Выгнаныя з роднага краю
Паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830-1870-я гады)
Дзмітрый Матвейчык
Выдавец: Лімарыус
Памер: 200с.
Мінск 2011
Архіўныя матэрыялы, якія асвятляюць аказанне грашовай дапамогі мясцовым насельніцтвам, адносяцца да другой падгрупы. Сярод іх цікавасць выклікаюць дакументы Мінскага і Віленскага губернскіх камітэтаў па аказанні матэрыяльнай дапамогі палітычным ссыльным і палітычным эмігрантам, якія вярталіся на радзіму. 3 названай падгрупы вядомы толькі дзве справы. У мінскім архіве захавалася справа, якая асвятляе дзейнасць Мінскага камітэта [44], а ў віленскім — кніга прыходу і расходу сродкаў, сабраных Віленскім камітэтам [358].
Недастатковасць інфармацыйнасці матэрыялаў з гістарычных архіваў Беларусі і Літвы дазваляюць кампенсаваць матэрыялы з польскіх бібліятэчных сховішчаў. Дакументы ТЛРЗ захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, Бібліятэцы князёў Чартарыскіх у Кракаве і Сілезскай бібліятэцы ў Катавіцах. Найбольш карыснымі з’яўляюцца матэрыялы з Варшавы [147; 148; 149; 150; 153; 155]. Кракаўскія і катавіцкія дакументы дублююць варшаўскія і не змяшчаюць у параўнанні з імі новых звестак [138; 164].
Дакументы ТБА захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы і Бібліятэцы князёў Чартарыскіх. Найбольш цікавыя матэрыялы знаходзяцца ў Кракаве. Тут змешчаны копіі пратаколаў 13-ці яго пасяджэнняў, спіс сяброў таварыства, прамовы некаторых з іх, вытрымкі з карэспандэнцыі і статутных дакументаў ТБА. Гэтыя матэрыялы абрываюцца нечакана, што ўказвае на няпоўную захаванасць комплекса [136], Дакументы ТБА з Нацыянальнай бібліятэкі дазваляюць у некаторай ступені дапоўніць звесткі з Бібліятэкі Чартарыскіх [151]. У цэлым варшаўскі і кракаўскі матэрыялы ў малой ступені дубліруюць звесткі адзін з аднаго.
Дакументаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Літоўска-Рускага Клуба, вядома, значна менш. Гэта тэкст акта яго заснавання і статута, які захоўваецца ў Курніцкай Бібліятэцы ў Познані сярод матэрыялаў іншых эміграцыйных арганізацый, і два лісты з запрашэннем да ўдзелу ў яго сходах, якія адрасаваны Казіміру Ленартовічу і сёння ўтрымліваюцца разам з вышэйзгаданымі дакументамі ТЛРЗ у Нацыянальнай Бібліятэцы ў Варшаве [145; 149, к. 8-10]. На жаль, да сённяшняга дня выявіць іншыя матэрыялы гэтай арганізацыі не ўдалося.
Нямала рукапісных матэрыялаў, важных для даследавання дзейнасці ўраджэнцаў беларуска-літоўскіх губерняў у Вялікай эміграцыі, захоўваецца ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве і Музеі імя Адама Міцкевіча ў Варшаве. Напрыклад, тут ўтрымліваюцца рукапісы і лісты літаратараў А. Гарэцкага, А. Рыпінскага і інш. [141; 142; 143; 396; 397], а таксама зборы некаторых значных дзеячоў эміграцыі, напрыклад, Валерыяна Халхоўскага і Канстанціна Залескага [139; 140].
Вялікім сховішчам, дзе зберагаюцца рукапісныя крыніцы па гісторыі Вялікай эміграцыі, з’яўляюцца Музей Адама Міцкевіча і Польская Бібліятэка ў Парыжы, якія ў вялікай колькасці захоўваюць дакументы эмігрантаў. Сярод іх значную частку складае прыватная карэспандэнцыя [156], Таксама тут знаходзяцца чарнавікі мемуарных матэрыялаў, сабраных ТЛРЗ у 1832-1833 гг. [157]. Апрача гэтага, тут маюцца ўспаміны і дзённікі эмігрантаў, напісаных імі падчас свайго жыцця на чужыне. Напрыклад, у дзённіку аднаго з сяброў ТЛРЗ Пятра Капчынскага маюцца карысныя звесткі пра гэтую арганізацыю [158; 159],
Падсумоўваючы вышэйсказанае, варта адзначыць, што пры даследаванні дзейнасці ўраджэнцаў Беларусі і Літвы ў паслялістападаўскай хвалі эміграцыі з зямель Рэчы Паспалітай неабходна прыцягненне самага шырокага кола крыніц, якія знаходзяцца ў сховішчах розных краін (Польшча, Беларусь, Літва, Францыя і інш.) і напісаны на розных мовах. Матэрыялы з якога-небудзь аднаго сховішча не дазваляюць прааналізаваць дзейнасць эмігрантаў у поўным аб’ёме.
