Вытокі і плынь  Алесь Бельскі

Вытокі і плынь

Алесь Бельскі

Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
31.39 МБ
ску, тым самым пашыраючы стылёва-выяўленчыя абсягі сваёй творчасці. Асобныя мае творы мелі розгалас, нарабілі, як кажуць, шуму. Засмучае, што сёй-той безразважна шукае прататыпаў, аналогіі з рэальнымі падзеямі, прымітыўна вытлумачвае змест. Аднак я найперш імкнуўся да праблемнай завостранасці сюжэта, стварэння абагульненых вобразаў-тыпаў, хоць, безумоўна, адштурхоўваўся ад рэальных жыццёвых сітуацый. Нягледзячы на дэфіцыт вольнага часу, я падрыхтаваў новыя кнігі прозы «Сны пра дзяцінства» і «Хрыстос між нас».
Літаратурнага настаўніка ў сэнсе пастаяннага дарадцыапекуна я не сустрэў. Праўда, асобныя пісьменнікі ўважліва прачыталі мае творы, падтрымалі на літаратурнай сцежцы, і за гэта ім маё шанаванне, самая шчырая ўдзячнасць. Іхнія імёны заўсёды жывуць у маёй памяці і сэрцы: Уладзімір Дамашэвіч, Генрых Далідовіч, Уладзімір Саламаха, Алесь Масарэнка, Георгій Марчук, Анатоль Казлоў, Барыс Пятровіч... Апраўдаць бы толькі давер, спадзяванні, прыхільныя ацэнкі, выдадзеныя часам авансам. Тонка, пранікліва адчуў мае душэўныя перажыванні Мікола Мішчанчук, які прааналізаваў кнігу прозы «Хроніка смутку» («Полымя», 2000, № 10). Аповесць «Не памірай, надзея» грунтоўна разгледзеў Алесь Карлюкевіч. Пра мае творы пісалі Арнольд Макмілін, Алег Ждан, Людміла Рублеўская, Марыя Верціхоўская, Лада Алейнік... Так што Алесю Ветаху грэх скардзіцца на няўвагу да празаічнай творчасці.
Ёсць і іншыя настаўнікі ў літаратуры. Гэта, як бы трывіяльна ні гучала, само жыццё, Бог, душа, сумленне. Жыццё вучыць і выпрабоўвае, Бог дае творчае натхненне, душа намаўляе і падказвае, сумленне не дае спаўзці ў маральную дрыгву.
Пасля заканчэння ўніверсітэта я пачаў працаваць намеснікам дырэктара Слабадской васьмігадовай школы Мінскага раёна. Праўда, хацеў вярнуцца з жонкай на радзіму, у свае Цімкавічы, каб тут працаваць і даглядаць ужо састарэлую і хворую маці. «Круціць педалі ровара» штодня за дзесяць кіламетраў, каб трапіць на працу ў школу, не пажадаў, таму былы загадчык Капыльскага райана з лёгкім сэрцам адпусціў мяне працаўладкоўвацца самастойна. Рэцэнзент маёй дыпломнай працы па творчасці Кузьмы Чорнага вядомы літаратуразнаўца Павел Дзюбайла прапанаваў паступаць вучыцца ў завочную аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. Прафесар Алег Лойка таксама не забыўся на мяне, бо, як-ніяк, а я падаваў пэўныя надзеі ў навуцы, запомніўся яму сваімі выступленнямі ў Вязынцы, на навуковых студэнцкіх
канферэнцыях. У час працы з настаўнікамі на зернясховішчы ў мясцовай гаспадарцы мяне знайшоў ліст аднакурсніка Паўла Навуменкі, у якім ён па даручэнні Алега Антонавіча запрашаў мяне прыехаць здаваць экзамены ў дзённую аспірантуру БДУ. I я зрабіў выбар на карысць навукі.
