Выбранае
Рабіндранат Тагор
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 240с.
Мінск 1976
Джацін склаў умольна рукі:
— Хопіць, хопіць, дастаткова! He трэба мяне болей сароміць. Дзякуй вашаму садоўніку. Я пастараюся ўзяць прыклад з яго. Заўтра раніцай я павешу гірлянду на шыю першай дзяўчыне, якую сустрэну, няхай нават гэта будзе лясная дзяўчына. Болей я ўжо не буду табе пярэчыць.
— Слова?
— Слова!
— Ну, тады хадзем.
— Куды?
— Хадзем жа, я табе кажу.
— He, не, якая яшчэ думка прыйшла табе ў галаву? Я цяпер нікуды не пайду.
— Ну што ж, сядзі тут,— і Патол хуценька выйшла з пакоя.
Але спачатку трэба яшчэ сёе-тое расказаць чытачу.
Джацін і Патол аднагодкі. Праўда, ГІатол старэйшая за Джаціна ўсяго на адзін дзень. Але з гэтае прычыны Джацін не лічыў патрэбным праяўляць у адносінах да яе асаблівую пачцівасць. Наогул, яны даводзіліся адно аднаму стрыечнымі братам і сястрой. У дзяцінстве яны часта разам гулялі. Патол дарэмна скардзілася бацьку і дзядзьку, што Джацін не называе яе «дзідзі», бо ніякія пакаранні не дапамагалі — ён упарта называў яе Патол.
Патол нават жартам сварылася. Ніхто ў сям’і не мог спыніць патоку яе насмешак. Яна кпіла пры свякрусе. Спачатку гэта выклікала доўгія размовы, але паступова ўсе скарыліся і звыкліся — такі ўжо ў яе характар. Ударамі невычэрпнай весялосці Патол руйнавала нават ураўнаважанасць настаўніка — яна не
цярпела вакол сябе аніводнага сур'ёзнага ці фанабэрыстага твару — яе жарты, смех, пацешлівыя прымаўкі, здавалася, электрызавалі паветра.
Муж Патол, Харкумар-бабу, быў памочнікам міравога суддзі, ён нядаўна пакінуў месца ў Біхары і пачаў працаваць у Калькуце ў акцыянернай управе. Баючыся чумы, ён наняў дом з садам у Балі, прыгарадзе Калькуты, і ездзіў адтуль на працу. Яму часта даводзілася бываць па справах у правінцыі, і таму ён сабраўся ўжо выпісаць з вёскі маці і яшчэ некалькі родзічаў, як раптам жонка запрасіла пагасцяваць на некалькі тыдняў Джаціна, які толькі што закончыў медыцынскі каледж і яшчэ не меў ні ўрачэбнай практыкі, ні рэпутацыі.
Калі Джацін пасля калькуцкіх вуліц апынуўся ў доме, дзе было так многа зелені, ён увесь першы дзень сядзеў адзін на верандзе, аддаючыся прыемнай сузіральнасці, чаму асабліва садзейнічала паўдзённае сонца месяца фальтуна. Якраз ў гэты час на яго напала Патол, аб чым мы ўжо расказвалі вышэй. Калі яна выйшла, ён рассеўся яшчэ зручней і пачаў перабіраць у думках казкі пра лясных дзяўчат, якія ён чуў у дзяцінстве.
Джацін уздрыгнуў, калі нечакана зноў пачуў вясёлы голас Патол. Яна прыйшла, ведучы за руку нейкую дзяўчыну. Падвяла яе і сказала:
— Вось табе лясная дзяўчына.
— Што, дзідзі? — спытала дзяўчына.
— Курані, паглядзі на майго брата. Ну як ён, нішто сабе?
Дзяўчына без ніякага сораму пачала разглядаць Джаціна.
— Ну як, падабаецца? — спытала Патол.
3 самым сур’ёзным выглядам Курані сцвярджальна кіўнула галавой — падабаецца. Джацін пачырванеў і ўскочыў з крэсла:
— Фу, Патол, не дзяцінься!
— А ты не строй з сябе дарослага! Ты ж ужо не дзіця малое, а не жанаты.
Джацін спрабаваў уцячы, але Патол стрымала яго.
— He бойся, Джацін, не бойся, табе не давядзецца адразу ж дарыць гірлянду — цяпер неспрыяльныя для вяселля месяцы, у цябс яшчэ ёсць час.
