Выбранае
Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
Ума не магла да канца зразумець, пра што ён гаворыць. Яна ніколі не чытала артыкулаў Перымахона, таму пачуццё гумару ў яе яшчэ не было дастаткова развіта. Але яна расхвалявалася да слёз.
Доўга пасля гэтай размовы яна нічога не пісала.
Але аднойчы, восеньскай раніцай, нейкая жабрачка заспявала пад акном песню Агамоні 2. Прытуліўшыся
1 Ш а м л a — галаўны ўбор, які надзяваіоць ва ўрачыстых выпадках.
2 П е с н я Агамоні — песня, напісаная ў гонар вяртання Парваці (жонкі Шывы) да сваіх бацькоў.
тварам да кратаў акна, Ума моўчкі слухала. Яна была адна, свяціла восеньскае сонца, і ёй прыгадалася дзяцінства. А калі, апроч таго, Ума пачула песню Агамоні, яна не магла больш вытрываць.
Ума не ўмела спяваць, але, з таго часу як яна навучылася чытаць і пісаць, у яе з’явілася звычка запісваць пачутыя песні. Тады ёй было не так крыўдна, што яна не можа іх спяваць.
Жабрачка пад акном спявала:
Кажа прахожы: «Маці Умы, Вунь дзе страчаная зорка твая!» Маці каралева ад шчасця Ледзь не звар’яцела зусім. «Дзе ты, дзе, мая Ума? — Кажа каралева і плача: — Хадзі, мая дачушка, хутчэй! Хадзі да мяне на калені!» Працягнула дзяўчынка рукі, Абдымае маці за шыю I пакрыўджана шэпча: «Калі ж Забярэш ты мяне дадому?»
Сэрца Умы перапоўнілася крыўдай, на вочы наплылі слёзы. Яна ціхенька паклікала спявачку, замкнула дзверы і, старанна выводзячы літары, пачала запісваць песню ў свой сшытак.
Але Цілакаманджор Канакаманджоры і Аныкаманджоры ўсё бачылі праз шчыліну. Яны запляскалі ў далоні і закрычалі:
— Боў-дзідзі, а мы бачым, што ты там робіш!
Ума паспешліва адчыніла дзверы, выйшла з пакоя і жаласным голасам пачала іх упрошваць:
— He кажыце нікому пра гэта, я прыпадаю да вашых ног! Я больш ніколі не буду так рабіць, я больш ніколі не буду пісаць!
Тут Ума заўважыла, што Цілакаманджоры цягнецца да яе сшытка. Прыціснуўшы сшытак да грудзей, Ума ўцякла.
Залоўкі хацелі адабраць сшытак сілай, але, колькі яны ні стараліся, нічога ў іх не атрымалася. Давялося ім паклікаць на дапамогу свайго разумнага брата. З’явіўся Перымахон і з важным выглядам сеў на ложак.
— Аддай сшытак,— сказаў пагрозліва муж. Але ўбачыў, што загад яго не выконваецца, і павысіў голас яшчэ на два тоны:
— Аддай, табе гавораць!
Дзяўчынка прыціснула сшытак да грудзей і ўмольна паглядзела на мужа. Калі ж яна ўбачыла, што Перымахон устаў, каб забраць сшытак, яна кінула яго і сама таксама ўпала на падлогу, закрыўшы твар рукамі.
Перымахон падняў сшытак і пачаў чытаць уголас усё, што ў ім было напісана. 3 кожнай фразай Ума шчыльней прыціскалася да падлогі, а тры малыя слухачкі заліваліся смехам.
Болей Ума не бачыла свайго сшытка.
У Перымахона таксама быў сшытак, які змяшчаў шмат з’едлівых запісаў. Але, на жаль, не было нікога, хто б мог яго адабраць і знішчыць.
1893
Святло i цені
1
Учора ўвесь дзепь ішоў дождж. Сёння дождж сціх, і сонца ды разарваныя воблакі быццам водзяць папераменна доўгім пэндзлем па палетках амаль спелага ранняга рысу. Ад дакранання святла шырокае зялёнае палатно загараецца яркай белізной, але праз момант усё пакрываецца густым ценем.
На нябеснай сцэне ігру вядуць толькі два акцёры — воблакі і сонца, кожны з іх выконвае сваю ролю, але не злічыць, у колькіх месцах і колькі п’ес разыгрываецца адначасова на сцэне зямлі.
