Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

Выкладанне гісторыі ў школе

тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
88.42 МБ
Мал. 8. Віды гістарычных фактаў
У працэсе вывучэння гісторыі факты неабходны для вызначэння і супастаўлення гістарычных сувязей, іх абагульнення і засваення ў сістэме (аналіз фактаў дазваляе абагульніць і сістэматызаваць інфармацыю). Калі ж гаварыць аб навучальным працэсе, то факты патрэбны для засваення гэтых абагульненняў.
Падзеі — значныя адзінкавыя факты (напрыклад, бітва пад Оршай, Грамадзянская вайна ў Расіі, Гусіцкія войны і г. д.). Вывучэнне адзінкавых, непаўторных фактаў або падзей дапамагае зразумець і засвоіць тыповыя з’явы. З’явамі
называюцца агульныя паняцці (рэвалюцыя, паўстанне) безадносна да канкрэтных фактаў, без пазначэння месца, часу, удзельнікаў альбо факты, якія шмат разоў паўтараюцца (напрыклад, княжацкі суд, міжусобныя войны, сярэдневяковы кірмаш і г. д.). Пры вывучэнні гісторыі неабходна таксама разумець працэсы — паслядоўную змену станаў у развіцці. Пад працэсам разумеюць ланцуг узаемазвязаных у часе фактаў, калі злучальным звяном бываюць прычыны і следства. Напрыклад, з’яўленне мануфактур, узнікненне сярэдневяковых гарадоў і г. д. [62, с. 52—53; 113, с. 52—53].
Гістарычныя ўяўленні адносяцца да фактычнага матэрыялу і прадугледжваюць адказы на пытанні, якія пачынаюцца са слоў калі, дзе, колькі, у якім годзе, кім, каму, якія і г. д. Пытанні такога тыпу пераважаюць у тэстах, пры вывучэнні храналогіі, сінхранізацыі фактаў і падзей, выяўленні элементарных ведаў вучняў.
У залежнасці ад значэння ўсе гістарычныя даты падзяляюць на чатыры вялікія групы:
1)	падзеі сусветнага значэння, або глабальныя гістарычныя падзеі, якія аказалі істотны ўплыў на насельніцтва вялікіх рэгіёнаў ці нават чалавецтва. Напрыклад, 5,5—6 тысяч гадоў таму — пачатак фарміравання старажытных цывілізацый; канец XV — сярэдзіна XVI ст. — пачатак Вялікіх геаграфічных адкрыццяў; другая палова XVIII ст. — прамысловая рэвалюцыя ў Англіі; 1939—1945 гг. — Другая сусветная вайна і г. д.;
2)	перыядызацыя гісторыі (табл. 2);
Табліца 2
Перыяд
Храналагічныя рамкі
Першабытнае грамадства
Прыкладна 2,5 млн год таму назад — IV тысячагоддзе да н. э.
Старажытны час
IV тысячагоддзе да нашай эры — апошняя чвэрць V ст.
Сярэднія вякі
Канец V (падзенне Заходняй Рымскай імперыі) — канец XV ст.
Ранняе сярэдневякоуе
Канец V — IX ст.
Перыяд
Храналагічныя рамкі
Высокае сярэдневякоўе
X—XIII стст.
Позняе сярэдневякоўе
XIV—XV стст.
Новы час
XVI ст. — 1918 г.
Першы перыяд (Ранні Новы час)
XVI — канец XVIII ст. (ад Вялікіх геаграфічных адкрыццяў да Французскай рэвалюцыі 1789 г.)
Другі перыяд
Канец XVIII ст. — 1918 г. (канец Першай сусветнай вайны)
Навейшы час
Ад заканчэння Першай сусветнай вайны (1918 г.) і да цяперашняга часу
3)	арыенціроўкі ў гістарычных падзеях — даволі вялікая група дат, якія маюць другаснае значэнне і выконваюць дапаможную ролю: дапаўняюць або канкрэтызуюць даты першых дзвюх груп. Напрыклад, даціроўка падарожжаў Калумба (1491—1493 гг., 1493—1496 гг., 1498—1500 гг., 1502—1504 гг.), плаванне Васка да Гамы ў Індыю (1497—1499 гг.) дапамагаюць зразумець сутнасць Вялікіх геаграфічных адкрыццяў;
4)	даты прыватнагістарычнага характару — таксама вялікая па колькасці група дат. Да яе адносяцца гады жыцця гістарычных дзеячаў, вынікі іх дзейнасці: помнікі культуры, законы, рэформы і г. д. [104, с. 95—97].
