Выкладанне гісторыі ў школе
тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
На ўзроўні агульнай базавай адукацыі сродкамі вучэбных прадметаў «Сусветная гісторыя» і «Гісторыя Беларусі» фарміруецца нацыянальная ідэнтычнасць — канкрэтная эмацыянальна-псіхалагічная, палітыка-ідэалагічная і
культурная пазіцыя асобы, якая праяўляецца ва ўспрыманні і ідэнтыфікацыі сябе ў навакольным свеце з пункту гледжання прадстаўніка беларускай нацыі, што мае глыбокія гістарычныя карані. Навучанне гісторыі на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на фарміраванне ў вучняў гістарычнай памяці, якая ўяўляе сабой усе віды інфармацыі аб падзеях мінулага, іх час і месца, удзельнікаў гістарычных падзей і здольнасць шанаваць гістарычныя традыцыі свайго народа.
На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў вучняў фарміруецца нацыянальная самасвядомасць — усведамленне сваёй прыналежнасці да сучаснай беларускай нацыі як нацыі палітычнай, вызначальнай прыметай якой з’яўляецца наяўнасць суверэннай беларускай дзяржавы. Падчас навучання разглядаюцца гістарычныя працэсы, што прывялі да ўзнікнення першых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі, формы і асаблівасці развіцця дзяржаўнасці на беларускіх землях, геаграфічны фактар, які абумовіў традыцыйнае ўзаемадзеянне розных культур і цывілізацый, што ў сваю чаргу прывяло да разнастайнасці беларускай культуры. Паказваюцца таксама гістарычныя перадумовы ментальнасці беларусаў, яе асаблівасці: працавітасць, дысцыплінаванасць, прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцей, рэлігійная і культурная талерантнасць. Выхоўваецца разуменне асаблівасцей гаспадарчага развіцця беларускіх зямель, фарміравання беларускай эканамічнай мадэлі і традыцыйных эканамічных сувязей.
Вывучэнне гісторыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арыентавана на асэнсаванне вучнямі гістарычнага вопыту, фарміраванне ў іх гістарычнага мыслення, выпрацоўку навыкаў сацыяльнага прагназавання, усведамленне гістарычнай адказнасці за сваю дзейнасць.
Больш дэталёва арганізацыя вывучэння гісторыі прадстаўлена ў вучэбнай праграме — дзяржаўным дакуменце, які вызначае мэты, задачы, змест і структуру вучэбнага прадмета, час, адведзены на вывучэнне асобных тэм, асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў у кожным класе, змяшчае парады па выкарыстанні форм і метадаў навучання.
Апошнія гады ў Рэспубліцы Беларусь укараняецца кампетэнтнасны падыход у арганізацыі працэсу навучання. Ён арыентаваны на тое, што галоўнай задачай школы і настаўніка становіцца не столькі фарміраванне ведаў, колькі стварэнне ўмоў для фарміравання асобы. Школа павінна забяспечыць уключэнне вучняў у актыўны пазнавальны працэс, стварэнне атмасферы супрацоўніцтва пры рашэнні розных задач і праблем, калі трэба праявіць камунікатыўныя ўменні, фарміраванне ўласнай незалежнай і аргументаванай думкі па пэўнай праблеме, магчымасць даследавання гэтай праблемы, пастаяннае ўдасканальванне інтэлектуальных здольнасцей. Дасягаецца гэта пры выкарыстанні ў тым ліку сучасных адукацыйных тэхналогій.
У сучаснай педагагічнай навуцы пад кампетэнцыяй разумеюць магчымасць прымяняць наяўныя веды і ўменні на практыцы і пры неабходнасці атрымліваць веды, якіх не хапае [П5].
Сярод спецыялістаў няма адзінага падыходу да класіфікацыі кампетэнцый. Традыцыйна вылучаюць тры групы кампетэнцый (мал. 5) [66, с. 12—15].
Мал. 5. Групы кампетэнцый
У сучаснай сістэме адукацыі робіцца стаўка на фарміраванне як кампетэнцый вучняў, так і іх кампетэнтнасці. Пад апошняй разумеюць валоданне чалавекам пэўнай кампетэнцыяй, якая ўключае адносіны асобы да яе і прадмета дзейнасці і выражаецца здольнасцю прымяняць веды і вопыт для рашэння прафесійных задач [94; 101, с. 66].
