Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

Выкладанне гісторыі ў школе

тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
88.42 МБ
Педагогі вылучаюць тры фактары, якія ўплываюць на развіццё пазнавальнага інтарэсу вучняў:
1)	змест вучэбнага матэрыялу (яго характар і арганізацыя);
2)	арганізацыя навучальнага працэсу. Маецца на ўвазе выкарыстанне розных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання на ўроках. Мяркуецца, што настаўнік будзе аказваць эмацыянальнае ўздзеянне на вучняў, выкарыстоўваць наглядныя
і тэхнічныя сродкі навучання, сродкі прыцягнення інтарэсу, арганізоўваць розныя формы пазнавальнай дзейнасці вучняў і такім чынам уплываць на характар засваення ведаў;
3)	адносіны настаўнік — вучні і вучань — вучань у адукацыйным працэсе. Педагогі і псіхолагі даказваюць, што толькі камфортныя (прыемныя, якія прыносяць станоўчыя эмоцыі) зносіны спрыяюць развіццю цікавасці да прадмета ў вучняў [62, с. 59].
Вынікі навучання. Методыка аналізуе і даследуе вынікі навучання, каб прасачыць або выявіць фактары, якія ўплываюць на іх. У цэлым вынікі навучання
вымяраюцца ўзроўнем:
♦	гістарычнай адукацыі, дасягнутай на адным уроку, пры вывучэнні тэмы, раздзела, вучэбнага курса, усіх курсаў гісторыі ў 5—11-х класах;
♦	сфарміраванасці навуковага светапогляду;
♦	выхавання навучэнцаў;
♦	развіцця пазнавальных магчымасцей вучняў.
Методыка выкладання прадмета павінна даваць адказы на пытанні: «Навошта вучыць?», «Чаму вучыць?», «Як вучыць?». Асноўныя фактары навучання гісторыі звязаны з адказамі на гэтыя пытанні: «Навошта вучыць?» — мэты навучання; «Чаму вучыць?» — змест навучання; «Як вучыць?» — сродкі, метады і формы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Адказы выступаюць задачамі
методыкі выкладання як навукі.
Сувязь методыкі выкладання гісторыі з іншымі навукамі. Вывучэнне працэсу навучання гісторыі паказвае цесную сувязь методыкі выкладання гісторыі з іншымі навукамі. Перш за ўсё яна звязана з педагогікай і такімі яе раздзеламі, як дыдактыка і тэорыя выхавання. Існуе адрозненне паміж методыкай выкладання і дыдактыкай. Апошняя вывучае заканамернасці пра-
цэсу навучання як цэласнай з’явы, a методыка — спецыфічнае праяўленне заканамернасцей працэсу навучання канкрэтнаму прадмету.
Методыка як навука цесна звязана з гісторыяй, бо вывучае працэс навучання і яго асаблівасці на розных этапах гістарычнага развіцця чалавецтва. Гэта дазваляе выкарыстоўваць лепшыя напрацоўкі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Мал. 3. Сувязь методыкі выкладання гісторыі з іншымі навукамі
Назіраецца цесная сувязь методыкі выкладання з псіхалогіяй, узроставай
фізіялогіяй і школьнай гігіенай, бо пры арганізацыі адукацыйнага працэсу неабходна ведаць псіхалагічныя асаблівасці вучняў рознага ўзросту, асаблівасці пазнання, метады псіхалагічнага і педагагічнага даследавання і інш.
Методыка выкладання гісторыі звязана і з філасофіяй: тэорыя пазнання дазваляе ўсведамляць асаблівасці вывучэння гістарычнага матэрыялу.
1.2.	УЗРОСТАВЫЯ АСАБЛІВАСЦІ I ПАЗНАВАЛЬНЫЯ МАГЧЫМАСЦІ ВУЧНЯЎ
Пры арганізацыі працэсу навучання гісторыі неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці і пазнавальныя магчымасці вучняў. Гэтымі пытаннямі падрабязна займаецца ўзроставая псіхалогія. Ніжэй прыведзены асноўныя ідэі, якія выказваюць спецыялісты.
У малодшым школьным узросце (ад 6—7 да 10—11 гадоў) пад уплывам вучэбнай дзейнасці адбываецца пераход ад наглядна-вобразнага да славесна-лагічнага мыслення. Аднак мысленне вучняў знаходзіцца на ўзроўні канкрэтных аперацый, якія выконваюцца на аснове асабістага досведу: таго, што яны бачаць, з чым сутыкаліся ў жыццёвых сітуацыях. Вучні не здольны зразумець абстрактныя, фармальна-лагічныя аперацыі. Характэрнай асаблівасцю ўяўленняў малодшых школьнікаў з’яўляецца апора на канкрэтныя прадметы ці дзеянні. Толькі паступова ўяўленні фарміруюцца на падставе слова, што дазваляе гаварыць пра развіццё творчасці ў вучняў.
