Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

Выкладанне гісторыі ў школе

тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
88.42 МБ
Для параўнання прыёмаў ніжэй прыведзены план работы з гістарычнымі дакументамі, які выкарыстоўваюць у сваёй практыцы настаўнікі Заходняй Еўропы [25, с. 112—114].
1.	Паходжанне тэксту.
♦ Хто напісаў гэты тэкст?
♦ Калі ён быў напісаны?
♦ Да якога тыпу крыніц ён адносіцца: ліст, дзённік, афіцыйны дакумент і г. д.?
♦ Што ўяўляе сабой тэкст: поўны дакумент або ўрывак?
♦ Калі гэта фрагмент тэксту, хто зрабіў вытрымку?
♦ На якой падставе быў абраны менавіта гэты фрагмент?
♦ Тэкст прыводзіцца на мове арыгінала або ў перакладзе?
2.	Змест тэксту.
♦ Які змест тэксту?
♦ Зрабіце агляд структуры тэксту. Назавіце асобныя абзацы.
♦ Падкрэсліце найбольш важныя словы, персаналіі, падзеі.
♦ Калі вам невядомы нейкія словы, людзі і г. д., даведайцеся пра іх. Памятайце, што ў шматлікіх кнігах ёсць зводныя табліцы, паказальнікі і інш.
3.	Дакладнасць тэксту.
♦ Аўтар тэксту з’яўляецца першасным ці другасным сведкам падзей? (Калі аўтар прысутнічаў падчас падзеі, якую апісвае, то ён з’яўляецца першасным сведкам.)
♦ Гэты тэкст першасны або другасны? (Першасны тэкст сучасны падзеі, другасны бярэ інфармацыю з першасных крыніц або падобных яму другасных. Першасны тэкст можа быць напісаны аўтарам «другой чаргі», г. зн. ён можа быць створаны шмат пазней самой падзеі.)
4.	Прадузятасці ў тэксце.
Усе тэксты ў пэўнай меры прадузятыя. Аўтар бачыць падзеі з уласных пазіцый. Таму розныя людзі часта тлумачаць адны і тыя ж факты па-рознаму. Гэта можа рабіцца несвядома, але ў многіх выпадках дакументы ствараюцца з пэўнай мэтай. Аўтар хоча атрымаць нейкую карысць або абараніць сябе, сваю сям’ю ад абвінавачанняў. Прадузятасці часта можна выявіць у выкарыстанні адмысловых прыметнікаў ці ў падборы апісваемых падзей і фактаў. У сувязі з гэтым важна адказаць на пытанні:
♦	Ці былі ў аўтара спецыяльныя намеры? Калі так, то якія?
♦	Ці 3’яўляецца аўтар кваліфікаваным аглядальнікам? Ці разумее ён / яна, што бачыць?
♦	Ці ёсць у аўтара асаблівыя сімпатыі, перавагі?
♦	Якой мовай піша аўтар?
♦	Ці з’яўляецца аўтар прадстаўніком пэўнага пункту гледжання або ён прапануе выключны погляд на падзеі?
♦	Ці з’яўляецца дадзеная крыніца адзінай па гэтай падзеі? Калі існуюць іншыя, яны апісваюць гэту падзею ў тым жа ключы або інакш? Калі паіншаму, чаму і як? Якія з гэтых крыніц болып аб’ектыўныя? Чаму?
5.	Крыніцы як сведчанні ментальнасці.
Важна разумець, што дакумент можа быць прадузятым або нават зусім няслушным, але ён здольны выкарыстоўвацца ў якасці крыніцы для пэўных даследаванняў. Ужо факт стварэння дакумента значны сам па сабе. Калі, напрыклад, чалавек апісвае іншых людзей вельмі своеасаблівым спосабам, гэта можа сведчыць пра яго адносіны да іх. Калі аўтар вельмі прадузяты ў дачыненні да якой-небудзь падзеі цалкам свядома, г. зн. ён хоча зрабіць пэўнае ўражанне на чытача.
6.	Пытанні для пазнейшых тлумачэнняў.
Гісторыкі інтэрпрэтуюць крыніцы, але не здольны рабіць гэта зусім аб’ектыўна, паколькі знаходзяцца пад уплывам часу, у якім жывуць, а таксама сваіх чаканняў і надзей на будучыню. Яны могуць таксама мець асаблівыя намеры, калі пішуць кнігі па гісторыі.
♦ Хто напісаў гэтую кнігу? Калі і дзе?
♦ Перад вамі мова арыгінала або пераклад?