Аспірантуру закончыў паспяхова, паколькі датэрмінова падаў рукапіс дысертацыі на абмеркаванне. Крыху больш чым праз год у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі я абараніў кандыдацкую дысертацыю. Мяне пакінулі працаваць у БДУ Тут я прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара. Імкнуўся шмат і настойліва працаваць над сабой, над развіццём уласнага навуковага і педагагічнага патэнцыялу. Але бракавала часу, багата арганізацыйных высілкаў забірала загадванне кафедрай даўніверсітэцкай падрыхтоўкі (1992—1995 гг.). Раптоўна выбіла з жыццёвай каляіны смерць маці і брата Анатоля... Таму папрасіўся ў дактарантуру для завяршэння працы над доктарскай дысертацыяй. Праз тры гады абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук. У гэты ж дзень прыйшло паведамленне з ВАКа Беларусі, што мяне прызначылі вучоным сакратаром савета па абароне доктарскіх дысертацый у галіне літаратуразнаўства. А да таго ж, у той самы дзень, 14 красавіка 1998 года, Бельскага-Ветаха прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Праз дзень-другі беларускія газеты, пачынаючы ад рэспубліканскай «Звязды» і да раённай газеты «Слава працы», разнеслі вестку па ўсёй Беларусі: «Дацэнт БДУ Алесь Бельскі адначасова з прыёмам у Саюз пісьменнікаў абараніў доктарскую дысертацыю». Назаўтра, як кажуць у такіх выпадках, я прачнуўся славутым. Хоць, шчыра кажучы, мне гэта прыйшлося не па душы, бо я апынуўся ў зоне павышанай увагі. Здавалася, што пра мяне рана гаварыць, трэба яшчэ шмат працаваць, прычым без ажыятажу і тлуму вакол уласнага «я». Мяне пачалі запрашаць на тэлебачанне, радыё, у бібліятэкі, і трэба было вытрымаць гэты націск. У адной з газет аўтар публікацыі пра маю сціплую асобу зрабіў наступныя падлікі: «А шэраг падзей і фактаў яго біяграфіі проста ўражвае: у 34 гады ён абараніў дысертацыю і стаў самым маладым доктарам філалогіі ў галіне беларускага літаратуразнаўства за ўсё XX стагоддзе, у 37 гадоў яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа, у 38 гадоў атрымаў вучонае званне прафесара...» Пасля некалькі нядобразычліўцаў, чаго я абсалютна не чакаў, імкнуліся мне прыпісаць хваробу на «манію велічы».
Між тым, у сваім родзе я не першы прафесар. Мой дзядзька Фама Бельскі стаў прафесарам педагогікі яшчэ ў 1925 годзе. Стрыечны брат Георгій Яталь — вядомы ўкраінскі лінгвістпаліглот, доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат прэміі імя Яраслава Мудрага за створаныя падручнікі па замежных мовах. Я маю гонар належаць да роду Бельскіх, з якога выйшлі неардынарныя людзі. Так, мой прадзед Сільвестр быў выпускніком літаратурнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, вучыўся ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам і іншымі філаматамі ды філарэтамі. Я добра ўсведамляю, што мне выпала несці адказнасць за прадаўжэнне духоўных традыцый сваіх папярэднікаў, а таму нельга схібіць, трэба заставацца самім сабой, годна і сумленна трымацца ў гэтым няпростым жыцці.
Шмат часу забрала і вымагае па сёння педагагічная, навуковая, арганізацыйная дзейнасць. На філалагічным факультэце БДУ чытаю вядучыя вучэбныя курсы, кірую студэнцкім навуковым спецсемінарам, працамі маладых вучоных і інш. У 2000—2002 гадах узначальваў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. Выступіў з дзясяткамі дакладаў на навуковых канферэнцыях, працаваў у розных саветах і інш. Радуе, што некаторыя з маіх былых выхаванцаў сталі пісьменнікамі, выдалі ўласныя кнігі паэзіі і прозы. Усё нават цяжка згадаць і пералічыць.
Вялікая ўцеха ў жыйці, шчасце на гэтым свеце — мая сям’я. Мне прыемна і радасна, што сын Яўген стаў журналістам, творча працуе са словам. Дачка Ірына скончыла музычнае вучылішча імя Глінкі ў Мінску, Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Жонка Алена напрыканцы лета 2007 года падаравала нам цуд: маленькага Антосіка. Алена — маё другое «я», чулая спадарожніца жыцця, з ёй разам мы прайшлі нямала складаных і цяжкіх выпрабаванняў. Дастаткова сказаць, што наша сям’я пражыла ў студэнцкім інтэрнаце БДУ сямнаццаць гадоў; тут памерла мая маці, давялося спазнаць чыноўніцкую абыякавасць і чэрствасць. Спадзяюся і веру, што маіх дзяцей і ўнукаў чакае спагадны, шчасны лёс. А як жа інакш: ім жа працягваць тое лепшае, чым жывём мы, іх бацькі, несці прыгожыя ідэалы духоўнасці і чалавечнасці, якімі кіраваліся нашы продкі.