Такім чынам, у аснове сучаснага адукацыйнага працэсу ляжыць развіццё асобы вучняў і ўменне прыстасавацца да новых выклікаў развіцця грамадства.
ГЛАВА 2
СТРУКТУРА ГІСТАРЫЧНЫХ ВЕДАЎ
2.1. АСНОЎНЫЯ КАМПАНЕНТЫ ГІСТАРЫЧНЫХ ВЕДАЎ
Навучанне гісторыі ў школе прадугледжвае авалоданне вучнямі сістэматызаванымі ведамі пра сусветны гістарычны працэс. Яны ўключаюць навуковую карціну развіцця грамадства, даюць уяўленне пра гістарычную рэчаіснасць і прадугледжваюць спасціжэнне яе чалавекам [62, с. 85].
Савецкі педагог I. Я. Лернер выдзеліў тры функцыі гістарычных ведаў:
1) стварэнне агульнага ўяўлення аб рэчаіснасці мінулага, якое дазваляе сфарміраваць карціну развіцця грамадства і чалавецтва ў цэлым;
2) стварэнне арыентуючай асновы дзеяння або вызначэнне напрамкаў пошуку спосабаў дзеяння. Гэтая функцыя рэалізуецца ў тым выпадку, калі дакладна пазначана, што і якім чынам трэба рабіць (параўнаць, зрабіць выснову, падлічыць гады і г. д.), а таксама калі інфармацыя паказвае агульны напрамак дзеянняў у пошуках тлумачэння (напрыклад, вызначыць сутнасць з’явы, ахарактарызаваць развіццё пэўнага працэсу і інш.);
3) падмурак для фарміравання эмацыянальнага стаўлення да вывучаемай рэчаіснасці, і тым самым веды выступаюць сродкам фарміравання светапогляду [74, с. 34—35].
У сістэме гістарычных ведаў вылучаюць некалькі кампанентаў (мал. 6).
Мал. 6. Кампаненты гістарычных ведаў па ступені ўскладнення і абагульнення
Гістарычныя ўяўленні — адлюстраванне ў свядомасці вучняў знешніх, найболып выразных асаблівасцей гістарычных фактаў, падзей, асоб і лакалізацыя
іх у часе і прасторы. Гістарычныя ўяўленні заўсёды суб’ектыўныя. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі ўспрымання кожным чалавекам гістарычнай рэальнасці. Большасць гістарычных ведаў знаходзіцца на ўзроўні ўяўленняў. Яны з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі, бо грунтуюцца на вобразе. У сістэме фарміравання гістарычных ведаў уяўленні выконваюць вельмі важную ролю: становяцца тымі апорнымі сігналамі, якія дазваляюць аднавіць гістарычны факт, даць яго характарыстыку. Напрыклад, калі запытаць на вуліцы, што людзі ведаюць пра мушкецёраў, адказы атрымаюцца самымі рознымі. Магчыма, хтосьці згадае герояў раманаў А. Дзюма і экранізацыю яго твораў, але агульны адказ — «Яны існавалі калісьці (даўно; у XVI—XVII стст.) у Францыі». To бок будзе аднясенне да краіны, прыкладнага часу, нейкіх асобных фактаў, але ў гэтай інфармацыі не будзе сістэмы. Гэта і ёсць уласцівыя асобнаму чалавеку вобразы (уяўленні).
Гістарычнае паняцце — адлюстраванне ў свядомасці найбольш значных, абагульненых і сістэматызаваных рыс гістарычных фактаў, якія раскрываюць іх унутраную сутнасць, як правіла, нябачную пры першапачатковым успрыманні. Гістарычныя паняцці аб’ектыўныя. Яны павінны быць прыблізна аднолькавымі ва ўсіх вучняў. Менавіта паняцці ляжаць у аснове гістарычных ведаў. Напрыклад, усе разумеюць, што кароль — гэта кіраўнік дзяржавы (манархіі), які перадае ўладу ў спадчыну.
Веды па метадалогіі гістарычнага пазнання ўключаюць уменне вылучаць прычынна-выніковыя сувязі (адлюстраванне істотных і ўстойлівых узаемасувязей паміж гістарычнымі паняццямі, фактамі, падзеямі, якія прыводзяць да таго ці іншага выніку ў развіцці гістарычнага працэсу), заканамернасці гістарычнага развіцця (выцякаюць з прычынна-выніковых сувязей, якія паўтараюцца) і веды па развіцці гістарычнай навукі. Сюды адносяцца веданне вучнямі спосабаў работы з розным гістарычным матэрыялам і ўменне выкарыстоўваць іх у сваёй працы. Іншымі словамі, гаворка ідзе пра ўменні і навыкі работы з гістарычным матэрыялам, а таксама развіццё гістарычнага мыслення.