2. ПРЫЧЫНЫ ЭМІГРАЦЫІ. РАССЯЛЕННЕ ЭМІГРАНТАЎ 3 БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІХ ГУБЕРНЯЎ
2.1. Палітыка расійскіх уладаў у адносінах да ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг.
Шырокае распаўсюджванне паўстання 1830-1831 гг. на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы вымусіла расійскія ўлады прыняць шэраг пастаноў, якія былі накіраваны на тое, каб адцягнуць ад удзелу ў ім прадстаўнікоў розных сацыяльных слаёў, а таксама пакараць тых з паўстанцаў, што не жадалі складаць зброю. Царскія ўказы, якія вызначалі парадак пакарання ўдзельнікаў паўстання, выдаваліся як у перыяд самога паўстання, так і пасля яго падаўлення. У значнай ступені менавіта яны і іх выкананне вызначылі выезд у эміграцыю вялікай часткі паўстанцаў.
Захады расійскіх уладаў, якія паўплывалі на эміграцыю пэўнай часткі ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг., можна падзяліць на дзве групы. Да першай з іх адносяцца тыя мерапрыемствы, якія непасрэдна тычыліся стану паўстанцаў і вызначалі розныя ступені пакарання ў адносінах да іх, да другой — захады, якія змянялі сітуацыю ў Беларусі і Літве і ўплывалі на працэс эміграцыі апасродкавана.
Сярод мерапрыемстваў расійскіх уладаў, аднесеных да першай групы, варта звярнуць увагу на найбольш распаўсюджаную меру — канфіскацыю маёмасці. У параўнанні з іншымі захадамі, у царскіх указах самым падрабязным чынам быў прапісаны менавіта гэты.
Сістэма канфіскацыі маёмасці ўдзельнікаў паўстання пачала афармляцца праз месяц пасля яго пачатку ў Варшаве. 21 снежня 1830 г. быў выдадзены ўказ аб накладанні забароны на ўсе маёнткі паўстанцаў. Забарона з’яўлялася псршым этапам у канфіскацыі. Аканомам гэтых маёнткаў забаранялася перасылаць даходы з іх уладальнікам [105, т. 5, № 4206]. 4 красавіка 1831 г. загадвалася накладаць забароны не толькі на маёнткі ўдзельнікаў паўстання, але і на маёнткі іх бацькоў у той частцы, якая магла б перайсці ім у спадчыну [105, т. 6, № 4485].
Адказам на пачатак паўстання ў землях Віленскай губ. (Цельшаўскім, Шавельскім і Расіенскім паветах) стаў царскі ўказ ад 22 сакавіка 1831 г. Аб бунце, які адбыўся ў трох Паветах Віленскай Губерні, і аб суджэнні ўсіх Дваранаў ці Шляхты, якія прынялі ўдзел у гэтым бунце, ваенным судом паводле Палявога Крымінальнага Улажэння. Сем пунктаў указа вызначалі пакаранне для
ўдзельнікаў паўстання. У іх выразна прасочваецца імкненне царскага ўрада да дыферэнцыяцыі пакарання ў адносінах да розных сацыяльных слаёў. Галоўным віноўнікам паўстання прызнавалася прывілеяванае саслоўе — дваранства (шляхта). Яго прадстаўнікі, якія ўдзельнічалі ў паўстанні са зброяй у руках, падлягалі аддачы пад ваенны суд. Вынессныя прысуды загадвалася выконваць адразу пасля зацвярджэння асобнага атраднага начальніка. Дзеці тых з пакараных асобаў, якія не маглі прадставіць дакументаў на шляхецтва, павінны былі аддавацца ў ваенныя кантаністы. Маёнткі шляхціцаў-паўстанцаў падлягалі канфіскацыі ў казну. Што ж да асобаў ніжэйшых слаёў, то ў адносінах да іх ва ўказе назіраецца пэўная непаслядоўнасць. 3 аднаго боку, тых з іх прадстаўнікоў, што былі ўзятыя са зброяй у руках, планавалася аддаваць у рэкруты і адсылаць ў сібірскія ваенныя батальёны, а іх дзяцей — аддаваць у ваенныя кантаністы. Але з іншага боку, у апошнім пункце ўказвалася, што тыя з простых людзей, што былі гвалтоўна ўцягнуты ў паўстанне воляй памешчыкаў а затым добраахвотна кінулі зброю і вярнуліся на месца жыхарства, маглі свабодна атрымаць дараванне [105, т. 6, № 4444].
