З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
прыёмаў дэнацыяналізацыі беларускага студэнцтва. Складаліся, напрыклад, цэлыя слоўнікі беларускіх слоў, непадобных да рускіх, і вучні вывучалі гэтыя словы ў альфабэтычным парадку на памяць. За ўжытае ў пісьмовых працах беларускае слова вучань атрымліваў найніжэйшы бал.
Пры сэмінарыі была вучнёўская бібліятэка, у якой падбор кніжак быў вельмі тэндэнцыйным... а газэты проста не дапушчаліся ў сьцены сэмінарыі».
Усялякімі спосабамі ўлады намагаліся ўсьцерагчы сэмінарыстаў ад вальнадумства, таму ў бібліятэках ня было твораў Талстога. а іншых клясыкаў чытаць «не асабліва рэкамэндавалася». Адгароджваючы сэмінарыстаў ад жыцьця, ім, як калісьці пісаў Колас (сяньня гэтага нельга пісаць там), «дзяўблі на кожным кроку, як апякуецца царскі ўрад, царскае начальства і сам цар аб народзе, як гэты народ любіць свайго бацьку цара, як ён заўсёды знаходзіць у яго ласку й міласьць».
Але пры першым сутыку з жыцьцём ад усяе гэтае чмуры не заставалася й сьледу. Само жыцьцё давала праўдзівую асьвету ды скіроўвала чалавека на іншы шлях. Сэмінарскія ілюзіі зьнікалі, нібы памыйныя бурбалкі, і чаканыя «абаронцы» нямінуча ператвараліся ў зацятых ворагаў расейскага самаўладзтва. Няўмольная лёгіка жыцьця вяла на шлях нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Сярод гэтых людзей малады Лёсік адразу займае адно зь першых месцаў.
Лёсік бярэ ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, які адбываецца ўлетку 1906 году ў Вільні ў памешканьні пры летувіскім касьцеле сьв. Мікалая. I ўжо будучы перасьледваным паліцыяй, ён становіцца адным з галоўных ініцыятараў другога настаўніцкага зьезду ў Мікалаўшчыне, які адбыўся неўзабаве па віленскім у ліпені 1906 году. Мэтаю абодвух зьездаў было стварэньне ўсебеларускага настаўніцкага саюзу, каб аб’яднаць настаўніцкія сілы на змаганьне з царызмам. Тым больш гэта было важным, што пасьля прыдушэньня рэвалюцыі 1905 году над усім краем навісла ноч рэакцыі. Пасьля зьезду Лёсік аж да 1908 году жыве на нелегальным становішчы, за ім няўпынна ганяецца царская ахранка. У 1908 годзе Лёсік атрымаў найцяжэйшую кару — дажывотную высылку на Сібір.
У Сібіры Лёсік сустракаецца з другім катаржанінамбеларусам, паэтам Алесем Гаруном. Абодва яны былі ў далёкім выгнаньні аж да лютаўскай рэвалюцыі 1917 году. I Лёсік і Гарун адразу едуць у Менск, каб улучыцца ў змаганьне за незалежную Беларусь. У гэтым змаганьні Лёсік адыграў асаблівую ролю, і нездарма бальшавікі пазьней не маглі гэтага дараваць Лёсіку. Ен бярэ ўдзел у беларускіх зьездах, зьяўляецца адным з тварцоў Акту 25 сакавіка. Ад лета 1918-га да 1920 году быў старшынём Рады БНР.
Асаблівае значэньне ў гуртаваньні й задзіночаньні нацыянальных незалежніцкіх сілаў мела газэта «Вольная Беларусь», якую на працягу ўсяго часу рэдагаваў Лёсік ды ў якой супрацоўнічалі ведамыя нацыянальныя дзеячы. Ужо сам назоў газэты вызначаў ейную ідэйную лінію — змаганьне за незалежную Беларусь. Вось чаму бальшавікі й назвалі газэту «баявым органам беларускай контррэвалюцыі».
Запраўднае знаёмства беларусаў з бальшавікамі было ў часе разгону імі 1-га Ўсебеларускага Кангрэсу. У сваёй газэце Лёсік пісаў, што тады расейскія «бальшавікі... абыходзіліся зь мянчанамі, як татары пры наезьдзе Батыя».
