Выкладанне гісторыі ў школе
тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
3) тэматычныя прысвечаны асобным падзеям або бакам гістарычнага працэсу, напрыклад, «Трыццацігадовая вайна 1618—1648 гг.», «Утварэнне Рэчы Паспалітай (1569 г.)» [16, с. 224; 62, с. 117—118; 17, с. 74—75].
У вучэбным працэсе традыцыйна задзейнічаны насценныя карты, атласы і контурныя карты.
Пачынаючы работу з картай, настаўнік павінен пазнаёміць з ёй вучняў. Неабходна расказаць пра адрозненні карты гістарычнай ад геаграфічнай, растлумачыць умоўныя абазначэнні (легенду карты)1. Паступова можна прыцягваць вучняў да работы па характарыстыцы карты. Настаўнік павінен памятаць, што яго словы павінны суправаджацца паказам. Прыступаючы да работы з картай, трэба засяродзіць увагу вучняў на ёй наступным чынам: «Паглядзіце, калі ласка, на карту...», «Увага! Паказваю на карце... » і інш. Пры паказе варта выкарыстоўваць геаграфічныя тэрміны «поўнач», «поўдзень», «захад», «усход» і іх вытворныя, называць суседнія аб’екты, якія ўжо вядомы вучням. Напрыклад, пры рабоце з картай «Еўропа ў XIV—XV стст.» пры паказе тэрыторыі Каралеўства Польскага неабходна звярнуць увагу, што на поўначы яно мела агульную мяжу з Тэўтонскім ордэнам, на ўсходзе — з ВКЛ, на паўднёвым усходзе — з Малдаўскім княствам, на поўдні — з Венгерскім каралеўствам, а на захадзе — са Свяшчэннай Рымскай імперыяй.
Падчас работы з картай настаўнік павінен прытрымлівацца асноўных правіл:
1) дакладна ведаць храналагічныя межы гістарычных з’яў, якія адлюстраваны на карце, яе назву;
2) даваць агульны агляд зместу карты, каб сфарміраваць у вучняў уяўленне пра яе;
3) правесці работу па вывучэнні легенды карты;
4) паказваць на карце вывучаемыя аб’екты з дапамогай указкі (алоўка, ручкі, інтэрактыўнай указкі і інш.), стоячы бокам і злева ад карты і тварам да вучняў;
5) пры паказе горада ці месца падзей трэба дакранацца да адпаведнага пункта на карце і называць пры гэтым вядомыя вучням геаграфічныя аб’екты-арыенціры (горы, рэкі, моры) або палітыка-эканамічныя ўтварэнні (гарады, дзяржавы);
6) дзяржавы, астравы, моры паказваць па памежных лініях па стрэлцы гадзінніка;
7) напрамкі ваенных паходаў і сухапутных шляхоў паказваюць суцэльнай лініяй, якая пачынаецца з зыходнага пункта і цягнецца да канцавога пункта дадзенага ваеннага паходу або сухапутнага шляху;
8) рэкі на карце паказваць суцэльнай лініяй ад вытоку (пачатку ракі) да вусця (месца ўпадзення ў буйны вадаём).
Акрамя непасрэднага паказу па карце, выкарыстоўваюць і іншыя прыёмы работы:
♦ «ажыўленне» карты аплікацыямі, умоўнымі знакамі;
♦ камбінаваная работа з некалькімі картамі (параўнанне інфармацыі, пошук дадатковай інфармацыі);
♦ вызначэнне па карце адлегласці;
♦ работа з контурнымі картамі [58, с. 38].
1 Геаграфічная карта статычная, у той час як гістарычная — дынамічная, на ёй пака-
зана змена падзей. Адрозніваюцца карты і колерам (перш за ўсё гаворка пра геаграфічную фізічную карту, дзе, напрыклад, зялёным колерам адзначаюцца нізіны). Гэта інфармацыя прыводзіцца ў час першага знаёмства з картай як наглядным сродкам навучання. Работа
з любой новай картай будзе пачынацца з разгляду ўмоўных абазначэнняў.
Контурныя карты выкарыстоўваюцца для замацавання новага матэрыялу на ўроку, адпрацоўкі вывучанага на папярэдніх уроках, кантролю ведаў у выглядзе выканання на карце гісторыка-геаграфічных заданняў.
