Вытокі і плынь
Алесь Бельскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
Калі я вырашыў падацца ў журналістыку, то ў гэтым выбары мяне падтрымлівала зямлячка, на той час галоўны рэдактар часопіса «Работніца і сялянка» Марыя Іосіфаўна Карпенка. Пры паступленні на журфак БДУ пасля атрыманых трох выдатных адзнак напаткала няўдача: я цяжка захварэў, трапіў на шпітальны ложак. «Калі не ляжаце тэрмінова на лячэнне, то вучоба не спатрэбіцца ў жыцці больш ніколі», — такі суровы прысуд зрабіў сталічны доктар. Было крыўдна і балюча, бо вучобай на гэтым факультэце трызніў з таго часу, калі пачаў друкавацца ў дзіцячых выданнях і райгазеце. Зімою 1980 года рэдактар «раёнкі» Віктар Адамавіч Семянкевіч запрасіў мяне месяц папрацаваць у газеце. Гэтая своеасаблівая азнаямленчая праца ў асяродку творчых людзей яшчэ больш узмацніла маё жаданне быць журналістам. Штодня я сустракаўся з Іванам Іванавічам Пракарынам, паэтам і кіраўніком літаб’яднання. Ён зрабіў крытычны аналіз маіх першых апавяданняў, і тыя парады, як кажуць, прыдаліся. Іван Іванавіч у рэкамендацыі-накіраванні на вучобу адзначаў, што мае лепшыя публікацыі вызначаюцца «добрым літаратурным
выкладаннем матэрыялу», выказваў спадзяванне, што ў будучым з мяне «атрымаецца сапраўдны творчы працаўнік». Гэтыя словы акрылялі, дадавалі ўпэўненасці...
Пасля таго як крыху акрыяў, пачаў працаваць піянерважатым у Руднянскай васьмігадовай школе, што за пяць кіламетраў ад Цімкавіч. Паспрабаваў свае педагагічныя здольнасці і на ўроках гісторыі, беларускай мовы і літаратуры. Увесь час фізічна загартоўваў сябе, зімою вельмі часта выпраўляўся на працу і вяртаўся назад на лыжах, за дзень праходзіў 10—12 кіламетраў. Вынік: па стане здароўя мяне намерваліся прызваць на службу ў ваенна-марскі флот. Улетку 1981 года трапіў працаваць у піянерскі лагер пры Старыцкай сярэдняй іпколе. Тут я сустрэўся з настаўнікам гісторыі і маладым літаратарам Анатолем Сідарэвічам, які па-сяброўску шчыра параіў паступаць на філалагічны факультэт і аргументаваў, чаму менавіта туды, а не ў іншае месца. Насуперак нечаканай прапанове ехаць вучыцца ў Вышэйшую камсамольскую школу ў Маскву я абраў беларускую філалогію, падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — і неўзабаве стаў студэнтам.
Філфак БДУ маёй студэнцкай пары — вялікае багацце і разнастайнасць выкладчыцкіх індывідуальнасцяў. Што ні педагог — то непаўторная і запамінальная на ўсё жыццё асоба. У нашу студэнцкую аўдыторыю прыходзілі таленавітыя літаратуразнаўцы і крытыкі, пісьменнікі, мовазнаўцы.
Творчых людзей з ліку першакурснікаў абвестка паклікала на пасяджэнне літаб’яднання «Узлёт». 3 намі сустрэўся ўніверсітэцкі прафесар і паэт Алег Антонавіч Лойка. Неяк робячы літаратурны агляд, ён адзначыў мастацкія вартасці маіх твораў. Асобныя з вершаў Алег Антонавіч змясціў у газеце «Беларускі ўніверсітэт». У гады студэнцкай вучобы я наладзіў актыўнае супрацоўніцтва з рэспубліканскім друкам, мае творы змяшчалі «Чырвоная змена», «Сельская газета», «Знамя юностн», «Работніца і сялянка», «Літаратура і мастацтва» і іншыя выданні. Часта падтрымліваў мяне з публікацыямі Аляксандр Рудніцкі, журналіст-зямляк з вёскі Доўгае, дзякуючы якому я меў прыварак да студэнцкай стыпендыі ў выглядзе ганарараў. Маё імя на старонках перыёдыкі заўважалі нашы выкладчыкі, якія пры нагодзе віншавалі з чарговай публікацыяй. Гэта і Любоў Канстанцінаўна Тарасюк, якая была куратарам нашай студэнцкай групы, і Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, і Віктар Канстанцінавіч Каратай...
