З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
113 МБ
Нельга недаацэньваць і ўплыву эканамічнага ў выніку сацыяльна-эканамічнае дыфэрэнцыяцыі жыхарства, тым болын што з часам, з уваходам на жыцьцёвую арэну ўсё новых і новых пакаленьняў, гэты эканамічны ўплыў пачаў расьці, выходзячы ў рэшце рэштаў на першае месца й адсоўваючы на другое й асабістыя заслугі, і здольнасьці. Але было-б няправільна ня помніць і аб значэньні апошніх, менавіта — у першую пару.
Удзел жыхарства ці паасобных ягоных часткаў у ўладзе найпрасьцей ужыцьцяўляецца ў форме беспасярэдняе простае працы ў ёй. Калі краем кіравалі із дапамогаю народных сходаў або вечаў — на іх зьбіраліся ўсе вольныя грамадзяне тагачаснае дзяржавы (ці, як гэта часта бывала — жыхары ейнага галоўнага места). Калі кароль ці князь кіраваў дзяржаваю разам із фэадальнай арыстакратыяй,— апошняя прыймала ўдзел у гаспадарскіх радах спачатку in согроге, зьбіраючыся да валадара ў вялікія сьвяты, каб павіншаваць яго й даць раду ў дзяржаўных справах. Найбліжэйшыя да валадара сябры гэтае арыстакратыі, найздальней-
шыя кіраваць дзяржаваю, прыймалі ўдзел у ягоных прыбочных радах часьцей, блізу штодня. Спачатку іх ня выбіраў ніхто, іх прыцягваў да сябе й дзяржаўнае працы сам валадар.
Але пазьней усё часьцей адчувалася патрэба зьмяніць спосаб надта ўжо шырокіх пагалоўных зьездаў фэадальнае арыстакратыі да валадара, у якіх прыймалі ўдзел і людзі, што зусім ня былі здольныя да дзяржаўнага жыцьця, і, гэтым самым, адчулася патрэба зьмяніць самыя нарады із самадумам абранымі валадаром сябрамі верхняга стану, якія, бяссумлеву, ня мелі належнае кантролі над справамі дзяржавы.
Само 'жыцьцё выразна ставіла пытаньне аб выхадзе з гэтага палажэньня. I выхад быў знойдзены. У выснаве, няраз даўгога працэсу, былі пастаўленыя далейшыя крокі да арганізацыі вузейшага прадстаўніцкага органу ўлады. Напачатку найбуйнейшыя фэадалы або прадстаўнікі мясцовае (каралеўскае, вялікакняскае) адміністрацыі пачалі запрашаць із сабою на зьезд, да валадара, колькіх прадстаўнікоў рыцарскага стану (шэвалье, дваран, шляхты, знатных вайсковых). Але памалу справы дайшлі да выбару гэтых прадстаўнікоў на сваім мясцовым станавым сходзе.
Далейшы цяг разьвіцьця парлямэнтарных установаў — гэта працэс пашырэньня іхнага ўплыву на шырэйшыя галіны дзяржаўных справаў і змаганьне ўсіх групаў і клясаў народу за ўдзел у выбары прадстаўнікоў у парлямэнт. Працэс гэты быў даўгі й цяжкі, але ўрэшце выбары ў парлямэнт сталіся ўсеагульнымі, а самы працэс іхны забесьпячаў тайну галасаваньня, прапарцыянальнасьць прадстаўніцтва розных партыяў і групаў і г. д.
Папраўдзе, простым шляхам гэтага разьвіцьця пайшла адна толькі Ангельшчына. У іншых гаспадарствах Эўропы старыя парлямэнтарныя ўстановы ў бальшыні замерлі. Некаторыя зь іх прыпынілі сваё быцьцё й дзейнасьць у выніку разьвіцьця каралеўскага абсалютызму, што не цярпеў каля сябе іншых органаў вышэйшае ўлады (Францыя), іншыя скончылі сваё жыцьцё, заваяваныя варожаю дзяржаваю, што, зачыняючы мясцовы парлямэнт, тым самым ліквідавала мясцовую дзяржаўнасьць (Чэхія, Польша, Літва [Беларусь], Украіна).
Але ход разьвіцьця парлямэнту ў незалежным краі
і ў народзе, што здолеў абараніць свае правы на ўдзел у ўладзе,— маю на ўвеце Ангельшчыну,— ясна сьведчыць, у які бок ішло заканамернае разьвіцьцё парлямэнтарных установаў. I мы ведаем, што ў вялікай балыпыні эўрапейскіх краінаў (як і ў краёх Амэрыкі й Аўстраліі) у XIX ст. прадстаўніцтва народу дзеля вырашэння заканадатных пытаньняў аднаўляецца ўжо ў новых формах, у болыпай ці меншай меры пазычаных з клясычнае формы ангельскага парлямэнту.
