Вытокі і плынь
Алесь Бельскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
Адразу зазначым, што ў новым зборніку В. Шніпа не ўсе творы маюць аднолькавую эстэтычную вартасць, розняцца сваім мастацкім узроўнем. Больш за тое, у гэтай кніжцы ў некаторай ступені адлюстраваліся як станоўчыя, так і адмоўныя бакі нашай маладой паэзіі.
Удумаемся ў назву «Пошук радасці». Ці трэба яе шукаць? Здаецца, яна амаль заўсёды побач, яна ў самім чалавеку. Радасць доўгі час неадступна спадарожнічала нам у грамадскім жыцці. Колькі радасці было ў вершах і выступленнях нашых паэтаў! Радаваліся свайму дабрабыту і беспакаранасці бюракраты, чыноўнікі, хапугі. Здавалася, не будзе канца ўяўнай радасці і бясконцаму захапленню асобных нашых паэтаў. Радасць радасцю, але ж ёсць і праблемы, якія спараджаюць засмучэнне і трывогу. Добра, што ў нас была і ёсць паэзія высокага грамадзянскага гучання, якая ваявала з недахопамі. Слова праўды П. Панчанкі бязлітасна і гнеўна выкрывала тых, хто, «каб паболей адхапіць — гатовы праўду Леніна забіць». Глытком свабоды для кожнага савецкага чалавека стаў з’езд «ачышчэння, абнаўлення, праўды» (П. Панчанка). I раптам стала не да радасці. Столькі праўды адкрылася пра наша савецкае мінулае, што слёзы нагортваюцца!
Але выбар і справа самога паэта, што шукаць — радасць ці сум, праўду ці прыгожую казку. Да таго ж маладосць заўсёды схільна ідэалізаваць, яна заўсёды ў палоне летуценняў, імкне да ўзнёсласці пачуццяў. I гэта цудоўна. Але паэт В. Шніп часам бачыць і шукае радасць там, дзе яе няма. Такія набалелыя рэчы закранае паэт, але адпаведных слоў і фарбаў не знаходзіць. Слушна сказаў В. Быкаў аб тым, што мастак павінен «задачы ставіць настолькі вялікія перад сабой, каб нават пераўзысці сябе».
Возьмем экалагічную тэму. Дарэчы, у першым зборніку паэта нам імпануе шчырая трывога аўтара пра стан і ахову прыроды. У «Пошуку радасці» на азначаную тэму хацелася б ухваліць верш «Дрыготкія зоры Сусвету...». А вось твор «Асвяціла нябёсы...» сузіральна-апісальны, няма ў ім ні чалавечай горычы, ні болю:
А на прызбе старыя Зноў размовы вядуць Пра былыя палеткі, Пра лясы, пра ваду. I ўсё хваляць былое...
Так, мудрыя дзяды і бабулі захапляюцца былой красой, памятаюць былое — доўгае жыццё яны пражылі на свеце. Але ж «неспакойныя думкі пра лясы, пра ваду» якраз і не выклікаюць неспакою, болю, трывогі. Канстатацыя застаецца канстатацыяй. Чагосьці не стае вершу, каб ён загучаў, хваляваў чытача і выклікаў паглыблены роздум.
Добрае ўражанне пакідаюць вершаваныя замалёўкі «Эцюд», «Праз лес я ехаў нейк уранні...», «Гайнёю быстраю ляціць...». В. Шніп умее маляваць словам. Аднак у пейзажнай лірыцы паэту бракуе філасофскай падсветкі, грамадзянскага ці этычнага зместу. Сучасны чытач мае патрэбу не толькі ў прыгожых апісаннях, а жадае сустрэць значныя думкі-ідэі, глыбокія назіранні і разважанні.
Даючы ўяўленне пра «Пошук радасці», у анатацыі да зборніка адзначаецца, што «праца савецкага чалавека, клопаты пра мір на зямлі, вернасць сяброўству — вось асноўная праблематыка новай кнігі». Няшмат вершаў набярэцца ў зборніку В. Шніпа на гэтыя тэмы-праблемы. Недакладнае вызначэнне асноўнага зместу кніжных выданняў паэзіі ўжо неаднойчы выклікала справядлівыя нараканні, незадаволенасць, бо, маўляў, аўтар жа на зусім іншым акцэнтуе і канцэнтруе сваю ўвагу. Змеіпчаныя ў зборніку некалькі твораў, ці, як бывае, нават адзін верш на згаданую ў анатацыі тэму з’яўляецца своеасаблівым «прычапным вагонам». Такі зман можа абярнуцца для аўтара непрыемнасцямі з боку крытыкі, аб чым, у прыватнасці, сведчыць лімаўская рэцэнзія М. Талочкі «Вершаліна без каранёў» на зборнік У. Мазго. У анатацыі да кніжкі В. Шніпа таксама відавочна рэдакцыйна-выдавецкая спекуляцыя на грамадзянскіх тэмах ды глабальных праблемах. Арыентуючыся на рэкламна-анатацыйны змест, чытач можа зрабіць аўтару не адзін папрок. Запынімся на творах акрэсленай вьнйэй праблематыкі, якую наўрад ці можна назваць ключавой у кнізе.