Яўген Міхайлавіч Камароўскі выкладаў сучасную беларускую мову. Нашай групе пашэнціла, бо лектар дацэнт Камароўскі сам праводзіў практычныя заняткі і меў магчымасць добра пазнаёміцца з кожным задоўга да экзаменацыйнай сесіі. Аднаго разу ён прапанаваў напісаць восеньскую замалёўку. Я быў незвычайна ўзрушаны яго пахвалой і высокай ацэнкай: «Алесь! Веру: быць табе пісьменнікам...» На практычных занятках Віктар Каратай, малады тады выкладчык, таксама даў нам творчую працу. Яму спадабаліся мае лірычныя абразкі, і ён адзначыў іх добры мастацкі ўзровень.
Маю літаратурна-філалагічную культуру фарміравалі лекцыі літаратуразнаўцаў С. Александровіча, А. Лойкі, Д. Бугаёва, К. Хромчанкі, М. Яфімавай, В. Каратая, Л. Тарасюк, П. Ткачова, А. Станюты, Н. Галаўко, Д. Фёдарава, С. Малюковіч, В. Цімафеевай, I. Шаблоўскай і інш. Для пісьменніцкага досведу вельмі дарэчы прыйшліся лекцыйны курс і заняткі па культуры мовы Ніны Іванаўны Гілевіч, якая ставілася да мяне вельмі прыязна, з прыхільнасцю. Напоўніцу мы маглі выгаварыцца на практычных занятках Любові Аляксандраўны Ламекі. Вядома, гаварылі пра родную літаратуру. Наша выкладчыца дамагалася ад нас аналітычнага заглыблення ў мастацкі тэкст. Яна нязмушана выклікала да супольнага абдумвання і абмеркавання таго ці іншага пытання. Патрэбна была вялікая цярплівасць, каб выслухаць студэнцкія думкі-разважанні, і педагагічны такт, каб размаўляць з намі на роўных, з павагай і шчырасцю.
Амаль усе мы з хлопцаў-філфакаўцаў былі ў сваіх марах, імкненнях падобныя да коласаўскага Лабановіча. Да настаўніцкай працы нас з прафесійнай кампетэнтнасцю і вялікай душэўнай самааддачай рыхтавалі В. Лашкевіч і 3. Варановіч.
Аднак усё больш мяне заваблівала літаратура і навука. Мастацкая творчасць была на першым плане. Хацелася быць пісьменнікам. Аповесць пра школу-інтэрнат і цяжкіх падлеткаў я паказаў літаратурнаму крытыку Таццяне Шамякінай, якая пахваліла гэты «твор пра Юрку». Дапамогу з працаўладкаваннем у выдавецтве абяцаў Іван Чыгрынаў.
У пару студэнцтва шмат вершаў я пісаў пра каханне. Гэта вытлумачыць няцяжка, бо, як заўважыў паэт Максім Багдановіч, «маладыя гады, маладыя жадання». Адна з самых вялікіх і апошніх надрукаваных вершаваных нізак «Гарыць у душы святое пачуццё...» з’явілася на старонках газеты «Беларускі ўніверсітэт» вясной 1986 года. Амаль усе любоўныя творы я прысвяціў сваёй
будучай жонцы Алене. Мы пажаніліся, калі я перайшоў вучыцца на пяты курс. Нашай маладой сям’і давялося пакінуць студэнцкі інтэрнат і здымаць кватэру па вуліцы Янкі Маўра. Адчуўшы матэрыяльную нястачу, я ўладкаваўся на працу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 55 г. Мінска. Але тых заробленых грошай пасля аплаты кватэры заставалася як кот наплакаў.
Ужо сам лёс, які прывёў у БДУ вучыцца на філолага, прадвызначыў майго самага вялікага і галоўнага настаўніка ў літаратуры — нацыянальную і сусветную класіку. Зрэшты, вучнямі яе знакамітых прадстаўнікоў — і гэта зусім натуральна — назавуць сябе многія пісьменнікі. Класічныя творы — гэта не ўзоры для абавязковага пераймання, а той узровень майстэрства, які прымушае задумацца, наколькі ты здольны годна і натуральна тварыць свой мастацкі свет.