Валоданне ўменнямі і навыкамі з’яўляецца важным сродкам павышэння ўзроўню пазнавальнай дзейнасці вучняў. Яны даюць магчымасць больш эфектыўна і правільна арыентавацца ў сучасным жыцці. Фактычна веды па метадалогіі гістарычнага пазнання і ўменне прымяняць іх на практыцы ляжаць у аснове кампетэнтнаснага падыходу.
На думку I. Я. Лернера, прыметамі гістарычнага мыслення з’яўляюцца:
♦ уменне апісаць грамадскую з’яву або падзею і правільна паказаць яе характэрныя рысы;
♦ выяўленне прычын узнікнення гістарычнай з’явы;
♦ імкненне вызначыць умовы, якія суправаджаюць гістарычную з’яву, і ступень узаемазвязанасці ўмоў і самой з’явы (якія фактары ўплываюць на развіццё гістарычнага працэсу);
♦ усведамленне часовага характару любой гістарычнай з’явы і яе гістарычнага значэння;
♦ усведамленне шматлікасці канкрэтнай праявы заканамернасцей гісторыі;
♦ пошук тэндэнцыі развіцця, якая закладзена ў кожнай гістарычнай з’яве;
♦ пошук фактараў, якія вызначаюць дзейнасць асобных грамадскіх груп або асоб;
♦ інтарэс да супастаўлення мінулага і сучаснасці;
♦ уменні рабіць высновы з фактаў мінулага, якія можна выкарыстоўваць на сучасным этапе [74, с. 19].
Пры арганізацыі працэсу навучання гісторыі неабходна ўлічваць, што існуюць тры ўзроўні чалавечага мыслення:
1) наглядна-прадметны. Гэта прадметна-практычнае, наглядна-дзейнаснае мысленне. Вучні ўспрымаюць рэчаіснасць праз канкрэтны прадмет, забудову і г. д.;
2) наглядна-вобразны, г. зн. вобразнае мысленне на ўзроўні ўяўленняў. Вучні карыстаюцца пэўнымі вобразамі, якія сфарміраваліся ў іх падчас чытання кніг, прагляду кіно, наведвання музеяў і г. д.;
3) славесна-лагічны, творчы. Гэта ўзровень тэарэтычнага мыслення [6, с. 173]. Гаворка ідзе пра абстрактнае мысленне, калі для ўсведамлення той ці іншай з’явы не патрэбны візуальныя вобразы. Дастаткова ведаў і інфармацыі, на падставе якіх можна зрабіць высновы.
2.2. ФАРМІРАВАНHE ЎЯЎЛЕННЯЎ ПРА ФАКТЫ MlНУЛАГА
Навукоўцы вылучаюць тры віды гістарычных уяўленняў: пра факты мінулага (матэрыяльнае, сацыяльна-палітычнае, гісторыка-культурнае жыццё людзей і г. д.); аб гістарычным часе (працягласць і паслядоўнасць гістарычных падзей і з’яў); аб гістарычнай прасторы (прывязка падзей да пэўнага месца).
Разгледзім асаблівасці фарміравання кожнага з відаў уяўленняў.
Пазнанне гісторыі пачынаецца са стварэння пэўных уяўленняў — вобразаў аб гістарычных фактах, падзеях, з’явах. 3 гэтай прычыны фарміраванне ў вучняў гістарычных ведаў у вобразнай і вобразна-эмацыянальнай форме павінна займаць важнае месца на ўроках гісторыі. Што ж такое вобраз?
Вобраз — уяўленне аб гістарычным факце або мысленная карціна гістарычных падзей.
Калі гаворка ідзе аб методыцы фарміравання ўяўленняў пра факты мінулага, неабходна дакладна разумець і аперыраваць такімі паняццямі, як «факт», «падзея», «з’ява», «працэс».
Мал. 7. Віды ўяўленняў
Факт у перакладзе з лацінскай мовы азначае зробленае, тое, што адбылося. Напрыклад: «Сярэдневяковае рамяство было заснавана на ручной працы» або «У 1521 г. Марцін Лютэр адкрыта выступіў супраць каталіцкай царквы».