З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Па сьмерці бацькі, калі браты Луцкевічы канчалі гімназію, на іхную долю прыпала невялікая спадчына па бацьку, што дала ім магчымасьць вучыцца далей, але яшчэ будучы студэнтамі яны часта давалі грошы на беларускую справу. Калі-ж яны перабраліся ў Вільню, дык арганізацыя беларускай працы, асабліва-ж друку, неўзабаве праглынула рэшту іхнае спадчыны, і,
каб не дапусьціць да заняпаду гэтае працы, трэба было шукаць новых сродкаў.
Параўнальна невялікая група беларусаў, што станавіла фактычны актыў беларускага руху ў Вільні, была бедная й грошай на справу даць не магла. Апрача братоў Луцкевічаў, што былі фактычнымі рэдактарамі «Нашае Нівы», да гэтае групы належалі: Аляксандр Уласаў — афіцыйны рэдактар «Нашае Нівы», Янка Купала, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, А. Чыж, Сяргей Палуян (памёр у 1910 г.), мастак Язэп Драздовіч ды яшчэ некалькі асобаў. Гэта былі маладыя ідэялісты, поўныя запалу й энэргіі ў працы на адраджэньне Беларусі. Грошай яны ня мелі. Мусілі ня толькі дарма працаваць у газэце ці на іншых дзялянках беларускага руху, але й часам выціскаць із сваіх мізэрных заработкаў для гэтага руху. Адзін А. Уласаў быў замажнейшы, бо меў хвальварак Мігаўку пад Радашкавічамі, але з гэтага хвальварку ён мусіў жыць сам, бо іншых прыбыткаў ня меў. Аднак, працуючы ў газэце разам з братамі Луцкевічамі, ён памагаў аплачваць кватэру для ўсяго штабу «Нашае Нівы». Мы бачылі, як грамадзтва Вільні, фактычна чужое, ставілася да «Нашае Нівы», дык ясна, што хоць і заможнае, але падтрымаць гэтую газэту яно не хацела. Выняткам быў Зыгмунт Нагродзкі (собсьнік складу ралейных машынаў — сябра Францішка Багушэвіча), які часамі даваў хоць невялікае падтрыманьне. Бальшыня-ж вілянчукоў глядзела на беларускі рух як на нешта варожае або недарэчнае.
Гэтак нашаніўцы мусілі лічыць толькі на свае собскія сілы.
«Наша Ніва» — асабліва спачатку — мела мала платных падпішчыкаў, на вёску высылалася пераважна дарма, а ў самой Вільні разыходзілася мала. 3 гледзішча гаспадарскага гэта было моцна дэфіцытнае падпрыемства, і, каб утрымаць яго, трэба было шукаць нейкіх пабочных крыніцаў. I вось гэтае заданьне ўзяў на сябе Іван Луцкевіч. Ен ня мог пайсьці на службу або заняцца нейкай сталай заработкавай працай, бо ўвесь час і энэргію сваю мусіў аддаваць маладому беларускаму руху, будучы галоўным маторам і кіраўніком яго. Проста дзіву даешся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадзкай працай, знаходзіў часу і спосабаў здабываньня грошай на ўсю беларускую справу. Ен кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым
ніколі не дбаў аб свае асабістыя патрэбы: што здабыў, тое йшло ў грамадзкі кацёл. Ен бярэ прадстаўніцтвы ад розных фірмаў, пасярэднічае ў транзакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод жыдоў і ў сваіх частых разьездах выконвае розныя гандлёвыя даручэньні, за што дастае пэўны працэнт. Але з усіх гэтых нясталых прыбыткаў ён ня мог-бы пакрываць выдаткаў на газэту й іншыя грамадзкія справы. Больш пэўны прыбытак прыносіла перапродаж антьікварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасьвеччыны й мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе толькі ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасьвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасьвецкай разьбы, мастацкіх абразоў сьвецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў ды іншых падобных рэчаў. Ен меў нейкі спэцыяльны нюх ці здольнасці, каб вынаходзіць гэтыя рэчы там, дзе, здавалася-б, зусім ня месца ім. Ен знаходзіць іх на кірмашох, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупнікоў і рызьнікаў або й ледзь што не на сьметніках. Набываў ён іх пераважна як бязвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку — пакідаў іх у сваіх музэйных зборах, калі-ж яны гэтай характарыстыкі ня мелі — прадаваў за належную ім цану й гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасці беларуская справа расла й дужэла, разам з тым расьлі зборы беларускай старасьвеччыны, зь якіх пасьля склаўся музэй — адзін з найбагацейшых у Вільні — музэй пад ягоным імём. Болып вартасныя рэчы не беларускага значаньня ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або й за межамі — у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з болыпымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькісот рублёў (раз навет за абраз якогась старога французскага маляра дастаў болып як тысячу рублёў). Такія болыпыя транзакцыі былі для яго сьвятамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газэту — за паперу й друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пэнсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музэю і, канечна, патрэбныя рэчы для сябе. Калі боты былі ўжо да немагчымасьці дзіравыя або вопратка занадта зношаная, дык купляў сабе ці брату Антону. Але неўзабаве зноў браў напавер паперу й рабіў іншыя даўгі,
пакуль зноў здабываў грошы перапродажай. Гэтак Іван Луцкевіч, жывучы вельмі сьціпла із сваім братам Антонам, фінансаваў газэту «Наша Ніва» ды бадай усю беларускую працу ў Вільні ў часе ад 1906 да 1919 г. (У гадох 1913—1915 Іван Луцкевіч выкладаў у прыватнай школе рысункаў Рыбакова мастацтваведу, але зарабляў там вельмі мала.) Ад іншых супрацоўнікаў «Нашае Нівы» нельга было вымагаць грашовага падтрыманьня на газэту. Досыць таго было, што яны ў ёй задарма працавалі ды так ці інакш самі сябе ўтрымвалі.
