Вытокі і плынь
Алесь Бельскі
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 140с.
Мінск 2018
Засмучае абмялелая рачная плынь Я. Янішчыц: «Плывеш, рака, змялелая ў высокіх // У берагах. I жалю дадаеш». Напэўна, гэтыя радкі паэткі пра родную Ясельду.
Як мы пераконваемся, сучасная экалагічная паэзія дапамагае адчуць унікальную знітаванасць у адвечнай сістэме «чалавек — прырода». Чыстая плынь рэк на роднай зямлі — пачатак і аснова няспыннага кругавароту жыцця. Паэты з болем адгукаюцца на вострыя экалагічныя праблемы.
Нашы беларускія паэты глыбока выяўляюць духоўную пародненасць з прыродай. Яны не саромеюцца прызнацца ў любові да ракі і сонца, дэманструюць шчырую ўвагу да пліскі і бусла, могуць расчулена выказацца пра хараство родных краявідаў. Пакланіцца кожнай травінцы і кветцы — гэта ўжо ў добрай і нязменнай традыцыі нашай нацыянальнай паэзіі. Словы захаплення і любові часта змяняе трывога. Паэты жадаюць, каб іх пачулі, каб да іх прыслухаліся. Бо нельга не бачыць, што адбываецца навокал:
...Бары знікаюць, уцякаюць вадзянікі. Бабры ўцалелыя плачуць ля перасохлай рэчкі.
(Рыгор Барадулін)
Забруджаныя радыяцыяй Чарнобыля воды Прыпяці і малых рэк, дажджавыя хмары панеслі смяротную атруту чалавеку і прыродзе. Палескаму краю пагражае занядбанне жывога жыцця, вялікае экалагічнае бедства. Паэтычнае ўяўленне П. Панчанкі палохае рака нябыту і смерці: «...Над Прыпяццю — // Нябачнай смерці след. // Палескі край, // Як пазмрачнеў твой свет». Сапраўды, свет пасля Чарнобыля пазмрачнеў, стаў успрымацца інакш — у трагічным святле.
Мікола Мятлінкі — паэт, які пасля чарнобыльскай аварыі вярнуўся ў зону адчужэння развітацца са сваёй роднай вёскай Бабчын, з магіламі прашчураў, сцежкамі маленства і студнямі, журавінавымі балотамі і рэчкамі. Кожны крок па роднай зямлі стаў балючым і трывожным:
Гэта поле, дзе жыты не зжалі, Гэта плынь тугой павітых рэк — Болю чалавечага скрыжалі.
Схамяніся, ціхі чалавек!
Сёння ў полі зроку нашай паэзіі — надзённыя экалагічныя праблемы выжывання чалавека і народа. Паэты жывуць агульначалавечымі клопатамі і выказваюць трывогу за Прыроду, Чалавека, Будучыню. Яны заклікаюць нас да роздуму і суперажывання, да асэнсавання паслячарнобыльскай рэчаіснасці. Беларуская экалагічная паэзія жыве надзеяй на спатолю чалавекам вечнай прагі духоўнасці, дабрыні, высокай маральнасці, гармоніі паміж чалавекам і прыродай.
1990
НАБЛІЖЭННЕ ВЫШЫНІ
У кожнага паэта свая лінія духоўнага жыцця, свая лірычная энергетыка радка, якую ў многім прадвызначае і сілкуе сам час, гісторыя, жыццё.
Аўтар кнігі «Скразная лінія» сцвярджае духоўную лучнасць чалавека з роднай зямлёй, матчыным словам, светам прыгажосці. Імкненне «вераю і прагай служыць Радзіме і Красе» — эстэтычнае крэда Алеся Каско, якое ён выказвае ў новым зборніку «Набліжэнне» (1989). Гэты імператыў з’явіўся не раптоўна, ён нарадзіўся ў душы паэта як глыбока ўнутраная неабходнасць. Сёння лірычны герой А. Каско жадае адчуваць сябе «ў злітным, шчыльным ланцугу» тых, хто ўладкоўвае жыццё па законах маральнай прыгажосці і чалавечнасці, змагаецца за высокі змест і сэнс нацыянальнага, гістарычнага і экалагічнага быцця. Паэт рады і ўдзячны, што
Ёсць, дзякуй Богу, і цяпер каму павесці за сабою і лініяй перадавою трымаць аголены свой нерв.
Яно вядома: не ў вайну, тут іншы фронт...
А ўсё ж ці проста ўставаць і крочыць поўным ростам, браць і адстойваць вышыню?