На паўночным захадзе ўсходняе часткі Эўропы ляжыць прастора, занятая адным з эўрапейскіх народаў — народам беларускім. Шырака раскінуліся там вялізныя лесавыя масывы, уробленыя рупнаю рукою чалавека палі, зялёныя лагі ды сенажаці. На гэтых прасторах ад Беластоку за Смаленск, ад Дзьвінску па Старадуб, на берагох прыгожых рэкаў Дняпра, Нёмну й Дзьвіны, Сожу, Бярэзіны ды інш. на працягу вякоў змагаўся за сваё быцьцё, працаваў і тварыў сваю апрычоную культуру беларускі народ.
Ціхім жыцьцём жылі да нядаўна пачарнелыя дзеравяныя хаты беларускае вёскі. Месты Беларусі й сяньня ня ёсьць цэнтрамі вялікае прамысловасці або магутнымі асяродкамі культурных установаў.
Але былі часы, калі беларускі край
Далёка быў знаны
За літоўскай і ляскай зямлёю.
У тыя часы жыцьцё ў беларускіх мястох кіпела, грознай сілай былі аддзелы беларускіх войскаў, горда, як роўны з роўным, гаварыў беларускі народ із сваймі суседзямі, і суседзі гэтыя, як і далёкія народы Заходняе Эўропы, паважалі й шанавалі беларускую сілу, багацьце й культуру. У гэныя часы прыгожа расьцьвіў і беларускі парлямэнтарызм, самастойны вынік разьвіцьця беларускага дзяржаўнага жыцьця.
Беларуская дзяржава пачала складацца ў X—XI стст. нашае эры, спачатку ў выглядзе асобных дзяржаўна-пляменных арганізмаў, яшчэ не задзіночаных у суцэльную нацыянальную адзінку. Далей, задзіночаная ў вялікай сваёй частцы аднэй князёўскай дынастыяй, яна ў той-жа час пачала распадацца на цэлы шэраг асобных земляў і княстваў, якія ў свой чарод, падобна да раньняе дзяржаўнае арганізацыі фэадальнага тыпу,
падзяліліся на апрычоныя, меншага памеру князёўскія ўдзелы.
Кажны з гэтых удзелаў, кажнае з гэтых княстваў было дзяржаўнай арганізацыяй фэадальнага тыпу, васальнай да большага й вышшага валадара і сюзэрэннай да меншых і ніжэйшых адзінкаў. Аднак беларускія княствы жылі задзіночаны ў адну дзяржаву ня толькі дачыненьнямі сувязі й падпарадкаваньня фэадальнага тыпу. Лучыў іх у адно яшчэ й орган гэтае сувязі, якім трэба ўважаць т. зв. князёўскія сьнемы.
Сьнем — тэрмін ня чужы славянскім мовам. У мове чэскай ён проста азначае парлямэнт. Цяпер чэскі народ укладае ў гэтае разуменьне зьмест прадстаўніцкае заканадатнае дзяржаўнае ўстановы. Але сьнемамі зваліся й першыя сходы чэскага народу ў даўнейшыя часы, калі элемэнту прадстаўніцтва на іх яшчэ ня было ці калі ён толькі зазначаўся. На Ўкраіне й Беларусі XI—XIII стст. (аб першай маем шматлікія ведамкі, бо да нас дайшоў украінскі летапіс, тады як беларускі летапіс ня знойдзены ці мо загінуў), сьнемамі зваліся зьезды князёў і баяраў з розньтх княстваў на разгляд справаў вонкавае палітыкі, а часамі й справаў заканадаўства. Наагул, мы ведаем аб сьнемах яшчэ так няшмат, што цяжка адтварыць іхны склад і працэс іхнае дзейнасьці. Але мы, бясспрэчна, можам уважаць, што якраз сьнемы й маглі быць тым зародкам, што, лучачы беларускія княствы, задзіночаныя пад уладаю Ізяслававага роду, у адну дзяржаўную арганізацыю (дарма што із слабымі яшчэ сувязямі), мог і павінен быў-бьі стацца пры спрыяльных умовах тэй парлямэнтарнага тыпу ўстановаю, якой сталіся сьнемы Чэскае зямлі.
