Выбранае  Рабіндранат Тагор

Выбранае

Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
58.19 МБ
пасля ўсіх жыццёвых бур і горкіх разлук. I мы адчуваем задавальненне і спакой, калі застаёмся ў любым нам асяроддзі даўно выпрабаваных, верных сяброў. I гора тым, хто вымушаны ў гэтыя мяккія часы жыццёвага змяркання марна гнацца за новымі ўпадобамі і набыткамі, у каго не падрыхтавана пасцель для адпачынку, для каго не запалена святло, калі ўвечары ён вяртаецца дамоў.
Калі Кхірода прачнулася аднойчы рапіцай і выявіла, што яе палюбоўнік уцёк, прыхапіўшы з сабой усе яе ўпрыгожанні і грошы, і што яна цяпер не мае чым заплаціць за кватэру, на што купіць малака для трохгадовага сына; калі яна падумала, што ёй ужо трыццаць восем год, у яе няма на ўсім свеце ніводнай блізкай душы і яна не можа нават памерці ў сваёй сям’і; калі яна ўявіла сабе, што сёння ёй зноў давядзецца, выцершы слёзы, нафарбаваць вейкі, вусны, шчокі і, хаваючы ўсімі хітрасцямі свой узрост, весела ўсміхацца і з бясконцай цярплівасцю плесці сеткі ілюзій для ўлаўлення сэрцаў,— тады яна зачыніла дзверы, павалілася на зямлю і забілася галавой аб падлогу.
Увесь дзень яна нічога не ела і ляжала як мёртвая. Надышоў вечар. У пакоі стала цёмна. Выпадкова прыцягнуўся да яе адзін з яе ранейшых палюбоўнікаў і пастукаў у дзверы.
— Кхіро! — паклікаў ён.— Адчыні мне, Кхіро!
Жанчына расчыніла дзверы і, гыркаючы, як тыгрыца, выскачыла на вуліцу з мятлою ў руках. Шчодралюбы маладзён паспяшаўся рэтыравацца.
Але шум пабудзіў хлопчыка, які, праплакаўшы ўвесь дзень ад голаду, заснуў быў на сваім ложку.
— Мама! —закрычаў ён пранізліва.— Ма, ма!
Тады Кхірода схапіла дзіця, моцна прыціснула яго да грудзей, выбегла на вуліцу і кіпулася з ім у калодзеж.
На шум збегліся суседзі з ліхтарамі. Кхіроду і дзіця хутка выцягнулі. Маці была непрытомная, а хлопчык памёр ужо.
У бальніцы ўрачы вылечылі Кхіроду. А калі яна ачуняла, суддзя прыцягнуў яе да адказнасці за забойства дзіцяці.
II
Суддзя Махітмахон Дат быў важны ўрадавы чыноўнік. Ен вёў судовы разбор па ўсёй строгасці закону, і Кхіроду прыгаварылі да павешання. Дарэмна адвакаты прыгадвалі гаротнае становішча няшчаснай і спрабавалі яе выратаваць,— яны нічога не дамагліся. Суддзя не знайшоў ніякіх падстаў для змякчэння прысуду.
На гэта суддзя меў свае прычыны. Ен называў індускіх жанчын багінямі, але ў душы ім не давяраў. Ен лічыў, што яны ўсе схільныя да парушэння сямейных сувязей.
Варта толькі аслабіць за імі нагляд — і ў грамадстве не застанецца ніводнай прыстойнай жанчыны.
Такое перакананне склалася ў суддзі не выпадкова. Каб зразумець, чаму ён так думаў, нам прыйдзецца вярнуцца да некаторых падзей яго юнацтва.
Махітмахон Дат, студэнт другога курса каледжа, быў у тыя часы зусім іншы. Цяпер спераду ў яго ззяе лысіна, а патыліцу ўпрыгожвае цікі Вострая брытва кожную раніцу знішчае ўсялякія сляды валасоў на твары. А тады... Залатыя акуляры, бародка, вусы і еўрапейская прычоска рабілі яго падобным на бога Карціка ў выданні XIX стагоддзя. Ен уважліва сачыў за сваёй знешнасцю, не адчуваў агіды да віна альбо мяса і меў яшчэ такія-сякія схільнасці.
1	Ц і к і — пучок валасоў на патыліцы ў брахманаў.
Непадалёк ад яго дома жыла сям’я, у якой нудзілася ўдава — Хемшашы, зусім маладзенькая, гадоў чатырнаццаці ці пятнаццаці.
