Выкладанне гісторыі ў школе
тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
2
Распазнаванне аб’ектаў вывучэння (паняццяў, гістарычных падзей, з’яў, працэсаў, асоб) праграмнага вучэбнага матэрыялу па прад’яўленым апісанні. Ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці пад кіраўніцтвам настаўніка з выкарыстаннем падручніка (вучэбнага дапаможніка, вучэбнай карты, атласа) і (або) іншых сродкаў навучання
3
Аднаўленне (пераказ) часткі праграмнага вучэбнага матэрыялу па памяці: фрагментарны пераказ і пералік асобных паняццяў, гістарычных падзей, з’яў, працэсаў, персаналій без тлумачэння; ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці па ўзоры з дапамогай настаўніка з выкарыстаннем падручніка (вучэбнага дапаможніка, вучэбнай карты, атласа) і (або) іншых сродкаў навучання
4
Аднаўленне (пераказ) праграмнага навучальнага матэрыялу па памяці: азначэнняў паняццяў, апісання гістарычных падзей, з’яў, працэсаў з указаннем агульных і адметных знешніх прымет без іх тлумачэння, асноўных біяграфічных звестак і дзейнасці гістарычных персаналій; ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці па ўзоры з дапамогай настаўніка з выкарыстаннем падручніка (навучальнага дапаможніка, вучэбнай карты, атласа) і (або) іншых сродкаў навучання
5
Усвядомленае аднаўленне значнай часткі праграмнага вучэбнага матэрыялу: характарыстыка вывучаемых аб’ектаў па плане (памятцы); самастойнае ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці па ўзоры
6
Усвядомленае аднаўленне ў поўным аб’ёме праграмнага вучэбнага матэрыялу: правільнае выкарыстанне тэрміналогіі, апісанне гістарычных падзей, з’яў, працэсаў з элементамі тлумачэння, што раскрываюць прычынна-следчыя сувязі і адносіны; самастойнае ажыццяўленне спосабаў дзейнасці па ўзоры
7
Валоданне і аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам у знаёмай сітуацыі: канкрэтызацыя паняццяў, высноў прыкладамі; аналіз гістарычных падзей, з’яў, працэсаў з мэтай тлумачэння прычынна-следчых сувязей, высноў, якія маюцца ў вучэбным дапаможніку; самастойнае выкананне практыкаванняў, задач і заданняў па алгарытме
8
Свабоднае валоданне і аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам у знаёмай сітуацыі: аналіз гістарычных падзей, з’яў, працэсаў з мэтай тлумачэння прычынна-следчых сувязей, высноў; абагульненне вывучаемага
Адзнака ў балах
Паказчыкі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці
матэрыялу; абгрунтаванне і доказ; раскрыццё сутнасці вывучаемых з’яў, працэсаў; выкарыстанне ўнутрыпрадметных сувязей; самастойнае выкананне практыкаванняў, задач і заданняў па алгарытме
9
Аперыраванне праграмным вучэбным матэрыялам, ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці ў незнаёмай сітуацыі; выкарыстанне міжпрадметных сувязей; ацэнка гістарычных фактаў на аснове вывучанага матэрыялу; выкананне задач і заданняў пераўтваральнага і праблемнага характару
10
Свабоднае аперыраванне праграмным навучальным матэрыялам, ажыццяўленне спосабаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці ў незнаёмай сітуацыі; самастойнае выкананне задач і заданняў пераўтваральнага і праблемнага характару; выкананне творчых заданняў і работ
Этап пераходу да вывучэння новага матэрыялу (арганізацыйна-матывацыйны) павінен пачынацца з актуалізацыі ведаў вучняў. Актуалізацыя ведаў — працэс прыгадвання, аднаўлення і прымянення вучнем раней засвоеных ім гістарычных звестак або асабістага вопыту для пазнання новых аб’ектаў [17, с. 5].
На гэтым этапе адбываецца пастаноўка вывучаемай праблемы, даецца матэрыял, які дазволіць вучням зразумець, што новага яны даведаюцца на ўроку, і г. д.
Напрыклад, пры вывучэнні тэмы «Узнікненне дзяржавы ў Кітаі» (Сусветная гісторыя, 5 клас) навучэнцам можна расказаць пра тое, што ў школу паштальён прынёс пасылку ад вучняў 5-га класа адной з азіяцкіх краін. У ёй знаходзяцца рыс, компас, папера, шоўк, чай і фарфоравы кубак. I запытаць, адкуль прыйшла пасылка і што яны ведаюць пра гэту краіну [43, с. 44—47].