Работа з контурнай картай павінна праходзіць сістэматычна, і пачынаць яе варта на ўроку. Настаўнік звяртае ўвагу на храналагічныя межы перыяду, адлюстраваныя на ёй, і тлумачыць вучням, як яны павінны працаваць. Трэба расказаць вучням, што маляваць на контурных картах лепш каляровымі алоўкамі, а пісаць простымі разборліва і без памылак на свабодных месцах, каб не замінаць чытанню інфармацыі; зафарбоўваць варта акуратна, па межах.
Навучанне можа праходзіць у некалькі прыёмаў. Спачатку вучні запаўняюць контурныя карты з дапамогай атласа, затым — насценнай карты і, нарэшце, па памяці. Каб пазбегнуць механічнай перамалёўкі, варта даваць такія заданні, якія патрабуюць ажыццяўлення адбору неабходных дадзеных. На контурныя карты карысна выносіць і тыя дадзеныя, якіх няма на гістарычнай карце.
Пачынаць работу можна з самых простых заданняў: абвесці межы дзяржаў, падпісаць іх назвы, а таксама назвы гарадоў, пазначыць даты асноўных падзей. Выкарыстоўваючы настольную і контурную карты, вучні знаёмяцца з абрысамі сушы і мораў. Паступова заданні павінны ўскладняцца. Напрыклад, неабходна нанесці на контурную карту маршрут альбо мяжу, якія на ёй не абазначаны [113, с. 112—113],
Прыклады заданняў для фарміравання картаграфічных ведаў вучняў:
= — для развіцця ўмення лакалізаваць гістарычныя падзеі на карце:
♦ пакажыце на карце тэрыторыю Старажытнага Егіпта;
♦ пакажыце на карце краіну Чорнай зямлі і апішыце словамі яе геаграфічнае становішча;
= — для развіцця ўмення суправаджаць паказ па карце слоўным апісаннем:
♦ пакажыце на карце Жоўтую раку і раскажыце, адкуль узнікла такая назва;
♦ пакажыце на карце меркаваную вобласць прарадзімы чалавецтва, апішыце яе геаграфічнае становішча. Назавіце месцы стаянак старажытных людзей і зрабіце выснову аб верагодных прычынах рассялення старажытных людзей у гэтым рэгіёне;
= — для развіцця ўмення аналізаваць змест гістарычнай карты з выкарыстаннем дадатковых крыніц: ♦ параўнайце палітычную карту свету ад пачатку і да канца Новага часу. У якасці ліній для параўнання выкарыстоўвайце прысутнасць на карце суверэнных дзяржаў, паўкалоній і калоній. Зрабіце высновы аб характары тэрытарыяльных і палітычных змен;
♦ апішыце асноўныя шляхі зносін на беларускіх землях у першай палове XIX ст.;
й — для развіцця ўмення вырашаць праблемныя задачы, выкарыстоўваючы карту ў якасці крыніцы:
♦ растлумачце, як чалавек разумны змог асвоіць Зямлю «не замачыўшы ног»;
♦ пакажыце на карце першыя раёны земляробства і апішыце іх геаграфічнае становішча;
♦ вызначыце, у якіх раёнах у якасці грошай 10—4 тыс. гадоў таму назад маглі выкарыстоўваць марскія ракавіны, пер’е экзатычных птушак, парасячыя хвосцікі, торбачкі з какава-бабамі, брускі жалеза і г. д. [25, с. 47—48],
Пры рабоце з гістарычнымі картамі можна выкарыстоўваць гульні. Напрыклад, адзін вучань паказвае на насценнай карце аб’ект, другі запісвае яго на дошцы. Галоўнае, каб гэта адбывалася моўчкі. Можна прапанаваць вучням заданне: «Размясціце з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень пэўныя аб’екты». Вучні запісваюць паслядоўнасць на аркушы паперы, а потым па карце правяраюць правільнасць выканання задання і згадваюць падзеі, якія адбыліся ў гэтым месцы.
Іншым варыянтам з’яўляецца гульня «Чацвёрты лішні». Вучням прапаноўваюцца назвы гарадоў і мясцовасцей, звязаныя з пэўнымі падзеямі. Яны павінны выключыць лішні запіс і назваць даты падзей.