Мір і праца — тэмы актуальныя, сёння паэты звяртаюцца да іх досыць часта. В. Шніп, як прадстаўнік свайго пакалення, усведамляе, што на плечы маладых наш трывожны час усклаў адказнасць за Зямлю, Сонца, Мір:
Мы Зямлю ад агню ўратуем, Нас Зямля ад агню ўратуе.
Аднак гэта гучная паэтычная дэкларацыя — не больш таго. Пякучых і балючых радкоў не стае вершам «Адвечныя думы зямныя...», «Яшчэ хапае ў свеце зла...», у якіх відавочная канстатацыя агульнавядомага: «Пакуль за дабро чалавеку прыносіць дабро чалавек» (с. 9); «Калі вы хочаце дабра, дабро тварыце» (с. 11). Праблема вайны і міру вымагае яскравага выяўлення ўласнага светапогляду, філасафічнасці, чаго, бадай, і бракуе вершам В. Шніпа.
Возьмем паэтычныя творы аб «працы савецкага чалавека». У папярэднім зборніку В. Шніпа працоўная тэматыка была прадстаўлена добрымі вершамі «Кранаўшчыца», «Вучань цесляра». У новай кніжцы з тэмай працы звязаны хіба адзіны верш «Ужо каторы дзень...». 3 яго паўстае вясковая рэальнасць:
I дома ў агарод Пракралася макрыца. Жанчынам гаварыць I не нагаварыцца.
Павярхоўнасць, апісальнасць — вось хібы такой вершатворчасці. Гэткі верш мог быць напісаны ў любы час, шмат дзесяцігоддзяў назад. I ў іншых выпадках аўтару зборніка не стае яркасці думкі, нечаканага ракурсу ці павароту ў раскрыцці тэмы. Як можна пераканацца, вершы В. Шніпа пра мір і працу з’яўляюцца не лепшымі, а калі казаць як ёсць — слабымі.
Ніхто не мае права штосьці навязваць паэту. Але хацелася б пажадаць, каб В. Шніп меў востры сацыяльны зрок, а слова яго рабілася па-грамадзянску ўсхваляваным. Возьмем верш «Роднасць». Аўтар малюе сцэну пасадкі ў аўтобус на вакзале. 1 жарты, і кпіны гучаць у перапоўненым аўтобусе. Паэт сцвярджае: «Пайшоў аўтобус — людзі рады». Але найчасцей сёння не да радасці, калі едзеш-дабіраешся да роднай хаты. У аўтобус часам набіваюцца 60—65 чалавек. Гадзіну, дзве, тры (а то і больш!) трэба душыцца, аблівацца потам, нават вісець на аўтобусных парэнчах. Немаладога веку людзі, хворыя альбо жанчыны вельмі часта стаяць на адной назе ўсю дарогу ў загазаваным салоне «ЛАЗа». Магчыма, герой паэта ездзіць на нейкіх іншых аўтобусах, і яму радасна, але большасць людзей якраз сустракаюцца з цяжкім дыскамфортам у час паездкі. Магчыма, камусьці гэтая пасажырская праблема падасца бяскрыўднай, не вартай увагі. Людзі жартуюць — і гэта добра, што яны аптымістычна
настройваюцца на дарожныя пакуты. Але ж яны і праклінаюць такія паездкі, іх віноўнікаў. Таму ў гэтым плане нам больш імпануе надзённае публіцыстычнае слова ў перыёдыцы, чым радасць сузірання маладога паэта.
Адметныя вобразы вяскоўцаў створаны ў вершах «Кузьма», «Дзядзька Мікола». Прыйсці на дапамогу, бескарыснасць — вось жыццёвае правіла такіх людзей. Вяскоўцы ў творах В. Шніпа нагадваюць вобразы працавітых землякоў у вершах Я. Янішчыц. Хаця не хочацца даваць веры, што Кузьма «ўсё жыццё пратупаў па двары». Няўжо ён не выходзіў нікуды далей двара? Нічога не сказаў нам паэт новага пра старога чалавека, забытага дзецьмі (верш «Хведар»):
— Чаму не едуць дзеці?
