Выбранае
Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
Праз некалькі дзён пасля вынясення смяротнага прысуду Кхіродзе суддзя, вялікі аматар паесці, пайшоў на турэмны агарод за гароднінай. Апроч таго, яму хацелася даведацца, ці адчувае вязніца згрызоты сумлення, успамінаючы грахі свайго злачыннага жыцця.
Мохіт увайшоў у жаночае аддзяленне турмы і яшчэ здалёк пачуў шум і крыкі. Увайшоўшы ў камеру, ён убачыў, што Кхірода сварыцца з наглядчыцай. Суддзя кпліва ўсміхнуўся:
«Ну і характар у гэтых жанчын! Нават перад смерцю яны не прапусцяць магчымасці паскандаліць. Яны і ў царстве Ямы, напэўна, будуць лаяцца з яго служыцелямі».
Мохіт падумаў, што павучаннямі і ўгаворамі трэба было б выклікаць у асуджанай раскаянне. Але, калі ён з’явіўся з гэтай высакароднай мэтай перад Кхіродай, яна склала з маленнем рукі і жаласна сказала:
— О пан, прашу цябе, загадай ёй вярнуць мой пярсцёнак!
Наглядчыца растлумачыла, што пярсцёнак быў схаваны ў валасах Кхіроды,— яна выпадкова яго заўважыла і адабрала.
Мохіт яшчэ раз усміхнуўся ў думках:
«Ёй заўтра ісці на шыбеніцу, а яна ўсё яшчэ думае пра нейкія пярсцёнкі. Відаць, для жанчын няма нічога даражэйшага за бразготкі!»
— А ну, пакажы, што там за пярсцёнак! — загадаў ён наглядчыцы.
На адным баку пярсцёнка была мініяцюра на слановай косці — партрэт юнака з бародкай і вусамі. На другім баку на золаце было выгравіравана: «Бінадчондра».
Суддзя здрыгануўся, быццам дакрануўся рукой да распаленага вугалю, уважліва зірнуў на Кхіроду. Мохіт успомніў пяшчотны, закаханы і сарамлівы тварык, заліты слязьмі, які ён бачыў дваццаць чатыры гады назад. Так, няма сумнення, твар быў той самы!
Суддзя Махітмахон Дат яшчэ раз паглядзеў на пярсцёнак, і, калі потым ён павольна ўзняў галаву, распусная жанчына, азораная водбліскам маленькага пярсцёнка, заззяла перад ім, як залатая статуя багіні.
1894
ааааааааааааааэ
Старэйшая сястра
I
Тара падрабязна расказвала вясковым кумачкам, як яе сусед, бязлітасны тыран, мучыць сваю жонку.
— Няхай агонь спаліць яго рот,— вынесла яна свой кароткі прысуд.
Гэтыя словы балюча закранулі Шошы, жонку Джойгапала.
«Жонцы ні пры якіх абставінах нельга жадаць мужу такіх непрыемнасцяў. Хай ужо лепш ён трымае ў роце запаленую папяросу»,— падумала яна і выказала ўголас свае сумненні.
Але Тара не супакойвалася.
— Чым быць жонкай такога чалавека, лепш сем разоў застацца ўдавой! — усклікнула яна з падвоеным запалам і пайшла.
А Шошы вярнулася дамоў і яшчэ доўга думала пра гэта.
«Я не магу ўявіць сабе, як павінен правініцца мой муж, каб я стала такой жорсткай»,— казала яна сабе, і сэрца яе напоўнілася пяшчотай да мужа, якога не было побач. Яна кінулася на той бок пасцелі, дзе ён звычайна ляжаў, цалавала пустую падушку, удыхаючы знаёмы пах...
Жанчына зачыніла дзверы спальні і выцягнула з драўлянай шкатулкі пажаўцелую ад часу фатаграфію і лісты мужа.
Увесь дзень Шошы правяла ў сваім пустым пакоі. Востра адчуваючы сваё адзіноцтва, яна плакала, сумавала аб мінулым.
Джойгапал і Шашыкола былі мужам і жонкай ужо даўно. Яны рана пажаніліся, мелі некалькі дзяцей, ніколі не разлучаліся — дні ішлі мерна і спакойна, ніхто не выказваў нейкіх асаблівых пачуццяў адно да аднаго. I вось цяпер, на шаснаццатым годзе іх сумеснага жыцця, Джойгапал раптоўна паехаў надоўга па службовых справах.
Пачуццё да мужа з новай сілай загарэлася ў сэрцы жанчыны. Разлука зрабіла яго яшчэ больш блізкім, яшчэ тужэй зацягнулася пятля кахання ў душы Шашыколы.
