Выбранае  Рабіндранат Тагор

Выбранае

Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
58.19 МБ
— Хіба я зрабіў што-небудзь дрэннае? — ганарліва запярэчыў Набенду.
— А раптам цяпер чыгуначны кандуктар, прыказчык у еўрапейскім магазіне або грум на іпадроме раззлуюцца і адмовяцца прыняць запрашэнне на свята
пуджы’, не стануць піць з табой шампанскае і ляпаць цябе па плячы,— сказала Лабанья.
— Напэўна, я памру тады ў сябе дома ў адзіноце,— высакамерна адказаў Набенду.
Праз некалькі дзён, чытаючы за чаем газету, Набенду наткнуўся на пісьмо, падпісанае нейкім Х-ам. Аўтар празмерна дзякаваў Набенду за ахвяраванне ў фонд Кангрэса і заяўляў, што ўступленне Набенду ў рады кангрэсістаў «нязмерна павялічыла сілу нашай арганізацыі».
Павялічваць сілу Кангрэса! О, нябожчык сейбіт, Пурнендушакхор! Хіба для гэтага ты нарадзіў на індыйскай зямлі няшчаснага Набенду?
Непрыемнасць змешвалася з радасцю. Значыць, ён не такі ўжо маленькі чалавек, калі англічане і кангрэсісты напружана сочаць за вудачкай, нецярпліва стараючыся злавіць на кручок такую вялікую рыбу.
Усміхаючыся на ўвесь твар, Набенду пайшоў паказаць газету Лабанье. Яна зрабіла выгляд, што здзівілася:
— О, божа мой, хто мог усё гэта адкрыць! Хто ж гэты вораг, каб яго пяро з’елі чэрві, каб пясок набіўся ў яго чарніліцу, каб згніла папера, на якой ён піша.
Набенду засмяяўся:
-—Ды не праклінай жа ты яго. Я дарую і бласлаўляю аўтара гэтага пісьма, і хай стануць залатымі яго пяро і чарніліца.
Праз два дні па пошце прыйшла газета, якая выдавалася англічанамі, варожая Кангрэсу. У ёй за подпісам «Дасведчаны» было надрукавана абвяржэнне нататкі ў кангрэсісцкай газеце. Аўтар абвяржэння пісаў, што ніхто з тых, хто ведае Набенду, ніколі не паверыць паклёпніцкім выдумкам. Як леапард не можа вызваліцца ад сваіх чорных плям, так не можа і чалавек,
1	П у д ж a — рэлігійнае свята.
7 Зак. 3285	777
падобны на Набенду, стаць кангрэсістам. Набендубабу для гэтага занадта заможны чалавек, ён не бакалаўр, які шукае работу, і не беспрацоўны адвакат. Ён не з тых, хто, пакруціўшыся ў Англіі і няўмела пераймаючы еўрапейскія манеры і моды, спрабуе ўцерціся ў англійскае грамадства і, пацярпеўшы няўдачу, расчараваны, адыходзіць ад яго. Таму хіба ён мог... і г. д. і да т. п.
О нябожчык бацька, Пурнендушакхор! Як мог ты памерці, заваяваўшы такое прызнанне і давер у англічан!
Гэтым пісьмом, як паўлінавым хвастом, можна было пакрасавацца перад Лабаньёй. Пісьмо неабвержна даказвала, што Набендушакхор належыць да ўплывовых і заможных асоб, а зусім не да невядомых няўдачнікаў.
Лабанья зноў прыкінулася вельмі здзіўленай:
•—■ Які незвычайны, цудоўны прыяцель напісаў гэтую нататку! Напэўна, кандуктар, каміваяжор або які-небудзь музыкант!
— Ты павінен напісаць абвяржэнне,— сказаў Нілратан.
— Хіба гэта так ужо неабходна? Ці мала што гавораць, хіба ўсё трэба абвяргаць,— нядбайна адказаў Набенду.
Лабанья залілася гучным смехам. Набенду быў азадачаны:
— Чаго ты смяешся?
Але швагерка рагатала з нястрымнай сілай. Яна трапятала ад смеху, як ліяна ад ветру.
Вострае джала насмешлівага рогату ўкалола Набенду. Ен збянтэжыўся і засмучана запытаў:
— Ты, напэўна, думаеш, што баюся я напісаць абвяржэнне?
— Я так і думала. Ты ўсё яшчэ хочаш выратаваць свой іпадром, бо з ім звязана столькі надзей. Між
іншым, чалавеку ўласціва спадзявацца да самай смерці.
— Відавочна, таму я не хачу пісаць абвяржэнне,— злосна ўсклікнуў небарака і схапіў чарніліцу і пяро.