Сіняватыя берагі, пакуль не трапіш на іх, здаюцца з мора казачна-прыгожымі. Удоўства трымала Хемшашы ўдалечыні ад рэальнага свету, і таму ён здаваўся ёй поўным казачных таямніц і весялосці палацам, што стаіць на другім беразе. Яна не ведала, што механізм гэтага свету жорсткі і складаны, што шчасце ў ім перамешана з горам, сумненнямі і небяспекай, атручана горыччу і адчаем. Жыццё ўяўлялася ёй лёгкім, як празрысты ручай, а шляхі свету — шырокімі і роўнымі. Ей здавалася, што шчасце знаходзіцца толькі там, за яе вокнамі, а тут, у яе пяшчотным і палкім сэрцы, тоўпяцца толькі адны незадаволеныя жаданні. Свежы ветрык маладосці павяваў тады ў прасторах яе душы і напаўняў увесь сусвет пералівамі вясёлкі веснавой прыгажосці. Сэрца яе вольна білася пад высокім блакітам нябёс, і свет раскрываўся ў духмянасці яе душы, як пяшчотныя пялёсткі чырвонага лотаса.
Яе сям’я складалася з бацькі, маці і двух малодшых братоў. Браты пасля снядання ішлі раніцай у школу, потым вярталіся, абедалі і зноў ішлі паўтараць урокі ў вячэрнія класы. Бацька на свой сціплы заробак не мог узяць для іх рэпетытара.
У вольную часіну Хем любіла сядзець ля акна ў сваім пакойчыку. Яна прагна разглядала прахожых, прыслухоўвалася да звонкіх галасоў вулічных гандляроў, і ёй здавалася, што ўсе людзі шчаслівыя. Яна думала, што жабракі — гэта проста вольныя птушкі, a вулічныя гандляры — толькі акцёры, якія мільгаюць на радаснай сцэне жыцця і якім не трэба ў поце зарабляць сабе на харч.
Па некалькі разоў у дзень яна бачыла, як пад акном праходзіў, ганарыста выпнуўшы грудзі, апрану-
ты з іголачкі Мохіт. Ен здаваўся ёй падобным на вялікага Індру самым шчаслівым і самым лепшым з мужчын. Ей мроілася, што гэты ганарысты, прыгожа апрануты юнак мае ўсё, чаго толькі можна пажадаць. У думках яна абагатварала Мохіта, надзяляла яго ўсялякімі добрачыннасцямі і забаўлялася гэтым, як маленькая дзяўчынка, калі гуляе ў лялькі.
Неяк аднаго вечара яна ўбачыла, што вокны ў доме Мохіта ярка асветлены. Адтуль чуваць былі звон бранзалетаў танцоўшчыц і галасы спявачак. Усю ноч яна не спала, глядзела прагнымі вачамі на цені, што рухаліся ў вокнах дома насупраць, і сэрца яе ныла і трапятала ў грудзях, як птушка ў клетцы.
Яна не ганіла сваё бажаство. Як матылі ляцяць на агонь, прымаючы яго за святло зорак, так і Хем прымала ярка асветленыя вокны кватэры Мохіта, адкуль чуліся прывабныя гукі музыкі і спевы, за райскую мясціну. Ей не спалася ў начной цемры, і са святла, ценяў, уласных жаданняў і мрояў яна стварала нейкае чароўнае царства. На трон яна ўзвяла свайго куміра і глядзела на яго са здзіўленнем і захапленнем. Яна паліла на вуголлях сваіх жаданняў жыццё і маладосць, сучаснасць і будучыню, шчасце і гора, нібыта на ахвярным агні. Пакланяючыся адзінаму бажаству ў ціхім храме сваёй душы, яна не ведала, што ў асабняку насупраць сярод віхру забаў і весялосці пануюць бязмежная стомленасць, перасыць, бруд нячыстых жаданняў і згубная распуста.
Маладзенькая ўдава не здолела разглядзець здалёк, што ў такія бяссонныя, залітыя агнямі ночы вядзецца смяротная гульня і гучыць жорсткі, няшчыры смех.
1	Індра — уладар багоў у індыйскай міфалогіі; бог на-
вальніцы і грому.
Хем магла б усё жыццё правесці ў адзіноце ля акна, у марах аб гэтым ілюзорным царстве і сваім бажастве. Але, на жаль, бажаство злітавалася, і неба пачало зніжацца. Сутыкнуўшыся з зямлёй, неба знікла; але разам з ім загінула і тая, што так доўга стварала яго ў сваіх марах.