Успаміны пра ўсё тое, што заставалася непрыкметным у штодзённым існаванні, тужліва сціскалі яе сэрца. У гэты веснавы дзень яна зноў бачыла шчаслівыя сны палкай маладосці, калі яна толькі што выйшла замуж. А Шошы была ж не такая ўжо маладая і мела дзяцей!
Разлілася крыніца кахання, што непрыкметна струменілася ў патоку яе жыцця. Гучала ўдалечыні прыемная музыка, на берагах відаць былі залатыя замкі і казачныя гаі... На жаль, яна не магла больш ступіць у гэтую краіну мінулага шчасця.
— Хай толькі вернецца муж,— шаптала жанчына,— я больш не дам жыццю, вясне праходзіць так марна і бескалярова. А колькі разоў я спрачалася з мужам за дробязі і засмучала яго непатрэбнымі сваркамі!
Поўная шчырага раскаяння, Шошы цвёрда вырашыла быць заўсёды цярплівай: не працівіцца жаданням мужа, паслухмяна выконваць яго загады. Усё добрае ці благое яна будзе прымаць з любоўю і пяшчотай, муж для яе — усё, ён яе бог і самы дарагі ў свеце чалавек.
Шашыкола была адзіная дачка ў сваіх бацькоў, і яны заўсёды яе песцілі. Таму, хоць Джойгапал атрымліваў невялікую пенсію, маладая сям’я за кошт цесця жыла ў вёсцы, ні ў чым сабе не адмаўляючы.
Але вось зусім не ў пару ў немаладых ужо бацькоў Шошы нарадзіўся сын. Трэба сказаць, што дачка была глыбока абражана такімі нечаканымі, несправядлівымі і нават ганебнымі паводзінамі сваіх бацькоў. Яе муж таксама не выказваў асаблівай радасці з гэтай прычыны.
Гэтае позняе дзіця паглынула ўсю ўвагу бацькоў Шошы. Нованароджаны швагер, малютка, які толькі і ведаў, што смактаць матчыны грудзі і спаць, сваімі маленькімі, слабымі ручкамі невядома як пазбавіў Джойгапала ўсіх надзей на будучыню. Яму давялося паступіць на службу на чайныя плантацыі ў Асаме. Сваякі і знаёмыя настойліва раілі Джойгапалу знайсці працу бліжэй. Але ён нікога не слухаўся — ці то раззлаваўся на ўсіх, ці то разлічваў на хуткае павышэнне на новай службе.
Джойгапал паехаў у Асам, пакінуўшы жонку з дзецьмі ў цесця. Муж і жонка рассталіся першы раз.
Такі паварот лёсу выклікаў у Шошы ўтоеную нянавісць да малога брата. А той, хто не мае магчымасці дзяліцца сваімі перажываннямі, злуецца яшчэ болып. Маленькі чалавечак, насмактаўшыся ўдосталь малака, заплюшчваў вочкі і засынаў, а яго старэйшая сястра злавалася і сварылася з усімі з любой, нават самай нязначнай прычыны — то малако занадта гарачае, то рыс астыў, то дзеці спазняюцца ў школу.
Маці малога неўзабаве памерла. Перад смерцю яна аддала сына пад апеку дачкі. Цяпер асірацелае дзіця здолела хутка заваяваць сэрца сваёй злоснай сястры. Хлопчык забіраўся да яе на калені, хныкаў, усяляк стараўся злавіць сваім бяззубым роцікам яе вусны, нос або вочы; хапаў маленькай ручкай яе Ba-
ласы і нізавошта не хацеў іх выпускаць; прачынаўся да світання, перапаўзаў да сястры і, пяшчотна тузаючы яе, нешта шчабятаў. Ен навучыўся клікаць сястру Зізі і Зізі-ма, замест дзідзі і дзідзі-ма, і ўвесь час прычыняў ёй непрыемнасці — рабіў тое, што не трэба, калі яна займалася справамі альбо адпачывала, цягнуў у рот тое, што трапляла яму ў рукі, залазіў, куды нельга было,— і Шошы не магла ўстояць. Яна цалкам пакарылася маленькаму тырану. Ен страціў маці, але затое набыў непадзельную ўладу над сваёй сястрой.
II
Хлопчыка звалі Нілмоні. Калі яму мінула два гады, яго бацька, Каліпрашона, цяжка захварэў. Джойгапалу паслалі ліст з просьбай неадкладна прыехаць. Калі ён пасля вялікіх клопатаў атрымаў адпачынак, Каліпрашона быў ужо на смяротным ложку. Паміраючы, ён прызначыў зяця апекуном сына, а дачцэ пакінуў у спадчыну чвэрць сваёй маёмасці.
