• Газеты, часопісы і г.д.
  • Выкладанне гісторыі ў школе тэорыя і практыка

    Выкладанне гісторыі ў школе

    тэорыя і практыка

    Выдавец: Аверсэв
    Памер: 215с.
    Мінск 2022
    88.42 МБ
    ♦ павінна быць даступным — такім, на якое вучні могуць даць адказ, заснаваны на ведах, а не на здагадцы. Напрыклад, у 5-м класе заданне «Заняткі і вобраз жыцця старажытных людзей» лепш сфармуляваць такім чынам: «Раскажыце, як жылі старажытныя людзі і чым яны займаліся». У час аповеду можна задаваць удакладняючыя пытанні: «Што яны елі?», «Як яны здабывалі сабе ежу?» і г. д.;
    1.	Матывацыя апытання
    )	2. Уключэнне ўсіх вучняў у працу
    4. Дыферэнцыяцыя праверкі
    3.	Улік асаблівасцей вучняў
    ) 5. Сувязь зместу праверкі з новай тэмай
    6.	Вызначэнне месца праверкі на ўроку
    7.	Матывацыя ацэнкі ведаў
    Мал. 93. Патрабаванні да праверкі ведаў
    ♦ павінна быць дакладным — яго аб’ём і змест неабходна дакладна акрэсліць. Трэба пазбягаць пытанняў, аб’ём і змест якіх незразумелы (напрыклад, «Пра што ідзе гаворка ў дакуменце?», «Хто такая Ефрасіння Полацкая?»);
    ♦	павінна датычыцца істотных момантаў гістарычнага развіцця, а не другасных фактаў ці дадзеных;
    ♦	павінна быць дыдактычна простым і адначасова ставіць перад вучнем адну задачу. Лепш пазбягаць падвоеных ці патроеных пытанняў. Аднак можна задаваць простыя пытанні, звязаныя паміж сабою: «Дзе і калі Францыск Скарына выдаў “Псалтыр”?»;
    ♦ непажадана выкарыстоўваць альтэрнатыўныя пытанні, якія прадугледжваюць станоўчы альбо адмоўны адказ. Напрыклад, на пытанне «Ці падтрымалі сяляне паўстанне Т. Касцюшкі?» можна даць толькі кароткі адказ: «Так, падтрымалі» або «Не, не падтрымалі». Аднак тут не адлюстраваны веды вучняў. Такога характару пытанні, тым не менш, могуць выкарыстоўвацца, калі пасля іх ідзе ўдакладненне;
    ♦ немэтазгодным лічыцца задаваць пытанні, якія падказваюць рашэнне пэўнай праблемы;
    ♦ пытанні не павінны быць каверзнымі і падштурхоўваць вучняў да няправільных адказаў [16, с. 103—105].
    Калі падчас адказу вучань памыляецца, можна праз удакладняючыя пытанні зразумець, гэта свядомая або несвядомая памылка. Яе выпраўляе сам навучэнец, а калі ён не здольны, то дапамагаюць іншыя. Пасля выпраўлення настаўнік просіць клас дапоўніць адказ.
    Праверку ведаў можна праводзіць не толькі ў вуснай або пісьмовай форме, але і з дапамогай картак, якія загадзя раздаюцца навучэнцам. Настаўнік задае пытанне, а вучні падымаюць картку з правільным адказам. Такая форма выкарыстоўваецца для праверкі ступені засваення паняццяў, дат. Можна прапанаваць вучням выканаць заданне ў графічнай форме (з выкарыстаннем сімвалаў, у выглядзе скрайбінгу, лагічнай схемы, ментальнай карты і г. д.).
    Таксама падчас апытання можна правесці лічбавую дыктоўку. Напрыклад, на абагульняючым уроку вучням раздаюць пералік краін: Егіпет, Месапатамія, Фінікія, Індыя, Кітай (альбо запісваюць іх пад парадкавымі нумарамі на дошцы). Пасля гэтага задаюцца пытанні:
    ♦ Найважнейшым культурным вынаходніцтвам якой краіны стала пісьменнасць?
    ♦ Дзе быў створаны «Эпас пра Гільгамеша»?
    ♦ Жыхары якой краіны стварылі алфавіт?
    ♦ Найстаражытнейшым творам якой краіны лічацца «Веды»?
    ♦ У якой краіне быў вынайдзены компас? I іншыя.
    Вучні запісваюць нумар краіны ў сшытку або на аркушы паперы. Так правяраюцца ўяўленні і веды вучняў па гісторыі культуры старажытнага свету.
