З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
равалі мы пехатой і на самакатах ад Прагі аж да Ліёну, абыйшлі ўсе цікавячыя нас раёны Чэхіі, Саксоніі, Баварыі, Швайцарыі, Надрэйншчыны, затым Францыі, наймаючыся па даоозе на розныя працы звычайнымі работнікамі, каб такім чынам глыбей прыгледзецца да самога жыцьця сяла, жыцьця работнікаў, а з другога боку, гэтым самым зарабіць сабе на пражыцьдё.
Маршрут падарожжа быў прадбачаны па Францыі, Гішпаніі, затым па паўночным беразе Афрыкі й Італіі.
У Ліёне, аднак, дзьве непрадбачаныя акалічнасьці спрычыніліся да радыкальнай зьмены пляну падарожжа:
1. Вестка аб самагубстве Ігнатоўскага.
2. Сьляды прысутнасьці ў Францыі масавай беларускай працоўнай эміграцыі.
I цяпер, як калісь у Вільні, Абрамчык пастанаўляе, што ня час для навукі, калі патрэбна змагацца. Мэтай далейшага падарожжа стаецца Парыж, куды й дабіраемся доўгімі этапамі і дзе ўжо пачаткам 1931 году быў зацьверджаны францускімі ўладамі «Хаўрус Беларусаў у Францыі».
Ад гэтага часу Абрамчык неразлучна падзяляе долю беларускай працоўнай эміграцыі. Працуючы сам звычайным работнікам на розных хвабрыках, у шахтах, на земляробстве ці розных гандлёвых прадпрыемствах, зарабляючы ўсякімі спосабамі на пражыцьцё, ён няўпынна вядзе змаганьне з усімі акупантамі Беларусі. Выдае свой собскі часапіс, піша да рознай чужой прэсы аб беларускім вызвольным руху, навязвае кантакты з рознымі палітычнымі й культурнымі дзеячамі Эўропы. Заўсёды ў кантакце з прэзыдэнтам Захаркам, Абрамчык робіцца яго галоўным супрацоўнікам і прадстаўніком на Заходнюю Эўропу.
У 1939 годзе з выбухам вайны польскі ўрад, пераехаўшы ў Францыю, на падставе француска-польскага дагавору, пачынае мабілізацыю палякаў, а ў тым ліку й беларусаў з Заходняй Беларусі. Змаганьне «Хаўрусу Беларусаў у Францыі» з польскім урадам здавалася для многіх справай безнадзейнай, але не для Абрамчыка. 3 прыроджанай яму адвагай Абрамчык, нягледзячы на суровыя францускія законы адносна прапаганды супраць саюзных арміяў, сьмела выступае з заклікам да беларусаў байкатаваць польскую армію й
закідае францускі ўрад мэмарыяламі аб дазволе ўступу беларусам у армію францускую (чужынецкага легіёну на час вайны), дзе дамагаецца сфармаваньня беларускіх нацыянальных аддзелаў. У выніку гэтай сьмелай і рашучай пазыцыі Абрамчыку напасьледак удаецца дабіцца ад францускіх уладаў пастановы аб дабравольным для беларусаў выбары — да польскай ці да францускай арміі.
Быў гэта ўзапраўды вялікі дыпляматычны сукцэс Абрамчыка, бо на падставе канвэнцыі польскага й францускага ўрадаў — «у выпадку вайны ўсе польскія грамадзяне мусілі быць дастаўленыя французамі ў польскую армію».
Дадзеная магчымасьць дабравольнага выбару арміі для беларусаў падняла была настрой старое нашае эміграцыі ў Францыі, і ўжо звыш 1200 беларускіх ахвотнікаў былі заявіліся ў францускі чужынецкі легіён (якога ня трэба зьмешваць з проста чужынецкім легіёнам). Рэалізацыі далейшай мэты ў Францыі, на вялікі жаль, перашкодзіў прыход немцаў.
Гэстапо вышуквала ў Парыжы сваіх праціўнікаў. Пачаліся арышты. Абрамчык як дасьведчаны кансьпіратар пастанавіў прабірацца ў Беларусь. Адзін стары знаёмы ў Бэрліне сп. Ш. дапамог яму перабрацца ў Бэрлін і абнадзейваў такім-жа парадкам дапамагчы прабрацца ў Беларусь. Але беларускі гэстапавец Ф. Акінчыц прычыніўся да здэмаскаваньня Абрамчыка і дзеля гэтага давялося апошняму быць заблякаваным у Бэрліне.