Худзенькая дзяўчынка, якую Патол назвала Курані, стаяла быццам анямелая. Ёй вось-вось павінна было споўніцца шаснаццаць гадоў, яе нельга было назваць прыгожай, а тварам яна нечым нагадвала маладое аляня. Грубіяны назвалі б яе дурненькай, але гэта не адпавядала б праўдзе, бо выгляд дзяўчынкі сведчыў не пра адсутнасць розуму ад прыроды, а проста пра звычайную неразвітасць, якая, дарэчы, не псавала дзявочай прыгажосці, а толькі надавала ёй нейкую своеасаблівасць.
Раніцай Харкумар-бабу вярнуўся з Калькуты і, калі ўбачыў Джаціна, сказаў:
— А, ты прыехаў, Джацін, вельмі добра. Табе трэба крыху папрактыкавацца. Ты ведаеш, калі мы яшчэ жылі на захадзе, дык аднойчы ў голад узялі да сябе на выхаванне дзяўчынку Курані. Як знайшлі яе? Хтосьці тады сказаў, што яе бацькі і яна ляжаць непадалёку ад нашага бунтала. Калі мы падышлі да іх, дарослыя былі ўжо мёртвыя, але дзяўчо яшчэ дыхала. Патол многа зрабіла, каб яе выратаваць. Ніхто не ведае, якой яна касты, і калі ўзнікае такое пытанне, дык Патол заўсёды адказвае: «Яна — двойчы нараджалася: аднойчы памерла і ўваскрэсла ўжо ў нашым доме; такім чынам, да ранейшай касты яна не палежыць».
Спачатку дзяўчына звала маю жонку «мама», але Патол на яе насварылася: «Няма чаго называць мяне маці, я твая дзідзі».
«Калі такая вялікая дзяўчьшка будзе зваць мяне
мамай,—казала мне Патол,—дык, значыцца, я старая». He ведаю, вінаваты тут голад ці яшчэ што-небудзь, але ў дзяўчынкі сяды-тады бываюць вострыя колікі. Табе трэба як мае быць заняцца ёю. Гэй, Тулсі, пакліч сюды Курані.
У гэты час Курані заплятала валасы. Яна прыбегла да Харкумара, хоць яшчэ і не скончыла прыбірацца, і дапытліва ўтаропілася на нас сваімі ласкавымі аленімі вачамі.
Бачачы, што Джацін бянтэжыцца, Харкумар-бабу заўважыў:
— Ты дарэмна саромішся, Джацін. Па выгляду яна зусім дарослая, але ўяві сабе зялёны какос: унутры яго адна вада замест соку, і мякаць яшчэ зусім няспелая. Яна яшчэ нічога не разумее, і ты, калі ласка, не прымай яе за жанчыну — гэта яшчэ дзікі алень.
Джацін заняўся сваімі абавязкамі доктара, але ніякай хваробы не знайшоў у дзяўчыны.
— Яна зусім здаровая,— запэўніў ён.
У пакой нечакана зайшла Патол і сказала:
— Ты, напэўна, хочаш праверыць, ці ў парадку яе сэрца,— яна пацалавала дзяўчьшу і дадала, звяртаючыся да Курані:
— Табе падабаецца мой брацік?
Дзяўчына кіўнула галавой: «Ага».
— Ты пойдзеш за яго замуж?
Курані зноў сцвярджальна схіліла галаву.
Патол і Харкумар-бабу адначасова зарагаталі. Курані, не разумеючы, у чым сэнс жарту, засмяялася таксама.
Джацін пачырванеў і расхваляваўся:
— Ну, Патол, ты дазваляеш сабе замнога, ты дрэнна сябе паводзіш. Харкумар-бабу, вы даяце сваёй жонцы замнога волі.
Харкумар-бабу адказаў:
— Інакш бы я не меў ніякай надзеі на тое, што
яна даруе мне мае слабасці. Але, Джацін, ты зусім не ведаеш Курані і таму гэтак хвалюешся. Пры такой умове ты, мабыць, сапраўды навучыш яе саромецца. Але як ні старайся, ты ўсё роўма не зможаш прымусіць яе з’есці плод з дрэва пазнання. Усе прывыклі з яе жартаваць. I калі ты, наадварот, будзеш трымаць сябе занадта сур’ёзна, дык яна будзе адчуваць сябе няёмка.
— Вось з гэтай прычыны ў мяне з Джацінам ніколі не было згоды, з дзяцінства мы адно сварыліся, бо ён занадта сур’ёзны,— дадала Патол.
Харкумар-бабу запярэчыў:
— Сварыцца такім чынам, напэўна, у цябе ўвайшло ў звычку?
— Вось і няпраўду ты кажаш. 3 табой сварыцца мне непрыемна, я і не збіраюся.
— Я з самага пачатку прызнаю сябе пераможаным.
— Ты шмат чаго гэтым дасягаеш. Калі б ты скарыўся не адразу, мне б гэта прынесла вялікае задавальненне.