2.4. ФАРМІРАВАННЕ ЎЯЎЛЕННЯЎ АБ ГІСТАРЫЧНЫМ ЧАСЕ
Лакалізацыя ў часе выконвае важную ролю ў вывучэнні гісторыі. Часавая лакалізацыя гістарычных фактаў і вывучэнне храналогіі ў школе дазваляюць сістэматызаваць факты, звязаць паміж сабой і даць характарыстыку асобных перыядаў у працэсе гістарычнага развіцця. Кожная гістарычная эпоха і перыяд маюць некаторыя агульныя рысы, і нават не ведаючы падрабязнасцей сутнасці факта, але ведаючы падзеі таго часу, можна аднавіць гістарычны факт.
Храналогія — дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае сістэмы летазлічэння і календары розных народаў і дзяржаў. Мэта вывучэння храналогіі — паказаць паслядоўнасць гістарычных падзей і з’яў, іх працягласць у часе, падвесці вучняў да разумення вымярэння часу і пазнаёміць з сістэмамі летазлічэння.
Вымярэнне часу для малодшых школьнікаў уяўляе пэўныя цяжкасці. Звычайна настаўнік спрабуе суаднесці ўжо вядомыя навучэнцам даты з іх жыццём. Аднак такім чынам вывучэнне храналогіі ахоплівае толькі невялікі перыяд часу. Тут настаўніку дапамагае стужка часу. Стужка часу — прамая лінія, падзеленая на роўныя адрэзкі, якія азначаюць пэўную колькасць гадоў.
Работу з храналогіяй на ўроку неабходна пачынаць з аналізу добра вядомых вучням падзей — інфармацыі пра іх і іх сем’і (напрыклад, стужка часу на мал. 14).
2009
2016
1987 1989
2020
Мал. 14. Стужка часу
Пачынаць трэба з года тлумачэння матэрыялу (у нашым выпадку 2020 год) і ўзросту вучняў. Па меры тлумачэння рухацца «назад» (тут маем дачыненне з рэтраграмай: калі ад пэўнай кропкі ідзём «назад»), карыстаючыся добра вядомымі вучням фактамі. Усе даты будуць з’яўляцца на стужцы часу па ходу тлумачэння матэрыялу (пры маляванні на дошцы маем дачыненне да малюнка крэйдай).
Праз знаёмую вучням інфармацыю настаўніку трэба сфарміраваць асноўныя храналагічныя ўменні — разумець працягласць падзей, вызначаць, якія падзеі былі раней/пазней, як вылічыць розніцу ў часе паміж падзеямі. Гэта можна зрабіць з дапамогай наступных пытанняў:
♦ «Калі б мы зараз ведалі, колькі вам год, як бы мы падлічылі, у якім годзе вы нарадзіліся?»;
♦ «Колькі год было вашаму тату, калі вы пайшлі ў школу? Як мы гэта можам падлічыць? »;
♦ «На колькі год тата старэйшы/маладзейшы за маму?»;
♦ «Вашай маме было 7 год, калі яна пайшла вучыцца ў школу. У якім годзе яна стала вучаніцай?»;
♦ «Колькі год было вашай бабулі, калі яе дачка (ваша мама) пайшла вучыцца ў школу? А колькі год было вашай бабулі, калі вы пайшлі ў школу? Колькі год прайшло паміж тым, як мама пайшла ў школу, і тым, як пайшлі ў школу вы?».
Засваенне храналогіі трэба пачынаць з паняцця «дата» (яно ўводзіцца падчас тлумачэння ліку гадоў на прыкладзе вучняў і іх сем’яў), а затым перайсці да паняццяў «дзесяцігоддзе», «стагоддзе», «тысячагоддзе», «эра». Пажадана карыстацца словамі «раней», «пазней», «у час (нейкай вядомай падзеі)», «да (нейкай вядомай падзеі)», «пасля (нейкай вядомай падзеі)», «за некалькі год да (нейкай вядомай падзеі)», «праз 5 (10, 100) год пасля (нейкай вядомай падзеі)», «20 тысяч год таму» і інш. Усе заданні па стужцы часу зводзяцца да наступных тыпаў: на вызначэнне працягласці гістарычнай падзеі, усталяванне часовых сувязей паміж падзеямі, выяўленне сінхроннасці гістарычных падзей, вызначэнне, як даўно адбылася тая ці іншая падзея [63, с. 96].
Пры тлумачэнні вучням паняцця «стагоддзе» важна адзначыць, што стагоддзе пачынаецца ў 1-м годзе і заканчваецца нулявым годам. Напрыклад, даціроўка XII стагоддзя: 1101 —1200 гг.