Этап вывучэння новага матэрыялу. Адбываецца ўсебаковае вывучэнне разглядаемай праблемы і адначасова фарміраванне і замацаванне ўменняў вучняў. Гэта дасягаецца праз арганізацыю актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, якія вучацца здабываць, пераўтвараць і засвойваць новую інфармацыю. На дадзеным этапе (як і на іншых) важна ўлічваць асаблівасці пазнавальнай дзейнасці вучняў пэўнага ўзросту.
Існуюць патрабаванні да адбору вучэбнага матэрыялу:
♦ трэба выкарыстоўваць сучасныя, навукова вывераныя палажэнні і факты;
♦ неабходна выбіраць найбольш каштоўную, дастатковую інфармацыю, факты, паняцці, якія ўсебакова прадстаўляюць вывучаемае пытанне і забяспечваюць разуменне яго сутнасці;
♦ матэрыял павінен быць арганізаваны такім чынам, каб у ім былі вылучаны галоўная ідэя, галоўныя факты, сутнасць праблемы;
♦ змест вучэбнага матэрыялу павінны адлюстроўваць і метады атрымання ведаў [59, с. 23—24].
Этап замацавання новых ведаў прадугледжвае замацаванне ў памяці вучняў тых ведаў і уменняў, якія неабходны для самастойнай работы па новым матэрыяле.
Замацаванне — дзейнасць настаўніка і вучняў, накіраваная на дасягненне трываласці і глыбіні засваення вучэбнага матэрыялу (зместу, уменняў, вопыту вучэбнай дзейнасці) [17, с. 59].
Пры замацаванні новага матэрыялу настаўнік павінен звяртаць увагу на найбольш істотныя моманты, якія дапамагаюць засвоіць галоўнае ў разглядаемай тэме. На гэтым этапе трэба дабіцца павышэння ўзроўню асэнсавання вывучанага матэрыялу і глыбіні яго разумення. Неабходна ўзгадаць галоўныя факты, паняцці, персаналіі, прапанаваць выканаць заданне з выкарыстаннем новых ведаў (напрыклад, скласці лагічны ланцужок, запоўніць пропускі, табліцу, выканаць заданне па карце (контурнай карце), зрабіць параўнанне, скласці сінквейн і інш.). Так настаўнік можа пабачыць і ліквідаваць прабелы ў ведах або яшчэ раз растлумачыць складаныя моманты ў тэме.
4.1.5. Асаблівасці арганізацыі паўтарэння
Пры арганізацыі працэсу навучання настаўнік павінен звяртаць увагу на паўтарэнне раней засвоенага матэрыялу і ўменняў. Яно можна адбывацца на розных этапах урока — пры праверцы дамашняга задання, тлумачэння і замацавання новага матэрыялу. Паўтарэнне стварае ўмовы для актуалізацыі ведаў, спрыяе развіццю памяці, вобразнага і абстрактнага мыслення, з’яўляецца вядучым спосабам замацавання ў працэсе навучання.
Паўтарэнне — аднаўленне раней засвоенага матэрыялу для ўсталявання сувязі паміж засвоеным і вывучаемым зместам, накіраванае на дасягненне трываласці, глыбіні, сістэмнасці ведаў навучэнцаў [17, с. 202].
Традыцыйна сістэма паўтарэння матэрыялу ўключае:
♦ замацаванне матэрыялу пасля знаёмства з ім на ўроку (так званае першаснае паўтарэнне, якое можа выглядаць як прамежкавая выснова пасля вывучэння пэўнага пункта плана);
♦ паўтарэнне (замацаванне) вывучанага ў канцы ўрока;
♦ паўтарэнне падчас выканання дамашняга задання;
♦ паўтарэнне падчас апытання або ўводнай размовы на наступным уроку;
♦ паўтарэнне і абагульненне ведаў на абагульняючым уроку па пройдзенай тэме, раздзеле;
♦ выніковае паўтарэнне ў канцы года [14, с. 113].
Вылучаюць наступныя віды паўтарэння:
1) першаснае (замацаванне);
2) бягучае;
3) выніковае (абагульняючае);
4) перадэкзаменацыйнае.
