Выкладанне гісторыі ў школе
тэорыя і практыка
Выдавец: Аверсэв
Памер: 215с.
Мінск 2022
♦ пытанні і заданні, у якіх прапаноўваецца вучням назваць даты аднародных падзей або з’яў, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі і ў іншых краінах (напрыклад, «Параўнайце развіццё цэхавай вытворчасці ў краінах Заходняй Еўропы і Вялікім Княстве Літоўскім»);
♦ пытанні, разлічаныя на ўсталяванне сінхроннасці падзей, якія адбываліся ў Беларусі і іншых краінах;
♦ пытанні на паўтарэнне перыядызацыі важных гістарычных працэсаў і з’яў [73, с. 58—60].
Бягучае паўтарэнне можна праводзіць з дапамогай карты, напрыклад:
♦ заданні, калі неабходна паказаць на карце падзеі, якія будуць вывучацца на ўроку, — месцы гістарычных падзей, маршрут, межы дзяржавы, вобласці і г. д. (вывучаючы знешнюю палітыку ВКЛ XVII ст., можна запытаць, якім чынам змяняліся межы дзяржавы ў параўнанні з XVI ст.);
♦ заданні, якія патрабуюць лакалізацыі ў прасторы развіцця той ці іншай гістарычнай з’явы альбо працэсу (прапанаваць паказаць на карце асноўныя месцы бітваў з мангола-татарамі);
♦ заданні, разлічаныя на самастойнае чытанне вучнямі інфармацыі ў працэсе паўтарэння вывучанага раней матэрыялу гістарычнай карты альбо на выкананне задання па контурнай карце (у класе або дома);
♦ заданні, якія патрабуюць ад вучняў паказаць асноўныя гістарычныя падзеі на фізічнай або сучаснай палітычнай карце [73, с. 62—66].
Абагульняючае паўтарэнне. Абагульненне з’яўляецца больш складаным у параўнанні з паўтарэннем і высновай, якія ўяўляюць разумовае вылучэнне істотных агульных рыс, уласцівых шэрагу аднародных фактаў або з’яў і характэрных для кожнага з іх.
Мэтай такога паўтарэння з’яўляецца абагульненне і сістэматызацыя ведаў, атрыманых вучнямі пры вывучэнні пэўнага раздзела, тэмы ў курсе гісторыі. Як правіла, яно праводзіцца на спецыяльных уроках паўтарэння і абагульнення. Важна ажыццяўляць гэты від паўтарэння ў сістэме. На абагульняючых уроках звяртаецца ўвага на праблемы, найбольш складаныя для засваення вучнямі. У старшых класах урок можна праводзіць як семінар, гульню, дыскусію, круглы стол і г. д. Неабходна памятаць: абагульняючы ўрок — гэта не ўрок праверкі
ведаў, таму арганізоўваць яго ў форме канкрэтнай работы, франтальнага апытання нельга.
Перадэкзаменацыйнае паўтарэнне праводзіцца ў выпускных класах. Асноўная мэта — падрыхтоўка навучэнцаў да экзамену па гісторыі. Паўтарэнне неабходна праводзіць па праблемах, а не па білетах. Такім чынам у вучняў фарміруецца разуменне працэсаў, а не простае шаблоннае запамінанне пэўных дат, персаналій, падзей, якія не звязаны паміж сабой. Перадэкзаменацыйнае паўтарэнне можа быць у выглядзе абагульняючых лекцый на аснове галоўных праблем. Яно спалучаецца з кансультатыўнымі і індывідуальнымі заняткамі перад экзаменам.
Сярод разнастайных прыёмаў, якія спрыяюць глыбокаму і трываламу засваенню вывучаемага матэрыялу, варта назваць наступныя:
1) групаванне матэрыялу па сэнсе, вылучэнне сэнсавых апорных пунктаў, сэнсавае суаднясенне або супастаўленне таго, што трэба запомніць, з ужо вядомым. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае складанне плана вывучаемай тэмы (падзел тэксту на часткі, выяўленне галоўнага, найбольш істотнага, раскрыццё супадпарадкаванасці розных частак тэксту, афармленне праведзенай разумовай работы ў форме простага або разгорнутага плана), ментальнай карты;
2) уключэнне ў паўтараемы матэрыял чагосьці новага, раскрыццё новых бакоў і сувязей паўтараемых фактаў і з’яў, каб не адбываўся просты пераказ пройдзенага ў тым выглядзе, у якім матэрыял быў засвоены. Тут важна ставіць перад навучэнцамі новыя вучэбна-пазнавальныя задачы, для вырашэння якіх яны павінны выкарыстоўваць звесткі, атрыманыя раней, і праяўляць самастойнасць у рабоце;
3) выкарыстанне разнастайных відаў і прыёмаў паўтарэння.
