Вытокі і плынь
Алесь Бельскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
Алесь Бельскі
ВЫТОКІ Iплынь
Артыкулы, нарысы, эсэ
Мінск Выдавец Зміцер Колас 2018
УДК 821.163.3-3(09)(43)(081)
ББК. 84(4Бен)
Б43
Для афармлення вокладкі выкарыстана рэпрадукцыя карціны Алеся Квяткоўскага «Бярозавы гай»
Бельскі, A. I.
Б44 Вытокі і плынь : артыкулы, нарысы, эсэ / Алесь Бельскі. — Мінск : Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 140 с.
ISBN 978-985-23-0007-0.
У зборнік увайшлі выбраныя творы, напісаныя вядомым літаратарам і журналістам на працягу 1975—2015 гг., пачынаючы ад школьнага часу да сённяшніх дзён. Гэтыя адмыслова падабраныя тэксты даюць уяўленне пра творчую эвалюцыя аўтара, яго жанравыя і тэматычныя пошукі. У першую чаргу ў выданне ўлучаліся публікацыі краязнаўчага характару, змешчаныя ў беларускай перыёдыцы.
Зборнік падрыхтаваны да 40-годдзя з пачатку творчай дзейнасці аўтара.
УДК 821.163.3-3(09)(43)(081)
ББК 84(4Бен)
ISBN 978-985-23-0007-0
© Бельскі A. L, 2018
© Афармленне. Выдавец
Зміцер Колас, 2018
Прадмова
Дасылаць свае допісы ў газеты я пачаў у шостым класе. Першая мая публікацыя ў рэспубліканскім друку з’явілася ў газеце «Зорька» (1975, 22 жніўня). Затым на пачатку 1976 года невялікія зацемкі змясціла газета «Піянер Беларусі», а пасля маё імя стала часцей за ўсё фігураваць на старонках раённай газеты «Слава працы». У 1977 годзе надрукаваў першую замалёўку дзіцячы часопіс «Бярозка». Ад гэтага часу і пачалася мая актыўная творчасць, супрацоўніцтва з перыядычным друкам. У старшых класах я ўжо меў публікацыі ў газеце «Чырвоная змена» і часопісе «Работніца і сялянка».
Першыя допісы — пра школьнае жыццё, якое было надзвычай цікавым, насычаным на розныя падзеі і мерапрыемствы. Праводзіліся ўрачыстыя піянерскія лінейкі, камсамольскія сходы, вечарыны, конкурсы, ладзіліся канцэрты, спектаклі... Цяпер усё нават цяжка згадаць. Аднак звесткі пра школьнае жыццё другой паловы 1980-х гадоў захаваліся ў тых маіх даўніх публікацыях.
Вельмі хацеў паступіць на журфак БДУ, але мара мая не збылася. Пасля працы піянерважатым падаўся вучыцца на настаўніка. Студэнтам філфака БДУ таксама шмат друкаваўся. Па-ранейшаму супрацоўнічаў з капыльскай раёнкай, цешыўся новым публікацыям у рэспубліканскім друку. Апрача журналісцкіх матэрыялаў, спрабаваў сілы ў літаратурнай крытыцы, пісаў мастацкія творы. У 1984—1985 гг. з’явіліся першыя мае рэцэнзіі на старонках «Настаўніцкай газеты» і штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Карэспандэнцыі, нарысы і творы іншых жанраў найчасцей друкаваліся ў газетах «Чырвоная змена», «Знамя юностн», «Мінская праўда», «Сельской газете» і інш. 3 часу аспіранцтва і першых гадоў выкладання ў БДУ пашырылася кола выданняў, дзе змяшчаліся мае матэрыялы: газета «Звязда», часопісы «Маладосць», «Першацвет», «Полымя», «Родная прырода», «Беларуская мова і літаратура ў школе» («Роднае слова») і інш. Большасць з тых публікацый улучаны ў зборнікі «Пакуль баліць душа» (1995), «Краса і смутак» (2000), «Экалогія душы» (2003) і інш.
За ўвесь перыяд творчай дзейнасці шмат чаго напісана і надрукавана. Сёе-тое засталося неапублікаваным. Пад вокладкай гэтай кнігі ўпершыню сабраны раннія творы і тое найбольш рэпрэзентатыўнае, што яшчэ не ўваходзіла ў зборнікі. Творы
рознай тэматыкі і розных жанраў Безумоўна, не ўсё трэба зноў выцягваць на свет, да гэтага я, шчыра кажучы, і не імкнуўся, але некаторыя з першапублікацый узнаўляюцца тут дзеля таго, каб акрэсліць шлях светапогляднай і творчай эвалюцыі аўтара гэтай кнігі.