Працытаваныя радкі прысвечаны У. Калесніку — чалавеку, якога і ў літаратуры, і ў грамадскім жыцці можна назваць мужным і свядомым салдатам-змагаром. «Служыць Радзіме і Красе» — гэты грамадзянскі ідэал настаўніка паэт А. Каско прамаўляе з духоўна-эстэтычнай выверанасцю думкі.
Набліжэнне ж любой вышыні — справа нялёгкая, адказная: і вышыні ўласна мастацкай, і вышыні новага светаразумення, і вышыні ў асэнсаванні мінулага радзімы...
«Блізкія зарніцы» — стрыжнявы раздзел новай кнігі. Тут адчуваецца раскаванасць паэтавага мыслення: паэт звяртаецца да гісторыі, а адраджэнскі дух сучаснага дня праецыруецца на будучыню. А. Каско асэнсоўвае жыццё, рэчаіснасць з аптымізмам — і гістарычным, і нацыянальным. Бо, на яго думку, высакародныя ідэі і духоўныя памкненні немагчыма спраўдзіць без апантанай самаахвярнасці, глыбокай веры ў пераўтварэнне чалавечага і народнага быцця. Паэт верыць у адраджэнне гістарычнай памяці беларусаў, іх роднай мовы, культуры. Свабодны рух радка ў верлібры «Сон пра 2085 год» перадае нязмушаную гаворку аўтара, які спрабуе змадэляваць нацыянальную будучыню. Клічная інтанацыя верша «За анкетнымі радкамі» выяўляе палымяны пафас паэта, які па-адраджэнску верыць у духоўную сілу-моц народа, яго патэнцыял, бо
3 гэткім лёсам — не збяднець: час глыбокі, колас — повен, — і валошкай яго мове ў разнатраўі моў квітнець!
А што беларусы заслугоўваюць лепшага лёсу і долі, дык гэта бясспрэчна. Тое, што наш народ мае гераічнае, самабытнае гістарычнае мінулае, мы ўжо добра ведаем па творчасці У. Караткевіча, па працах нястомнага рупліўца на ніве роднай гісторыі М. Ермаловіча. Сёння паэзія таксама імкнецца па-новаму зірнуць на гісторыю Беларусі, прытым з пранікнёнай засяроджанасцю і роздумнасцю. Позірк на беларускае мінулае ў вершах А. Каско «Беларускія гусары», «1862. Слова Каліноўскага», «Постаць» вызначаецца вобразнасцю, эмацыянальнасцю, асэнсавальнай глыбінёй. Возьмем верш «Паўлюк Багрым». Праўда, адразу згадваецца верш-маналог з такой назвай ва У Караткевіча, на ўспамін прыходзяць радкі: «Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю! Ты павінна прачнуцца...». Ды А. Каско, несумненна, здолеў выказаць уласнае разуменне асобы мастака XIX ст. У Багрымавай
песні сучасны аўтар бачыць узор сапраўднага мастацтва, прыклад творчага ўзвышэння. «Хіба не марыць кожны раз паэт аб гэтакай — адной і неўміручай?» — запытальна гучыць голас А. Каско. Хоць ахоп паэтам падзей і імён мінулага, можа, і не надта шырокі, як таго хацелася б, але, думаецца, менавіта нацыянальны гістарызм вызначае духоўна-адраджэнскую скіраванасць думкі паэта.
Сучаснасць, наадварот, паэт паказвае ў разнастайнасці праяў чалавечага жыцця, перадае ва ўсёй шырыні ўражанняў і думак. Сказанае найперш тычыцца такіх вершаў паэта, як «Сумленнае слова», «Госць мой, вецер», «Фальклорны канцэрт», «Белая палата». Верш «Гамлет 70-х» — чатырохрадкоўе, але ў ім сцісла, дакладна акрэслены грамадзянскі і мастакоўскі сэнс выбару, a паўставаў ён, як вядома, перад паэтамі і раней — напрыклад, у гады брэжнеўскага застою, у час гучнага пустазвонства, адычнага «пляцення славес». Мастак, безумоўна, найперш абавязаны слухаць душу сваю, сэрца, сумленне:
Быць сучасным — ці ж азначае безаглядна свой час сцвярджаць? 3 двух адно: пакрычаць з адчаем ці пакутліва прамаўчаць...
А іншай альтэрнатывы, як лічыць паэт, няма. Бо паэзія нясе або праўду, або фальш, хлусню. Яна, абуджаючы чалавечую душу, можа па-сапраўднаму ўзбаганіць асобу. Як зямлю, так і ўнутраны свет чалавека нельга засмечваць пустазеллем, у ім павінны прарастаць зярняты дабрыні, кветкі хараства. Разважаючы, паэт пафіласофску спазнае штосьці важнае, істотнае:
Можа, руху аднаму і даюцца сэнс і выйсце, і пакутаваць таму, хто шукае іншых ісцін. Хай міне душу застой — на дарогу загадаю...
