Выбранае  Рабіндранат Тагор

Выбранае

Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
58.19 МБ
IV
Шубха падрастала. Яна нават пачала як быццам і разбірацца ў сабе. У душы яе з’явіліся новыя, яшчэ не заўсёды зразумелыя, але шырокія і вабныя, нібыта акіянскі прыліў пад святлом глыбокай поўні, дум-
кі. У галоўцы тоўпілася шмат пытанняў, але знайсці адказу на іх дзяўчына не магла.
Неяк уначы, у час поўні, Шубха ціхенька адчыніла дзверы і, баязліва выглянуўшы, азірнулася па баках. Поўня, адзінокая, як Шубха, глядзела на зямлю. У дзяўчыне кіпела маладое жыццё; незразумелыя радасць і сум напаўнялі ўсю яе істоту; яна дайшла да мяжы сваёй бясконцай адзіноты і, сама не ўсведамляючы таго, пераступіла яе. I вось сам-насам з маўклівай усхваляванай маці-прыродай стаяла ўсхваляваная нямая дзяўчына...
Тым часам клопат пра замужжа дачкі не даваў бацькам спакою. Суседзі асуджалі іх і пагаворвалі, што ім не ўдасца ўладкаваць Шубху, хаця Баніконтха быў гаспадар заможны: яго сям’я магла дазволіць сабе есці два разы ў дзень рыбу з рысам,— таму, мабыць, у яго і было шмат ворагаў.
Баніконтха доўга раіўся з жанчынамі і праз некалькі дзён некуды паехаў.
Нарэшце ён вярнуўся і сказаў:
— Едзем у Калькуту!
Пачалі збірацца ў дарогу. Цяжкія, што густы ранішні туман, слёзы сціснулі сэрца Шубхі. 3 несвядомым страхам, які мучыў яе некалькі апошніх дзён, як бязмоўная жывёліна, хадзіла яна то за маці, то за бацькам. Шырока расплюшчыўшы вялікія вочы, дзяўчына з трывогай узіралася ў іх твары, спрабуючы хоць што-небудзь зразумець, але бацькі не казалі ёй ані слова.
Неяк апоўдні, закінуўшы, як звычайна, вуду, Протап з рогатам сказаў:
— Ну, Шу! Дасталі табе жаніха! Ты паедзеш і пойдзеш замуж. Але ж глядзі, не забывайся на нас!
I зноў заняўся рыбай.
Шубха зірнула на Протапа, як смяротна раненая лань на паляўнічага. «Што я табе зрабіла?» — пы-
таліся яе вочы, поўныя нямой тугі. У той дзень яна больш не сядзела пад дрэвам.
Прачнуўшыся, Банікоптха курыў у сваёй спальні, калі ў пакой убегла Шубха і, прыпаўшы да яго ног, голасна зарыдала. Баніконтха спрабаваў супакоіць яе, •але і сам не мог стрымаць слёз.
Наступным днём вырашылі ехаць у Калькуту. Шубха пайшла ў хлеў развітацца з сябрамі дзяцінства. Яна карміла жывёл з рук, абдымала іх за шыі, пяшчотна шаптала ім нешта, ласкава глядзела ў вочы. Слёзы нястрымным ручаём цяклі па яе шчоках.
Светлай поччу Шубха выйшла з дому і ўпала на духмяную траву ля даўно знаёмай, роднай і мілай ракі. Дзяўчына як быццам абдымала гэтую магутную, спакойную маці чалавецтва — зямлю, як быццам хацела сказаць: «Не адпускай мяне, маці! Трымай мяне так моцна, як трымаю я цябе!»
Калі яны прыехалі ў Калькуту, маці з асаблівай стараннасцю апранула Шубху. Скруціўшы валасы ў вузел, яна абвязала яго стужкай, упрыгожыла каштоўнасцямі, чым, трэба сказаць, знішчыла ўсю прыродную прыгажосць дзяўчыны. 3 вачэй Шубхі каціліся слёзы. Маці лаяла яе, баючыся, што вочы распухнуць і пачырванеюць, але ніякія пагрозы не маглі спыніць рыданняў дзяўчыны.
Нарэшце з’явіліся жаніх са сваім сябрам паглядзець на нявесту. Бацькі Шубхі хваляваліся так, быццам сам пан бог сышоў выбраць жывёлу для ахвяравання. Празмерна павучаючы дачку, маці давяла яе да таго, што дзяўчына расплакалася яшчэ мацней. Шубху пазнаёмілі з жаніхом. Той, разгледзеўшы яе, сказаў:
— Нішто сабе.