Там, дзе над невялічкай п’ескай з жыцця мы ўзнялі заслону, ускрай вясковай дарогі стаіць дом. Толькі адзін яго пакой, які выходзіць на вуліцу, пабудаваны з цэглы,— з двух бакоў ад яго адыходзіць старая цагляная агароджа. Гэтая агароджа абкружае іншыя пакоі, з глінянымі сценамі. 3 вуліцы праз аконныя краты можна ўбачыць, што на кушэтцы сядзіць напаўадзеты юнак, ён чытае кнігу, якую трымае ў правай руцэ, у левай у яго пальмавы ліст: час ад часу ён абмахваецца ім.
Па дарозе перад вокнамі прахаджваецца дзяўчынка ў паласатым сары і есць слівы, якія яна вымае адну за адной з паднятага краю сары. Па выразу яе твару відаць, што яна добра ведае юнака, які сядзіць на кушэтцы і чытае кнігу; ёй хочацца любым спосабам
прыцягнуць яго ўвагу, сваёй маўклівай пагардай даць яму адчупь, што сёння яна цалкам занята слівамі і не заўважае яго.
Але, як на тое ліха, руплівы малады чалавек блізарукі, і маўклівая пагарда дзяўчынкі здалёк не робіць на яго аніякага ўздзеяння. Дзяўчынка, мусіць, ведае гэта, таму праз нейкі час, замест бескарыснай хадні ўзад і ўперад і маўклівай знявагі, яна пускае ў ход костачкі ад сліў. Калі маеш справу са сляпым, цяжка захаваць пачуццё ўласнай годнасці!
Калі некалькі костачак быццам выпадкова стукнуліся аб драўляныя дзверы, юнак узняў галаву. Хітрая дзяўчынка здагадалася пра гэта і з падвоенай увагай пачала выбіраць спелыя слівы. Малады чалавек прыжмурыўся і, прыгледзеўшыся, пазнаў дзяўчынку; ён адклаў кнігу, падышоў да акна і з усмешкай паклікаў:
— Гірыбала!
Гірыбала засяроджана перабірала слівы. Захопленая гэтым заняткам, яна пачала патроху адыходзіць ад дома.
Блізарукаму юнаку няцяжка было зразумець, што гэта пакаранне за нейкае яго ненаўмыснае злачынства. Ён выбег на вуліцу.
— Гэй, Гірыбала, што ж, сягоння мне сліў не будзе?
He звяртаючы на яго ўвагі, Гірыбала ўзяла сліву, уважліва яе агледзела і з абыякавым выглядам пачала есці.
Гэтыя слівы з саду Гірыбалы былі штодзённай данінай юнаку. Хто ведае, можа, сёння Гірыбала забылася пра гэта, ва ўсякім выпадку яе паводзіны выразна гаварылі, што гэтыя яна прынесла толькі сабе. Але было незразумела, чаго тады яна прыйшла есці іх пад чужое акно. Малады чалавек падышоў да дзяўчынкі і ўзяў яе за руку. Спачатку Гірыбала, выгнуўшыся, паспрабавала вызваліць руку, але раптам з вачэй яе
пырснулі слёзы, яна кінула слівы на зямлю, вырвалася і ўцякла.
Пад вечар гульня сонца і воблакаў спынілася, белыя пухкія воблакі сабраліся на краі неба, і апошнія праменні сонца заззялі на лісці дрэў, на вадзе сажалкі, на кожнай часцінцы ўмытай дажджамі прыроды. I зноў перад крацістымі вокнамі ходзіць тая ж дзяўчынка, а ў пакоі сядзіць усё той жа хлопец. Аднак цяпер у дзяўчынкі ў сары няма сліў, а ў руцэ ў юнака няма кнігі. Зрэшты, адбыліся і некаторыя іншыя, больш істотныя змены.
I на гэты раз цяжка сказаць, з якой мэтай шпацыруе тут дзяўчынка. Ва ўсякім выпадку, па яе паводзінах нельга зрабіць вываду, каб яна хацела распачаць гутарку з маладым чалавекам, што сядзіць у пакоі. Хутчэй за ўсё яна прыйшла паглядзець, ці не пусцілі парасткі тыя слівы, якія яна кінула тут раніцай.
Парасткі не з’явіліся галоўным чынам таму, што цяпер плады ляжалі на кушэтцы перад юнаком, і, калі дзяўчынка, час ад часу нахіляючыся, шукала нейкія нябачныя, уяўныя прадметы, хлопец, усміхаючыся сам сабе, з сур’ёзным выглядам выбіраў слівы адну за адной і старанна іх нішчыў. Але вось некалькі костачак быццам выпадкова ўпалі каля ног дзяўчынкі, і Гірыбала здагадалася, што юнак помсціць ёй за ранішнюю пагарду. Але ж хіба гэта добра! Хіба не жорсткасць — ствараць перашкоды на яе такім цяжкім шляху, у той час як яна, заглушыўшы ўсю гордасць свайго маленькага сэрца, шукала зачэпкі, каб памірыцца. Прыйшла, каб уступіць яму! Кроў прыліла да шчок дзяўчынкі, яна пачала шукаць прычыны, каб уцячы, але тут юнак выйшаў з хаты і ўзяў яе за руку.
