Вытокі і плынь  Алесь Бельскі

Вытокі і плынь

Алесь Бельскі

Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
31.39 МБ
Молатам б'ецца сэрца Алёшкі, Толькі не можа ўзняцца ён з ложка, Толькі ж не можа ўзняцца з пасцелі... Бегчы дарожкай, што месяц сцеле.
Ніл Гілевіч, усведамляючы трагічныя наступствы Чарнобыля, не можа дараваць маральную безадказнасць і злачынства перад палескімі дзецьмі, якія пацярпелі ад радыяцыі. Яго зварот да «малых ядзернай эпохі» нясе адбітак цяжкага ўнутранага адчування віны: «О дзеці, дзеці! Дзе мне вочы дзець, // Каб вам, у вашы вочы не глядзець?..» (верш «У лета 1986-е»). У «Баладзе пра Вераніку Буйкову» В. Аколава з болем апавядае пра трагедыю дзяўчынкі, жыццё якой скончылася ад лейкеміі ў «бараўлянскім сне».
Праўда пра Чарнобыль прарвала заслону хлусні. Агаліліся, сталі бачнымі сацыяльныя язвы, маральныя і духоўныя хваробы грамадства. С. Законнікаў у паэме «Чорная быль» выходзіць на асэнсаванне значных праблем нашага часу. Паэт выразна акрэслівае сваё разуменне агульнаграмадскай і нацыянальнай сітуацыі, выказвае асабістую грамадзянскую пазіцыю, звяртаецца да народа:
Калі ж і зараз ты не загукаеш, А будзеш жыць
пад страхам і прынукай, Чарнобыль не такі яшчэ чакае Тваю зямлю,
тваіх дзяцей і ўнукаў...
Беларускія паэты добра разумеюць, што духоўны, маральны Чарнобыль сёння не менш жахлівы, чым Чарнобыль радыеактыўны.
Распад нацыянальнай свядомасці — надзвычай небяспечная рэч. Паэт В. Зуёнак папярэджвае пра магчымасць нацыянальнадухоўнай катастрофы: «Над мовай, нібыта Чарнобыль, // Распята крыло крумкача...». Пра цесную сувязь, залежнасць Чарнобыля і мовы гаворыць М. Арочка, ён абгрунтоўвае сваю думкумеркаванне, шукае вытокі вялікай нацыянальнай драмы: «Не сёння распачаўся наш Чарнобыль, // А з самазабыцця — смяротны ўдар...». Таму сёння трэба дбаць пра выжыванне беларусаў як нацыі, пра нашу доўгачасовую прысутнасць у свеце — як фізічную, так і духоўную. Толькі паўнакроўнае нацыянальнае быццё здольна засцерагчы ад згубнага нацыянальнага «лейкозу», прынесці збавенне, даць адчуванне гістарычнай перспектывы.
Чарнобыльская ява будзіць неспакойную, трывожную думку сучаснай паэзіі. Перыядычна ў друку з’яўляюцца новыя вершы. Шматлікія творы беларускіх паэтаў пра трагедыю Чарнобыля якраз і сабраны ў кнізе «Зорка Палын», якая неўзабаве пабачыць свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Р. S.: Зборнік вершаў і паэм пра чарнобыльскую трагедыю «Зорка Палын» выйшаў з друку ў 1993 годзе.
1990, 1993
		—■	»	■—..
«ПЛЫВІ, ПРАЗРЫСТАЯ РАКА!..»
У штодзённым жыцці рэкі здаўна кармілі людзей, аберагалі ад ворагаў, дапамагалі ў перамяшчэнні на значныя адлегласці. А яшчэ рачная плынь загартоўвала чалавека. Некалі славуты паэт беларускага Адраджэння Мікола Гусоўскі, знаходзячыся ў далёкім Рыме і апісваючы ловы зубра ў Беларусі, згадваў свае паляўнічыя блуканні па родным краі, калі пераплываў «рэкі лясныя, Дняпра паўнаводнага строму».
Але рэкі для беларусаў сталі не толькі выгаднымі прыроднымі артэрыямі і месцамі, багатымі на рыбу ды іншую шчодрую даніну. Рака разам з лесам, полем, балотам надзяляла чалавека жывым, чуйным светасузіраннем і светаўспрыманнем, рабіла яго паэтам. Загадкавыя ўсхліпы хваль ноччу і грозны плёскат вады ў непагадзь, шалёныя ямы-віры, што засмакталі не адну ахвяру, — усё гэта заварожвала і страшыла нашых далёкіх продкаў.