Убачыўшы няўцешныя слёзы дзяўчыны, хлопец задаволена падумаў, што ў яе пяшчотная дуіпа, і рашыў, што сэрца, якое так пакутуе пры расставанні
з бацькамі, будзе мяккім і клапатлівым да мужа. Ен сказаў:
— Слёзы дзяўчыны толькі павышаюць ёй Цану, як жамчужыны цану ракавіны.
I больш нічога не дадаў.
Паглядзелі ў каляндар і ў адзін спрыяльны дзень згулялі вяселле. Перадаўшы нямую дзяўчыну ў рукі маладога чалавека, бацькі вярнуліся дамоў: іх каста і будучыня былі выратаваны.
Муж Шубхі працаваў на захадзе і хутка пасля вяселля павёз туды і жонку. He прайшло і тыдня, як усе ўжо ведалі, што маладая — пямая. Ну, а калі хтонебудзь і не здагадаўся, у гэтым была не яе віна. Дзяўчына не старалася нікога ашукваць. Вачамі яна казала ўсю праўду, але ніхто не мог зразумець яе! Шубха азіралася вакол сябе, але нідзе не знаходзіла родных з дзяцінства твараў, тых, з кім магла б знайсці агульную мову, хто б мог зразумець яе,— і ў сэрцы нямой дзяўчыны падымаўся нястрымны, нечалавечы крык, аднак і яго ніхто не мог пачуць, акрамя ўсёведнага бога. А муж Шубхі, на другі раз больш уважліва праверыўшы нявесту не толькі вачамі, але і вушамі, ажаніўся з іншай дзяўчынай, якая ўжо мела дар мовы.
7892
GGGGGGGGGGGGGGG
Махамайя
I
Махамайя i Раджыблачон сустрэліся на беразе ракі ў старым разбураным храме.
He сказаўшы ні слова, Махамайя пільна паглядзела на Раджыба. «Як ты асмеліўся паклікаць мяне сюды ды яшчэ ў такі час? — здавалася, упікаў яе позірк.— Дагэтуль я выслухоўвала ўсё, што ты гаварыў, але ты стаў занадта дзёрзкі!»
Збянтэжаны гэтым позіркам, Раджыб нясмела падышоў да дзяўчыны. Яму хацелася сказаць ёй сёння некалькі важных слоў, але ён ужо адмовіўся ад свайго намеру. Аднак, як бы там ні было, а трэба ж растлумачыць Махамайі, навошта ён прасіў яе прыйсці ў храм; таму ён спяшаючыся прапанаваў:
— Давай уцячом адсюль і пажэнімся.
Раджыб сказаў якраз тое, што хацеў, але не зрабіў ніякага ўступу, які ўжо даўно быў падрыхтаваны ў яго сэрцы, і цяпер яго словы прагучалі так суха і рэзка, што іх дзіўна было чуць. Ен прамармытаў іх сабе пад нос, заікаючыся, і больш не мог дадаць ані слова.
Дурань Раджыб! Паклікаць Махамайю ў гэты поўдзень на бераг ракі ў разбураны храм і не знайсці нічога лепшага, як сказаць: «Давай пажэнімся!»
Махамайя была дзяўчына з сям’і, якая належала да некалі знатнага арыстакратычнага роду. Ей міну-
ла дваццаць чатыры гады, і прыгажосць яе была у поўным росквіце. Яна нагадвала скульптуру з неапрацаванага золата, восеньскае сонца, што спакойна лье свае яркія, але непякучыя праменні. Яе вялікія вочы глядзелі адкрыта і смела.
Бацькі ў Махамайі не было; быў толькі старэйшы брат, якога звалі Бхабанічарон Чатападхая. Брат і сястра здаваліся людзьмі аднаго складу: гаварылі яны мала, але ў позірку кожнага было столькі сілы, што і нямы, ён апякаў, быццам паўднёвая спёка. Перад Бхабанічаронам усе адчувалі нейкі несвядомы страх.
Раджыб быў не з гэтых месцаў. Яго прывёз сюды старэйшы ўпраўляючы мясцовай шоўкаткацкай фабрыкі, дзе служыў бацька Раджыба. Пасля смерці бацькі ўпраўляючы вырашыў паклапаціцца пра малога Раджыба і, калі хлопчык трохі падрос, прывёз яго на бамонхатырскую фабрыку. 3 хлопчыкам жыла толькі цётка, якая горача любіла яго. Яны пасяліліся па суседству з Бхабанічаронам, і Махамайя з дзяцінства пасябравала з Раджыбам. Яго цётка і Махамайя адчувалі сімпатыю адна да адной.