Ва ўзросце ад 7—8 да 11 гадоў у дзяцей адбываецца пераход ад інтуітыўнага мыслення да лагічнага. Упершыню яны выкарыстоўваюць разумовыя аперацыі для вырашэння задач і лагічнага разважання. У дзяцей прысутнічае канкрэтнааперацыянальнае мысленне, якое мае асаблівасці: яны могуць лагічна абдумваць канкрэтныя задачы ў сітуацыі «тут і зараз», бо іх мысленне абмежавана вобласцю рэальнага і таго, што яны здольны ўбачыць/патрымаць. To бок яны не могуць даваць рашэнне нейкай абстрактнай сітуацыі [10, с. 59, 189, 191].
Сярэдні школьны ўзрост, ці падлеткавы (ад 10—11 да 14—15 гадоў), з’яўляецца паваротным момантам у развіцці мыслення і абнаўлення структуры вучэбнай дзейнасці, здольнасці да навучання, падрыхтоўкі да выбару прафесіі. У гэты перыяд мысленне становіцца больш арганізаваным і паслядоўным, характарызуецца глыбінёй і дакладнасцю думкі, развіваецца тэарэтычнае мысленне, славесна-лагічнае (абстрактнае, творчае), асновы якога былі закладзены раней. Вучні ўсё больш выкарыстоўваюць фармальна-лагічныя аперацыі, то бок абстрагуюцца ад канкрэтнага, нагляднага матэрыялу, здольны выказваць гіпотэзы, весці пошук рашэнняў і правяраць іх эфектыўнасць (аналізаваць спосабы рашэння праблем), разважаць, рабіць высновы, у тым ліку дэдуктыўныя высновы са сваіх разважанняў. Яны авалодваюць працэсам пазнання паняццяў і аперыравання імі, разуменнем унутраных сувязей, заканамернасцей, сістэматызацыі інфармацыі. У вучняў 8—9-х класаў развіваюцца аперацыі абагульнення, параўнання, адрознення, аналізу, сінтэзу, аналогіі і інш. Аднак для падлеткаў, як і для малодшых школьнікаў, характэрна ўстаноўка хутчэй на запамінанне матэрыялу, чым на яго абдумванне і глыбокае асэнсаванне [9; 10, с. 212—213; 55; 70, с. 158].
Адносіны да вучэбнай дзейнасці і вучэбная матывацыя ў падлеткавым узросце маюць дваісты характар. 3 аднаго боку, назіраецца зніжэнне матывацыі вучэння, а з другога — гэты перыяд найлепшы для фарміравання новых форм матывацыі. Псіхолагі зазначаюць: зніжэнне вучэбнай матывацыі ў падлеткавым узросце адбываецца таму, што вучні не бачаць сэнсу ў атрыманні ведаў, бо ў сістэму іх
уяўленняў пра даросласць не ўключаецца ўяўленне пра каштоўнасць школьных ведаў. На думку спецыялістаў, для развіцця матывацыі вучэбнай дзейнасці на гэтым этапе неабходна ўключаць вядучыя матывы падлетка: камунікацыю і самасцвярджэнне [10, с. 211],
У 10—11-х класах адбываецца ўдасканаленне фармальна-аперацыйнага мыслення, якое ўключае абстрактнае, тэарэтычнае і гіпатэтыка-дэдукцыйнае мысленне. Удасканальваецца валоданне аперацыямі аналізу і сінтэзу, тэарэтычнага абагульнення і абстрагавання, аргументавання і доказу, растуць сістэматычнасць, устойлівасць і крытычнасць мыслення, ідзе станаўленне самастойнай творчай дзейнасці [10, с. 232]. Вучням падабаецца, калі настаўнік прапаноўвае выбраць паміж рознымі пунктамі гледжання, патрабуе абгрунтаваць пэўную пазіцыю. Яны здольны зразумець аргументы, упэўніцца ў іх аб’ектыўнасці, пагадзіцца з рацыянальнымі, разумнымі довадамі [121].