У той час ня было суджана поўнасьцю зьдзейсьніцца нашым нацыянальным ідэялам. Але бальшавікі былі вымушаныя лічыцца з нацыянальнымі патрабаваньнямі беларускага народу. Якраз пад напорам гэтых патрабаваньняў яны былі вымушаныя адмовіцца ад струхлелай ад часу царскай намэнклятуры «Северозападный край» (бальшавікі тады называлі Беларусь Заходняй вобласьцяй) ды абвесьціць БССР. Памылкова думаць, што бальшавікі з добрай волі самі абвесьцілі БССР. Беларусы ў іх вырвалі беларускую рэспубліку, няхай хоць і савецкую. Ня было-б абвешчаньня БНР — ня было-б і БССР. Гэткім-жа шляхам паўсталі і іншыя саюзныя ды аўтаномныя рэспублікі, безь якіх было-б шмат лягчэй упраўляцца ў «аднароднай»,— як гэта цьвердзяць нават цяперашнія расейскія эмігранты,— савецкай імпэрыі.
Жывучы ў БССР, Лёсік цалкам аддаецца навуковай і настаўніцкай працы. Ен працуе ў тэрміналягічнай камісыі Наркамасьветы, пасьля ў Інстытуце Беларускай Культуры і, нарэшце, у Беларускай Акадэміі Навук. Чытае лекцыі беларускай мовы на настаўніцкіх курсах,
у пэдагагічным тэхнікуме, які быў запраўднай кузьняй нацыянальных кадраў, і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Таксама бярэ ўдзел у ведамай Акадэмічнай канфэрэнцыі. За колькі гадоў Лёсік напісаў ці мала падручнікаў беларускай мовы для розных школаў. Усе сілы аддаваў чалавек для асьветы свайго народу.
Калі ў дачыненьні да некаторых беларускіх дзеячоў можна гаварыць у некаторай ступені пра часовае «прымірэньне» з бальшавікамі, дык у дачыненьні да Лёсіка гэтага сказаць ніяк нельга. Таму й ішоў чалавек праз жыцьцё пад нясьціханым варожым абстрэлам. Але ніколі ня падаў, не скараўся, ня ўгінаўся перад ворагам. Нават арыштамі ня прымусілі вырачыся сваіх паглядаў. А Лёсіка ў часы ЧК, як там кажуць, забіралі вельмі часта. Мянчане ці адзін раз бачылі, як Лёсік, калі ўжо здавалася, што па ім і сьлед прастыў, варочаўся з ЧК дахаты, нясучы ў руках заўсёды адзін і тойжа куфэрак, які, мабыць, у яго й быў для «адмысловага прызначэньня».
У 1922 годзе выходзіць ягоная першая «Практычная Граматыка» ў выданьні Наркамасьветы. Газэта «Зьвязда», якая тады друкавалася ў расейскай мове, варожа сустрэла беларускую кніжку. Рэцэнзэнт пра Лёсікаву граматыку пісаў: «Так пад маркай каапэрацыйнага выдавецтва і нявінным назовам «Практычная Граматыка» вядзецца контррэвалюцыйная прапаганда».
Гэтак ужо ад самага пачатку складаліся дачыненьні паміж Лёсікам і бальшавікамі ў афіцыйнай іхнай савецкай дзяржаве. Бальшавікі ўжо адразу патрабавалі гымнаў на свой гонар. Але ня віна беларускіх дзеячоў, што гэтыя гымны не сьпяваліся. Гэта-ж было яшчэ зусім нядаўна, гэтак сьвежа трымалася ў памяці, як расейскія бальшавікі пры дапамозе штрыхоў наводзілі свае парадкі ў беларускіх справах і гэтым распаласавалі ўсялякую гымнавую магчымасьць. Было-б зрадай, каб гэткія гымны сьпявалі тварцы Сакавіковага Акту. Для Лёсіка ідэя нацыянальна-незалежніцкая была вызначальнай на ўвесь час ягонай дзейнасьці, ягоных жыцьцёвых паводзінаў.
Мы разумеем, што бальшавіком не да густу была Лёсікава граматыка, асабліва прыклады да розных граматычных правілаў. Пра Беларусь у савецкіх умовах гэтак добра гаварыў Лёсікаў прыклад: «Апанавалі чэрці месца сьвятое». У прыкладах гэтак ярка раскры-
валася ўсё ўбоства тагачаснай бальшавіцкай запраўднасьці ды сьцьвярджалася канечнасьць, няўхільнасьць перамогі нацыянальнага, што «будзе кірмаш і на нашай вуліцы», а таму «браты, хай кажны пасыіяшае, адно нам думаць і рабіць». Гэта ўжо гучэла як заклік да гуртаваньня нацыянальных сілаў ды ўпэўненасьці, што ўжыцьцёвяцца спадзяваньні.
А вось яшчэ адзін характэрны прыклад.