Але і ў гэткай нат сытуацыі Абрамчык не разгубліваецца. Найперш ён, па даручэньню ведамага беларускага патрыёта М. Шкялёнка, які яшчэ меў давер у немцаў, бярэцца арганізаваць беларускі дапамаговы камітэт у Нямеччыне, і разам з гэтым зь нябожчыкам ксяндзом Гадлеўскім пастанаўляюць разьвіць кансьпірацыйную сетку беларускага рэзыстансу, пасьля наладжаньня якой Абрамчык з кс. Гадлеўскім меркавалі перабрацца ў Ангельшчыну. Кс. Гадлеўскі, на жаль, быў раскансьпіраваны другім беларускім гэстапаўцам др. Ермачэнкам, за што і паплаціўся сваім жыцьцём. Абрамчык-жа трымаўся ў Бэрліне каля двух гадоў. Рэзыстанская праца, праводжаная Абрамчыкам сярод беларускай эміграцыі ў Нямеччыне, ахапіла ня толькі беларусаў у Нямеччыне. Беларускі Камітэт Самапо-
мачы ў руках Абрамчыка стаўся адным з вогнішчаў і прытулкам, маральнай падтрымкай усіх беларусаў. Ня было таго тыдня, калі ня дня, каб хтось зь беларускай адміністрацыі або навукоўцаў ці вайскавікоў, якіх немцы часта на ўзор бальшавіцкіх экскурсыяў прывозілі ў Нямеччыну, будучы ў Бэрліне, не завітаў патайком у «камітэт» Абрамчыка. 3 Бэрліну Абрамчык меў цяпер змогу, час ад часу, прабірацца да прэзыдэнта Захаркі ў Прагу.
У ліпені 1943 году дэлегат ад БНП (Беларускай Незалежніцкай Партыі), прыехаўшы ў Бэрлін з «экскурсыяй» журналістых, прывёз прапазыцыю сваёй партыі, асабліва просьбу ад сп. Родзь., пераехаць на Беларусь і абняць палітычнае кіраўніцтва й выдавецтва нелегальнай прэсы БНП. Абрамчык пачынае рабіць прыгатаваўчыя крокі для пераезду разам з жонкай у лясы Беларусі. Але арышт гэстапам і вываз у Парыж перашкодзілі ажыцьцяўленьню гэтых плянаў.
У Парыжы над Абрамчыкам быў устаноўлены сьціслы надзор. Гэстапо загадала Абрамчыку нікога ня прыймаць зь беларусаў ці спатыкацца зь беларусамі, а таксама весьці ліставаньне. Але й тут Абрамчык ня траціць часу. Нягледзячы на ўсё, ён уваходзіць у кантакт зь некаторымі асобамі францускага рэзыстансу і, у надчэківаньні прыходу саюзьнікаў, падгатаўляе рад мэмарыялаў, у якіх выясьнялася трагічная сытуацыя беларускага народу.
А потым зь першага дня вызваленьня Францыі ён аддае ўсе свае сілы ў справе абароны правоў перамешчаных асобаў у Нямеччыне.
Ведаючы так зблізка Абрамчыка, яго, мне здаецца, ніяк нельга йначай ахарактарызаваць як рэвалюцыянэра беларускага вызвольнага руху, зь няўтомнай энэргіяй чалавека, які ўсё сваё жыцьцё пасьвяціў змаганьню за волю беларускага народу. He дарма прэзыдэнт Захарка, ведаючы так зблізка Абрамчыка, перад сваёй сьмерцю нікому іншаму не хацеў перадаць сваіх паўнамоцтваў, як М. Абрамчыку.
Аб цяперашняй дзейнасьці Абрамчыка як прэзыдэнта БНР, думаю, лішне пісаць. Яна вельмі добра ведамая беларускай эміграцыі, бо, здаецца, ня знойдзецца ніводнага беларускага асяродзьдзя ў Эўропе й Амэрыцы, дзе-б не пабываў гэты няўтомны і нязломны змагар.
Варта хіба толькі прыгадаць усю тую бессаромлівую пашквільную «прэсу» нашых зарубежнікаў, якія намагаліся прадставіць усю рэвалюцыйную нацыянальна-вызвольную працу Абрамчыка ў 1920—1924 гадох як быццам нейкую прыналежнасьць Абрамчыка да камсамолу. Аб недарэчнасьці гэтай пашквільнай пісаніны варта хіба прыпомніць, што (да 1925 году) у Заходняй Беларусі наагул не існавала ніякага беларускага камсамолу. А што Абрамчык нелегальна бываў у Менску, сьведчыць толькі аб адным: што моладзь тады нашая ня лічыла Рыскай граніцы за граніцу для сваёй нацыянальнай дзейнасьці.
«Бацькаўшчына», 7—14 верасьня 1952 г.
АЛЕСЬ КАРПОВІЧ
МІКОЛА РАВЕНСКІ
Кампазытар Мікола Равенскі пакінуў Бацькаўшчыну зусім сьпелым майстрам, шырака ведамым у галіне пэдагагічнае дзейнасьці й музычнае творчасці. Радзіўся ён на Ігуменшчыне ў 1886 г.
