З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
113 МБ
«Расея,— пісаў ужо згаданы намі Н. Данілеўскі, — не належыць ані да эўрапейскага дабра, ані эўрапейскага зла, як-жа можа яна належаць да Эўропы?» (там-жа, б. б. 60—61). «Яе ня жывілі,— кажа ён,— ніводзін з тых карэньняў, празь якія Эўропа ўбірала як добрыя, гэтак і шкодныя сокі беспасярэдна зруйнаванага ёю антычнага сьвету, не кармілі яе й тыя карэньні, якія чэрпалі жыўнасьць з глыбіні нямецкага духу. Ня была яна й часткай адноўленай Рымскай імпэрыі Карлы Вялікага, якая творыць нібы супольны камель, праз падзел якога паўстала ўсё галінастае эўрапейскае
дрэва,— не ўваходзіла да складу той тэарэтычнай фэдэрацыі, якая заступіла сабою Карлаву манархію,— ня зьвязвалася ў адно агульнае цела фэадальнаарыстакратычнай сеткай, якая (як у часе Карлы, гэтак і ў часы свайго рыцарскага красаваньня) ня мела ў сабе нічога нацыянальнага, а была ўстановай агульнаэўрапейскай у поўным сэнсе гэтага слова. Пасьля, калі настаў новы век і пачаўся новы парадак рэчаў, Расея таксама ня брала ўдзелу ў змаганьні з фэадальным прыгнечаньнем, вынікам якога на Захадзе было забясьпечаньне тэй формы рэлігійнае свабоды, якая называе сябе пратэстанцтвам. Ня ведала Расея й гнёту, а зь іншага боку і ўзгадавальнага ўзьдзеяньня схалястыкі, ды ня вырабіла тэй свабоды думкі, якая стварыла новую навуку...» (там-жа).
Ня будзем разглядаць тут пытаньне, ці мае слушнасьць Данілеўскі ў дэталях свайго супроцьстаўленьня Расеі Заходняй Эўропе. Для нас даволі будзе прызнаць яму часткавую слушнасьць, каб ужо шмат у чым зразумець іншыя цывілізацыйныя асновы расейскае культуры.
Наступным і заканамерным будзе пытаньне: дзе ў гэтым цывілізацыйным камплексе канчаецца Расея й пачынаецца Ўсходняя Эўропа ў цэласьці? Пытаньне гэтае можа быць пастаўленае ў шмат якіх плашчынях. Можна, прыкладам, аднесьці да ўсходня-эўрапейскага культурна-гістарычнага камплексу саму Расею, далучыўшы да яе хіба ейных цюркскіх, усходня-фінскіх ды мангольскіх падданых. Гэта мы знойдзем ня толькі ў згаданых вышэй украінскіх гісторыкаў, але і ў найноўшых працах у ангельскай мове Оскара Галецкага. Можна, зь іншага боку, паставіць пытаньне й пра ролю іншых усходня-эўрапейскіх народаў: беларусаў, летувісаў, украінцаў ды інш. Куды належыць іхная гісторыя? Ці былі гэта далёка высунутыя на ўсход арганічныя часткі Заходняй Эўропы. Ці, наадварот, гэта былі арганічныя часткі Эўропы Ўсходняй, адно тэрытарыяльна бліжэйшыя да Захаду й якія з гэтае прычыны перанялі ад гэтага Захаду шэраг ягоных рысаў і культурных асаблівасьцяў. Ці, нарэшце, гісторыя гэтых народаў зьяўляецца гісторыяй глыбокіх нутраных канфліктаў, якія вынікаюць з прычыны паміжлежнага, «міжкультурнага» палажэньня іхных земляў.
Усё гэта вельмі паважныя праблемы, і ад іхнага
вырашэньня шмат у чым залежыць уся ацэна гісторыі гэтых народаў ды праўдзівае разуменьне яе.
Трэба адразу адкінуць кажную спробу падыйсьці да вырашэньня згаданых праблемаў з пазыцыі тых ці іншых палітычных інтарэсаў нашае сучаснасьці. Расейская імпэрыя, якая на цэлыя стагодзьдзі палучыла пад сваёй уладай шматлікія й разнародныя народы й нацыі Ўсходняе Эўропы, мае гарачых абаронцаў і зацятых ворагаў. Якраз выходзячы з гэтых пачуцьцяў і пераконаньняў, шмат хто з гісторыкаў Усходняе Эўропы й дае кірунак сваім гістарычным паглядам. Сумлеўна, ці гэта справядліва.