Заўтра восеньскі настрой па-вясноваму згадаю.
Роздум пра маральную чысціню паэтычнага слова, яго духоўную каштоўнасць, як здаецца, вельмі арганічны для А. Каско. Ён — паэт адкрыты, лірычна самапаглыблены, разам з тым імкнецца судакрануцца з самымі блізкімі і балючымі момантамі ісціны, праўды. «Страшна мне ўявіць, што анямее, апусцее сэрца», —
прызнаецца паэт. У кнізе А. Каско прысутнічае ракурс крытычнага самааналізу і самаацэнкі. Часам ён жартаўліва-іранічны, дасціпны (верш «Мінскім сябрам»), Аднак, бывае, збіваецца на дробязнае і агульнавядомае. Зусім не як уласнае паэтычнае адкрыццё гучыць радок «Я ўведаў: сэнс — на вастрыі ляза...». Прыкметная зададзенасць думкі адчуваецца ў вершы «Калі б...».
He варта, бадай, было паэту ў новы зборнік улучаць верш «Еднасць» з папярэдняй кніжкі, у якой ён мае назву «Адзінства». А. Каско ў гэтым творы, на жаль, не стае сапраўды балявога напружання, а яшчэ бракуе псіхалагічнай заглыбленасці пачуцця. Паэт выказвае балючы неспакой за прыроду, але робіць гэта не лепшым чынам, аддаючы перавагу публіцыстычнай аголенасці думкі: «Гэта мой востры боль...» I далей:
Мой дакорлівы позірк вы сустрэнеце ў лесе ў вочках белай бярозы: апусціце
сякеру!..
Асцярожна трымае на далонях дзяўчынка, як маленькае сонца, — спелы яблык чырвоны.
Дакорлівы позірк героя, узрушаны заклік неяк цяжка ўявіцьубачыць «ў вочках белай бярозы». Ды і апошняя страфа арганічна не стасуецца да папярэдняга чатырохрадкоўя, губляецца сэнсавая сувязь з пачаткам верша. Паэт гаварыў пра бярозу, а тут раптам вынікае дзяўчынка са спелым яблыкам...
Аднак у паэта нямала добрых экалагічных вершаў, пачынаючы яшчэ са зборніка «Скразная лінія». Пэўныя мастацкія знаходкі ў раскрыцці тэмы «чалавек і прырода» ёсць і ў новай кнізе. Выяўленчай экспрэсіўнасцю вызначаюцца паэтычныя вобразы і параўнанні ў вершах «Птушыная міграцыя» і «Атожылкі». Вось як еднасць унутранага «я» з красой прыроды раскрываецца праз запамінальны метафарычны вобраз-малюнак у іншым творы:
і быў такі я адзінокі, што не адчуў, калі няўрокам да дрэва пальцы прыраслі.
Паэт выступае за эмацыянальна-эстэтычнае пераўтварэнне чалавечай душы па законах прыгажосці, выяўляе экалагічнасць
мыслення. Зрэшты, прырода, як заўважыў яшчэ Гётэ, сама вучыць «вндеть братьев во всем: в зверях, кустарнмке, траве». Творы ў раздзеле «Голас травы» прасякнуты клопатам пра тое, каб жыў «адвечны палескі край» і нараджаўся ў ім чалавек «не чэрствы, і не глухі, а шчыры, як бусел белы...».
Новы паэтычны зборнік А. Каско яскрава ўвасабляе светапогляд нашага сучасніка, які ўздымае нас на вышыню духу і нацыянальнай годнасці, праз абуджэнне глыбока маральных пачуццяў скіроўвае да заўтрашняга дня, будучыні.
1990, 1991
СТРАКАТЫЯ ВЫЯВЫ ДНЯ:
ПА СТАРОНКАХ АЛЬМАНАХА «ДЗЕНЬ ПАЭЗІІ 91»
Мінаюць, дакладней — мільгаюць дні. У колавароце часу многія з іх знікаюць бясследна, асабліва шэрыя, аднастайныя, звыклыя. I ўсё ж мы чакаем новай зіхотка-сонечнай раніцы, якая сагрэе сваім цяплом, адродзіць у нашых сэрцах радасны дзень вясны. Усе мы хочам выбіцца з сённяшняга беспрасвету, смуткуем і верым...