У 1914 г. канчае трыгоднія рэгенцкія курсы ў Маскве. На пачатку 1919 г. пераяжджае на працу ў Менск, дзе ўжо ў наступным годзе пераймае абавязкі дырыгента хору пры Беларускім работніцкім клюбе. У 1922 г. ён запрошаны хормайстрам у Менскі гарадзкі тэатр.
У 1921 г. Равенскі бярэ ўдзел у вялікай экспэдыцыі, арганізаванай Інбелкультам дзеля зьбіраньня народных песьняў у Случчыне. У наступным годзе выходзіць з друку першы зборнік песьняў як народнай, так і собскай творчасьці. У гэтым-жа годзе пішацца музыка да «Залётаў» Дуніна-Марцінкевіча (апэрэта). У гадох 1923—1930 Мікола Равенскі канчае спачатку музычны тэхнікум ім. Стасава ў Маскве, а пазьней кансэрваторыю й зараз-жа ізноў вяртаецца ў Менск.
Яшчэ ў часе студыяў кампазытар піша вялікі сымфанічны твор на словы Янкі Купалы, а ў 1928 г. супольна з паэтам Ул. Дубоўкам працуе над опэрай «Браніслава». У тым-жа часе напісаныя 22 фугі для фартап’яна й шмат харавых твораў. Значная частка іх была выдадзеная Беларускім Дзяржаўным выдавецтвам у Менску, а між імі й «Ліпнёвы гімн» на словы Дубоўкі. Супрацоўнічае кампазытар і ў часапісе «Узвышша» як музычны крытык.
3 1930 г. кампазытар працуе ў Менскім музычным тэхнікуме як выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплінаў, а пазьней у новаадкрытай Беларускай кансэрваторыі. Зь вялікіх фарматаў у 1934—1935 гадох
напісаны смычковы струнны квартэт і сюіта, пабудаваныя на беларускіх народных тэмах.
На эміграцыі кампазытар аднаўляе пагінулыя ў часе ваеннага пажару ў Менску творы: вялікі харавы твор на словы Дубоўкі «Шыпшына», арыю Браніславы з опэры «Браніслава» і арыю на словы Дубоўкі «Ноч над Менскам». У 1947 г. ён піша фантазію для скрыпкі й фартап’яна на беларускія народныя тэмы. У 1948 г. музычна аформленыя п’есы: «Пінская шляхта», «Нечаканыя заручыны», «Вясёлы майстра» і шэраг іншых. Адначасна пішацца цэлы рад народных песьняў для хору, а таксама музыка на словы Натальлі Арсеньневай «Магутны Божа». Рыхтуецца для друку зборнік беларускіх народных песьняў, у які ўваходзіць 80 нумароў.
3 асаблівым уздымам кампазытар разгарнуў творчую й практычную дзейнасьць, кіруючы студэнцкім харавым ансамблем у Лювэне. Вынікі ягонае працы апошніх гадоў вартыя ўвагі ня толькі як каштоўны ўклад у нашую музычную культуру, але й з боку знаёмленьня з гэтай культурай чужынцаў, паміж якімі дзейнасьць Равенскага ўжо даўно знайшла высокую ацэну.
Паважная музычна-тэарэтычная падрыхтоўка дазваляе кампазытару свабодна карыстацца разнастайнымі сродкамі тэмбравага, гарманічнага й контрапунктнага багацьця. Шматгадовая дырыгенцкая практыка працы з царкоўнымі, сьвецкімі й тэатральнымі харавымі калектывамі дала яму магчымасьць усебакова апанаваць сваеасаблівасьць вакальна-харавога пісьма.
Сяньня ў «творчым партфэлі» кампазытара — вынікі ягонае цярплівае працы за апошнія гады — царкоўная музыка, кампазыцыі для сьвецкага хору, сольныя сьпевы, «Вялікая сюіта на беларускія тэмы» для фартап’яна, «Фантазія для скрыпкі з фартап’янам», п’еса «На выгнаньні» для акардэону. Праз усе гэтыя творы, пры ўсёй іхнай эмацыянальнай разнастайнасьці й шырокім жанравым дыяпазоне, чырвонай ніткаю праходзіць прынцып беларускасьці ў музыцы. Кампазытар і сяньня няўтомна зьбірае ўзоры беларускага музычнага фальклёру, упарта вывучае яго, імкнецца знайсьці ягоныя сваеасаблівасьці (вынікам музычнадасьледчае працы Равенскага кніга «Характэрныя рысы беларускае народнае песьні») і выкарыстаць гэты музычны фальклёр як аснаўны матар’ял для собскае творчасьці.