Першаснае паўтарэнне адбываецца адразу пасля вывучэння новага матэрыялу. Яно заклікана зафіксаваць увагу навучэнцаў на важных фактах, паняццях, тэарэтычных высновах, якія былі зроблены на ўроку.
Вылучаюць два віды першаснага паўтарэння:
1) першаснае бягучае паўтарэнне (пасля разгляду кожнага з пунктаў плана новай тэмы настаўнік праводзіць гутарку, у якой звяртае ўвагу вучняў на галоўнае, затым ідзе вывучэнне наступнага пункта плана ўрока і зноў праводзіцца гутарка);
2) паўтарэнне пасля вывучэння новай тэмы праводзіцца адразу пасля вывучэння новага матэрыялу ў выглядзе разгорнутай гутаркі, абагульнення настаўнікам, запісаў тэрмінаў, паняццяў, работы з вучэбным дапаможнікам, картамі, ілюстрацыямі, дакументамі і г. д. Яно адбываецца на этапе замацавання новых ведаў.
Першаснае бягучае паўтарэнне абавязкова ў 5—8-х класах, бо навучэнцы не могуць самастойна вылучыць галоўнае. У 9—11-х класах яно з’яўляецца факультатыўным, аднак у канцы ўрока настаўнік сам або разам з вучнямі праводзіць абагульненне.
Бягучае паўтарэнне — паўтарэнне па сувязі раней пройдзенага з вывучаемым на ўроку матэрыялам. Гэта асноўны від паўтарэння, які павінен прысутнічаць на кожным з этапаў урока. Яго мэта — сістэматызацыя вывучаемых ведаў, устанаўленне сувязі па лініі вывучаемых фактаў, паняццяў, заканамернасцей.
Прыклады пытанняў і заданняў для арганізацыі бягучага паўтарэння:
♦ пытанні, якія раскрываюць зараджэнне і развіццё падзей і з’яў, што разглядаюцца на дадзеным уроку;
♦ пытанні, якія нагадваюць вучням вывучаныя раней аднародныя факты і з’явы, высвятляюць падабенства і адрозненні паміж імі (напрыклад, матэрыял пра войны, рэвалюцыі, рэформы і г. д.);
♦ пытанні, якія раскрываюць прычынна-следчыя сувязі паміж вывучаемым на дадзеным уроку і раней засвоеным гістарычным матэрыялам;
♦ пытанні, якія дапамагаюць вучням выкарыстоўваць вывучаемыя факты і з’явы для больш поўнай характарыстыкі ўжо вядомых ім паняццяў альбо на аснове абагульнення фактаў і з’яў засвоіць новыя паняцці;
♦ пытанні, якія патрабуюць усталявання сувязей паміж рознымі бакамі гістарычнага развіцця краіны (эканамічнае і палітычнае развіццё, унутраная і знешняя палітыка, культура пэўнага перыяду і гістарычныя ўмовы яе развіцця і г. д.);
♦ пытанні, разлічаныя на ўсталяванне міжкурсавых і міжпрадметных сувязей (навуковыя адкрыцці, гісторыя літаратуры, параўнанне гістарычных падзей і працэсаў у Заходняй Еўропе і на тэрыторыі Беларусі і інш.) [73, с. 41—52].
Пры паўтарэнні могуць выкарыстоўвацца пытанні для паўтарэння храналогіі, напрыклад:
♦ назваць дату пэўнай падзеі, якая тэматычна звязана са зместам урока («Назавіце дату трэцяга падзела Рэчы Паспалітай» альбо «У якім годзе была падпісана Крэўская унія?»);
♦ назваць дату падзеі па пазначанай настаўнікам характэрнай прымеце (напрыклад, замест пытання «Калі адбылася Палтаўская бітва?» папрасіць назваць рашаючую бітву Паўночнай вайны і ўзгадаць, у якім годзе яна адбылася);
♦ пытанні і заданні, у якіх прапаноўваецца вучням назваць шэраг дат, якія аб’яднаны адной тэмай і раскрываюць развіццё пэўнага гістарычнага працэсу (напрыклад, «Калі ў славянскіх народаў узніклі першыя дзяржаўныя ўтварэнні? Назавіце іх і пакажыце на карце. Дайце кароткую характарыстыку гэтых дзяржаў».);