Вытокі і плынь
Алесь Бельскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
Калі паглядзець на змест і тэматыку зборніка, то можна пераканацца, што вершаваная творчасць А. Лойкі шматтэмная і шматвобразная. Гэта сведчыць пра багатую духоўную сувязь паэта з жыццём і светам. Ён шчыра адгукаецца на ўсё, што яго ўражвае, хвалюе, кранае. «Сэрцу ж майму — здзіўляцца...» — у гэтым паэтычны покліч А. Лойкі. Кожная з тэм, якую б мы ні ўзялі (назвы асобных твораў гавораць самі за сябе: «Дзень Перамогі», «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» і інш.), набывае глыбока асабістае вымярэнне. Можна гаварыць пра лірычны аўтабіяграфізм паэзіі А. Лойкі.
Сёння, як і заўсёды, чалавек мае патрэбу ў шчырасці, даверы, дабрыні і чалавечнасці. На гэтыя пачуцці багатая лірыка А. Лойкі. «Прывабны добрай даверлівасцю і шчырасцю Алег Лойка», — слушна пісаў у артыкуле «Час галоўнай службы» В. Бечык. А вось прызнанне самога паэта:
Хочацца лірыкі, шчырае лірыкі, Хочацца маладосці, Клічу кветкі я, клічу птушак я, Запрашаю ў госці.
Паэт акрылены радасцю спяваць аб Радзіме, прыгажосці свету, каханні (вершы «Здзіўляюся, як многа перажыта...», «Грайна», «Балада снегу», «Балада музыкі», «Рэчка ў вербах туманіцца...», «Дарагая» і інш.). Ён не баіцца выглядаць па-чалавечы расчуленым, пяшчотным, далікатным, гаварыць на мове сэрца. А сэрца паэта хвалюецца, выпраменьвае святло і цяпло пачуццяў. Адчуваеш, як «прагне слова пераўтвараць на шчасце свет». Лірычны стыль вершаў паэта мілагучны, напеўны.
Хтосьці можа падумаць, што вершы А. Лойкі нейкія лёгкія, сузіральныя. У яго паэтычных творах ёсць глыбіня думкі, філасафічнасць. Адным з такіх узораў лірыка-медытатыўнага плана з’яўляецца верш «Высокі колас — сэнс высокі...». Зямное кліча паэта-рамантыка да найвышэйшага ідэалу. Яму, гледзячы на выспелы залаты колас, жадаецца:
He марнай пустальгой-былінкай Сысці пад пылаву павець, — 3 табой у полі, хоць хвілінку, Упоравень пашалясцець.
А лепш, каб цень мой непахілы Пры залатой тваёй сцяне Блакітнай песняй небасхілы Насычвалі, як грунт вясне...
Запыняе чытацкую ўвагу ў кнізе А. Лойкі нізка вершаў пра Індыю «Зорка Венера над Бугенвілем». Яна адметная, па-свойму ўнікальная, бо індыйская прастора яшчэ не была асвоена нашай паэзіяй. Трэба сказаць, што сучасныя мастакі слова прыкметна пашырылі геаграфічныя абсягі беларускай паэзіі. У гады вайны па-наватарску прагучаў вершаваны цыкл П. Панчанкі «Іранскі дзённік». Рыгор Барадулін разгледзеў у далёкім Казахстане «маладзік над стэпам». Паэт з Беларусі Алег Лойка ўбачыў у індыйскім небе зорку Венеру. Ён уражлівым сэрцам адкрывае чужаземную экзотыку, гісторыю, культуру, самабытнасць жыцця і звычаяў індыйскага народа (вершы «Ты ўлюбляеш...», «Дэлійская калона», «Блукаюць беспрытульныя каровы», «Чэнч», «Начны Бамбей», «У кватэры Гандзі ў Бамбеі», «Балада Тадж-Махала», «Званы Будыйскіх храмаў» і інш.).
У «Грайне» А. Лойка працягвае знаёміць з новымі баладнымі творамі. Балады паэта канцэнтруюць у сабе патрыятычны і лірычны пафас, легендарныя і гераічныя матывы. Асэнсоўваючы падзеі мінулага, паэт выходзіць на іх чалавечае вымярэнне (вершы «Балада пра ўсмешку партызана», «Балада Трокскага замка», «Балада пра чабор і мацярдушку» і інш.).
Паэт А. Лойка ўмее быць жартоўным, іранічным, дасціпным. Пра гэта красамоўна сведчыць гумарыстычная нізка вершаў «Чалавек, які пасміхаецца» — яна і завяршае кнігу.
