, больш не мела сэнсу.
Пробха таксама баялася мяне. Без запрашэння яна не асмельвалася нават уваходзіць у мой пакой. Дзяўчынка зразумела, што для яе лепшым сябрам за бацьку, які толькі і рабіў, што пісаў, была лялька.
Але прыйшоў дзень, калі газета Ахірграма пакінула ў спакоі майго заміндара і ўзялася за мяне. Артыкул быў напісаны вельмі абразліва. Прыяцелі і сябры, смеючыся, пераказвалі мне яго. Некаторыя дадавалі: справа не столькі ў тым, што напісана, колькі ў тым, як напісана, якой смелай мовай! Варта толькі звярнуць увагу на стыль, як зняважлівы тон артыкула адразу памякчэе. Дваццаць чалавек дзяўблі мне пра гэта штодзень.
Перад маім домам быў невялічкі садзік. У хвіліны засмучэння я любіў на змярканні прагуляцца ў ім. Калі птушкі, што кружыліся над гнёздамі, пераставалі шчабятаць і ў цемры залягала цішыня, я супакойваўся. Я разумеў, што сярод птушак няма дасціпных пісакаў і з імі не трэба спрачацца пра добры густ. Я абдумваў адказ на злосны артыкул. «Высакароднасць і велікадушнасць,— разважаў я,— зразумеюць не ўсе. Адчувальней будзе грубая мова». I я вы-
рашыў напісаць рэзкі адказ--тут ужо я не пацярплю паражэння! У гэты момант у цемры прагучаў мяккі знаёмы голас, і я адчуў лёгкі, гарачы дотык ласкавай рукі. Але я настолькі быў паглыблены ў свае думкі, што не звярнуў ніякай увагі на гэта. Праз некалькі хвілін той жа голас зноў ціха паклікаў мяне, і я адчуў тое ж пяшчотнае дакрананне. Дзяўчынка павольна падышла бліжэй і ледзь чутна паклікала: «Бацька!..» He дачакаўшыся адказу, яна ўзяла маю правую руку, мякка правяла ёю па сваім ілбе і павольна пайшла дамоў. Даўно Пробха не звярталася да мяне, а калі прыходзіла, дык не была такая ласкавая. Таму цяперашняя пяшчотнасць дачкі ўсхвалявала маё сэрца.
Праз нейкі час я ўвайшоў у яе пакой і ўбачыў, што Пробха ляжыць на ложку. Яе цела было расслабленае, вочы напаўзаплюшчаныя; уся яна панікла, нібы сарваная кветка. Я дакрануўся да яе лба — ён быў гарачы, вены на ім набраклі, дыханне было перарывістае. Я зразумеў, што спакутаванае сэрца дзяўчынкі, адчуваючы набліжэнне хваробы, звярнулася да бацькі, шукала ў яго ласкі і цяпла, а ён у гэты час быў заняты складаннем нікому не патрэбнага адказу Ахірграму.
Я сеў побач з хворай. Пробха моўчкі, гарачымі рукамі прыцягнула маю руку, паклала яе на свой лоб і сціхла.
Я спаліў усе артыкулы пра Ахірграм і Джахірграм і не напісаў ніякага адказу. Нават перамога не прынесла б мне шчасця. Калі памерла маці Пробхі, я прыняў дзяўчынку ў свае абдымкі. Сёння ж, калі адбылося пахаванне маёй пісьменніцкай дзейнасці, якая стала мачыхай для Пробхі, я ўзяў сваю дачку на рукі і, прыціснуўшы яе да грудзей, пакінуў свой дом.
ЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕ
Прысуд
I
Калі два браты, Дукхірам і Чхідам, з рыдлёўкамі ў руках на золку ішлі на працу, паміж іх жонкамі адразу ж пачыналіся злосныя спрэчкі і сваркі. Але для суседзяў гэты крык стаў такі ж прывычны, як любы натуральны шум.
— Ну вось, зноў пачалося! — гаварылі яны адзін аднаму, пачуўшы вісклівыя галасы жанчын.
Гэта азначала, што здарылася якраз тое, чаго яны чакалі, і што сённяшні дзень ні ў якім разе не выключэнне з правіла.