Аднак абвяржэнне атрымлівалася занадта вялым. Лабаньі і Нілратану давялося ўзяць на сябе абавязкі рэдактараў.
Здавалася, яны пяклі лучы1. Каб цеста было больш мяккае, Набенду падліваў ваду і масла і старанна яго раскатваў, а абодва яго памочнікі не менш старанна падбаўлялі агню, каб пячэнне атрымалася сухім і гарачым.
Яны напісалі, што ўнутраныя ворагі больш страшныя за іншых ворагаў. Для ўрада Індыі фанабэрыстая англа-індыйская кампанія больш небяспечная за рускіх і патанаў. Менавіта яна больш за ўсё перашкаджае ўмацаванню вузаў дружбы паміж урадам і народам. А англа-індыйскія газеты, як камень, на шляху да пашырэння гэтай дружбы, над чым упарта працуе Кангрэс, і г. д.
У душы Набенду адчуваў страх, а часам яго ахоплівала радасць. «Якое ўважлівае пісьмо! Я ніколі сам не змог бы так напісаць».
Неўзабаве ў многіх газетах пачалася бурная дыскусія ў сувязі з уступленнем Набенду ў Кангрэс і яго ўзносам у фонд партыі.
Сам Набенду быў у роспачы. Швагеркі характарызавалі яго як бясстрашнага патрыёта, а Лабанья ўсміхалася: «Рашаючыя выпрабаванні, дружа, у цябе яшчэ наперадзе».
Аднойчы раніцай, перад купаннем, калі Набенду намашчваў сябе і рупліва стараўся дастаць цяжкадаступныя часткі спіны, слуга прынёс візітную картку, на якой быў уласнаручны подпіс самаго пана акруговага суддзі.
1 Л у ч ы — праснакі.
3 унутраных пакояў за ім з усмешкай назірала Лабанья.
3 суддзёй нельга было сустрэцца, не намасціўшыся. Набенду біўся, як рыба на патэльні. Ен імгненна памыўся, апрануўся і, задыхаючыся, выбег у пярэдні пакой.
Служанка сказала, што сахіб доўга яго чакаў і нарэшце пайшоў.
Вызначыць, хто быў больш вінаваты ў гэтай хлусні — служанка ці пані,— было б цяжка нават самому педантычнаму маралісту.
Устрывожанае сэрца Набенду трапяталася, як адрэзаны ў яшчаркі хвост. Hi за ядой, ні ў час адпачынку ён не ведаў ні хвіліны спакою.
Лабанью разбіраў смех, але яна, робячы выгляд, што нічога не ведае, увесь дзень спагадліва пыталася ў Набенду:
— Што з табой, ці не захварэў ты?
Набенду праз сілу ўсміхаўся. Ен адказаў так, як і след:
— Аб якой хваробе можа ісці гаворка ў тваім доме? Твая прысутнасць вылечвае ад усіх хвароб.
Усмешка знікла з яго вуснаў. Ен пачаў разважаць: «Я зрабіў узнос у сронд Кангрэса, напісаў у газету рэзкае пісьмо і, у давяршэнне да ўсяго, прымусіў чакаць сахіба-суддзіо. Што ён цяпер падумае пра мяне! О бацька, о Пурнендушакхор! Па злому лёсу я ўвесь час здаюся зусім не такім, якім я ёсць».
На другі дзень Набенду прыбраўся, надзеў вялізны турбан, у кішэню паклаў гадзіннік з ланцужком.
— Ты куды?—спытала Лабанья.
— Ды ў мяне тут адна справа...
Лабанья больш нічога не сказала.
Як толькі Набенду падышоў да дзвярэй дома сахіба і пачаў даставаць візітную картку, швейцар заявіў:
— Сахіб заняты.
Тады ён дастаў з кішэні дзве рупіі. Швейцар паспешліва пакланіўся.
— Нас пяцёра,— дадаў ён.
Набенду спрытна дастаў дзесяць рупій, і праз некалькі хвілін яго запрасілі да сахіба.
Надзеўшы халат і пантофлі, сахіб чытаў газету. Ен пальцам паказаў Набенду на крэсла і, не адрываючы вачэй ад газеты, спытаў:
— Што вам ад мяне трэба, бабу?
Набенду дрыготкім голасам, нервова перабіраючы ланцужок ад гадзінніка, прамовіў:
— Учора... вы былі такі добры... наведалі мяне, але...
Сахіб грозна насупіў бровы і перастаў чытаць газету.
— Наведаў! Што за глупства вы вярзеце, бабу!
Успацеўшы ад перапуду, Набенду мармыча:
— Даруйце... умаляю, даруйце... выйшла нейкая памылка... які сорам,— і неяк выбраўся з кабінета сахіба.
Нават уначы, лежачы ў пасцелі, ён, як кашмар, чуў голас: «Бабу, вы немагчымы ідыёт!»
Калі Набенду цягнуўся дадому, яму прыйшла ў галаву думка: «Суддзя, відаць, да гэтага часу гневаецца і таму зрабіў выгляд, што зусім не быў у мяне. О мацізямля, вырашы мае сумненні». Але просьба Набенду не была пачута, і ён вярнуўся дадому.
Лабаньі ён сказаў, што хадзіў па ружавую ваду,— прасілі паслаць дамоў. Расказ быў парушаны паяўленнем канстэбляў, іх было чалавек шэсць. Канстэблі выцягнуліся пры з’яўленні Набенду, моўчкі ўсміхаючыся.
— Цябе, відаць, прыйшлі арыштаваць за ўзнос у касу Кангрэса? — смеючыся, спытала Лабанья.
Шэсць канстэбляў працягнулі шэсць далоняў:
— Бакшыш, бабу-сахіб.
— Бакшыш, які бакшыш? — здзіўлена спытаў Нілратан, які выйшаў з суседняга пакою.
— Пан наведаў сёння сахіба-суддзю.
— О, сахіб-суддзя сёння распрадаваў ружавую ваду. Раней ён штосьці ніколі не займаўся гэтым,— сказала Лабанья.
Няшчасны Набенду яскрава ўявіў сабе ўсю жахлівасць сітуацыі і замармытаў такую бязглуздзіцу, што ніхто нічога не мог зразумець.
— Няма за што даваць вам бакшыш,— сказаў Нілратан,— Бакшыша не будзе.
Набенду сарамліва выцягнуў з кішэні банкноту:
-— Яны людзі бедныя, ім трэба што-небудзь даць. Нілратан выхапіў банкноту з рук няшчаснага:
— Есць людзі больш бедныя, я аддам грошы ім.
Набенду быў вельмі ўстрывожаны тым, што яму не дазволілі хоць крыху ўміласцівіць духаў грознага Ісвара1. Калі канстэблі, кідаючы грозныя погляды, сабраліся выходзіць, Набенду жаласліва паглядзеў у іх бок, быццам без слоў даючы ім зразумець: «Вы бачыце, паны, я не вінаваты».
У Калькуце адкрыўся з’езд Кангрэса. Нілратан з жонкай вярнуліся ў сталіцу, з імі прыехаў і Набенду. На вакзале прадстаўнікі Кангрэса акружылі Набенду і выканалі перад ім скокі Шывы. He было канца дыфірамбам у яго адрас:
— Краіна нічога не даб’ецца, пакуль такія правадыры, як вы, не зоймецеся дзейнасцю на яе карысць.
Набенду не мог не згадзіцца са справядлівасцю гэтых слоў. Так, з бляскам і шумам, ён стаў адным з лідэраў краіны.
Калі ён наведваў сходы Кангрэса, усе дружна сустракалі яго еўрапейскім прывітаннем — «гіп, гіп,
1 I с в а р — у індыйскай міфалогіі бог — гаспадар сусвету,
ура!». А вушы радзімы рабіліся ружовымі ад сораму.
Настаў дзень нараджэння каралевы Вікторыі. Набенду не аказалася ў спісе райбахадураў — званне, якое здавалася такім блізкім, знікла, як міраж.
У той дзень, вечарам, Лабаньялекха запрасіла Набенду і ўрачыста паставіла яму на лоб чырвонай сандалавай фарбай тылак1. Швагеркі надзелі яму на шыю гірлянды кветак, а апранутая ў чырвонае Арунлекха хавалася за парц’ерамі, толькі вочы яе блішчалі ад смеху і сарамлівасці. Сёстры ўклалі ёй у руку вянок і дарэмна спрабавалі выцягнуць. Гэты галоўны трафей доўгу, да самай ночы, у адзіноце чакаў Набенду.
•—• Сёння мы цябе карануем,— заявілі швагеркі.— У Індыі больш ніхто не заслужыў такога ўшанавання.
Толькі сэрца Набенду ды ўсявышні ведалі, ці зусім ён супакоіўся. Мы адчуваем наконт гэтага вялікія сумненні. Больш таго, мы цвёрда верым, што Набенду яшчэ калі-небудзь стане райбахадурам. А пасля яго смерці «Піянер» і «Англічанін» будуць разам яго аплакваць. А пакуль трохразовае ўра бабу Набендушакхору — гіп, гіп, ура, гіп, гіп, ура, гіп, гіп, ура!