Этап рэфлексіі. Адбываецца асэнсаванне вучнямі таго, што было засвоена на ўроку, і свайго эмацыянальнага стану. Навучэнцы павінны ўсвядоміць, якія новыя веды яны здабылі і ці ўзнікла ў іх жаданне даведацца пра штосьці новае, як яны адчувалі сябе на ўроку (ім было (не) цікава, сумна, весела і г. д.).
На этапе рэфлексіі можна выкарыстоўваць ПАПВ-формулу.
П — пазіцыя (сутнасць майго пункту гледжання). Сказ пачынаецца з выразу «Я лічу, што...»;
A — абгрунтаванне (тлумачэнне, аргументы для маёй пазіцыі);
П — прыклады (факты, якія пацвярджаюць маю пазіцыю);
В — выснова (вынік).
Іншы спосаб усведамлення вывучанага — складанне сінквейна. Сінквейн — верш, які патрабуе аналізу, сінтэзу і абагульнення інфармацыі ў кароткіх выразах. Ён вучыць свядома выкарыстоўваць паняцці і вызначаць уласныя адносіны да праблемы. У перакладзе з англійскай мовы слова «сінквейн» абазначае «пяцірадковая страфа». Методыка яго складання была апісана ў пункце «Фарміраванне ўяўленняў пра факты мінулага».
4.1.6. Формы правядзення ўрокаў
На ўроках выкарыстоўваюцца розныя формы навучання: франтальная, групавая, парная і індывідуальная. Характарыстыка кожнай з іх прыведзена ў табліцы 30 [61, с. 26—27].
Табліца 30
Формы навучання
Формы навучання
Умовы прымянення
пры якім характары зместу вучэбнага матэрыялу
пры якіх асаблівасцях вучняў
пры якіх магчымасцях настаўніка
Франтальная (агульнакласная)
Матэрыял складаны і патрабуе тлумачэння настаўніка ўсяму класу
Вучні яшчэ не падрыхтаваны да іншых форм вучэбнай работы па дадзенай тэме; усе вучні класа маюць прыкладна аднолькавы ўзровень падрыхтоўкі і могуць працаваць у адным тэмпе
Настаўнік не мае дастаткова часу для арганізацыі іншых форм вучэбнай работы па дадзенай тэме
Групавая
Матэрыял даступны для вывучэння ў групах пад кіраўніцтвам настаўніка і можа быць дыферэнцаваны па аб’ёме і складанасці
Вучні падрыхтаваныя да работы ў групах, якая прадугледжвае супрацоўніцтва некалькіх чалавек і будуецца на прынцыпах самакіравання і самакантролю
Настаўнік мае дастаткова часу для арганізацыі работы вучняў у групах і абмеркавання яе вынікаў
Парная
Матэрыял даступны для вывучэння ў парах пры накіроўваючай дапамозе настаўніка
Вучні маюць розны ўзровень падрыхтоўкі па дадзенай тэме, пры гэтым больш моцны з іх выконвае функцыю настаўніка, што спрыяе замацаванню як ведаў свайго партнёра, так і ўласных
Настаўнік мае пэўную неабходнасць і дастаткова часу для арганізацыі работы вучняў у парах і абмеркавання яе вынікаў
Індывідуальная
Матэрыял даступны для самастойнай работы школьнікаў пры накіроўваючай дапамозе настаўніка
Вучні падрыхтаваны да індывідуальнай работы па гэтай тэме і здольны выканаць заданне самастойна
Настаўнік мае дастаткова часу для арганізацыі індывідуальнай работы вучняў і абмеркавання яе вынікаў
Пры падрыхтоўцы ўрока настаўнік павінен выбіраць тып урока і форму яго правядзення. Гэта можа быць урок — віртуальнае падарожжа, урок-экскурсія, урок у выглядзе круглага стала, урок-дыскусія, урок-гульня і інш.