Раджыб рос. Яму споўнілася дзевятнаццаць год, але, нягледзячы на настойлівыя просьбы цёткі, ён не хацеў жаніцца. Даведаўшыся пра такую незвычайную разважнасць бенгальскага юнака, яго апякун узрадаваўся, вырашыўшы, што той узяў за прыклад яго жыццё (упраўляючы быў халасты).
Тым часам памерла цётка Раджыба, і ён застаўся адзін.
Якраз у той час для Махамайі не знаходзілася вартага яе знатнага роду жаніха, ды і на вяселле патрэбны былі вялікія выдаткі.
А дзявочыя гады яе ішлі.
Чытачам залішне гаварыць, што шлюб — справа бога! Але калі бог, які распараджаецца гэтымі спра-
вамі, так доўга праяўляў надзвычайную безадказнасць у адносінах да гэтых двух маладых людзей, дык бог кахання не траціў дарэмна часу. Калі дрэмле стары Праджапаці , не спіць малады Кан9 дарпа .
Улада бога кахання, Кандарпы, над кожным чалавекам праяўляецца па-рознаму. Раджыб, якога падахвочваў гэты бог, шукаў выпадку сказаць Махамайі некалькі пяшчотных слоў, але дзяўчына не давала яму гэтага зрабіць — яе сур’ёзны ўважлівы позірк усяляў нясмеласць у трапяткое сэрца Раджыба.
Сёння нарэшце юнак набраўся храбрасці і паклікаў Махамайю ў гэты разбураны храм: сёння ён вырашыў сказаць усё, а там — або шчасце на ўсё жыпцё, або смерць. Але ў гэты знамянальны дзень свайго жыцця Раджыб здолеў толькі прамовіць: «Давай пажэнімся»,— і разгублена змоўк, як вучань, што забыў урок.
Махамайя, здавалася, не чакала ад Раджыба такой прапановы. Некалькі хвілін яна стаяла моўчкі.
Поўдзень быў насычаны няяснымі, ледзь чутнымі гукамі, якія парушалі цішыню. Павольна гайдаліся ад ветру з ціхім жалобным стогнам, то адчыняючыся, то зачыняючыся, напаўсарваныя дзверы храма; на вокнах буркавалі галубы; у галінах шаўкавічнага дрэва аднастайна стукаў дзяцел; з кучы сухога лісця з шоргатам шмыгнула яшчарка; вось падзьмуў з поля лёгкі ветрык, зашалясцелі лісты дрэў; быццам прачнуўшыся ад глыбокага сну, з ціхім плёскатам забілася вада аб прыступкі напаўразбуранай лесвіцы. Сярод усіх гэтых гукаў здалёк чуўся напеў пастуховай жалейкі.
1	Праджапаці— у індыйскай міфалогіі бог-тварэц, лічыцца таксама богам шлюбу.
2	Кандарпа —у індыйскай міфалогіі адно з імёнаў бога кахання Камадзевы.
Баючыся зірнуць у твар Махамайі, Раджыб прыхіліўся да сцяны храма і глядзеў на спакойную, быццам сонную раку.
Трохі счакаўшы, ён павярнуўся і ўмольна паглядзеў на дзяўчыну. Яна паківала галавой:
— He, гэта немагчыма.
Гэтага было дастаткова, каб усе надзеі Раджыба рассыпаліся ў пыл. Ен добра ведаў, што азначае гэты жэст — цяпер ніхто ў свеце не здолеў бы прымусіць яе змяніць сваё рашэнне. Вякамі выхоўвалася ў сям'і Махамайі пачуццё гордасці за свой род — ці ж магла яна згадзіцца выйсці замуж за простага брахмана, якім быў Раджыб! Каханне — гэта адно, а шлюб — зусім іншае. Махамайя ніяк не магла ўявіць сабе, што яе неабдуманыя паводзіны нададуць Раджыбу такой смеласці. Яна хацела адразу ж пайсці.
Разгадаўшы яе намер, юнак паспешліва сказаў:
— Заўтра я паеду адсюль.
Спачатку Махамайя вырашыла паказаць, што гэтая вестка яе зусім не хвалюе, але гэта было звыш яе сіл. Яна хацела пайсці, але не магла крануцца з месца. Зрэшты, яна даволі спакойна спытала:
— Чаму?
— Мой гаспадар пераводзіцца адсюль на фабрыку ў Шанапур і бярэ мяне з сабой,— адказаў Раджыб.
Нейкі час Махамайя маўчала. «Жыццё людзей ідзе рознымі шляхамі,— думала яна,— нельга надоўга ўтрымаць каля сябе чалавека». Потым глыбока ўздыхнула і, амаль не варушачы губамі, сказала: «Добра». Прамовіўшы толькі адно гэтае слова, яна зноў хацела пайсці, як раптам Раджыб ускрыкнуў: