Выбранае
Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
1898
1 Т ы л а к — адзнака касты.
ЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕ
Промах
Абставіны вымусілі мяне пакінуць бацькоўскі дом. He буду тлумачыць, як і чаму гэта здарылася,— вы і так усё зразумееце, калі прачытаеце апавяданне да канца.
Сам я — сельскі доктар. Дом мой стаіць якраз насупраць паліцэйскага ўчастка. А гэта значыць, што з паліцэйскімі я знаёмы не меней, чым з богам смерці. Дадам яшчэ, што пакуты, якія зазнае чалавек на зямлі ад бога і яго намеснікаў, мне таксама вельмі добра знаёмы. Як вядома, каштоўнасць жамчужнага ланцужка складаецца з жамчужын, а хараство жэмчугу выяўляецца найлепей у ланцужку — вось нейкая падобная залежнасць атрымалася і ў мяне з паліцэйскім інспектарам, у выніку чаго наша ўзаемнае пасрэдніцтва ў розных справах павялічвала прыбыткі кожнага з нас.
Сувязі нашы былі трывалыя, і іх заканамернае развіццё прывяло да таго, што мы з паліцэйскім інспектарам Чакраборці зрабіліся шчырымі сябрамі. Больш таго, ён так падбіваў мяне ажаніцца з яго гаротнай швагеркай, што ператварыў маё жыццё па сутнасці ў пакуту.
Усё ў тым, што ад першага шлюбу ў мяне засталася дачка Шошы. Як я мог даверыць мачысе яе лёс? 3 года ў год адзін за адным праходзілі восеньскія дні, адзначаныя календаром, як найбольш спрыяльныя для вяселля. Усялякія жаніхі, вартыя і не вартыя, заходзілі
ў вясельны паланкін. Толькі я па-ранейшаму баляваў на чужых пірах ў свіце жаніха і сумна вяртаўся дамоў адзін.
Шошы скора павінна было споўніцца трынаццаць год. Я разлічваў знайсці ёй жаніха з добрага дома,— значыцца, дзеля гэтага мне трэба было назапасіць паболей грошай. А тады ўжо я змог бы заняцца і яшчэ адной добрай справай — пошукамі нявесты для сябе самога.
Вось якраз у такі час, калі я сядзеў і круціў галаву над тым, як бы раздабыць грошай, у пакой уваліўся Харынатх Мазумдар з вёскі Туясі і кінуўся мне ў ногі. Высветлілася, што ўчора вечарам раптам памерла яго дачка-ўдава. Ворагі Харынатха даслалі інспектару ананімнае пісьмо, у якім сцвярджалі, што памерла яна нібыта ад аборту. Цяпер паліцыя хоча забраць труп для расследавання. Харынатх сказаў, што ён не перажыве такой жахлівай абразы памяці сваёй дачкі. I таму, раз я доктар і, акрамя таго, блізкі сябар інспектара, я павінен нейкім чынам умяшацца ў гэтую справу і спыніць яе.
Сапраўды, шляхі Лакшмі неспазнаныя — калі ёй уздумаецца, яна можа выбраць для свайго паяўлення не толькі парадны, але часам і чорны ход.
Выслухаў я старога, паціснуў плячамі і заклапочана прамовіў: «Справа складаная»,— і нават прывёў яму некалькі паспешліва прыдуманых прыкладаў, ад чаго стары затросся ўсім целам і заплакаў, як малое дзіця.
Карацсй кажучы, дазвол на пахаванне, а таксама сам пахавальны рытуал даводзілі яго да страшэннага збяднення.
У час нашай размовы ў пакой увайшла мая дачка Шошы.
— Тата, а чаму гэты стары абхапіў твае ногі і плача? —спытала яна ласкавым голасам.
— Займайся, калі ласка, сваімі справамі, а гэта цябе не датычыцца,— сярдзіта адказаў я.
Гэты выпадак зняў апошнюю перашкоду на дарозе нявесты да абранага жаніха. Дзень вяселля быў вызначаны, і падрыхтоўка пайшла поўным ходам. А як жа інакш? Гэта ж у дом свёкра ішла адзіная дачка!
Гаспадыні ў маім доме не было, але спагадлівыя суседкі з ахвотай дапамагалі мне. Дапамагаў і бясконца ўдзячны мне, але ўшчэнт збяднелы Харынатх.
Напярэдадні таго дня, калі Шошы па звычаю трэба было націраць імбірам, высветлілася, што яна захварэла на халеру. Хвароба развівалася хутка. Адчуваючы, што ўсе мае намаганні дапамагчы ёй дарэмныя, я шпурнуў на падлогу прабіркі з бескарыснымі лекамі, пабег да Харынатха і прыпаў да яго ног.
— Даруй, дада, даруй мне, грэшніку! Але ж, Шошы мая адзіная дачка, больш у мяне няма нікога.
— Што вы робіце, доктар? —усклікнуў разгублены Харынатх.— Гэта я вам вечны даўжнік. Устаньце, калі ласка, прашу вас.
— Я саграшыў, давёў цябе да галечы, і цяпер мяне напаткала адплата — мая дачка памірае!
Я пачаў моцна крычаць:
— Я загубіў няшчаснага старога, і вось яна, кара! О божа, выратуй маю дачку!
Я сарваў з Харынатха зношаныя палатняныя пантофлі і пачаў біць сябе імі па галаве. Стары паспешліва адабраў іх у мяне.
У дзевяць гадзін раніцы Шошы раптам зусім пажаўцела, быццам яе ўжо нацерлі імбірам, і назаўсёды пакінула гэты свет.
А на другі дзень да мяне з’явіўся інспектар:
— Ну вось, больш марудзіць няма чаго, трэба жаніцца. Будзеш пасылаць сватоў?
Нават шайтана не ўпрыгожыла б такая абуральная бестактоўнасць да чалавечага гора, але гуманнасць па-
ліцэйскага інспектара я вельмі добра ведаў з асабістага вопыту, таму і вырашыў прамаўчаць. Гэтую своеасаблівую спагаду сябра я ўспрыняў, як удар бізуна. Сэрца можа пакутаваць, але жыццё ідзе сваім парадкам. Я павінен быў паклапаціцца, каб набыць прадукты, адзенне, нават дровы для пахавальнага вогнішча і стужку для туфляў.
I як толькі я заставаўся сам-насам з сабой, у вушах адразу пачынаў гучаць ласкавы галасок:
— Тата, а чаму гэты стары абхапіў твае ногі і горка плача?
Я за свой кошт пакрыў саломай пахілую хаціну Харынатха, выкупіў у ліхвяра яго сякія-такія рэчы, аддаў яму сваю малочную карову.
Але супакоіцца я ўсё роўна не мог. На адзіноце ў прыцемкі і ў бяссонныя ночы нясцерпны боль сціскаў маё сэрца: мне ўсё здавалася, што з прычыны маёй лютасці дачка мая не знаходзіць сабе месца на тым свеце. Я быццам чуў яе тужлівы голас:
— Та, та, навошта ты гэта зрабіў?
Я перастаў браць грошы з беднякоў за лячэнне. Бачачы тую ці іншую дзяўчыну ў вёсцы, я ўспамінаў пакуты ўласнай дачкі...
Пачалася пара дажджоў. Вёску затапіла. 3 хаты ў хату і на рысавыя палі ездзілі ў лодках. Дождж ліў і днём, і ноччу.
Аднойчы мяне паклікалі да хворага ў маёнтак заміндара. Лодачнік, якога прыслалі гаспадары, не хацеў чакаць ні хвіліны. Яго цярпенне гатова было вось-вось лопнуць.
Сумныя думкі апаноўвалі мяне. Раней, калі я выязджаў да хворых, мяне заўсёды праводзіла Шошы, яна правярала, ці не парваны мой стары парасон, клапатліва пераконвала мяне хутаць горла і старацца не прамокнуць. А гэтым разам мне давялося самому шукаць свой парасон.
Я збіраўся марудна, не спяшаўся выйсці з пустой хаты, дзе цяпер гаспадар — маўклівая цішыня. Перад вачамі стаяў любы, ласкавы тварык дачкі. Я кінуў позірк на замкнутыя дзверы яе спальні і падумаў, няўжо бог будзе клапаціцца аб шчасці чалавека, якому няма ніякай справы да іншых. I, калі я праходзіў каля пустога пакоя дачкі, сэрца маё тужліва ныла. Але з вуліцы данёсся нецярплівы крык панскага лёкая, і я ўспомніў пра свае абавязкі, і паспешліва выйшаў з хаты.
Калі ўсеўся за спіной лёкая, я раптам убачыў каля веранды паліцэйскага ўчастка яшчэ адну лодку. У ёй сядзеў селянін. На ім, акрамя павязкі на бёдрах, нічога пе было. Па яго голаму скурчанаму целу хвастаў дождж.
— Што ў цябе здарылася? — спытаў я.
Аказваецца, ад укусу змяі ў небаракі мінулай ноччу памерла дачка. Паліцыя выклікала яго сюды з далёкай вёскі на допыт. Ен захінуў труп дачкі сваім адзіным пакрывалам, а сам застаўся голы. Нецярплівы пасланец заміндара рашуча адштурхнуў лодку, і мы паплылі.
Калі я вярнуўся дахаты, селянін па-ранейшаму сядзеў у сваёй лодцы. Я перадаў яму сёе-тое з ежы. Але ён не дакрануўся да яе. Мяне тым часам чакалі, і я, калі перакусіў крыху, паехаў да новага хворага.
Вечарам я зноў убачыў таго ж селяніна. Падобны на здань, ён ужо не мог гаварыць і толькі моўчкі глядзеў на мяне. Відаць, небарака ўжо не пяміў, дзе ён і што з ім, і думаў, што і рака, і вёска, і паліцэйскі ўчастак, словам, увесь гэты туманны, мокры, непрыстойны свет — адна ўява.
I ўсё ж, пасля настойлівых пытанняў мне ўдалося высветліць, што адзін раз паліцэйскі выходзіў да яго. Ен пацікавіўся, ці няма ў селяніна грошай. Калі ж даведаўся, што той вельмі бедны і што ў яго няма ні граша, сказаў:
— Ну што ж, у такім выпадку пасядзі яшчэ тут.
Я і раней не раз назіраў такія сцэны, але яны мяне не краналі. Цяпер жа маўклівае гора асірацелага селяніна ўзрушыла мяне да глыбіні душы. Мне здавалася, што зверху, з зацягнутага свінцовымі хмарамі неба да мяне даносіцца ласкавы голас маёй Шошы, поўны літасцівых просьбаў.
Віхурай уварваўся я да інспектара. Ён сядзеў на цыноўцы з чароту і пыхкаў люлькай. Насупраць яго, расказваючы нешта, размясціўся сват нявесты — муж цёткі, які прыехаў здалёку, каб узяць мяне ў сваякі.
— Людзі вы ці пачвары? —зароў я на ўсё горла і шпурнуў ім свой дзённы заробак.— Вам патрэбны грошы? Бярыце іх і задушыцеся! Але адпусціце гэтага небараку і дайце яму пахаваць сваю дачку!
I тут сяброўству доктара з інспектарам, сяброўству, якое ўзгадавалася на слязах бяздольных людзей, прыйшоў канец. Яно было разарвана віхурай. Колькі я потым ні падаў да ног інспектара, колькі і як ні праклінаў свой промах, усё было дарэмна — родны кут я ўрэшце вымушаны быў пакінуць.
1900
ЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕЕ
Г ірлянда кахання
Раніцай было халаднавата. А сярод дня з поўдня падзьмуў цёплы вецер. Седзячы на верандзе, Джацін любаваўся прыродай. Скрозь дрэвы саду віднелася поле, залітае шчодрымі праменнямі вясновага сонца. Поле перасякалася прасёлачнай дарогай, па якой да вёскі марудна рухалася нейкая падвода. Фурман з абкручанай ручніком галавой ляніва цягнуў песню.
Джацін задумаўся. Раптам за спіной пачуўся вясёлы жаночы голас:
— Ты што, Джацін, напэўна, успамінаеш сяброў, з якімі сустракаўся, калі адзначаў дзень свайго нараджэння?
— Чаму ты так гаворыш, Патол? Няўжо я такі няшчасны, што мне больш няма аб кім думаць?
— Няма чаго прыкідвацца,— усклікнула жанчына,— я ведаю ўсё, што з табою здарылася ў жыцці. Як табе не сорамна, вырас такі вялікі і да гэтага часу не прывёў у хату жонку. Нават у нашага садоўніка ёсць жонка — ён з ёю сварыцца двойчы на дзень, але ж уся вёска ведае, што ён жанаты. А ты глядзіш на поле і прыкідваешся, што марыш пра некага. Мяне не падманіш — мне знаёмы твае хітрыкі. Наш садоўнік ніколі не глядзіць так у поле, прыкідваючыся, што тужыць па некім. У час сапраўднай адзіноты ён не расставаўся з сярпом, і ён зусім не глядзіць так сумна на свет. I ты, мой даражэнькі, цяпер маляваў у сваіх думках зусім не твар нявесты. Я ж добра ведаю —
увесь твой час праходзіць у працы над трупамі ў анатамічным тэатры, ды яшчэ ты зубрыш падручнік. Так што няма чаго глядзепь такімі разгубленымі вачамі на неба.