3 другога боку, і баярскія думы асобных земляў і княстваў, гэтыя сходы «баяраў, што думалі» на нарадах пры князю аб справах замежнае й нутраное палітыкі, аб справах вайны й міру і аб справах заканадаўства (ёсьць ведамкі, што баярскія думы або баярскія рады разглядалі «ўставы і ўрокі» — тэрміны, якімі ў той час зазначалася разуменьне закону) маглі й павінны былі стацца жаралом для будучае ўстановы парлямэнтарнага тыпу.
Трэба ўважаць, што якраз баярскія думы й сьнемы беларускіх княстваў і сталіся зародкамі беларускага двухгасподняга парлямэнтарызму XV й XVI стагодзьдзяў. Як і балыпыня эўрапейскіх народаў, беларускі
народ у сваёй дзяржаўнай арганізацыі Вялікага княства Літоўскага меў дзьве парлямэнтарныя гасподы. Гэткімі былі: а) паны-рада і б) вальны сойм.
Абедзьвюм гасподам беларускага парлямэнтарызму прысьвечаныя вялікія манаграфічныя дасьледваньні: аб панох-радзе ёсьць двутомная праца I. Маліноўскага, прафэсара Томскага ўнівэрсытэту, пазьней — акадэміка Ўкраінскае акадэміі навук; аб соймах — зьмястоўныя манаграфіі праф. М. Любаўскага і праф. Максімейкі. Адсылаючы сваіх чытачоў дзеля падрабязнага азнаёмленьня з парлямэнтарнымі ўстановамі Вялікага княства Літоўскага да гэтых працаў, скажам тут аб іх адно колькі словаў.
Верхняй гасподаю Вялікага княства Літоўскага былі паны-рада. На месцы старых «баярскіх думаў» мы сустракаем яе ўжо на пачатку XV ст. За вялікага князя Вітаўта мы бачым тут біскупаў, васальных князёў, вялікакняжых намесьнікаў, ураднікаў дворскіх і земскіх, як канцлер, маршалак, падскарбі земскі, гэтман найвышшы і інш. Пазьней княскі элемэнт выходзіць з рады і на ягонае месца ўваходзяць кашталяны віленскі й троцкі, стараста жамойцкі ды іншыя. Пры Казімеру паны-рада спаўняюць у часе выездаў вялікага князя (які быў і каралём польскім) агульнае кіраўніцтва дзяржавай. Судзебнік вялікага князя Казімера афармляе гэткае іх палажэньне ў заканадатным парадку, а пасьля гэта яшчэ падрабязьней вызначае прывілей вялікага князя Аляксандра 1492 г. А прывілей Жыгімонта ў 1506 г. вельмі ўзмацняе правы паноў-рады, устанаўляючы, што галава дзяржавы можа выдавапь правы толькі із згодаю рады. Акт 1506 г. ставіць вышэйшую гасподу Вялікага княства Літоўскага ў асабліва моцнае і ўплывовае палажэньне ў дзяржаве, ствараючы гэтым быццам асобную рысу старое парлямэнтарнае арганізацыі, што мае болыпы ўплыў, чымся гэта было ў іншых тагачасных эўрапейскіх дзяржавах.
Літоўскі Статут рэдакцыі 1529 году таксама надае паном-радзе заканадатную кампэтэнцыю. Апрача гэтае кампэтэнцыі, паны-рада бралі ўдзел у прызначаньні мясцовае адміністрацыі, у арганізацыі дзяржаўных фінансаў і кантролі над імі, разглядалі справы замежнае палітыкі, а нават займаліся справамі суду ў асобных выпадках.
Побач із панамі-радаю ад XV стагодзьдзя пачала
разьвівацца й ніжняя парлямэнтарная ўстанова, якою быў у Вялікім Княстве вальны сойм.
Сойм вырас із зьездаў шляхты, скліканае спачатку найчасьцей дзеля ўдзелу ў выбарах вялікага князя. На пачатку XVI ст. зьезд гэты быў яшчэ пагалоўны, г. зн. на яго ў прынцыпе мог прыехаць кажны шляхціч, які гэтага зажадае. Прывілей вялікага князя з 1447 г., што звальняе шляхту ад дзяржаўных падаткаў, згуляў вялікую ролю ў нараджэньні сойму як сталай установы. Адылі падаткі із шляхты ўсё-ж былі патрэбныя, і вось-жа даводзілася прасіць ейнага дазволу на іх. Так справы падатку, г. зв. «сярэбшчыны», сталіся галоўнай кампэтэнцыяй вальнага сойму і, гэтым самым, далі яму магчымасьць цьвёрда стаць у шэрагу вышэйшых установаў гаспадарства.