Джойгапал адмовіўся ад працы і ўступіў у кіраванне гаспадаркай нябожчыка цесця. Пасля доўгай разлукі муж і жонка зноў сустрэліся.
Калі паб’ецца нейкая рэч, кавалкі можна прыгнаць адзін да аднаго і склеіць. Аднак людзей пасля доўгай разлукі нельга так падагнаць адзін да аднаго — чалавечая душа не тое, што нежывы прадмет, яна мяняецца і перайначваецца з цягам часу.
Вяртанне мужа абудзіла ў Шошы новыя пачуцці. Як быццам яна зноў выйшла замуж. Знікла абыякавасць, што з’явілася была ў выніку доўгага сумеснага жыцця. Шошы здавалася, што муж стаў ёй значна даражэй. Яна няспынна паўтарала сабе: «Што б ні здарылася, я заўсёды буду кахаць свайго мужа».
Джойгапал інакш перажываў сустрэчу з жонкай. Раней, калі яны заўсёды былі разам, калі ў іх былі агульныя інтарэсы і звычкі, Шошы была неад’емнай часткай яго самога — каб яе не стала, Джойгапал адчуў бы ў сваім штодзённым жыцці незвычайную пустэчу. Так і сапраўды было спачатку — на чужыне Джойгапалу ў першыя дні здавалася, што ён апускаецца ў нейкае бяздонне. Але новыя прывычкі паступова запоўнілі пустату і выціснулі ўспаміны пра яго ранейшае жыццё.
Справа гэтым не абмежавалася. Раней Джойгапал жыў лена і бесклапотна. За апошнія ж два і'ады ў ім абудзілася такая вострая прага дабіцца поспеху ў жыцці, што ён ні пра што не мог больш думаць.
Ахопленаму новай цягай Джойгапалу ўсё яго мінулае жыццё пачало здавацца бесцялесным ценем. Жанчыну больш за ўсё ператварае каханне, а мужчыну — славалюбства.
За два гады разлукі, вядома, змянілася і Шашыкола. Маленькі брат унёс нешта зусім новае ў яе жыццё, і гэта новае было незразумела Джойгапалу. У адносінах да хлопчыка яны не мелі згоды. Шошы імкнулася прымусіць мужа палюбіць малое, але так і не магла ўсвядоміць, як ён да яго ставіцца.
Шошы з радаснай усмешкай падыходзіла да мужа з дзіцем на руках, але Нілмоні не хацеў нічога ведаць пра сваяка — ён абдымаў шыю сястры маленькімі ручкамі і хаваў галоўку на яе плячы. А Шошы так хацелася, каб маленькі брацік выявіў перад яе мужам усе свае здольнасці. Але муж і не спрабаваў дабівацца прыхільнасці дзіцяці, хлопчык адказваў яму тым самым. Джойгапал ніяк не мог зразумець, што незвычайнае знайшла яго жонка ў гэтым худым, вялікагаловым, сур’ёзным смуглявым хлапчуку, каб шчодра сыпаць яму столькі ўвагі. Жанчыны лёгка ўлаўліваюць настрой сваіх мужоў. Неўзабаве Шошы зразу-
мела, што Джойгапал абыякава ставіцца да яе браціка.
3 таго часу яна пачала хаваць хлопчыка, трымала яго як мага далей ад халодных, а часам непрыязных вачэй мужа. Так дзіця зрабілася цэнтрам яе клопатаў, яе таемным скарбам. А затоенае пачуццё разгараецца мацней за ўсё. Калі Джойгапала раздражняў плач малога, Шошы прыціскала яго да грудзей і старалася супакоіць. Калі ж хлопчык перашкаджаў мужу спаць і той злосна, ледзь не з нянавісцю крычаў на яго, Шошы хвалявалася і бянтэжылася, быццам была ў нечым вінаватая перад мужам. Яна паспешліва брала дзіця на рукі, адыходзілася далей і пяшчотнымі ласкамі суцяшала яго.
— Даражэнькі мой, любы, радасць ты мая,— шаптала маладая жанчына, калышачы хлопчыка.
Дзеці ўвесь час сварыліся праз розныя дробязі. Раней парадак наводзіла Шошы, яна звычайна станавілася на бок брата — у яго ж не было маці — і карала сваіх дзяцей. А цяпер суддзя змяніўся, а з ім стаў іншы і крымінальны кодэкс. Нілмоні бязвінна падпадаў пад гнеў і пакаранне. Несправядлівыя адносіны мужа да швагра, як востры нож, упіваліся ў сэрца Шошы; яна брала пакрыўджанага хлопчыка ў свой пакой, карміла яго рознымі прысмакамі, дарыла цацкі, лашчыла, цалавала і старалася супакоіць як толькі магла.