Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

Выкладанне гісторыі ў школе

тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
88.42 МБ
Мал. 29. Лагічны ланцужок да тэмы «Індыйская цывілізацыя»
Важную ролю ў рабоце з вучэбным тэкстам адыгрывае складанне лагічных схем. Яны даюць інфармацыю ў спрошчаным і адначасова канцэнтраваным выглядзе. Пра работу са схемамі больш падрабязна глядзі ў главе «Выкарыстанне ўмоўна-графічнай нагляднасці».
17.	Пераўтварэнне тпэкставай інфармацыі, якая прыводзіцца ў параграфе, у схему (логіка-сэнсавую, гексаганальную, кластар, ментальную карту, табліцу і інш.).
18.	Пераўтварэнне лічбавай інфармацыі, якая прыводзіцца ў тэксце параграфа, у графік, статыстычную табліцу або дыяграму.
19.	Складанне аповеду пра гістарычную падзею, якая разглядаецца ў параграфе, ад імя аднаго з яе ўдзельнікаў або размова двух герояў (у такім разе гаворка ідзе пра выкарыстанне ўжо вядомых прыёмаў персаніфікацыі і драматызацыі).
20.	Ілюстраванне зместу параграфа ці яго часткі ўласнымі малюнкамі.
21.	Складанне ўласных пытанняў і заданняў да зместу параграфа.
22.	Складанне тэматычнай крыжаванкі на падставе параграфа і інш. [14, с. 271—274; 25, с. 102—103; 62, с. 75].
Памятка па арганізацыі работы з вучэбным тэкстам [113]
1.	Прачытайце ўвесь параграф, складзіце агульнае ўяўленне аб апісаных у ім падзеях, з’явах. Уважліва разгледзьце картасхемы, схемы, ілюстрацыі.
2.	Звярніце ўвагу на вылучаныя ў падручніку факты, высновы, ідэі.
3.	Складзіце просты (разгорнуты) план. Ён будзе садзейнічаць палягчэнню выканання дамашняга задання.
4.	Паспрабуйце звязаць з матэрыялам параграфа тое, што пачулі і ўбачылі на ўроку, запісалі ў сшытку.
5.	Успомніце, што вы чыталі па тэме, якую вывучалі на ўроку, што бачылі ў музеі, кінастужках.
6.	Пры неабходнасці прагледзьце параграфы, якія вы вывучалі раней.
7.	Калі нешта здаецца незразумелым або нейкае пытанне зацікавіла вас, звярніцеся да слоўніка, энцыклапедыі, інтэрнэту.
8.	Праверце, ці ведаеце вы матэрыял тэмы, перакажыце яго (спачатку выкарыстайце для пераказу план).
9.	Падрыхтуйце вусныя (калі настаўнікам не вызначана іншае заданне) адказы на пытанні і заданні, якія размешчаны ў канцы параграфа.
Прыведзеныя прыклады работы з тэкстам вучэбнага дапаможніка сведчаць пра вялікія магчымасці па фарміраванні як агульных, так і спецыяльных уменняў У вучняў.
3.4.2.	Методыка работы з дакументамі
Навучанне гісторыі цесна звязана з дакументальнымі крыніцамі, калі вучні знаёмяцца з іх знешнім выглядам, зместам, структурай і г. д. Дакумент робіць аповед настаўніка жывым і яркім, а высновы больш пераканаўчымі, садзейнічае канкрэтызацыі гістарычнага матэрыялу, бачанню яркіх вобразаў і карцін мінулага, стварае адчуванне духу эпохі.
Прыцягненне новых дакументальных фактаў дазваляе вучням адчуць дух эпохі. Падчас работы з крыніцамі ў іх актывізуецца працэс мыслення і ўяўлення, што спрыяе больш плённаму засваенню гістарычных ведаў і развіццю гістарычнай свядомасці, выпрацоўваюцца ўменні самастойнай работы: чытаць і разумець дакументы, аналізаваць і здабываць інфармацыю, разважаць, ацэньваць значэнне дакументаў мінулага і сучаснасці, то бок развіваецца крытычнае мысленне.