Ноччу Джацін адчыніў у спальні вокны — было душна. Ен доўга не мог заснуць і думаў. Які страшэнны цень павінен быў легчы на душу дзяўчынкі, бацькі якой памерлі ад голаду ў яе на вачах. Як яна павінна была пасталець у гэтыя страшэнныя дні. Няўжо можна было з яе жартаваць? Усявышні яе пашкадаваў, захінуў пакрывалам яе розум. He дай божа яму расхінуцца — якую жорсткую гульню лёсу ёй давядзецца тады пабачыць.
Сёння ўдзень Джацін глядзеў на яснае вясновае неба, якое свіцілася праз лістоту дрэў; усё павокал было насычана духмянасцю парасткаў какосавай пальмы, і ўвесь сусвет у яго душы быў ахутаны туманам гэтай прыгажосці. Але гэтая дзяўчына-небарака з вачыма аляняці развеяла туман. За расхінутай заслонай, за шастаннем, шамаценнем, шчабятаннем птушак
паказаўся вялізны рэальны свет, змардаваны, галодны, змучаны смагай.
На другі дзень увечары ў Курані быў прыступ хваробы. Патол неадкладна паклікала Джаціна. Цела дзяўчыны знямела, ад болю яе звяла сутарга. Джацін паслаў за лекамі і паклапаціўся адразу ж падрыхтаваць грэлку.
Патол і тут не пакідала з’едліва гаварыць:
— Ты зрабіўся такім важным доктарам, а не здагадаўся нацерці ёй ногі гарачым алеем. Хіба не бачыш, што ступакі зусім халодныя.
Джацін паспешліва пачаў уціраць алей і рабіць масаж. Лячэнне зацягнулася да самай ночы.
Харкумар, калі вярнуўся са службы, таксама ўсхваляваўся. Са сваіх пакояў ён раз-пораз прысылаў служку, каб даведацца пра здароўе дзяўчыны і як яе лечаць.
Джацін не адразу, але зразумеў, чым выклікана выключная ўвага Харкумара да хворай: гаспадар непакоіўся, што так доўга няма жонкі.
Джацін сказаў Патол:
— Ідзі, Харкумар хвалюецца.
— Чаго ты ўмешваешся ў чужыя справы? — запярэчыла Патол.— He думай, я добра разумею, хто на самай справе хвалюецца. Табе толькі і трэба, каб я пайшла. Ты хоць бы калі-небудзь адчуваў сорам ды пачырванеў бы. Хто мог бы падумаць, што ў цябе на душы можа быць такое.
— Добра, справа гэта, безумоўна, твая. Што ж, заставайся тут. Але запомні: адзінае, чаго я хачу,— гэта каб не чуць цябе. Я, вядома, памыліўся. Харкумар-бабу, мусіць, цешыцца спакоем у адзіноце. Такая ўдача не часта прыпадае на яго долю.
.Калі Курані зрабілася лепей і яна расплюшчыла вочы, Патол сказала:
— Жаніх твой увесь час расціраў табе ногі, каб ты
апамяталася,— напэуна, таму ты так доўга не адкрывала вачэй. Ай-яй-яй! Забяры прах ад яго ног.
Курані паслухмяна схілілася да ног Джаціна. Той паспешліва выскачыў з пакоя.
Назаўтра пачалася сістэматычвая асада Джаціна. Калі ён еў, Курані падышла і неяк звыкла прынялася адганяць ад яго мух веерам. Адчуваючы сябе пяёмка, Джацін сказаў:
— Пакінь, пакінь, не трэба.
Забарона прывяла Курані ў замяшанне, яна адвярнулася і, пазіраючы ў бок дзвярэй, якія вялі ў суседні пакой, зпоў пачала махаць веерам. Джацін сярдзіта ўсклікнуў да нябачнага субяседніка ў суседнім пакоі:
— Патол, калі ты не пакінеш злаваць мяне, я больш нічога не буду есці і адразу ж пайду з-за стала!
Але як толькі ён намерыўся здзейсніць сваю пагрозу, Курані кінула веер. Джацін убачыў на бяздумным твары дзяўчыны грымасу пакуты, пашкадаваў яе і зноў сеў на крэсла. Джацін ужо быў паверыў, што дзяўчына нічога не разумее, нічога не адчувае, наогул не здольна зазнаваць розныя эмоцыі, і таму сёння са здзіўленнем адзначыў сам сабе, што такое ўяўленне аб Курані ўжо не адпавядае праўдзе. Толькі ніхто не мог сказайь, калі менавіта здарылася гэтая змена. Ва ўсякім разе, Курані пакінула веер, выйшла з пакоя.