Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

Выкладанне гісторыі ў школе

тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
88.42 МБ
3)	непасрэднае апісанне зместу:
♦	сюжэт (пра што яна сведчыць);
♦	што прадстаўлена на першым плане;
♦	што прадстаўлена на заднім плане;
♦	апісаць галоўных герояў (калі яны ёсць);
♦	дэталі карціны;
♦	асноўныя колеры карціны (чаму мастак іх выбраў);
4)	кампазіцыйныя сродкі, якія выкарыстаў мастак (як яны перадаюць настрой карціны), — аб’ёмнасць, перспектыва, прапарцыянальнасць, колер;
5)	роля гэтых сродкаў у выражэнні пазіцыі мастака, ідэі карціны.
Варта зазначыць, што пры рабоце са зместам карціны настаўнік ідзе знізу ўверх: ніжняя частка (зямля, вада, фон і г. д.), сярэдняя частка (тут звычайна знаходзіцца кампазіцыйны цэнтр карціны), верхняя частка (фон, неба) [71; 109].
Настаўнік можа па-рознаму выкарыстоўваць мастацкія творы на ўроках гісторыі:
♦	у якасці візуальнай апоры (ілюстрацыі) пры апісанні якога-небудзь горада або ілюстрацыі асноўных ідэй свайго тлумачэння;
♦	параўнання падобных і аналізу асобных карцін. Напрыклад, параўнаць карціну «Грунвальдская бітва» (1878) Я. Матэйкі з аднаіменнай (1910) яго вучняў Т. Попеля і 3. Развадоўскага або карцінай «Грунвальдская бітва — 1410» (2002) 3. С. Вальчака;
♦	прапанаваць вучням знайсці на карціне асобныя дэталі, якія дазволяць падвесці да пэўных высноў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Рэфармацыя і рэлігійныя войны ў Еўропе» (Сусветная гісторыя, 7 клас) апісаць змест карціны Ф. Дзюбуа «Варфаламееўская ноч» і падвесці да разумення такой з’явы, як рэлігійныя войны;
♦	з мэтай усведамлення вучнямі змен, што адбываюцца за пэўны прамежак часу, можна прапанаваць параўнаць дзве ці больш выявы, якія тэматычна аб’яднаны (прылады працы, жыллё, вопратка і г. д.);
♦	правесці супастаўляльны аналіз тэксту і карціны. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Развіццё капіталістычных адносін у вёсцы пасля адмены прыгоннага права» (Гісторыя Беларусі, 8 клас) параўнаць змест тэксту пункта «Пераход да прадпрымальніцкай гаспадаркі» і карціны К. Альхімовіча «Наём работнікаў»;
♦	прапанаваць вучням аднавіць факты гістарычнай падзеі на падставе вызначэння правільнага і памылковага адлюстравання аўтара.
Для арганізацыі прадуктыўнай работы з карцінай неабходна ўлічыць наступныя моманты:
♦	карціна дэманструецца ў адпаведным маштабе для лепшага ўспрымання і аналізу дэталей;
♦	пасля дэманстрацыі карціны неабходна зрабіць паўзу, каб вучні маглі азнаёміцца з ёй;
♦	дэталі трэба паказваць дакладна, а сюжэт карціны разбіваць з дапамогай славесных пазначэнняў: прама перад намі, злева ад цэнтра, у правым верхнім вугле і г. д.;
♦	апісанне карціны пачынаецца з экспазіцыі ў цэнтры;
♦	захоўваецца сэнсавая паслядоўнасць: увага засяроджваецца на галоўным, а потым — на дэталях;
♦	выкарыстаныя аўтарам сімволіка або алегорыя тлумачацца настаўнікам;
♦	пасля работы з візуальнай крыніцай неабходна падвесці вынік [119, с. 39].
На ўроках гісторыі карціну можна выкарыстоўваць для арганізацыі творчай дзейнасці вучняў. Адзін з такіх прыёмаў — «ажыўленне» вобразаў шляхам драматызацыі і персаніфікацыі. Можна таксама прапанаваць вучням адказаць, каго з гістарычных персанажаў пазналі на карціне.
Пачынаць работу з карцінамі неабходна з простых заданняў па складанні аповеду або напісанні сачынення, прыдумванні назвы карціны. Іншы варыянт — лагічныя заданні на аналіз, параўнанне, абагульненне матэрыялу карціны. Напрыклад, апісаць асобныя сюжэты, супаставіць іх на розных карцінах, інсцэніраваць іх, прыдумаць дзеючым асобам словы і г. д. Такога роду работа спрыяе развіццю ў вучняў умення разглядаць творы жывапісу як аснову для даследавання і творчай дзейнасці.