    Падобным чынам можна правесці дыктоўку па контурнай карце. На ёй лічбамі адзначаны пэўныя дзяржаўныя ўтварэнні або рэгіёны. Напрыклад, па тэме «Рэфармацыя ў Еўропе» [20, с. 5] можна прапанаваць назвы краін: Іспанія, Англія, Вялікае Княства Літоўскае, Асманская імперыя, Польскае каралеўства. Прыкладныя пытанні:
    ♦ У якой краіне адзінай рэлігіяй было каталіцтва?
    ♦ Рэлігіяй якой краіны было англіканства?
    ♦ У якой краіне назіралася суіснаванне каталіцтва, праваслаўя і кальвінізму?
    ♦ На тэрыторыі якой краіны жылі каталікі, праваслаўныя, пратэстанты і мусульмане?
    ♦ На тэрыторыі якой краіны жылі каталікі, лютэране і кальвіністы?
    Існуюць разнастайныя спосабы праверкі ведаў і ўменняў вучняў. Ніжэй прыведзены прыклады заданняў для праверкі ведаў [25, с. 141—143; 27, с. 51, 53; 28, с. 50—59; 29, с. 42—43; 81, с. 53—55],
    1)	Тэст з выбарам правільнага адказу.
    • Колькі гадоў назад адбылася падзея, якая датуецца 500 г. да н. э.?
    а)	2500 гадоў таму назад;
    б)	1500 гадоў таму назад.
    • Рымская дзяржава знаходзілася:
    а)	у Паўночнай Афрыцы;
    б)	на Апенінскім паўвостраве;
    в)	на Балканскім паўвостраве.
    • Шадуф — гэта:
    а)	прылада для падачы вады на палі;
    б)	ахвярапрынашэнне багам;
    в)	арашальны канал.
    • Што з ніжэйпералічанага можна лічыць асноўнай прычынай з’яўлення няроўнасці:
    а)	войны паміж плямёнамі, падчас якіх адбывалася разарэнне пераможаных і ўзбагачэнне пераможцаў;
    б)	распад роду на сем’і, кожная з якіх вяла ўласную гаспадарку;
    в)	раздзяленне працы паміж земляробамі і рамеснікамі.
    2)	Тэст з альтэрнатыўнымі заданнямі (сцверджанні, якія вучні павінны ацаніць як правільныя альбо няправільныя, выкарыстоўваючы словы «так» або «не», знакі « + » і «—»).
    • Знакамі «+» і «-» пазначце меркаванні, з якімі вы згодны або не згодны: Першая прамысловая рэвалюцыя пачалася ў Англіі.
    Рассяленне славян пачалося ў IV стагоддзі да н. э.
    Першай славянскай дзяржавай была Вялікая Маравія.
    3)	Заданні на аднаўленне адпаведнасці ў выглядзе тэстаў на суаднясенне падзей/імён/дат/вынаходніцтваў. Спіс, з якога вучні выбіраюць адказы, можа быць большы за першы, каб паменшыць верагоднасць адгадвання.
    • Суаднясіце дату ўсталявання аўтарытарнага рэжыму з назвай краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы:
    1)	1919;	а) Румынія;
    2)	1926;	б) Венгрыя;
    3)	1929;	в) Польшча;
    4)	1934;	г)	Югаславія;
    5)	1938;	д) Балгарыя;
    е) Чэхаславакія.
    4)	Заданні на групоўку гістарычнай інфармацыі (прадугледжваюць аналіз інфармацыі паводле зададзенага крытэрыю, аднясення інфармацыі да канкрэтных гістарычных перыядаў, паняццяў, фактаў і г. д.).
    •	Аб’яднайце прапанаваныя ніжэй паняцці ў лагічныя пары: а) Мацуа Басё; б) сіпаі; в) Тадж-Махал; г) воіны-індыйцы ў англійскай арміі; д) янычары; е) хайку; ж) Агра; з) воіны турэцкай арміі.
    •	Растлумачце, што аб’ядноўвае наступныя выказванні: «Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам!..», «Не народ для ўрада, а ўрад для народа», «У нас няма дваран — усе роўныя!».
    5)	Заданні на выключэнне лішняга:
    •	Што лішняе? Кукурузная эпапея, космас, Карыбскі крызіс, культ асобы, Канстытуцыя.
    •	Растлумачце, што аб’ядноўвае наступныя геаграфічныя аб’екты: Хакайда, Хонсю, Тайвань, Кюсю, Сікоку. Вызначце, па якой прымеце адзін з іх з’яўляецца лішнім.