Яшчэ ў старшых класах, чытаючы апавяданні і раманы майго земляка Кузьмы Чорнага, я адчуў, што літаратура — рэч неймаверна складаная: гэта ж колькі таленту і ўмення патрэбна, каб зрасціся з думкамі-пачуццямі чалавека, выявіць яго характар, дакладна намаляваць жыццёвую сітуацыю ці стварыць яркі псіхалагічны пейзаж! Невыпадкова маёй настольнай кнігай надоўга стаў восьмы том Збору твораў пісьменніка (1975), у які, акрамя ўсяго, увайшлі артыкулы пра мастацкую творчасць і культуру пісьменніцкага слова: «Рэальнасць, фантазія, вымысел», «Маладыя празаікі», «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры», «Замест паштовае скрынкі» і інш. Думкі Чорнага ўнутрана блізкія мне, таму працытую некаторыя з іх: «Біяграфія героя — гэта значыцца рух чалавека, а гэта ўжо само сабою мае на ўвазе рух падзей»; «Сваім героям — тым людзям, якія дзейнічаюць у творы, аўтар павінен стварыць такія сітуацыі, дзе б героі маглі сябе больш выявіць, самі паказаць сябе, без аўтарскіх тлумачэнняў»; «А павінен аўтар глядзець на тое, як ён выказвае, як паказвае. Мова твора павінна быць па-мастацку простаю, жывою — гэтакаю, якою яна жыве, а не прыдумліваецца»; «MoBa — жывая істота. Яна жыве, а не існуе. Адным словам можна вельмі шмат выказаць або тым жа самым нічога не сказаць». Мяркую, што кожнаму пачаткоўцу, які настойліва бярэцца за пяро, пажадана ўдумліва прачытапь творы Чорнага, а яшчэ неабходна прыслухоўвацца да гэтага Майстра, вучыцца ў яго. Каб мець уяўленне пра шматгранны стылёвы і моўна-выяўленчы дыяпазон нашага мастацтва слова, неабходна прайсці ўрокі творчага
майстэрства ў многіх. Замежны вопыт тут таксама вельмі дарэчы. Асабіста я знаходжуся ў кантэксце нацыянальна-беларускай літаратурнай школы, не ўяўляю сябе без Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Максіма Зарэцкага, Лукаша Калюгі, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Івана Пташнікава... Быкаўскі суровы рэалізм, трагедыйны па сваёй сутнасці, дапамог мне абраць крытычны падыход да рэчаіснасці, таму ў першай палове 1980-х гадоў я змог напісаць творы на тэмы (жыццё ў школе-інтэрнаце, суіцыд, здзек з маленькага чалавека і некаторыя іншыя), якія ў савецкі час замоўчваліся ці абміналіся.
У студэнцкія гады я паступова пераключыўся на прозу. Невялікую аповесць пра жыццё цяжкіх падлеткаў я аднёс у часопіс «Маладосць» да Уладзіміра Дамашэвіча. Уладзімір Максімавіч, што і натуральна, патрабавальна паставіўся да твора маладога аўтара, зрабіў мне парады. Але аповесць пабачыла свет толькі праз дзесяць гадоў у калектыўным зборніку «Карані» (1994). Дарэчы, У. Дамашэвіч адзін з першых звярнуў увагу ў друку на маю творчасць. Вось што ён пісаў у літаратурным аглядзе за 1990 год: «Калі на большасці апавяданняў, пра якія ішла гаворка, прыкметна пячатка пачаткоўства, то апавяданне Алеся Ветаха “Перакрыжаванне” робіць уражанне, што яго пісаў чалавек сталы, які ўмее валодаць матэрыялам, ведае законы кампазіцыі, святла і ценю». Пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзімір Саламаха на старонках «Маладосці» выказаўся так: «Андрэй Федарэнка, Анатоль Казлоў, Алесь Наварыч, Барыс Пятровіч, Алесь Ветах — вельмі непадобныя празаікі, кожны па-свойму цікавы і таленавіты, кожны са сваёй тэмай, са сваім поглядам на жыццё, на чалавека. Асабіста я без усякіх сумненняў лічу іх сталымі літаратарамі. Але разам з тым шкадую, што наша прафесійная крытыка да цяперашняга часу па-сапраўднаму не ацаніла кожнага з іх» (артыкул «Мовы нашай вартавыя»), Першыя найбольш значныя апавяданні я надрукаваў у «Маладосці». У 1994 годзе «Бібліятэка часопіса “Маладосць”» прапанавала чытачам мой першы зборнік прозы «Ружовая знічка». Галоўны рэдактар часопіса Генрых Далідовіч так ацаніў мой літаратурны набытак на старонках «ЛіМа»: «А. Бельскі — крытык, але стварыў, як я лічу, вельмі прыстойную аповесць і арыгінальныя апавяданні...» Першы зборнік нечакана прынёс мне званне лаўрэата часопіса «Маладосць». Нягледзячы на зробленае ў прозе, спадзяюся, што напішу яшчэ не адну адметную і цікавую рэч. Апошнім часам я пачаў звяртацца да прыёмаў іншасказальнасці, карнавалу, гратэ-