♦ На падставе якіх дадзеных аўтар развівае свае ідэі?
♦ Якая кваліфікацыя аўтара?
♦ Што гэта за кніга: школьны падручнік? Папулярнае выданне? Навуковая гістарычная праца?
♦ Ці ёсць прадузятасці ў гэтай кнізе? Ці звязаны з ёй нейкія намеры?
♦ На падставе якой канцэпцыі гістарычнага развіцця аўтар будуе сваю кнігу?
♦ Аўтар прыводзіць супрацьлеглыя яго пункту гледжання погляды або альтэрнатыўныя інтэрпрэтацыі?
Метадычна правільна арганізаваная работа з дакументальнымі крыніцамі дазваляе развіваць у вучняў крытычнае мысленне і медыяадукаванасць.
3.4.3.	Мастацкае і літаратурнае слова
У працэсе навучання гісторыі ў школе мэтазгодна выкарыстоўваць мастацкую і навукова-папулярную літаратуру. Яна дазваляе зрабіць навучанне вобразным, эмацыянальным, паказаць розныя падыходы да праблем мінулага, выклікаць інтарэс да вывучэння гісторыі.
У мастацкай літаратуры ўмоўна вылучаюць дзве групы твораў: літаратурныя помнікі вывучаемай эпохі і гістарычная белетрыстыка. Да першай адносяць мастацкія творы пэўнай эпохі, творы, напісаныя сучаснікамі падзей (вусная народная творчасць, міфы, паданні, крылатыя выразы і інш.). Іх можна выкарыстоўваць у якасці асновы для абагульнення або высноў, ілюстрацыі слоў настаўніка, слоўнага малюнка. У сваю чаргу гістарычная белетрыстыка ўключае мастацкія творы пра пэўную эпоху, напісаныя значна пазней за разглядаемыя падзеі (гістарычныя раманы, апавяданні, п’есы) [14, с. 288—290].
Навукова-папулярная літаратура заклікана данесці простай, зразумелай непадрыхтаванаму чытачу мовай асноўныя ідэі навуковай думкі. Яна дазваляе прадставіць розныя пункты гледжання на пэўную праблему, прасачыць аргументацыю даследчыкаў, падвесці да новых навуковых пошукаў.
Настаўніку мэтазгодна да пачатку вучэбнага года скласці спіс кніг для пазакласнага чытання, работы на ўроку і дома. Важна пры гэтым зыходзіць з узроставых асаблівасцей вучняў і адначасова максімальна выкарыстаць міжпрадметныя сувязі, што дазволіць сфарміраваць больш шырокія ўяўленні і ўменне суадносіць гістарычныя дадзеныя з рознымі сферамі жыцця. Відавочна, што навучэнцы не здольны прачытаць вялікі аб’ём матэрыялу, асабліва да канкрэтнага ўрока. У сувязі з гэтым настаўніку неабходна выбраць найбольш выразны
ўрывак з твора, які будзе адлюстроўваць гістарычную з’яву, працэс, а не асобны факт. Яго можна выкарыстаць як у якасці ілюстрацыі слоў настаўніка (так званы «слоўны малюнак»), так і для арганізацыі самастойнай работы вучняў.
Сярод мноства прыёмаў работы з гістарычнымі тэкстамі, да якіх адносяцца мастацкая і навукова-папулярная літаратура, вылучаюць асноўныя (мал. 31).
Мал. 31. Прыёмы работы з гістарычнымі тэкстамі
Адной з форм работы з тэкстам можа стаць напісанне анатацыі, у якой адлюстроўваюцца наступныя моманты [113, с. 146]:
♦ эпоха (перыяд), падзея (з’ява), адлюстраваная ў творы;
♦	найбольш важныя і яркія падзеі твора;
♦	гістарычныя і тыпічныя персанажы і калізіі, якія адбываліся з імі;
♦	стаўленне аўтара да апісваемых падзей і герояў;
♦	уласнае меркаванне пра кнігу і яе мастацкія вартасці;
♦	уласны погляд пра што даведваецца чытач з гэтага твора.