Зборнік «Грайна» створаны паэтам на ўзнёслай лірычнай хвалі, якая мкне да сэрца чытача і будзіць светлыя, высокія і жыццялюбныя пачуцці.
1987
—< ...5^«.
СПАСЦІЖЭННЕ МАНСТЭРСТВА
Міхась Стральцоў добра вядомы чытачу як празаік і паэт. Аднак ён выступае і як літаратурны крытык, даследчык творчасці беларускіх пісьменнікаў. Дзесяць гадоў таму, у 1976 годзе, выйшаў зборнік М. Стральцова «У полі зроку». За гэты час пісьменнік выступаў з артыкуламі і эсэ ў перыядычным друку. Цяпер гэтыя творы сабраны аўтарам пад вокладкай новай кнігі «Пячатка майстра» (1986).
М. Стральцоў вядзе грунтоўную размову пра беларускую літаратуру — класічную і сучасную. Ён засяроджана, удумліва перачытвае спадчыну пісьменнікаў-пачынальнікаў нашай айчыннай прозы. Урокі літаратурнай класікі заўсёды пазнавальныя і каштоўныя. I для пісьменніка, і для чытача, які цікавіцца мастацтвам слова. У полі зроку М. Стральцова — творчасць 3. Бядулі, М. Гарэнкага, К. Чорнага і інш. Яго цікавіць жыццёвы і творчы лёс класікаў, тое, як адбывалася станаўленне асобнай пісьменніцкай індывідуальнасці, ім рухае імкненне спасцігнуць сакрэты літаратурнага майстэрства, выявіць асаблівасці аўтарскай манеры, творчага метаду і стылю.
У артыкуле «3 плеяды першых» гаворка пра творчасць 3. Бядулі пачынаецца з аналізу вядомага нам са школьных гадоў апавядання «Пяць лыжак заніркі». Здавалася б, хрэстаматыйная рэч. Дык што новага можна сказаць пра гэты сацыяльна-бытавы твор? М. Стральцоў выказвае не толькі сваё адчутае ў змесце апавядання, але і адзначае яго адметную жанравую рысу: «Гэткі смех скрозь слёзы, журботны гумар, што прасякае сабою ўсю, да самага трагічнага споду аголеную сітуацыю. Прытча? Але тады гэта не здавалася прытчай — проста аздоба расказанага тут ніякім чынам не адчувалася і не ўсведамлялася таксама».
Звяртае ўвагу ў кнізе артыкул пра М. Гарэцкага «Спадчыннасць». I вось чаму. Максім Гарэцкі — забытае імя ў нашай літаратуры, але, на шчасце, вернутае з небыцця. Многіх, па словах М. Стральцова, «абмінула своечасовае знаёмства з Гарэцкім». Цяпер адбываецца новае прачытанне яго творчай спадчыны, і таму вельмі важна асэнсаваць яе глыбока і грунтоўна. Гэта выдатна і ўсведамляе Міхась Стральцоў, калі піша: «...Я хачу паказаць толькі на вышыню і напружанасць аўтарскай думкі Гарэцкага, падкрэсліць яе скіраванасць на найвышэйшыя ўзоры вялікай літаратуры». I далей зазначае: «А як не стае нам сёння
шматфарбнай ягонай палітры! Яго высокага ўзроўню “кніжнасці”, жывога інтэлекту і ягонай улады над народным словам...». Сам пісьменнік М. Стральцоў разумее, як важна сёння маладым празаікам вучыцца ў майстроў, таленавітых папярэднікаў. Зрэшты, як кажуць, вучыцца ніколі не позна...
М. Стральцоў, пішучы пра Кузьму Чорнага, гаворыць пра маштаб эпічнай думкі празаіка, уключае беларускага аўтара ў сусветны кантэкст: «Ён па-свойму касмічны, свет Чорнага. Правобраз гэтага свету — родныя яму Цімкавічы, пра якія ён казаў, што іх яму хопіць на мноства раманаў, сённяшняга чытача міжволі наводзяць на думку пра славутую фолкнераўскую Ёкнапатафу — і не так важна, што Чорны сваю “вёсачку” (так называўся і адзін з фолкнераўскіх раманаў) быццам бы рассяліў, разгарнуў у раманным космасе, а Фолкнер, наадварот, сканцэнтраваў у ёй свой “космас”...» («Цімкавічы — гэта цэлы свет»), М. Стральцоў суадносіць дзве літаратурныя велічыні, вопыт раманнага мыслення двух буйных майстроў. Гэтак жа, у сувязі з сусветнай мастацкай літаратурай, разглядаў творчасць Чорнага А. Адамовіч у кнізе «Маштабнасць прозы» (1972). М. Стральцоў таксама плённа скарыстоўвае «павелічальнае шкло сусветнай класікі». Ён дае прыклад наступнікам, як трэба чытаць-перачытваць спадчыну і знаходзіць новае, арыгінальнае.