— Памру, тады прыедуць...
Так, адзінота і адцуранне дзяцей — сапраўдная драма старых людзей. Але ж было ўжо гэта, было... I ў апавяданнях і аповесцях «вясковай» прозы, і ў вершах згаданай Я. Янішчыц, і ў п’есе «Вечар» А. Дударава... На наш погляд, у падобных вершах адчуваецца дэфіцыт псіхалагізму. Інакш кажучы, хацелася б, каб аўтар глыбей пранікаў ва ўнутраны свет чалавека, выяўляў яго думкі-перажыванні.
Міжволі можа скласціся памылковае ўяўленне пра новы паэтычны зборнік В. Шніпа. Ёсць у ім добрыя веріпы, сярод якіх вылучаюцца такія, як «Паэзія», «Скрыпка», «Гліняная птушка», «I прыйдзе час, і ўсё забудзеш...» і інш. Паэт у многіх выпадках вядзе даверлівую размову з чытачом, засяроджваецца на жыццёва важным для чалавека. Вершы «Цяпер у горадзе жывеш...», «Жанчына прыехала з вёскі...» закранаюць такую складаную праблему, як урбанізацыя. Паэт разумее, што працэс міграцыі непазбежны і ўсёабдымны, і, як бы мы ні дакаралі, ні даймалі ўчарашняга вяскоўца за «здраду» караням, ён ад гэтага ў вёску назад не пабяжыць. «Казка пра хлеб» — прытча на тэму выхавання любові да зямлі і працы на ёй. Усе сямёра дзяцей выказалі жаданне шукаць шчасця-долі далей ад роднай зямлі, абралі ў жыцці прафесіі медыка, вучонага, педагога, артыста... «Хто ж цяперака будзе зямельку арань і жніва чакаць?» — вось у чым палягае праблемнае пытанне. Арганічна паэт не прымае бяздумнай спажывецкай маралі (верш «Чарга ў завулку»), Праўда, паэту не заўсёды ўдаецца знайсці ўласнае слова, сугучнае часу і настрою чытача.
Пра штучнасць пачуццяў у лірычных творах В. Шніпа на тэму кахання ўжо неяк пісалася ў «ЛіМе». Але вершы «Невядомай дзяўчыне», «Яшчэ была нядаўна сном...» з новага зборніка пакідаюць добрае ўражанне. Асабліва імпануюць тыя радкі, дзе выяўляецца адметнае вобразна-метафарычнае мысленне паэта.
Ёсць над чым працаваць маладому аўтару ў плане культуры верша. Кідаецца ў вока банальная рыфмоўка снег — смех (с. 13, 23, 34), часам бракуе моўна-эстэтычнай чуйнасці да слова. Наогул, у нашай маладой паэзіі дзе трэба і не трэба чуецца смех, сыплецца снег і добра-такі наследжана.
Па-добраму абнадзейвае на перспектыву творчага росту паэта верш «Францішак Багушэвіч». Прадаўжаць лепшыя традыцыі песняра для В. Шніпа — высокі сэнс творчасці і адказнасць. Здаецца, ён сам цудоўна разумее, што галоўнае ў мастацтве: «А без душы паэт, // Нібы рака без руху»; «Вякі перажыве // I зойдзе ў кожну хату // He той, хто скажа шмат, // А той, хто скажа праўду» (верш «А талент ад душы...»).
1987
—•
«СВЕТ ПАЧЫНАЕЦЦА 3 МАЛОГА»
Новая кніга Уладзіміра Марука «Ліст рабіне» (1987), якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура», — гэта яшчэ адно сведчанне шчырай размовы паэта з мудрай і спагаднай маці-прыродай. Ён піша пра роднае Палессе, паэтызуе прыгожыя краявіды, выяўляе глыбокую, моцную сувязь з бацькоўскай зямлёй і яе гісторыяй. Сялянская хата, дзе прайшло дзяцінства, знаёмыя і дарагія сэрцу мясціны, эстэтычныя ўражанні ад сустрэч з навакольным хараством становяцца грунтам для роздумаў пра вялікае і значнае, сапраўднае і вечнае.
Свет пачынаецца з малога, I гэтым ён вялікі, свет.
Праз вобраз-сімвал ці нават, як здавалася б, невялікую дэталь паэт умее перадаць лірычны, філасофскі роздум, выйсці на абагульненне. Ён імкнецца сваім пачуццём сагрэць шырокі і неабдымны свет. У яго паэзіі фарбы і колеры, дакладны мазок, яркая метафара высвечваюць новыя адценні даўно знаёмага, але