    •	Хто з іх былі сучаснікамі:
    а)	Томас Мор, Альбрэхт Дзюрэр, Тамаза Кампанела, Леанарда да Вінчы;
    б)	Эразм Ратэрдамскі, Джардана Бруна, Томас Мор, Пітэр Брэйгель Старэйшы;
    в)	Уільям Шэкспір, Рафаэль Санці, Фрэнсіс Бэкан;
    г)	Мігель дэ Сервантэс, Іеранім Босх, Галілеа Галілей;
    д)	Мікалай Капернік, Мікеланджэла Буанароці, Уільям Гарвей.
    6)	Заданні на вызначэнне паслядоўнасці (неабходна расставіць прыведзеныя факты ў храналагічнай паслядоўнасці).
    • Расстаўце падзеі ў парадку, як яны адбываліся (у храналагічнай паслядоўнасці):
    а)	выданне «Мужыцкай праўды»;
    б)	стварэнне Цэнтральнага нацыянальнага камітэта;
    в)	адмена часоваабавязанага становішча для сялян усходніх беларускіх губерняў;
    г)	прызначэнне віленскім генерал-губернатарам Міхаіла Мураўёва.
    7)	Тэст на вызначэнне лагічнай паслядоўнасці.
    •	Пранумаруйце ніжэйпералічаныя з’явы ў прычынна-следчай сувязі:
    ... узнікненне земляробства і жывёлагадоўлі;
    ... збіральніцтва і паляванне пачынаюць даваць болып прадуктаў для харчавання абшчыны;
    ... раздзяленне абшчыннай гаспадаркі на шэраг сямейных гаспадарак.
    •	Прадоўжыце лагічны ланцужок: XVI ст. — рост цэн на збожжа ў Заходняй Еўропе — экспарт збожжа з беларускіх зямель у краіны Заходняй Еўропы — XIX ст. — падзенне цэн на збожжа ў Заходняй Еўропе —
    8)	Заданні з абмежаваннямі на адказ (прадугледжваюць толькі адзін магчымы адказ, які абумоўлены фармулёўкай).
    • Крымская вайна (—) была выклікана абвастрэннем барацьбы еўрапейскіх дзяржаў вакол пытання.
    9)	Заданні са свабоднымі адказамі — прадугледжваюць напісанне вучнямі адказу на пытанне.
    • Апішыце, якім чынам адбыўся распад і акупацыя Чэхаславакіі
    10)	Работа з дакументам.
    • Уважліва прачытайце фрагмент гістарычнага дакумента: «... Шэсць год ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён патрэбны, — ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякой карысці... Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы...
    Праўда, абвяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці... Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ болыпы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе».
    Заданне для вучняў: назавіце дакумент і адкажыце на пытанні: пра якую падзею ўзгадвае аўтар? Як ён яе характарызуе? Выкажыце ўласныя адносіны да пазіцыі аўтара («Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага, сялянская рэформа 1861 г.).
    11)	Заданні, у якіх змяшчаюцца памылкі, а вучням неабходна іх выправіць.
    • Напрыклад:
    «Ліст падарожніка.
    Вітаю вас! Я шмат падарожнічаю. Цяпер вырашыў пабываць у Рыме. Гэты старажытны горад знаходзіцца на Балканскім паўвостраве ў даліне ракі Еўфрат. Недалёка ад яго плёскаецца Адрыятычнае мора.
    У “горадзе на сямі ўзгорках” мне вельмі хочацца наведаць храмы Пантэон і Калізей, велічныя піраміды.
    Пра сваё жаданне я расказаў сябру-гісторыку. Ён мяне выслухаў і сказаў, што з такімі звесткамі пра Рым я не змагу вандраваць. Растлумачце мне чаму».
    Пры праверцы ведаў трэба памятаць, што ступень засваення зместавага кампанента гістарычнай адукацыі ацэньваецца на падставе наступных крытэрыяў: дакладнасць, правільнасць, асэнсаванасць, паўната, абагуленасць, сістэмнасць, трываласць, мабільнасць, дзеяснасць, самастойнасць, адсутнасць супярэчнасцей [91].
    Табліца 29
    Крытэрыі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў пры ажыццяўленні кантролю [91]
    Адзнака ў балах
    Паказчыкі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці
    1
    Пазнаванне асобных аб’ектаў вывучэння (паняццяў, гістарычных падзей, з’яў, працэсаў, асоб) праграмнага вучэбнага матэрыялу па прад’яўленым апісанні. Ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці пад кіраўніцтвам настаўніка з выкарыстаннем падручніка (вучэбнага дапаможніка, вучэбнай карты, атласа) і (або) іншых сродкаў навучання