Шчыра ўдзячны ўсім творчым людзям, хто падтрымліваў мяне, даваў парады, рыхтаваў матэрыялы да друку. 3 глыбокай павагай і словамі сардэчнай падзякі згадваю В. Семянкевіча, I. Пракарыну, У. Гурыновіча, Р. Швеца, М. Карпенку, Г. Чыгіра, М. Зарэмбу, А. Рудніцкага, Г. Каржанеўскую, А. Сідарэвіча, М. Шавыркіна, Г. Тычко, А. Масарэнку, М. Старых, А. Камароўскага і інш.
Прапаную вашай увазе артыкулы, нарысы, рэцэнзіі, якія перадрукоўваюцца з нязначнымі аўтарскімі ўдакладненнямі і праўкамі. Шэраг ранніх твораў аб’яднаны ў асобныя нізкі тэматычна. Некаторыя мясціны ў тэкстах адноўлены па рукапісах.
1975—1980
У РОДНЫХ МЯСЦІНАХ
Цімкавічы — мая радзіма, бясконца дарагая сэрцу мясціна, дзе столькі хараства, гожасці, цудаў. Тут мне добра, утульна, лепей і не трэба. Вясною з нецярпеннем чакаю з выраю шпакоў і буслоў, летам часта бегаю ў лес па грыбы і ягады, зімою на лыжах выпраўляюся да Бушылава, потым кіруюся да прырэчнага лесу... Паўсюль вока чаруе родны край, незвычайны свет акаляючай прыроды.
Шумяць прысады
Мая бабуля жыве ў нашай вёсцы на пачатку зялёных прысадаў. Прысадамі называюць шлях, абсаджаны абапал таполямі. Ён вядзе далей да суседняга Чарнагубава. Там растуць старыя камлістыя бярозы. Раней, па словах бабулі, праз Цімкавічы пралягаў Кацярынінскі тракт. Калісыді па брукаванцы людзі — хто на падводах, а хто пешкі — кіраваліся на базар у Слуцк. Высокія дрэвы ціха шумяць, перашэптваюцца, зацяняючы ад спякотнага сонца шлях, па якім крочаць мясцовыя жыхары ці прыезджыя госці.
Побач з бабулінай хатай — старыя могілкі з камяняміпомнікамі. Некалі тут раслі дрэвы і бэз, у густоўі якога па начах спявалі салаўі. Непадалёк, пры сядзібах, сяліліся буслы. У пачатку вайны немцы загадалі зрэзаць на могілках зялёныя дрэвы і выкарчаваць бэз. Яны баяліся, што да могілак змогуць падкрасціся партызаны і ўчыніць на дарозе якую-небудзь дыверсію.
Вузенькая сцежка вядзе на ўскрай балота. Крыху воддаль ад хаты маёй цёткі некалі махаў крыламі вятрак, тут сяляне малолі збожжа. Гэтага млына ўжо няма, на яго месцы зелянее мурог. Каля Агароднікаў пры рацэ пабудаваны цагляны млын, які працуе на электрычнасці.
Вяртаюся дамоў паўз хату старога пчаляра. Шумяць таполі, гамоняць мае родныя прысады.
Квітней, яблынька!
Мой дзядуля жыў у гэтай самай вёсцы, дзе жыву і я. Працаваў на зямлі: араў, сеяў, касіў. Калі ён быў яшчэ маладым, пасадзіў невялікі сад.
Сад, пасаджаны дзядулевымі рукаі^і, набіраў моцы. Вясною буяў духмянай белай квеценню, восенню дарыў спелыя антонаўкі, чырванабокія малінаўкі, сакавітыя грушы. Аднак з цягам часу дрэў у садзе стала менш. Вось і сёлета на ўзмежку не зацвіла антонаўка, адна з тых яблынь, што пасадзіў дзядуля сорак гадоў назад, і пачала засыхаць. У рэшце рэшт яе давялося спілаваць. Мы пілавалі, а вочы матулі поўніліся слязьмі. Ёй было шкада дрэва, якое нагадвала пра бацьку, нашага дзядулю. Мы, унукі, яго ніколі не бачылі. Ён загінуў на фронце 21 сакавіка 1945 года...
Вясна... Блізілася да канца вайна, а людзі аддавалі свае жыцці за светлы мірны дзень, нашу будучыню.
Вясна... Навокал цвіце жыццё. Ад павеву ветрыку шапоча маладзенькая лістота, прыветна гойдаюцца галінкі з белымі кветкамі. На гэтае дзівоснае хараство хочацца глядзець бясконца. Міжволі радуешся блакітнаму небу і цёпламу сонцу.
Дзядулеў сад... Шкада старой яблыні. Антонаўка аджыла сваё, скончыліся яе пакуты.
На гэтым месцы мы з матуляй пасадзілі новую яблыньку. Сёлета на ёй з’явіліся першыя жоўта-зялёныя яблычкі: спелыя, духмяныя. Жыццё старой антонаўкі прадоўжыла маладое дрэўца.