Мне здаецца, што сёння я выйшаў на шырокія прасцягі жыцця. Мацнее хада, бо адчуваю ўпэўненасць у сваіх творчых сілах. Ведаю і не сумняваюся: праца дае плён. Сонца спеліць маладое лета, а восень пакажа, які я працаўнік і чаго варты мае клопаты,
высілкі, дбанне. Яшчэ неба над галавой высокае, яшчэ, здаецца, так далёка да сходу, да апошняга выраю. Шкада, што чалавеку даецца адзін зямны век, а таму трэба спяшаць, каб пасля сказаць: маё жыццё адбылося.
2008, 2013
			
ВЫТОКІ I ПАЫНЬ
Гісторыя майго навуковага спецсемінара вяртае да вытокаў — аж на дваццаць гадоў назад, у мінулае, да пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя. Тады я, малады выкладчык БДУ, у чэрвені 1991 года атрымаў пацверджанне з BAK СССР аб зацвярджэнні мяне ў статусе кандыдата філалагічных навук. Неўзабаве, напярэдадні новага навучальнага года, загадчык кафедры беларускай літаратуры прафесар A. А. Лойка даручыў мне чытаць першы лекцыйны курс і прапанаваў кіраваць спецсемінарам па беларускай паэзіі. Прынамсі, тады на філфаку маладых кандыдатаў навук працавала не так шмат, як цяпер, ды і семінары можна было лёгка палічыць — не тое, што сёння: семінараў па кожнай кафедры цэлае суквецце.
Чытаць лекцыі я ўжо спрабаваў, а вось пра тое, як арганізаваць працу навуковага спецсемінара, пакуль меў цьмянае ўяўленне. Выбраць назву семінарскага курса па прапанаваным загадчыкам кафедры кірунку дапамагла манаграфія вядомага даследчыка літаратуры У. В. Гніламёдава «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983). Праўда, назву я ўдакладніў наступным чынам: «Творчая індывідуальнасць паэта і сучасны літаратурны працэс», а пазней акрэсліў больш шырокае тэматычнае поле пры выбары аб’екта вывучэння і даследавання, тым самым даючы студэнтам магчымасць для рэалізацыі ўласных навуковых, літаратурных зацікаўленняў у межах семінарскага навучання. Такім чынам, мой навуковы спейсемінар па беларускай літаратуры на філалагічным факультэце замацаваўся пад загалоўкам «Творчая індывідуальнасць пісьменніка і сучасны літаратурны працэс».
Першы набор у спецсемінар прыпаў на 1992/93 навучальны год. Запісваліся да мяне, маладога выкладчыка, студэнты з ахвотай. Сярод тых, хто абраў мой семінар па беларускай паэзіі,
былі Вячаслаў Корбут, Лія Кісялёва, Наталля Зубчонак, Валеры Пазнякевіч і інш. У колькасных адносінах той склад спецсемінара быў ці не самы шматлікі — 14 чалавек. Прызнаюся як на духу: тады мяне надзвычай турбавала, нават вярэдзіла думка: «А што, калі студэнты не прыйдуць на мае заняткі?» Аднак, на шчасце, мяне напаткаў поспех.
3 цягам часу спецсемінар набыў, як кажуць, свой імідж, творчую рэпутацыю. Праўда, у ягонай дзейнасці адбыўся пэўны перапынак у сувязі з маім навучаннем у дактарантуры. Семінар аднавіў сваю працу ў 1998/99 навучальным годзе. Першымі студэнтамі на новым этапе семінарскай падрыхтоўкі былі Capreft Абрамовіч, Наталля Янковіч, Таццяна Зяневіч, Марыя Зенава, Алеся Луцкевіч, Наталля Факалы, Таццяна Рахленка, затым прыйшлі Надзея Шэйко, Наталля Захарава, Анастасія Гарохавік, Раман Дубашынскі... Даволі адчувальны прыток моладзі ў спецсемінар назіраўся ў другой палове 2000-х гг., калі ў яго штогод запісвалася па тры-чатыры, a то і пяць чалавек. Менавіта ў гэты час пад маім кіраўніцтвам займаліся Таццяна Мацюхіна, Наталля Кудзіч, Ксенія Навіцкая, Тамара Кур’яновіч, Таццяна Мойса, Марына Сценнік, Кацярына Церская, Таццяна Кавалеўская, Настасся Цюхай, Анастасія Ніжэвіч, Марына Чачотка і інш. У 2011/12 навучальным годзе ў спецсемінары працавалі Аляксей Багушэвіч, Яўгенія Галагуш, Сяргей Хораў, Алена Кісялёва, Карына Сівец, Аліна Пігас, на змену ім у кастрычніку 2013 года прыйшло новае папаўненне — Вікторыя Каліноўская, Ганна Конаўка і Юлія Паржон.