Дакумент як гістарычная крыніца павінен адпавядаць мэтам і задачам навучання гісторыі; адлюстроўваць відавочныя, найбольш тыповыя факты і падзеі эпохі; быць арганічна звязаны з праграмным матэрыялам; садзейнічаць актуалізацыі гістарычных ведаў, каб атрымалася прапанаваць навучэнцам пазнавальныя пытанні і заданні; быць даступным вучням па змесце і аб’ёме; цікавым; утрымліваць бытавыя і сюжэтныя падрабязнасці, якія дазваляюць дыферэнцаваць навучанне, канкрэтызаваць уяўленні вучняў аб тых ці іншых падзеях, з’явах, працэсах.
Дакумент павінен аказаць на вучняў пэўнае эмацыянальнае ўздзеянне; валодаць літаратурнымі і навуковымі якасцямі, быць дастаткова інфарматыўным для развіцця пазнавальнай самастойнасці і цікавасці, удасканалення тэхнікі разумовай работы. Важна таксама ўлічваць аб’ём дакумента, яго стылістыку і мову (даступнасць для разумення навучэнцамі рознага ўзросту).
У працэсе навучання гісторыі ў школе вылучаюць два спосабы работы з дакументам:
1)	уключэнне дакументальнага матэрыялу ў аповед настаўніка;
2)	арганізацыя работы вучняў над тэкстам дакумента, яго разбор [14, с. 278].
У першым выпадку гаворка ідзе пра невялікія ўрыўкі, якія дазваляюць удакладніць пэўны момант, паставіць праблему, ахарактарызаваць гістарычную асобу, эмацыянальна ўздзейнічаць на вучняў. Гэта важны элемент урока, аднак у першую чаргу маецца на ўвазе развіццё ўменняў і кампетэнцый навучэнцаў.
Задачы работы з дакументамі на ўроку:
♦	навучыць вучняў здабываць інфармацыю з дакумента (факты, паняцці, заканамернасці гістарычнага развіцця);
♦	навучыць вучняў успрымаць гістарычны дакумент як: а) дадатковую крыніцу атрымання інфармацыі; б) аб’ектыўнае сведчанне падзей, якія адбываліся; в) крыніцу па палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, культурнай гісторыі, знешняй палітыцы, дзеяннях пэўных гістарычных асоб і г. д. [58, с. 57]
Сярод патрабаванняў да дакументаў, якія выкарыстоўваюцца на ўроках, вылучаюць:
♦	адпаведнасць мэце і задачам урока;
♦	адлюстраванне асноўных фактаў і падзей вывучаемай эпохі;
♦	даступнасць па змесце, успрыманні вучнямі;
♦	інфарматыўнасць;
♦	літаратурная і навуковая вартасць [8, с. 53; 62, с. 127].
Мэтанакіраваная, сістэматычная работа па фарміраванні даследчых навыкаў вучняў з выкарыстаннем гістарычных дакументаў дазваляе:
♦	найбольш эфектыўна стымуляваць творчую актыўнасць вучняў праз цэласнае ўспрыманне гісторыі;
♦	замяніць прадметна-аб’ектныя адносіны паміж настаўнікам і вучнем на адносіны супрацоўніцтва даследчыкаў;
♦	фарміраваць і развіваць цікавасць да атрымання інфармацыі з розных крыніц (дадатковы прагляд відэаролікаў, газет, часопісаў і г. д.).
Работа з гістарычнымі дакументамі забяспечвае дасягненне як прадметных, так і метапрадметных вынікаў. Вывучаючы крыніцы, школьнікі засвойваюць адрозненні метадаў навуковага і мастацкага пазнання гісторыі, усведамляюць факт існавання супярэчлівых інтэрпрэтацый падзей мінулага і сучаснасці як норму, атрымліваюць вопыт гісторыка-даследчай дзейнасці. Для вучняў, якія вывучаюць гісторыю на павышаным узроўні, досвед работы з гістарычнымі крыніцамі з’яўляецца значным у кантэксце прафесійнага самавызначэння.
Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні гісторыі вызначае наступны алгарытм выкарыстання дакументальна-метадычнага комплексу:
1.	Атрыбуцыя гістарычнай крыніцы: вызначэнне зыходных дадзеных дакумента (аўтар, назва, час і месца стварэння), відавая класіфікацыя, азнаямленне са знешнім выглядам дакумента.
2.	Характарыстыка гістарычнай сітуацыі, у якой быў створаны дакумент.
3.	Сістэматызацыя факталагічнага матэрыялу, прадстаўленага ў гістарычным дакуменце, ва ўзаемасувязі з вывучаемымі тэарэтычнымі ведамі.
4.	Аналіз зместу гістарычнай крыніцы і вызначэнне яго сэнсавай напоўненасці.