Мал. 47. Ментальная карта «Спосабы работы па вучэбнай карціне»
У школах Даніі настаўнікі прапаноўваюць вучням для аналізу карціны наступны план [26, с. 117—118]:
1.	Апісанне карціны.
♦ Людзі. Хто яны? Колькасць, узрост, вопратка і г. д. Іх стаўленне адзін да аднаго.
♦ Пейзаж, прадметы, расліны, жывёлы. Якім чынам прадстаўлены адносіны паміж чалавекам і жывёламі? Яны ў гармоніі або супярэчнасці?
♦ Прастора карціны. Дзе мы знаходзімся: на адкрытай прасторы або ўнутры памяшкання? Ці можна выяву на карціне падзяліць на пярэдні, сярэдні і задні план?
♦ Формы і лініі. Якія лініі дамінуюць: вертыкальныя/гарызантальныя/дыяганальныя? Якія геаметрычныя фігуры: трохвугольнікі, квадраты, акружнасці?
♦ Колер і светлавыя эфекты. Якія часткі карціны вылучаны асобным колерам, кантрастамі?
♦ Рух. Звярніце ўвагу на кантрасты: застылыя позы/рух уверх, уніз.
♦ Пазіцыя назіральніка. Максімальна абмежаванае поле зроку/нармальны агляд/агляд з вышыні палёту птушкі.
♦ Кампазіцыя. Ці ўсё гарманічна на карціне? Калі так, якім чынам гэта дасягнута? Што з’яўляецца фокусам карціны? Якім чынам ён створаны?
2.	Інтэрпрэтацыя.
♦ Людзі. Хто гэтыя людзі? Часам гэта лёгка вызначыць адразу, але бывае, што гэта можна зрабіць толькі па нейкіх сімвалах ці ўмоўнасцях.
♦ Сюжэт карціны. Што адбываецца?
♦ Знакі і сімвалы. Дакладнае апісанне таго, што адбываецца, часта будуецца на тлумачэнні сімвалаў і знакаў. Прычым не толькі ў літаральным сэнсе, але і на інтэрпрэтацыі выразаў твараў, рухаў, жэстаў, размяшчэння людзей на карціне, іх памераў, святла і ценю, колера выявы.
♦ Хто намаляваў карціну і для каго яна прызначалася? Ці была гэтая карціна замоўлена мастаку? Кім? Можа, ён яе пісаў па ўласным жаданні? Ці меў мастак намер пераканаць людзей, расчараваць іх, зрабіць на іх уражанне?
♦ Суадносіны паміж тэкстам да карціны і карцінай. Пра што сведчыць тэкст? Хто яго напісаў? Ці выглядаюць узгодненымі тэкст да карціны і сама карціна? У чым? Альбо чаму не?
♦ Якія магчымасці меў мастак для стварэння аб’ектыўнай карціны? Ён карыстаўся інфармацыяй з першакрыніц ці з другасных?
♦ Якімі былі яго намеры ў дачыненні да карціны? Якія прыёмы ён выкарыстаў, каб данесці да гледача ідэю свайго твора? Ці атрымалася гэта ў яго? Якім чынам альбо чаму не?
♦ Якія дасягненні або прадузятасці вы можаце знайсці ў карціне? Яны могуць быць свядомымі або несвядомымі для мастака, аднак практычна заўсёды прысутнічаюць на карцінах. Ці з’яўляецца гэты твор адлюстраваннем якойнебудзь ідэалогіі?
На існаванне двух абавязковых аспектаў работы з нагляднымі дапаможнікамі — апісанне выявы і інтэрпрэтацыю — звяртаюць увагу і расійскія даследчыкі [25, с. 194].
Беларускія настаўнікі-метадысты Г. Э. Давідоўская і 3. Я. Вінаградава прапанавалі алгарытм аналізу візуальнай гісторыка-мастацкай крыніцы (табл. 20) [39, с. 194].
Табліца 20
Алгарытм аналізу візуальнай гісторыка-мастацкай крыніцы1
Змест работы
Прыкладныя пытанні
Этап 1. Апісанне
Поўны візуальны ахоп прад’яўленай выявы з апісаннем дэталей на аснове эмацыянальнага ўспрымання. Вучні вызначаюць тып візуальнай крыніцы, называюць прадстаўленыя аб’екты, людзей і г. д., знаходзяць і расшыфроўваюць сімвалы і знакі, якія ёсць на візуальнай крыніцы
1.	Назавіце гістарычную крыніцу.
2.	Хто на ёй адлюстраваны?
3.	Што ў першую чаргу прыцягнула вашу ўвагу?
4.	Дзе адбываецца дзеянне?
5.	Як выглядаюць персанажы выявы?
6.	Што робяць асноўныя персанажы?