Па змястоўнай прымеце гістарычныя факты падзяляюць на галоўныя і негалоўныя. Галоўнымі лічацца тыя, якія перадаюць асноўны змест тэмы ўрока і такім чынам узнаўляюць карціну вывучаемых падзей і з’яў, раскрываюць іх істотныя, найбольш важныя бакі. Адметная рыса многіх галоўных фактаў — у іх змесце і сувязях заключаны важныя тэарэтычныя звесткі, неабходныя для фарміравання ў вучняў гістарычных паняццяў, светапогляду, ведаў пра заканамернасці развіцця. Да галоўных фактаў адносяцца: 1) навакольнае асяроддзе; 2) матэрыяльныя прадметы; 3) людзі — удзельнікі гістарычных падзей; 4) лакалізаваныя ў часе і прасторы дынамічныя факты; 5) лакалізаваныя ў часе і прасторы статычныя факты.
Негалоўныя факты менш інфарматыўныя і ідуць у спалучэнні з галоўнымі, дапаўняюць, канкрэтызуюць і звязваюць іх паміж сабой. Да гэтай групы фактаў адносяць: 1) негалоўныя дынамічныя факты, іх лакальныя і часавыя адносіны; 2) негалоўныя адносна статычныя факты, іх лакальныя і часавыя адносіны; 3) гісторыка-статыстычны, храналагічны і картаграфічны матэрыял [25, с. 23].
Пры адборы фактаў для ўрока трэба ўлічваць іх навуковую верагоднасць, дакладнасць, значнасць для разумення гісторыі (факты павінны адлюстроўваць галоўную ідэю вывучаемага матэрыялу), вобразнасць і эмацыянальнасць. Большай вобразнасці патрабуюць факты для вучняў сярэдняга звяна, а для старшакласнікаў патрэбны дакументальнасць, доказнасць фактаў. Настаўніку важна разумець, што аналіз фактаў, уменне вылучыць галоўныя і вызначыць іх узаемасувязь дазволяць яму сфарміраваць у вучняў уменне рабіць высновы, аналізаваць, параўноўваць, знаходзіць заканамернасці развіцця.
Работа з фактычным матэрыялам на ўроку ўключае чатыры этапы:
1)	усведамленне сутнасці факта (што гэта было: вайна, рэформа, рэвалюцыя, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і г. д.);
2)	высвятленне прычын яго паходжання;
3)	звязванне працэсу ўзаемадзеяння факта з навакольнай рэчаіснасцю: разуменне таго, як гэты факт упісаўся ў гістарычны працэс;
4)	вызначэнне значэння факта для часу яго паходжання і сучаснасці (выснова) [111, с. 82; 112, с. 269—270].
= Напрыклад:
= Утварэнне першых славянскіх дзяржаў. Першапачаткова славяне жылі родамі і плямёнамі на чале = з князямі. Неабходнасць абароны ад больш моцных суседзяў і імкненне пашырыць сферу свайго ўплыву = прывялі да аб’яднання плямёнаў і стварэння племянных саюзаў. Яны станавіліся асновай будучых = славянскіх дзяржаў. Асноўныя цэнтры станаўлення дзяржаўнасці ў славян — Старажытная Русь (нейкі час = у яе ўваходзілі Полацкае і Тураўскае княствы), Польшча, Чэхія, Балгарыя, Сербія, Харватыя [102, с. 117], = Такім чынам, вынік работы з фактычным матэрыялам схематычна прадстаўлены на малюнку 9.
значэнне факта
• змяняецца сістэма кіравання грамадствам
Мал. 9.
Найбольш хуткі спосаб фарміравання гістарычных уяўленняў пра факты — нагляднасць, асабліва прадметная — матэрыяльныя выявы гістарычнага мінулага. Большасць гістарычных вобразаў фарміруецца на аснове выяўленчаіі нагляднасці (карціны, фільмы і г. д.). Пры гэтым неабходна памятаць, што важна не толькі паказаць, але і патлумачыць новы матэрыял, падкрэсліць найбольш істотныя рысы, моманты, складальнікі. Пры адсутнасці выяўленчай нагляднасці некаторыя настаўнікі выкарыстоўваюць слоўны малюнак: прыёмы карціннага і аналітычнага апісання, чытанне апісальных гістарычных тэкстаў з навуковай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Выкарыстоўваецца таксама ўмоўна-графічная нагляднасць, якая лакалізуе гістарычныя паняцці ў прасторы і часе. У першую чаргу гаворка ідзе пра работу з картамі, малюнкамі (крэйдай або загадзя падрыхтаванымі аплікацыямі). Напрыклад, пры неабходнасці сло-
вамі апісаць прыроду, геаграфічнае асяроддзе, у якім адбываліся вывучаемыя падзеі, акрамя карціннага апісання варта выкарыстоўваць гістарычную карту.