Я не бачу неабходнасці падрабязна расказваць аб тым, як прагны позірк Мохіта прыкмеціў гэтую летуценную дзяўчынку ля акна, як ён слаў ёй лісты з фальшывым подпісам Бінадчондра, як атрымаў нарэшце ў адказ баязлівае і ўсхваляванае пасланне, поўнае ўзбуджаных пачуццяў і арфаграфічных памылак, і якая ўслед за гэтым узнялася бура ўнутранай барацьбы: захаплення і сарамлівасці, спадзяванняў і боязі, сумненняў і страху. Увесь свет закруціўся вакол Хемшошы, ап’янелай ад згубнага шчасця. Свет круціўся вакол яе ўсё хутчэй і хутчэй, пакуль не ператварыўся ў нейкі бесцялесны цень і пакуль, нарэшце адарваўшыся ад кола жыцця, маладая жанчына не апынулася раптоўна адкінутай далёка ўбок.
Аднойчы, глыбокай ноччу, Хемшошы кінула бацьку, маці, братоў і разам з Мохітам, які назваў сябе Бінадчондра, села ў экіпаж. Калі ідал паўстаў перад ёю ў цялесным вобразе, з усімі сваімі атрыбутамі, яна ледзь не правалілася скрозь зямлю ад сораму і дакораў сумлення. He паспеў экіпаж крануцца з месца, як Хем са слязьмі абняла ногі Мохіта і пачала ўпрошваць:
— Малю цябе, пакінь мяне дома!
Тады ўстрывожаны Мохіт заціснуў ёй рот, і экіпаж памчаўся.
Быццам перад вачамі тапельца, праносіліся перад Хемшошы ў змроку зачыненага* экіпажа малюнкі яе жыцця: вось бацька раніцай чакае яе снедаць; вось вярнуўся са школы яе малодшы брат, яна корміць яго,
а ён задаволена смяецца; вось яна з маці гатуе бецель, а калі надыходзіць вечар, маці прычэсвае яе. Яна так выразна ўявіла сабе ўсе куточкі свайго дома, усе свае маленькія штодзённыя справы! Яе ціхае самотнае жыццё ў сціплай сям’і цяпер здавалася ёй раем... Гатаваць бецель, прычэсвацца, абмахваць бацьку веерам, калі ён есць, выдзіраць у яго сівыя валасы, калі ён дрэмле пасля абеду ў свабодныя дні,— нават гэта здавалася ёй такім мірным, такім поўным і цяпер, на жаль, такім далёкім шчасцем.
Як магла яна не зразумець, што іншага шчасця ёй і шукаць было няма чаго!
Яна падумала, што цяпер ва ўсіх дамах дзяўчаты спяць. Чаму яна раней нават не ўяўляла сабе, якая гэта асалода — спаць спакойна на сваёй пасцелі, у сваім пакоі?!
Заўтра з раніцы ўсе жанчыны зоймуцца сваімі звычайнымі справамі. А дзе скончыцца гэтая бяссонная ноч для Шошы, што ўцякла з дому?
Калі наступіць бязрадасная раніца і вясёлыя, мірныя праменні сонца заззяюць блікамі на сценах доміка на рагу ў завулку, усё раптоўна адкрыецца. Якая ганьба! Колькі праклёнаў абрушыцца на яе, колькі пральецца слёз!
Сэрца Хем разрывалася ад болю. Рыдаючы, яна пачала ўпрошваць Мохіта:
— Цяпер яшчэ ноч! Маці і браты яшчэ не прачнуліся! Адвязі мяне назад!
Але бажаство нічога не хацела слухаць. Яно пасадзіла яе ў вагон другога класа, напоўнены брынклівым скрыпам колаў, і павезла туды, дзе павінен быў знаходзіцца рай.
А яшчэ праз нейкі час бажаство і рай зноў селі ў вагон другога класа і паехалі па іншай дарозе. I Хем засталася адна, па горла ў гразі.
Ill
Я нагадаў толькі адзін эпізод з мінулага жыцця Махітмахона. Каб не паўтарацца, не буду расказваць іншыя.
Цяпер няма патрэбы ператрасаць усе гэтыя старыя гісторыі. Наўрад ці ёсць на свеце чалавек, які памятае таго Бінадчондра. А цяперашнія паводзіны Мохіта бездакорныя: ён штодзень спраўляе рэлігійныя абрады і пастаянна вывучае шастры, ён вучыць йоге сваіх дзяцей і строга сочыць за жанчынамі, замкнутымі ва ўнутраных пакоях, куды няма доступу нават сонцу, месяцу і ветру. Калісьці Мохіт правініўся перад некалькімі жанчынамі, і таму цяпер ён сурова карае жанчын за самыя малыя правіннасці ў адносінах да грамадства.