Гэтай восенню я пасадзіў яшчэ адзін саджанец. Расці, яблынька! Паспрабую выгадаваць свой сад. Здаецца мне, калі кожны чалавек зразумее, як важна пасадзіць на зямлі дрэва, то жыццё наша ператворыцца ў сапраўдны квітнеючы сад. Які ж цудоўны будзе гэты сад!
Ля Кавалёвай сценкі
Мінуўшы чыгунку, мы з Віцем роснай сцяжынкай адзін за адным крочым у бок Прусаў, туды, дзе ў нізкай лагчыне цячэпятляе ціхая рачулка. Сонца яшчэ толькі ўзнялося над небасхілам і зыркім святлом разганяе ранішні туман. Сёння ля Кавалёвай сценкі мы будзем вудзіць акунёў і плотак, а ўчора днём з дапамогай падхватніка налавілі цэлы кош ракаў. Падыходзячы
да рачулкі, заўважылі, што з правага боку крыху размыла бабровую плаціну...
Але не толькі рыбалка з уловам займае нас. У дзённую спёку мы будзем купацца ў рацэ, ныраць і даставаць са дна бліскучыя каменьчыкі, ракавінкі. А якая асалода папіць сцюдзёнай крынічнай вадзіцы! Зробіш глыток, два — і зубы аж заходзяцца! Крынічка струменіць побач з рачулкай, шчодра сілкуе яе плынь сваёй чыстай вадою. Здаўна людзі сюды ходзяць і чэрпаюць крынічную ваду, бо лічаць, што яна лекавая, цудадзейная. Яе п’юць нашча, прамываюць ёй вочы.
Калісьці пры самай рацэ, далей ад людскіх сядзіб, месцілася кузня. 3 ранку да вечара не сціхаў тут стук-звон. Каваль, б’ючы па гарачым жалезе, вырабляў нарогі, плугі, палазы для саней, падковы для коней, абручы для цэбраў і дзежак, малаткі, сярпы, нажы, восілкі, крукі, прабоі і іншыя рэчы. Пры кавадле стаяла вялікая драўляная бочка з вадою: у ёй кавальскі выраб, заціснуты кляшчамі, ахалоджваўся. Ад старой кузні сёння няма і следу. Хіба што толькі назва «Кавалёва сценка» засталася ў памяці і гаворцы напамінам пра былое.
У старым парку
Калі ўлетку ехаць з Цімкавіч на Лешню, то з правага боку, пры самай аўтабазе, сцяной стаяць цёмна-зялёныя дрэвы. Высока ўздымаюць свае шаты магутныя дубы, а па-над імі цягнуцца да аблокаў вастраносыя елкі. Гэта раскінуўся стары парк, які за даўнейшым часам належаў багатым панам Радзівілам. Даўно ўжо няма тых паноў, а парк застаўся, радуе людзей сваёй велічнай прыгажосцю.
У гэтую мясціну я ўпершыню патрапіў разам з татам, з якім мы прыйшлі на святкаванне Дня Перамогі. У парку граў духавы аркестр, танцавалі пары. Калі музыканты адпачывалі, то гучалі песні. На ўскрайку парку ветэраны хорам працяжна спявалі: «Ой, бярозы да сосны, партызанскія сёстры...»
Мне вельмі падабаецца хадзіць у наш стары цімкавіцкі парк, бавіць тут вольны час. Тым больш, што побач жыве мой сябар Рыгор. Мы гушкаемся на арэлях, гуляем з мячом, слухаем музыку. Парк нібы ўзяў нас пад сваю бацькоўскую апеку.
У спякотныя дні пад ценем дрэў лёгка дыхаецца, прахалода лагодзіць і супакойвае. Хацелася б, каб у нашым старым парку стала яшчэ больш утульна і прывабна. Можна было б
добраўпарадкаваць гэтую зялёную зону: сям-там паставіць альтанкі, закапаць пры сцежках лаўкі. Зусім побач з паркам Цімкавіцкая ўчастковая бальніца. Пацыенты з задавальненнем будуць хадзіць сюды гуляць, дыхаць чыстым, гаючым паветрам. Прырода таксама лечыць чалавека, дае моцы і сілы.
1976, 1978, 1979
ЖЫВУ СЯРОД ШЧАСАІВЫХ ЛЮДЗЕЙ
Быць настаўнікам — гонар і адказнасць. А яшчэ — радасць і шчасце. Шчаслівы той, хто вучыць іншых, перадае цяпло свайго сэрца дзецям. У Цімкавіцкай СШ імя Кузьмы Чорнага працавалі і сёння працуюць глыбока адданыя сваёй справе педагогі. Шчырая ўдзячнасць настаўнікам жыве ў сэрцах многіх былых выхаванцаў школы.