У 1921-1922 годзе Лёсік чытаў беларускую мову на менскіх настаўніцкіх курсах. Дзеля нацыянальнага ўзгадаваньня маладых настаўнікаў шырака практыкаваліся пісьмовыя працы. Аднойчы пісалі на тэму — «Як я пазнаў сябе беларусам». У сувязі з гэтай пісьмовай працай Лёсік друкуе ў часапісе «Вольны Сьцяг» артыкул, які ўжо набывае ня прыватнае, а агульнанацыянальнае значэньне. Лёсік найперш зварачаецца да ўсіх беларусаў, над якімі яшчэ вісіць праклён стагодзьдзяў, каб яны як мага хутчэй вызваліліся ад гэтага нацыянальнага грэхападзеньня ды сталі на шлях нацыянальнага змаганьня.
Лёсік пісаў: «Мы падобны да таго жыдоўства, што вывеў Майсей зь зямлі эгіпецкай... А ці ня чуем мы цяпер, як з усіх бакоў кажуць: «Нашто нам тая Беларусь? Нашто нам кідаць тое, да чаго мы прывыклі? Мы тут маем свае хаты, сталы прыпынак, а там — барацьба, змаганьне, сьмех і зьдзекі, фараоны з войскам на калясьніцах і цёмная няведамая будучыня!..» Але, слухаючы гэта, мацней сьціскаецца посах у руках і мацней адчуваецца прыродная няўхільнасьць. Ісход пачаўся, і ён ня спыніцца, а вывядзе туды, куды клічуць нас нашыя нацыянальныя прарокі...»
Гэтак навучаць і пісаць мог адно Лёсік, і гэтую сваю нязрушную веру ды гарачы тэмпэрамэнт ён укладаў у душы сваіх выхаванцаў.
Лёсік быў патрабавальным настаўнікам і разам пабацькаўску цёплым, блізкім чалавекам да сваіх выхаванцаў. Мова ў ягоным выкладаньні ператваралася з сухіх абстрактных граматычных катэгорыяў у жывы нацыянальны арганізм. Таму ягоныя лекцыі заўсёды пакідалі нязгладны сьлед у памяці, былі незаступным сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня.
Лёсік бываў надзвычай задаволеным, калі ягоны вучань ці студэнт адказваў цьвёрда, разважна. У гэткія часіны настаўнік прахаджаўся па аўдыторыі, пазіраў
з боку ды ўсьміхаўся сваёй скупой і разам поўнай усьмешкай. А калі адказ быў блытаны, тады ён раптам запыняўся, як заўсёды, калі хваляваўся, скідаў акуляры і, жэстыкулюючы сваімі шырокімі далонямі, пытаў:
— Што-ж вы сабе думаеце? Дык як-жа гэта? 3 чымжа вы пойдзеце да нашых дзяцей, чаго вы іх павучаць будзеце?
I гэта дапамагала. Міжвольна кажны студэнт уважаў за свой найпершы абавязак не дакучаць Лёсіку благімі адказамі.
Лёсік, мабыць, быў найбольш папулярным, найбольш ведамым чалавекам на Беларусі. Зь ім, яшчэ ня бачыўшы яго ў вочы, ужо зналіся вучні розных школаў. Зь ім, нават мо ніколі ня сустракаўшыся, зналіся ўсе выкладчыкі мовы. Лёсіка нават ведалі і людзі няшкольнага веку, якія ў часы <беларусізацыі» мусілі вывучаць беларускую мову па Лёсікавых ітадручніках. А колькі моладзі навучалася ў самога Лёсіка, пачынаючы ад розных курсаў і канчаючы ўнівзрсытэтам!
Мове Лёсік надаваў асаблівае значэньне. Для яго мова бьіла наймагутнейшым дзейнікам згуртаваньня народу ў сцэмэнтаваную нацыю, г. зн. вялізманым сродкам нацыянальнага ўзгадаваньня народу.
У 1918 годзе ў «Вольнай Беларусі» Лёсік пісаў: «Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што пакуль не запануе ў краі яго наша родная мова, беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны й галодны». Жывучы ў БССР, у 1921 годзе Лёсік сьцьвярджаў: «Для нас мова становіць усё: нашу палітыку, эканоміку, наш грамадзкі лад жыцьця».
Такім чынам, значэньне нашае мовы ўздымаў на вышыню ролі й заданьня дзяржаўнага, бо яна найлепшы сьведка незалежнасьці самой дзяржаўнасьці. Гэтак змаганьне за мову ператваралася ў змаганьне за нацыю, за ейную чысьціню й незалежнасьць, гэтак мова ператваралася ў палітыку, у дзяржаўнасьць. Ня выпадкам і бальшавікі ў часе пагрому ці не галоўны свой удар скіравалі якраз сюды, супраць нашай нацыянальнай мовазнаўчай практыкі, а значыць, і супраць Лёсіка.