Гістарычны факт немагчыма праназіраць і прайграць. У гэтай сувязі пры фарміраванні гістарычных уяўленняў настаўнік павінен стварыць у свядомасці вучняў вобразную карціну, якая максімальна набліжалася б да таго гістарычнага факта, які вывучаецца. На ўроках гісторыі фарміраванне вобразаў гістарычнага мінулага можа адбывацца як на падставе простага прадастаўлення інфармацыі, якую вучні павінны засвоіць, так і на падставе інфармацыі візуальнай, гукавай і тактыльнай (табл. 3). Пры гэтым візуальная інфармацыя найбольш хутка ўспрымаецца і засвойваецца навучэнцамі.
Табліца 3
Сродкі атрымання розных відаў інфармацыі [39, с. 7]
Віды інфармацыі
Сродкі прадастаўлення інфармацыі
Візуальная
Відэасюжэты, мастацкія карціны, умоўна-графічныя выявы, фотаздымкі і інш.
Гукавая
Вуснае маўленне, аўдыясюжэты, музычныя творы
Тактыльная
Гістарычныя артэфакты: манеты, макеты і копіі прылад працы, прадметаў побыту, адзення і інш.
Сучасныя даследчыкі звяртаюць увагу, што пры першапачатковым засваенні вучнямі новага матэрыялу мэтазгодна выкарыстоўваць мадэль «вобразы — словы — дзеянне» або «словы — вобразы — дзеянне». Мадэль вобразнага навучання ўяўляе наступны алгарытм дзеянняў:
♦	прадастаўленне вобраза гістарычнай падзеі і яе ўдзельнікаў на факталагічным узроўні з дапамогай сканструяванай вобразна-эмацыянальнаіі сітуацыі', ♦ увядзенне тэарэтычных ведаў і стварэнне праблемнай сітуацыі праз інтэграцыю вобраза ў кантэкст вывучаемай эпохі або з’явы з дапамогай мастацкіх сродкаў;
♦	арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў па аналізе вобраза, a таксама рэфлексіі па выніках стварэння імі ўласнага гістарычнага вобраза [39, с. 10].
Пры засваенні гістарычнага матэрыялу важна, каб вучні разумелі асаблівасці пэўных эпох, светапогляд і каштоўнасці грамадства на розных этапах развіцця. Здольнасць пранікнуць у гістарычную эпоху, зразумець яе атмасферу, узнавіць вобраз мыслення, настроі і перажыванні людзей-удзельнікаў падзей, выкарыстоўваць не сучасныя катэгорыі, а паняцці гістарычнага мінулага дазваляе сфарміраваць эмацыянальна-каштоўнаснае стаўленне да мінулага. У метадычнай літаратуры гэта атрымала назву гістарычнай эмпатыі [61, с. 15]. Вучні ўспрымаюць матэрыял не з пункту гледжання завучвання фактаў, а як цэласны вобраз, які мае свае, уласцівыя пэўнай эпосе рысы. Дасягаецца гэта праз выкарыстанне настаўнікам розных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання.
Існуюць прадуктыўныя і інавацыйныя прыёмы рэканструкцыі гістарычнага мінулага.
Да прадуктыўных прыёмаў адносяць:
•	карціннае апісанне;
•	вобразная характарыстыка;
•	вобразнае апавяданне;
•	сюжэтнае апавяданне;
•	персаніфікацыя;
•	драматызацыя;
•	стылізацыя;
•	інтэрв’ю з гістарычным персанажам;
•	пазнавальныя заданні з элементпамі творчасці (вобразная характарыстыка гістарычных асоб, якія атрымалі мянушкі Чарадзей, Ягелончык, Сіротка, Пане Каханку, Кароль-Сонца і інш. Выказванні людзей (напрыклад, вялікага князя літоўскага Альгерда «Уся Русь павінна належаць Літве», Генрыха Бурбона «Парыж варты месы»), выкарыстанне прымавак і прыказак: «На Радуніцу да абеду аруць, па абедзе плачуць, вечарам скачуць», «Які рамеснік — такая праца», «Для нас капаюць ямы, ды лягуць у іх самі» і інш. [39, с. 18—22].