Рака ўяўлялася ім скрозь населенай жывымі істотамі, нечым падобнымі да людзей. У міфалагічных творах Янкі Купалы і Максіма Багдановіча знайшлі паэтычнае ўвасабленне першародныя, таямнічыя мясціны, дзе галосяць русалкі, рагочуць вадзянікі, снуюць прывіды. Паэты тым самым імкнуліся раскрыць чароўна-казачны, адухоўлена-непаўторны свет навакольнай прыроды, з якім было спалучана жыццё-быццё беларуса.
У вуснай народнай паэзіі вобраз ракі набыў больш важкую духоўна-эстэтычную каштоўнасць. Найчасцей у народнапесеннай творчасці да ракі лірычна-непасрэдна, усхвалявана звяртаецца маладая дзяўчына. 1 гэту яе настраёвасць можна лёгка зразумець: у інтымнай гутарцы-размове з прыродай хочацца
паспавядацца, выліць, як кажуць, сваю душу, выказаць таемнае, балючыя перажыванні і адчуць нейкую ўнутраную палёгку. Згадаем такія песні, як вядомая «Ой, рэчанька, рэчанька...», а таксама «Ой, пусці, маці, да й на рацэ гуляць», «Цяклі рэчкі» і інш.
Аднак менавіта ў творчасці нацыянальных класікаў ды выдатных сучасных паэтаў вобраз ракі знайшоў глыбокае мастацкае ўвасабленне і раскрыццё. Многія лірычныя творы пра беларускія рэкі загучалі як песні хараству, жыццю, Радзіме. Несумненна, што паэтызацыя і жывапіснае маляванне словам рачных краявідаў нашымі вялікімі паэтамі зрабіла адбітак на далейшае традыцыйна-нацыянальнае ўспрыманне прыроды. Купала, Колас, Багдановіч з’явіліся тымі ўражлівымі і чуйнымі мастакамі слова, хто «вобразы мілыя роднага краю» паказаў самабытна і адметна, стварыў пейзажныя карціны і малюнкі з незвычайнай выразнасцю і замілаванасцю. Іх вершы вызначаюцца лірычнай напоўненасцю пачуццяў, шматфарбнасцю, пластычнасцю і тонкай гукавой інструментоўкай.
Сёння мы не ўяўляем Нёман без коласаўскага эпітэта «срэбраводны», летнюю ці зімовую раку — без задушэўна-пранікнёных радкоў з «Новай зямлі» і паэтавай пейзажнай лірыкі: «Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, // I рэчка вольная нямее...»; «...Грунт яе пясчаны, // Бераг мяккі, як падушка, // Дзірваном засланы»; «Тут маліны і парэчкі — // Розных ягад проста цьма; // Тут і лозы, і ракіты, // I чарот, і асака...» У паэзіі Янкі Купалы таксама шмат па-зямному рэальных пейзажных малюнкаў і разам з тым рамантычна яркіх уражанняў ад воднай стыхіі, прырэчных краявідаў. У вершы «Мая навука» ён прызнаўся:
Бурлівая рэчка і млын гутарлівы Адмерным, раскоцістым плюскатам вод Складалі мне рытму мастацкія звівы, Парадквалі складаў раскоцісты ход.
Максім Багдановіч, паэтызуючы вясновы росквіт прыроды, вельмі добра перадаў той стан чалавечай душы, калі яна хоча разліцца шырокай, бяскрайняй ракой пачуццяў:
I красой паводкі вольнай Душу выпрастай маю!
3 крыніц і рэк роднай зямлі паэты заўсёды чэрпалі натхненне, наталялі духоўную плынь уласнага жыцця і творчасці. У кожнага з іх была ці ёсць рака дзяцінства. «Мая маленькая Ушачка...» —
пяшчотна гаворыць П. Броўка пра сваю рачулку, якая цячэ на Віцебшчыне. «Паслаў мне лёс блакітную раку...» — так сказаў А. Куляшоў пра родную Бесядзь, што на Магілёўшчыне.
Зразумела, адлюстраванне прыроды сучаснымі беларускімі паэтамі захоўвае рысы традыцыйна-мастацкага ўспрымання і ўвасаблення вобразаў, рэалій навакольнага свету. Ды і самі мастакі слова добра разумеюць, што пасля бліскучых пейзажных вершаў папярэднікаў надзвычай складана па-свойму ярка і адметна перадаць гожасць прырэчча, напісаць выдатны верш пра лоўлю рыбы, рыбацкае шчасце ці вясёлае купанне на рацэ. Сёння «многа змянілася ў родным пейзажы» (А. Ставер). Наш час навукова-тэхнічнай рэвалюцыі з яе экалагічнымі праблемамі, трагедыяй Чарнобыля, бедамі вялікіх рэк, шматлікіх малых рачулак прынёс новае паэтычнае ўспрыманне і асэнсаванне навакольнага асяроддзя, у якім працягвае жыць і гаспадарыць чалавек.