Таксама як ніхто не пытаецца, чаму сонца ўстае на ўсходзе, ніхто не спрабаваў даведацца аб прычыне сварак паміж жанчынамі. Вядома, гэтыя шумныя спрэчкі трохі больш датычыліся мужоў, чым суседзяў, аднак якраз іх гэта мала клапаціла. Яны рухаліся па доўгай дарозе жыцця ў адной павозцы і несціханы скрып яе нязмазаных колаў лічылі звычайнай з’явай пры падарожжы на калясніцы жыцця. Наадварот, калі б з хаты не чулася крыку і нішто не парушала цішыні, усе ў жаху чакалі б страшэннага скандалу, такога, што ніхто б не асмеліўся прадказаць наперад яго вынікі.
У той дзень, з якога пачынаецца наша апавяданне, калі стомленыя браты позна ўвечары вярнуліся з працы, у доме было ціха. Знадворку таксама стаяла незвычайная цішыня. Моцны дождж, што ліў ужо
шэсць гадзін запар, нарэшце скончыўся, але хмары ўсё яшчэ засцілалі гарызонт. У паветры ані подыху. За час працяглых дажджоў дрэвы і травы вакол вёскі буйна разрасліся; востры пах вільготнай зеляніны затопленых вадой палеткаў шчыльнай сцяной акружаў хату. 3 балота, што пачыналася адразу за хатнімі прыбудовамі, чуваць было кваканне жаб. Стракатанне цыкад напаўняла нерухомае паветра.
Падма, што бегла непадалёку, уся разбухла ад дажджоў і ў змроку згусцелых хмар здавалася асабліва грознай. Затапіўшы большую частку раллі, яна падкралася да жытла людзей. На месцы апоўзня тарчалі аголеныя карэнні мангавых і хлебных дрэў; нібыта выцягнутыя ў адчаі пальцы, яны чапляліся за пустату, у надзеі знайсці хоць якую-небудзь апору.
У той дзень Дукхірам і Чхідам працавалі ў канторы заміндара.
На водмелі паспеў ужо ўраджай, і беднякі вёскі былі занятыя альбо на ўласных палетках, альбо на плантацыях джута. Таму, калі з’явіліся з канторы наглядчыкі, яны засталі толькі братоў.
Дах канторы быў увесь у шчылінах і прапускаў ваду. Цэлы дзень браты рамантавалі яго. Пайсці дамоў на абед ім не ўдалося, і яны перакусілі тут жа, у канторы. Увесь дзень яны былі вымушаны мокнуць пад дажджом, вызначанай платы не атрымалі, затое лаянкі і папрокаў ім хапіла з лішкам.
Брудныя, прамоклыя да касцей, браты вярнуліся на змярканні дамоў. Чандора, жонка малодшага брата, разаслаўшы край вопраткі, маўкліва ляжала на падлозе. Яна здавалася пахмурнай, як сённяшні дзень, што быў такі ж нудны, як дажджлівы вечар. Жонка старэйшага брата, Радха, сядзела, насупленая, на тэрасе, а яе паўтарагадовы сынок плакаў. Увайшоўшы ў пакой, браты ўбачылі, што голы хлопчык перакуліўся на спінку і заснуў у кутку.
— Давай есці! — кінуў жонцы галодны Дукхірам.
Радха ўзарвалася, як падпаленая бочка з порахам.
— Дзе я вазьму? — закрычала яна.-— Пажартаваць захацелася? Можа, мне самой пайсці на заробкі?
Пасля дня, поўнага цяжкай працы і зняваг, пачуць у цёмнай хаце народжаную полымем голаду лаянку жонкі, асабліва ж з’едлівы намёк, які хаваўся ў яе апошніх словах, было нясцерпна.
— Што ты сказала? — прамовіў Дукхірам здушаным голасам, які нагадваў рык разлютаванага тыгра, і ў тое ж імгненне апусціў рыдлёўку на галаву жанчыны. Радха павалілася да ног нявесткі і тут жа сканала.
— А божачкі! Што гэта такое? — закрычала Чандора. Уся яе вопратка была заліта крывёю. Але Чхідам заціснуў ёй рот.
Дукхірам адкінуў рыдлёўку і, разгублены, сеў на падлогу, закрыўшы твар рукамі. Прачнуўся і заплакаў спалоханы хлопчык.
Між тым у вёсцы па-ранейшаму было ціха і спакойна. Пастух толькі што прыгнаў статак. Сяляне, якія ўвесь дзень убіралі рыс на водмелі, у лёгкіх чаўнах вярталіся дамоў; яны трымалі на галовах па некалькі вязак рысу — свой дзённы заробак.