4.2. ВЫКАРЫСТАННЕ СУЧАСНЫХ АДУКАЦЫЙНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ
У НАВУЧАННІ ГІСТОРЫІ
4.2.1. Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо
Тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо вучыць разважаць, умець выказваць уласныя думкі, працаваць у вялікіх і малых групах1. У сучаснай навуцы існуе шмат вызначэнняў паняцця «крытычнае мысленне».
Крытычнае мысленне з’яўляецца адным з важных базавых уменняў навучэнцаў XXI стагоддзя. Настаўнікі вучаць уважліва чытаць тэксты, выказваць сумнеў (выяўляць тое, у чым лагічна магчыма сумнявацца), знаходзіць слабыя месцы як у чужых, так і ўласных аргументах, працаваць з паняццямі, выразна і абгрунтавана выказваць свае думкі.
Для развіцця крытычнага мыслення неабходна стварэнне і выкарыстанне спецыяльных метадычных інструментаў, адным з якіх стала распрацаваная амерыканскімі педагогамі Дж. Стыл, К. Мерэдытам і Ч. Тэмплам педагагічная тэхналогія развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо. Яе важным кампанентам з’яўляецца ўменне задаваць правільныя пытанні. Ім можа надавацца значна больш увагі, чым гэта звыкла для айчыннай сістэмы адукацыі.
Такім чынам, тэхналогія дазваляе перайсці ад маналогу да дыялогу з навучэнцамі. Вядома, што ў паўсядзённым жыцці вучні аналізуюць засвоеныя раней веды (кнігі, фільмы, вучэбную інфармацыю), але не часта іх выкарыстоўваюць. Тэхналогія дазваляе змяніць такую сітуацыю. Настаўнік выклікае ў дзяцей цікавасць да тэмы, ствараючы гульнявую сітуацыю ў пачатку ўрока (першы этап). На другім этапе ён актуалізуе веды вучняў, дапаўняе і абагульняе іх і дае новую інфармацыю. На трэцім этапе робяцца высновы ў выглядзе схем, лагічных ланцужкоў, крыжаванкі.
Тры этапы ўрока:
1. Выклік — актуалізацыя ведаў вучняў у кантэксце тэмы, прыцягненне іх увагі да тэмы, абуджэнне цікавасці да вывучэння тэмы (заахвочванне іх да гульні, абвяшчэнне не ўрока, а падарожжа), дапамога вучням у вызначэнні кірунку вывучэння тэмы.
2. Асэнсаванне — забеспячэнне актыўнасці ўспрымання вучнямі матэрыялу, атрыманне новай інфармацыі, абмен інфармацыяй паміж настаўнікам і класам.
3. Рэфлексія — вучні разам з настаўнікам робяць высновы пасля ўрока або нейкага яго этапу.
Асаблівасцю ўрока ў рамках дадзенай тэхналогіі з’яўляецца паэтапнасць пастаноўкі пытання. Асноўны прынцып: безацэначнасць падчас урока, бо ідзе сумесны пошук інфармацыі. Вучні разважаюць, настаўнік дзеліцца новымі звесткамі, непасрэдна звязанымі з іншымі прадметамі (геаграфія, літаратура), і тлумачыць усю інфармацыю падчас урока.
1 О. Н. Загашев. Крнтнческое мышленне : технологня развнтня. — СПб. : Альянс-Дельта, 2003. — 284 с.
Этап
Задачы этапу. Дзейнасць настаўніка
Дзейнасць вучняў
Магчымыя прыёмы і метады
Функцьхі этапу
Выклік: інфармацыя выслухоўваецца, запісваецца, абмяркоўваецца, работа вядзецца індывідуальна, у парах або групах
Накіравана на прыцягненне ўвагі вучняў за кошт існуючых ведаў па пытанні, што вывучаецца, актывізацыю іх дзейнасці, матывацыю да далейшай работы
Вучань успамінае, што яму вядома, вывучае пытанні (робіць здагадкі), сістэматызуе інфармацыю, задае пытанні, на якія хацеў бы атрымаць адказ
Складанне спіса «вядомай інфармацыі»; апавяданняў-здагадак па апорных словах; сістэматызацыя матэрыялу (папярэднія кластары, табліцы); слушныя — няслушныя сцверджанні; зблытаныя лагічныя ланцужкі
Матывацыйная, інфармацыйная, камунікацыйная