Паводле ўказа ад 6 траўня 1831 г., дзяржаўным органам загадвалася ўзяць у секвестр маёмасць усіх тых асобаў, якія з’яўляліся актыўнымі распаўсюджвальнікамі паўстання ці ўдзельнічалі ў ім са зброяй у руках. Гэты ўказ тычыўся як тых паўстанцаў, пра ўдзел якіх у паўстанні дзяржаўным органам ужо было вядома, так і тых, звесткі пра якіх могуць з’явіцца пазней. Секвестраваныя маёнткі паступалі ў кіраванне губернскіх казённых палат, яны павінны былі апісвацца, звесткі пра іх — падавацца ў мясцовыя губернскія праўленні для прыняцця рашэння пра іх канфіскацыю. Гэтым жа ўказам ўлады намагаліся адцягнуць ад паўстання яго ўдзельнікаў. Маёнткі тых зямельных уладальнікаў, якія на працягу месяца пасля выхаду ўказа з’явяцца да ўладаў добраахвотна, і тых, якія былі ўцягнуты ў паўстанне гвалтоўна, павінны былі заставацца ў іх валоданні без накладання секвестра [105, т. 6, № 4535].
17 ліпеня 1831 г. быў выдадзены ўказ пра заснаванне ў Віленскай, Мінскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Валынскай, Падольскай губернях і Беластоцкай вобласці спецыяльных камісій для правядзення следства наконт удзельнікаў паўстання, а таксама правілы дзейнасці гэтых камісій. Яны павінны былі знаходзіцца пад старшынствам ваенных губернатараў ці асобаў, якія прызначаны на іх месца галоўнакамандуючым першай ці рэзервовай арміі, у іх склад павінны былі ўваходзіць таксама грамадзянскія губернатары, віцэ-губернатары, губернскія маршалкі, старшыні 1 -га і 2-га дэпартаментаў Галоўнага Суда. Усе грамадзянскія і ваенныя органы ўлады абавязаны былі падаваць камісіям неабходныя звесткі. Камісіямі ўсе ўдзельнікі паўстання падзяляліся на тры разрады (ці катэгорыі). Да першага з іх адносіліся кіраўнікі і арганізатары паўстання, да другога — удзельнікі ваенных дзеянняў супраць расійскіх войскаў і ўладаў, да трэцяга — асобы, якія падпісалі акт паўстання ці мелі пэўнае дачыненне да паўстання. Рухомая і нерухомая маёмасць, а таксама грашовыя капіталы асобаў,
аднсссных да першага ці другога разраду, падлягалі секвестру і канфіскацыі. Асобна ва ўказе абгаворвалася, што канфіскацыі не падлягала маёмасць бацькоў паўстанцаў, але права спадчыны на яе пасля іх смерці перадавалася казне. Бацькі таксама павінны былі даваць распіску пра абавязак не перасылаць нічога сваім дзецям, якія знаходзіліся ў Каралеўстве Польскім, а таксама любым іншым удзельнікам паўстання. Сем’і (жонкі і дзеці) паўстанцаў, у якіх маёмасць канфіскоўвалася, паступалі пад апеку казны, а ў выпадку патрэбы ім павінна была выдавацца грашовая дапамога ў выглядзе часткі даходаў ад канфіскаванай маёмасці. У правілах падрабязна прапісваўся парадак дзеянняў камісіі пры канфіскацыі. Рашэнні камісій павінны былі зацвярджацца галоўнакамандуючым першай арміяй генерал-фельдмаршалам графам фон Сакенам, якому з 31 ліпеня 1831 г. былі падначалены Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць. Канфірмаваныя рашэнні пра накладанне забароны ці секвестра на маёмасць альбо пра яс канфіскацыю не выконваліся самімі камісіямі. Яны адсылаліся ў губернскія праўленні і губернскія казённыя палаты [105, т. 6, № 4711,4732].