Рэкі для беларускіх паэтаў заўсёды былі ўвасабленнем нацыянальна-патрыятычных і грамадска значных думак, пачуццяў, настрояў. Якуб Колас заклікаў Нёман-раку панесці «другому краю» праўду пра сацыяльную абяздоленасць свайго беларускага люду. Для паэта А. Астрэйкі Нёман-бацька стаў увасабленнем магутнасці і непераможнасці Беларусі, сімвалам прыгажосці і росквіту бацькаўскай зямлі. У гады ваеннага ліхалецця не толькі Нёман, а і іншыя беларускія рэкі змагаліся з ворагам, які напоўніў людскою крывёю воды (колькі людзей гінула толькі на пераправах!), зруйнаваў рэчышчы выбухамі бомб і снарадаў. Духоўную, маральную перамогу беларусаў заўсёды мацавала родная прырода, пра што з удзячнасцю і ўзнёслым пачуццём гонару сказаў П. Броўка:
А вораг находзіў, — бязлітасна білі, Трываць не хацелі абразы і слёз, I разам з Бярозаю катаў тапілі — Пціч,
Друць,
Сож.
У пасляваенны час рэкі зноў закруцілі турбіны электрастанцый, пачалі памнажаць матэрыяльны дабрабыт чалавека, духоўна акрыляць яго, даючы адчуванне волі і свабоды.
А якое ж сёння маюць аблічча тыя чыстыя, празрыстыя і несупынныя рэкі-воды роднага краю? Што дакляруе час рэкам нашай памяці, гісторыі, вечнасці? Як ні сумна, але рачная плынь стала часцей ператварацца ў бросню, губляць сваю сілу ў абмялелых
рэчышчах ці праз асушаныя поймы па роўных канавах змяняць напрамак руху... Прынамсі, і пра лясы, бары, балоты ў нашы дні не выпадае гаварыць так, як раней, сёння нельга не выказваць душэўны неспакой, устурбаванасць. Максім Танк успрымае абязводжванне ракі, глумленне з яе як уласную бяду, гора, сумнае і цяжкае пахаванне. Гэты журботны, ушанавальны абрад спраўляюць «буслы, і жураўлі, і чаплі, і плакальшчыцы-кнігаўкі»:
Божа, і хто б падумаў, Што мы яе перажывём! Столькі было ў ёй жывучасці, Гаючасці,
Гарэзлівасці весняй!
У заключных радках верша «На пахаванне ракі» паэт раскрывае ўсю жахлівую сутнасць бяздумнага і карыслівага гаспадарання: ддя кагосьці ганебны здзек, злачынства перад прыродай і людзьмі стала звычайнай справай, за якую нават выплачваюць шчодрае матэрыяльнае заахвочванне. Чаму ж так сталася, што чалавек беспакараны за свае амаральныя ўчынкі? Ды таму, што ў грамадстве шырокую плынь грамадзянскай актыўнасці ўсё часцей падмянялі абыякавасць і бяздзейнасць. Быццам гэта і меў на ўвазе А. Бачыла, гаворачы пра застаялую ваду, якая «заснула ў твані чорнай нематы».
Яшчэ ў канцы 60-х гадоў у вершы «Раўняюць хлопцы рэчку» Н. Гілевіч устурбавана выказаўся пра драматычны стан роднай прыроды. Паэт заўважыў, што, выпростваючы раку і тым самым разбураючы спрадвечнае гарманічнае светаўладкаванне, мы робімся ахвярамі маральнай і эстэтычнай глухаты, і наш уласны свет робіцца ў чымсьці істотным прамалінейна-бездухоўным, недаравальна збедненым, дэгуманізаваным:
Што гэткі век шыбуе —
Тэхнічны, смелы, дужы, —
Прагрэс. Але й бяда:
Ён заадно спрабуе
Раўняць людскія душы.
Мне душ — шкада!
Хай будуць душы розныя,
Як нашы рэчкі родныя:
I з хвалямі бруістымі,
I з плёсамі празрыстымі,
3 нябачнымі крыніцамі,
3 вірамі-таямніцамі...
Паэт у выпрамленні-выпростванні ракі бачыць вялікую пагрозу: яна і рэальная, экалагічная, і маральная, духоўная. Сапраўды, абмяленне, абязводжванне ракі ў рэшце рэшт робіць мелкаводным і «ўнутранае рэчышча» чалавека, адлучае яго ад радзімы, ад вытокаў духоўнасці і гістарычнай памяці. Паэт выступае за экалогію рэк і чалавечых душ.