Кніга М. Стральцова красамоўна сведчыць, што пісьменнік шануе плён сталых майстроў прозы I. Мележа і Я. Брыля (артыкулы «Высокі ўзлёт», «Служэнне»), уважліва сочыць за творчасцю аднагодкаў у літаратуры Р. Барадуліна, В. Карамазава, А. Кудраўца... Яго цікавіць, кажучы словамі самога Стральцова, «развіццё аўтара як празаіка». Ён спасцігае сутнаснае ў светапоглядзе і творчасці пісьменніка, робіць арыгінальныя назіранні над жанрам, стылем мастацкіх твораў.
Шматлікія старонкі кнігі складае разгляд сучаснай беларускай савецкай паэзіі, творчасці яе найбольш яркіх і адметных прадстаўнікоў: П. Панчанкі, А. Пысіна, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна, В. Зуёнка і інш. «Майстра паэт Анатоль Вялюгін, майстра!» — выказвае сваё захапленне М. Стральцоў, але гэтаму воклічу папярэднічае эстэтычны аналіз вершаў, доказная аргументацыя аўтара кнігі (артыкул «У спелым леце спелы бор»), Важкія, значныя набыткі ў сучаснага паэта Р. Барадуліна, які сёння надзвычай прыкметна вылучаецца сваім непаўторным мастацкім талентам, сталасцю думкі, арыгінальнай вобразнасцю. У гэтым пераконвае артыкул М. Стральцова «Ад маладзіка да
поўні», які ўяўляе сабой грунтоўны агляд і вычарпальную характарыстыку творчасці паэта. У артыкуле пра Р. Барадуліна ён дае сваё разуменне творчага майстэрства: гэта «найперш з’ява... светапогляднага, мастацка-тыпалагічнага парадку, што ў канкрэтнамастацкім кантэксце служыць выяўленню а с о б ы паэта ва ўсёй разнастайнасці са светам. Узятае само па сабе, у межах радка ці страфы, яно — толькі ўмельства, не болей» (с. 113).
Кніга «Пячатка майстра» пераконвае, што Міхась Стральцоў з’яўляецца глыбокім знаўцам гісторыі нашай літаратуры, яе традыцый, ідэйна-эстэтычных пошукаў. Ён умее вызначыць высокую вартасць мастацкага слова і падзяліцца радасцю свайго адкрыцця.
Зборнік артыкулаў «Пячатка майстра» будзе добрым дапаможнікам пры вывучэнні беларускай літаратуры студэнтамі, яна прыдасца ў працы настаўнікаў-філолагаў пры падрыхтоўцы да заняткаў. Паболей выходзіла б такіх глыбокіх і змястоўных кніг.
1987
У ПОШУКАХ УЛАСНАГА СЛОВА
Не заўсёды першы паэтычны зборнік становіцца адкрыццём, але менавіта яго чакае і чытач, і крытык. Другая кніжка таксама чаканая, бо хочацца ўпэўніцца, ці зрабіў паэт крок наперад, убачыць, наколькі ён пасталеў, «перарос» сябе ранейшага — аўтара першага зборніка.
«Пошук радасці» (1987) — другая па ліку кніжка вершаў Віктара Шніпа. Папярэдні зборнік «Гронка святла» выйшаў чатыры гады назад. Літаратурная грамадскасць у асноўным прыхільна сустрэла выхад гэтай кнігі. 1 не без падстаў. В. Шніп вылучыўся сваім паэтычным голасам, ён нядрэнна валодае творчай культурай, умее здзівіць адметнай вобразнасцю. Праўда, маладому аўтару дасталося «перцу і солі» (ЛіМ, 1984, 20 крас.). Сапраўды, у першым зборніку нароўні з лепшымі вершамі сустракаліся і слабейшыя. Таму асобныя заўвагі і меркаванні, хсшь часам і завельмі рэзкія, былі слушныя, аргументаваныя. Аднак, нягледзячы на гэта, бачылася іншае: перад намі таленавіты паэт з уласным эстэтычным крэда.
Пасля «Гронкі...» асабіста я паверыў у магчымасць грунтоўнага аўтарскага самасцвярджэння і ўзыходжання паэта на новую творчую вяршыню. Знаёмства з той ці іншай вершаванай кнігай выклікае ў мяне асацыяцыі з імклівым блакітным экспрэсам альбо з таварняком, дзе каштоўная сыравіна: нафта і вугаль, даламіт і бярвёны, а яшчэ грукацяць парожнія цыстэрны...