5.	Вызначэнне пазіцыі аўтара гістарычнага дакумента, яго мэт або матывацыі.
6.	Параўнальны аналіз дакументаў, прысвечаных пэўнай гістарычнай падзеі, з мэтай параўнання розных пунктаў гледжання на яе [95, с. 11 —16].
Работа з дакументамі паступова павінна ўскладняцца з улікам узросту і пазнавальных асаблівасцей вучняў, узроўню іх папярэдняй падрыхтоўкі. У 5—6-х класах павінен выкарыстоўвацца найбольш просты матэрыял апавядальнага і апісальнага характару. Яго аб’ём не можа перавышаць 10—15 радкоў. У 7—8-х класах колькасць дакументаў для аналізу гаспадарчага і юрыдычнага характару большая, чым у 5—6-х класах, а ў 9-м класе шырэй прыцягваюцца да вывучэння палітычныя, праграмныя дакументы.
Навучанне рабоце з дакументам уключае некалькі этапаў (мал. 30) [61].
1)	настаўнік дае ўзор разбору дакумента
2)	вучні аналізуюць дакумент пад кіраўніцтвам настаўніка
3)	вучні працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка і самастойна
4)	вучні самастойна вывучаюць дакументы ў класе і дома
Мал. 30. Этапы работы з дакументам
Вывучэнне дакумента павінна суправаджацца сістэмай распрацоўкі пытанняў і заданняў да яго. Настаўнік на ўроку знаёміць вучняў з дакументам, тлумачыць сутнасць задання. Самастойная работа вучняў па заданні настаўніка мае месца ўжо ў 5-м класе. Найбольш простыя па змесце і знаёмыя па характары дакументы могуць быць прачытаны вучнямі дома [14, с. 284]. Па гістарычных дакументах дазваляецца прапаноўваць дамашнія заданні творчага характару: падрыхтаваць невялікія паведамленні пра пэўную гістарычную крыніцу, па дакументальным матэрыяле; разгорнуты адказ (аповед, апісанне) на падставе тэксту вучэбнага дапаможніка, ілюстрацыі; напісаць творчае сачыненне на аснове дакументальнага матэрыялу.
У 7—9-х класах работа з дакументамі ўключае:
♦	чытанне і пераказ дакумента, складанне па ім плана;
♦	тлумачальнае чытанне з папярэдняй і заключнай гутаркай;
♦	самастойны разбор дакумента і адказы на пытанні да яго;
♦	параўнанне двух дакументаў, якія характарызуюць адну і тую ж падзею; ♦ крытычную ацэнку дакумента.
Вучні павінны ўмець вызначаць лагічна завершаныя часткі дакумента, галоўныя ідэі, вучыцца знаходзіць доказы таму ці іншаму тэзісу/сітуацыі. Настаўнік можа прапанаваць наступныя заданні: «Прачытайце і скажыце, аб чым ідзе гаворка ў дакуменце», «Знайдзіце, дзе ў дакуменце сказана пра пэўную падзею, з’яву», «Дакажыце на аснове тэксту дакумента, што...», «Пацвердзіце сваё меркаванне вытрымкай з дакумента» і інш.
Вучні 10—11-х класаў павінны ўмець выконваць больш складаныя заданні па дакументах. Напрыклад, «Выберыце галоўныя, другарадныя дадзеныя ў змесце дакумента», «Вызначце прычыну вывучаемай падзеі», «Параўнайце ўмовы», «Знайдзіце ў дакументальнай крыніцы дадзеныя пра...» і інш. Алгарытм работы з дакументам у залежнасці ад пазнавальных асаблівасцей вучняў прыведзены Ў дадатку 2.
Перад тым як прапанаваць дакумент вучням, настаўніку неабходна самому ўважліва пазнаёміцца з яго зместам, прадумаць, якія ўрыўкі больш патрэбны для доказу таго ці іншага тэзіса, а якія — для ажыўлення аповеду. Нельга абмяжоўвацца толькі адборам зместу, трэба прадумаць форму работы для вучняў [65, с. 55—59].
На занятках настаўнік можа прапанаваць вучням наступныя варыянты работы з дакументамі:
1.	Розным групам вучняў прааналізаваць адзін і той жа дакумент з пункту гледжання прадстаўнікоў розных эпох, сацыяльных пластоў, народаў і г. д., што будзе спрыяць шырэйшай інтэрпрэтацыі дакумента.