Таксама як і раніцай, дзяўчынка паспрабавала вырваць сваю руку, але цяпер яна ўжо не плакала. Наадварот, пачырванеўшы і схаваўшы галаву за спіну свайго прыгнятальніка, яна раптам гучна засмяялася,
а потым як быццам падпарадкавалася сіле і ўвайшла ў хату, нібыта паланянка ў турму з жалезнымі кратамі.
Як звычайная гульня сонца і воблакаў на небе, такія ж звычайныя і нявінныя гульні гэтых дзвюх істот на зямлі. Але гэтак жа, як гульня сонца І воблакаў незвычайная, і зусім не гульня, а толькі нагадвае гульню, так і кароткая гісторыя сустрэчы двух невядомых людзей у звычайны восеньскі дзень не з яўляецца нязначнай сярод соцень здарэнняў, якія адбываюцца ў чалавечым грамадстве, хаця і здаецца такой. Той старажытны, вялікі, нябачны бог, які са спакойным абліччам сплятае за вечнасцю вечнасць, пасеяў у смех і слёзы раніцы і вечара таго дня зярняты шчасця і гора ўсяго жыцця. Тым не менш гэтая беспрычынная ганарыстасць здавалася зусім не зразумелай не толькі гледачам, але і галоўнаму герою п’есы — вышэйпамянёнаму юнаку. Нялёгка здагадацца, чаму гэтая дзяўчынка то злуецца, то выказвае бязмежную пяшчотнасць, то павялічвае штодзённыя падарункі, то зусім не прыносіць іх. Сёння яна, сабраўшы ўсю фантазію, розум і здольнасці, дае адчуць юнаку сваю ўвагу да яго, а заўтра заклікае на дапамогу ўсю маленькую сілу і цвёрдасць, каб укалоць яго. Калі дзяўчынка не можа зрабіць яму непрыемнасці, настойлівасць яе павялічваецца ўдвая, у выпадку ж поспеху цвёрдасць яе разбіваецца раскаяннем на сотні кавалкаў, растае ў слязах, ператвараецца ў паток бязмежнай пяшчотнасці.
Першая нязначная гісторыя гэтай нязначнай гульні сонца і воблакаў коратка расказана ў наступным раздзеле.
II
Усе жыхары вёскі падзяляюцца на варожыя групы, якія вядуць інтрыгі адзін супраць аднаго і садзяць цукровы трыснёг, ходзяць з даносамі і выро-
шчваюць джут. Філасофіяй і вывучэннем літаратуры займаюцца толькі Шашыбушон і Гірыбала.
Гэтае сяброўства ні ў кога не выклікае здзіўлення або цікаўнасці, таму што Гірыбале толькі дзесяць гадоў, а Шашыбушон зусім нядаўна атрымаў званне магістра мастацтваў і бакалаўра праў. Яны суседзі.
Бацька Гірыбалы, Харкумар, некалі арандаваў зямлю ў роднай вёсцы, але потым трапіў у цяжкае становішча, распрадаў усё, што меў, і пайшоў служыць наібам да свайго памешчыка, які сам у вёсцы ніколі не жыў. Вёска Харкумара ўваходзіла ў акругу, дзе ён збіраў арэндную плату, так што пакідаць родную хату яму не давялося.
Атрымаўшы званне магістра мастацтваў, Шашыбушон здаў экзамены і па юрыдычных дысцыплінах, але ніякай справай не займаўся. Ен ні з кім асабліва не збліжаўся; калі прысутнічаў на сходах, не гаварыў ані слова. Па блізарукасці ён не пазнаваў знаёмых,— яму прыходзілася прыжмурвацца, а людзі лічаць гэта адзнакай фанабэрыі.
Калі чалавек жыве адзінока, паглыблены ва ўласныя думкі, у такім людскім моры, як Калькута, гэта надае яму асаблівую значнасць, але ў вёсцы такія паводзіны расцэньваюцца зусім інакш.
Калі ўсе намаганні прымусіць Шашыбушона працаваць ні да чаго не прывялі, бацька прывёз яго ў вёску і даручыў даглядаць гаспадарку. Шашыбушону давялося выслухаць шмат кпінаў і папрокаў з боку вясковых жыхароў. I для гэтага былі свае прычыны: Шашыбушон любіў спакой, цішыню і таму не хацеў жаніцца, а абцяжараныя шматлікімі дочкамі бацькі бачылі ў яго нежаданні нясцерпны эгаізм, які ніяк не маглі яму дараваць.