Апошнімі гадамі свайго існаваньня «Наша Ніва» мела ўжо ладна платных падпішчыкаў. 3 году ў год матарыяльны стан газэты папраўляўся. Тады пачалася й выдавецкая праца. Было заложанае Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. Тады-ж паўстала й Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў Вацлаў Ластоўскі як ейны собсьйік — аж да 1918 г. Ен і жыў пры кнігарні із жонкай і дзьвюма дачкамі ды там-жа складаў зборы старасьвеччыны (зьбіраць іх навучыўся ў Івана Луцкевіча).
У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе й спачатку фінансуе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца...». Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы й папулярныя брашуры для сялянства. Зь цягам часу гэтае выдавецтва пакрывала свае выдаткі й яно добра разраслося-б, як мне апавядаў пасьля праф. Вацлаў Іваноўскі, калі-б ня выбухла вайна. Зразумела, што й Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні трэба было спачатку паставіць на ногі і фінансаваць яго. I тут ізноў без грашовай дапамогі Іван Луцкевіча не абылося.
Калі ў 1914 годзе выбухла вайна і Вільня адчула блізіню фронту, магчымасьці здабываньня грошай Іванам Луцкевіча звузіліся. Сувязі з замежжам былі перапыненыя, пошукі антыкварных рэчаў на правінцыі спыніліся дзеля блізіні фронту. Трэбы было абмежыцца да малых купоўляў і продажаў у самой Вільні. Асабліва цяжкі быў 1915 год, калі фронт падыйшоў пад самую Вільню. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, а сярод іх і супрацоўнікі «Нашай Нівы». Шмат падпішчыкаў было адрэзана фронтам. Дзеля ўсяго гэтага давялося спыніць далейшае выдаваньне «Нашае Нівы».
Аб сваіх удалых антыкварных транзакцыях апавядаў мне Іван Луцкевіч у часе нямецкай акупацыі, калі наракаў, што мусіць абмежыцца да дробных транзакцыяў. Нямецкія вайсковыя ахвоча куплялі антыкі, але Іван Луцкевіч мала што мог прадаць, калі беларускія экспанаты пакідаў для беларускага музэю. Я й так дзіўлюся, як ён мог пакрываць хатнія выдаткі праз увесь час нямецкай акупацыі, утрымваючы сябе й брата ды яшчэ падтрымваючы матар’яльна беларускую справу. Праўда, браты Луцкевічы жылі вельмі-ж сьціпла (пра гэта гл. Кветка Вітан: «Мае ўспаміны»).
«Конадні». № 7, 1963
ФРАНЦІШАК КУШАЛЬ
СОРАК ДВА ГАДЫ ТАМУ
Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну
Першыя мае ўспаміны аб Алесю Гаруну, што друкаваліся недзе ўвосень 1941 г. у Менскай «Беларускай Газэце», былі, магчыма, паўнейшыя, чымся тая жменька, што даю тутака, бо тады, у 1941 г., ад трагічных падзеяў на Беларусі ў 1920 г. й майго апошняга разьвітаньня з Алесем Гаруном мінула было адно 21 год, сяньня-ж да іх дайшло яшчэ гэтулькі сама, а сорак два гады ў жыцьці чалавека шмат значыць, асабліва ў дачыненьні да гэткай нясталай ды нятрывалай рэчы, як людзкая памяць.
Упяршыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з Забор’я, дзе жылі мае бацькі, зь мясцовасьці, якая ляжыць у сямідзесяцёх вярстох ад Менску й належала ў тых часох да Ашмянскага павету. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжок для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я й мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня зьмяшчалася тады ў двупаверхавым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць «Новага» касьцёлу. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, а за ім — высокага, худога чалавека, апраненага ў жакетку із саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, што развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на «зважай» перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозьвішча. «Прушынскі»,— адказаў мне ён, падаючы руку да прывітання.
Я ўжо ведаў, што Аляксандар Прушынскі — гэта запраўднае ймя паэта Алеся Гаруна, твсры якога я зь вялікім захапленьнем вучыўся на памяць і дэклямаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы разгаварыліся. Алесь Гарун зь вялікай цікавасьцяй распытваў мяне аб тым, што робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сьведамасьць сярод сялянства ды інш, Нарэшце ён напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.
Улетку 1918 г., апрача гэтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыяжджаючы зь івянецкімі балаголамі. Кажны раз я наведваў беларускую кнігарню й сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым-жа доме на другім паверху зьмяшчалася рэдакцыя беларускай газэты «Вольная Беларусь». Там я пазнаёміўся і зь Язэпам Лёсікам і зь ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой ведамага беларускага пісьменьніка Ядвігіна Ш.
На сьвеце ўсьцяж ня было супакою. Увосень 1918 г. выбухла рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаныя капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Сьледам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходу йшло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі. Увесну 1919 г. пачалася новая вайна — польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасьлей — 8 жніўня 1919 г. заняла Менск. Неўзабаве па заняцьці палякамі Вільні, у травені 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі зьезд Віленшчыны й Горадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На зьезьдзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваньнем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасьля вельмі даўгіх намаганьняў і перамоваў, бо толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудзкі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым-жа дэкрэтам паклікалася Беларуская Вайсковая Камісія (БВК), кажны