7.	Як адлюстраваны адносіны паміж людзьмі?
8.	Якое ўражанне зрабіла на вас выява?
Этап 2. Гістарычны аналіз
Устанаўленне сувязі візуальнай крыніцы з гістарычнай падзеяй. На аснове прадстаўленай выявы і дадатковага матэрыялу вучні вызначаюць гістарычную падзею, абгрунтоўваюць сваю пазіцыю, выкарыстоўваючы пэўныя элементы прыведзенай візуальнай крыніцы
1.	Якім чынам выява звязана з гістарычнай тэматыкай?
2.	Якой гістарычнай падзеі прысвечана выява?
3.	Якія важныя гістарычныя факты знайшлі адлюстраванне ў выяве?
4.	Якія элементы выявы дапамагаюць адказаць на пытанне?
Этап 3. Інтэрпрэтацыя
Усведамленне мэтавых установак аўтара выявы. Вучні вызначаюць аўтара і яго намер пры стварэнні выявы, выкарыстоўваючы пэўныя дэталі для аргументацыі свайго пункту гледжання
1.	Хто з’яўляецца аўтарам выявы? Калі і дзе яна была створана? У сувязі з чым?
2.	Як адносіцца аўтар да адлюстраваных ім падзей? Якія дэталі выявы дапамагаюць гэта зразумець?
3.	Якую мэту ставіў аўтар пры стварэнні выявы (выразіць сябе, інфармаваць, паспрачацца, абараніць, выступіць супраць, пераканаць і г. д.)? Якія дэталі пацвярджаюць ваш пункт гледжання?
4.	Якія прыёмы выкарыстаў аўтар, каб дасягнуць сваёй мэты? Наколькі яму гэта ўдалося?
Этап 4. Ацэнка
Вызначэнне ступені дакладнасці выявы. Вучні ацэньваюць каштоўнасць выявы як крыніцы гістарычных ведаў, аргументуюць сваё меркаванне
1.	Ці быў аўтар выявы сведкам адлюстраваных падзей? Што дапамагае адказаць на гэта пытанне?
2.	На якія пытанні дапамагае адказаць візуальная крыніца (у чым каштоўнасць крыніцы)?
3.	На якія пытанні візуальная крыніца не можа даць адказу (абмежаванасць крыніцы)? Чаму?
4.	Ацаніце ступень гістарычнай дакладнасці крыніцы.
5.	Наколькі карысная для гісторыка дадзеная крыніца?
1 Аўтары прыводзяць і прыклад арганізацыі вучэбнай дзейнасці па дадзеным алгарытме з рэпрадукцыі карціны Я. Матэйкі «Люблінская ўнія» [39, с. 56—60].
Методыка работы з ілюстрацыяй, якая змяшчаецца ў вучэбным дапаможніку, такая ж, як і з карцінай. Ілюстрацыя ў вучэбным дапаможніку выступае неад’емнай часткай яго зместу. Вылучаюць тры групы ілюстрацый:
♦	якія самастойна раскрываюць змест вучэбнага матэрыялу;
♦	якія арганічна звязаны з тэкстам і ў спалучэнні з ім дапамагаюць фарміраваць неабходныя веды;
♦	якія дапаўняюць тэкст, спрыяюць яго канкрэтызацыі, робяць больш даступным і цікавым [100, с. 37].
Работа з ілюстрацыяй з’яўляецца абавязковай на ўроку ці дома. Пры выбары ілюстрацый у вучэбным выданні трэба звяртаць увагу на тое, што яны павінны раскрываць не выпадковыя, а істотныя бакі жыцця грамадства ў вывучаемую эпоху, істотныя рысы гістарычнай з’явы або падзеі і такім чынам дапамагаць пазнаць сутнасць з’явы, яе асаблівасці і агульныя заканамернасці развіцця.
3.7.2.	Арганізацыя работы з партрэтам
Пры неабходнасці спалучыць гісторыка-біяграфічны матэрыял з характарыстыкай гістарычнай асобы настаўнік выкарыстоўвае партрэт. Асноўнымі прыёмамі работы з ім выступаюць характарыстыка або апавяданне пра жыццё і дзейнасць гістарычнай асобы.
Пачынаць работу з партрэтам трэба з характарыстыкі вобраза, выразу і рыс твару, позы, жэстаў — усяго, што апісвае прадстаўленага чалавека як асобу. Потым можна пераходзіць да дэталей вопраткі, узнагарод, прычоскі, абутку і г. д. У час работы з партрэтам настаўнік можа выкарыстоўваць матэрыял пра дзейнасць асобы, дакументальны матэрыял, тэкст вучэбнага дапаможніка [16, с. 206—207; 110, с. 257—258, 261].