3.4.4.	Методыка арганізацыі работы з матэрыяламі
перыядычнага друку
Падчас навучання гісторыі настаўнік фарміруе ў вучняў навык разглядаць дадзеныя перыядычнага друку як адзін з пунктаў гледжання на гістарычны працэс. Матэрыялы перыядычнага друку з’яўляюцца адной з самых даступных крыніц атрымання інфармацыі. Ім уласцівы такія характарыстыкі, як:
♦	даступнасць (параўнальна нізкі кошт газет, часопісаў);
♦	інфарматыўнасць (публікацыі ўтрымліваюць інфармацыю аб сучасных палітычных, эканамічных і культурных падзеях у свеце, рэгіёне, мясцовасці; тэксты законапраектаў, афіцыйных выступленняў; публікацыі аўтараў, агляды грамадскай думкі і вынікі сацыялагічных даследаванняў; гістарычныя публікацыі і інш.);
♦	аператыўнасць (вялікая частка бягучых падзей, з’яў хутка знаходзіць адлюстраванне, водгук у публікацыях СМІ);
♦	разнастайнасць ацэнак і меркаванняў.
Выкарыстанне газетных, часопісных публікацый у адукацыйным працэсе дазваляе настаўніку вырашаць многія задачы і ў першую чаргу спрыяе развіццю грамадзянскіх кампетэнцый вучняў. Навучэнцы могуць пазнаёміцца з разнастайнымі тлумачэннямі падзей і фактаў, супрацьлеглымі ацэнкамі гістарычных падзей, дзейнасці палітычных дзеячаў, прааналізаваць іх і зрабіць самастойныя высновы; быць у курсе бягучых падзей, назіраць за іх развіццём у часе; развіваць навыкі апрацоўкі інфармацыі, грунтоўна і поўна выказваць свае высновы (вусна або пісьмова), навыкі абстрактнага мыслення, уменне аналізаваць і супастаўляць факты і меркаванні; паважліва ставіцца да іншага меркавання, разумець прынцыпы разнастайнасці. Настаўнік павінен фарміраваць у вучняў навыкі крытычных мыслення і адносін да розных ацэнак.
На ўроках настаўніку неабходна вучыць вучняў крытычнаму ўспрыманню і асэнсаванню матэрыялаў перыядычнага друку, бо нельга неабдумана верыць усяму, што ў іх падаецца. Важна, каб кожны вучань адрозніваў правераныя факты ад суб’ектыўнага меркавання. Добрую перспектыву для развіцця вышэйзгаданых навыкаў стварае прымяненне прыёму параўнання. Матэрыялы друку даюць магчымасць параўноўваць сацыяльна-эканамічнае, палітычнае, культурнае развіццё дзяржаў. Яны могуць выкарыстоўвацца для канкрэтызацыі інфармацыі, атрымання дадатковых звестак па вучэбных прадметах, арганізацыі абмеркавання, у якасці заахвочвання да вучэння, арганізацыі праектнай дзейнасці вучняў.
Падчас работы вучняў з матэрыяламі прэсы на ўроках гісторыі трэба ўлічваць, што ў газетных і часопісных артыкулах публікуецца разнастайны па жанры, паходжанні, разнавіднасцях матэрыял. Гэта законы, пастановы ўлад, урадавая хроніка, рэпартажы, сенсацыйныя вынаходніцтвы і інш. Падыход да гэтай разнастайнай інфармацыі павінен быць дыферэнцаваны.
Пачынаючы работу з матэрыяламі перыядычнага друку, у першую чаргу важна вызначыць мэту іх выкарыстання, спрагназаваць інфармацыйныя патрэбы вучняў. Рабоце з друкаванымі публікацыямі, як і з тэкстам, павінна папярэднічаць тлумачэнне педагога. Увагу вучняў неабходна звярнуць на тое, якую сувязь мае дадзеная публікацыя з тэмай урока, на якія пытанні могуць быць атрыманы адказы пры вывучэнні пэўнага або шэрагу артыкулаў (падабраных па адной тэматыцы).
Варыянты работы з матэрыяламі перыядычнага друку [37, с. 29—33]
I.	Работа з адным газетным (часопісным) артыкулам.
Неабходна арганізаваць азнаямленне вучняў з публікацыяй, вынік якога — адказы на наступныя пытанні:
1.	Якую інфармацыю змяшчае загаловак? (У яго, як правіла, вынесены ключавыя словы, якія адлюстроўваюць галоўную ідэю артыкула і прыцягваюць ўвагу.)
2.	Якую інфармацыю змяшчае падзагаловак? (Хто падрыхтаваў інфармацыю, дата яе напісання, дзе і калі мелі месца апісаныя ў ёй падзеі. Калі артыкул не адзіны ў гэтай серыі, то ў падзагалоўку можна знайсці спасылку на змест раней выдадзенага матэрыялу.)
3.	На якіх фактах аўтар акцэнтуе ўвагу?