Вылучаюць тры ўзроўні пазнавальнай актыўнасці вучняў: рэпрадуктыўная, інтэрпрэтуючая і творчая. Першы характарызуецца імкненнем вучняў зразумець, запомніць і аднавіць атрыманыя веды, авалодаць спосабамі выканання дзеянняў па ўзоры. Інтэрпрэтуючая актыўнасць прадугледжвае разуменне сэнсу вывучаемага матэрыялу, прымяненне ведаў і засвоеных спосабаў дзейнасці ў новых вучэбных умовах. Трэці ўзровень характарызуецца гатоўнасцю вучняў да тэарэтычнага асэнсавання ведаў, разумення сувязей паміж прадметамі і з’явамі, самастойным пошукам рашэння праблемы, імкненнем прымяніць веды ў новай сітуацыі. У залежнасці ад узроўню пазнавальнай актыўнасці вылучаюць пасіўнае і актыўнае навучанне [118, с. 85—86].
Пры арганізацыі вучэбнай дзейнасці неабходна памятаць: новыя веды і ўменні можна сфарміраваць толькі на падставе тых, якія ўжо маюцца. Гэта дазваляе зрабіць працэс навучання пасільным і выклікаць інтарэс да прадмета.
1.3.	АСАБЛІВАСЦ! АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЭСУ НАВУЧАННЯ ГІСТОРЫІ
Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
Галоўным дакументам, якім кіруецца настаўнік пры арганізацыі працэсу навучання гісторыі, з’яўляецца Канцэпцыя вучэбнага прадмета «Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі» (зацвержана міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 29.05.2009 № 675) [60]. Канцэпцыя — гэта пэўны спосаб разумення, трактоўкі методыкі навучання гісторыі, асноўны пункт гледжання, кіруючая ідэя для яе асвятлення; канструктыўны прынцып розных відаў дзейнасці па вывучэнні гісторыі.
У Рэспубліцы Беларусь першая канцэпцыя гістарычнай адукацыі ў сярэдніх школах была прынята ў 1991 г. [54]. У 2009 г. была распрацавана новая канцэпцыя. 3 улікам рэфармавання сістэмы сярэдняй адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь і ўкаранення новага падыходу ў вывучэнні гісторыі (адначасовае вывучэнне сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі) дзяржава вызначыла мэтпы і задачы гістарычнай адукацыі. Яны прыведзены на малюнку 4.
Мэты гістарычнай адукацыі
Задачы гістарычнай адукацыі
авалоданне вучнямі сістэматызаванымі ведамі аб сусветным гістарычным працэсе і фарміраванне ўяўленняў аб месцы Беларусі ў ім
асэнсаванне вучнямі ведаў аб гістарычным працэсе, неабходных для аналізу сучаснага этапу развіцця грамадства і прагназавання ўласнай жыццядзейнасці
Канцэпцыя паказвае: гісторыя як вучэбны прадмет з’яўляецца арганічнай часткай сучаснай адукацыйнай прасторы, спрыяе фарміраванню гістарычнай памяці і гістарычнай свядомасці. Аб’ектам вывучэння гісторыі выступае разнастайнасць падзей, з’яў і працэсаў, якія адбываліся ў ходзе развіцця чалавецтва ад першабытнасці да нашых дзён.
Змест гістарычнай адукацыі арыентуе вучняў на вывучэнне грамадства і яго жыццядзейнасці ў розныя гістарычныя эпохі і розных аспектах: грамадскапалітычных, вытворчых, культурных, дэмаграфічных, сямейна-бытавых, экалагічных і інш. Канцэпцыя вызначае спалучэнне фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў, выкарыстанне храналагічнага, краіназнаўчага і праблемнага прынцыпаў у выкладанні гісторыі.
Фармацыйны падыход прадугледжвае вывучэнне гісторыі чалавецтва як грамадска-гістарычнага працэсу, у аснове якога ляжыць паслядоўная змена грамадска-эканамічных фармацый з уласцівым кожнай фармацыі спосабам вытворчасці матэрыяльных выгод. У адрозненне ад фармацыйнага цывілізацыйны падыход разглядае ў якасці асноўнага аб’екта вывучэнне лакальных цывілізацый, якія праходзяць пэўныя этапы развіцця і адрозніваюцца па характары матэрыяльнай і духоўнай культуры. Ён акцэнтуе ўвагу на адрозненнях адной цывілізацыі ад іншых, а ўнутры цывілізацыі надае выключнае значэнне таму, што аб’ядноўвае людзей, — духоўнай і матэрыяльнай культуры ва ўсіх разнастайнасцях яе форм і праяў (рэлігія, мастацтва, мараль, права, традыцыі, лад жыцця і г. д.).