Расейская імпэрыя, як і ўсё на сьвеце, зьявішча часовае. Усходняя Эўропа магла быць палітычна нязлучаная ў адну цэласьць (як гэта дагэтуль ёсьць з Эўропай Заходняй) і ўсё-ткі тэарэтычна быць адзіным цывілізацыйным цэлым. I наадварот, яна можа быць злучаная ў адно дзяржаўнае цела, але ўсё-ж быць разнародным у сваім агульна-культурным зьмесьце камплексам. (Гэткім яна ўжо, без усялякага сумлеву, і бывала, улучаючы ў сябе выразна заходніх фінаў ці палякаў ды вы разна далёка-ўсходніх манголаў або карэйцаў.) Само злучэньне ўсходня-эўрапейскіх народаў — калі яно ўжо мела стацца — зусім не абавязкава мусіла адбыцца пад эгідай расейскае Масжвы. Вельмі лёгка палітыч ным цэнтрам Усходняе Эўропы мог стацца ўкраінскі Кіеў, ці беларуская Вільня, або й татарскі Сарай-Бэркэ. Мы ведаем, што спробы й змаганьне за гэткае пяршынство іншых, нерасейскіх народаў запраўды мелі месца.
Падыходзячы з гэтага гледзішча спэцыяльна да гісторыі беларускага народу, трэба сказаць, што яна не дае выразнага й апрыёрнага адказу на пытаньне, арганічнай часткай якога «культурна-гістарычнага цыклю» было ягонае гістарычнае разьвіцьцё. А калі гэтак, дык трэба зьбіраць матар’ялы, якія могуць нам сказаць што-колечы ў справе вырашэньня гэтае праблемы. Тут, у гэтым артыкуле, можна закрануць хіба самыя агульныя (й далёка не вычарпальныя) аргумэнты.
У часы «князёўскія» (X—XIII стст.) беларускія княствы, бясспрэчна, менш за ўкраінскія й расейскія, мелі тэндэнцыю да злучэньня ў аднэй «рускай» цэласьці. Звычайна гэта тлумачаць тым, што тут была асобная князёўская дынастыя. Гэтае тлумачэньне мала перака-
нальнае. Нам думаецца, што яны вылучаліся нечым іншым і ў першую чаргу, як відаць, тым, што глыбіня супольных культурных уплываў (перадусім — уплываў бізантыйскіх) тут была меншая. He малую ролю іграў таксама мамэнт расавай і культурнай блізіні да старых суседзяў (а магчыма, і старых родзічаў), народаў «балцкае» групы — да летувісаў і латышоў. Блізіня ды моц сувязяў з Заходняй Эўропай была тут ці не асабліва поўнай.
Ці рабіла гэта беларускія княствы часткаю Заходняй Эўропы, вылучаючы іх з усходня-эўрапейскіх камплексаў Кіеўскае імпэрыі й Суздальскае зямлі? Сьцьвярджаць гэта немагчыма: князёўская Беларусь была, агулам бяручы, усё-ж у коле палітычных і культурных уплываў усходня-эўрапейскага, «славяна-бізантыйскага» цыклю.
Ці прынесла якасныя зьмены новая эпоха, калі зарганізавалася вялікая «Літоўская» імпэрыя й калі (XIV—XVII стст.) беларуская культура й мова сталіся асноўнай базай палітычнай і культурнай сувязі паміж паасобнымі й рознымі часткамі вялікага цела гэтае імпэрыі? Каб даць адказ на гэтую праблему, трэба вырашыць некаторыя ейныя часткі. Аднэй зь іх мае быць пытаньне пра гістарычныя заданьні, якія ставіў перад сабой «Літоўскі» дзяржаўны саюз, другой — пытаньне пра кірунак і шлях культурных уплываў і ар’ентацыяў.
Яшчэ Макіявэлі ўважаў, што «арганічнай» рысай кажнай дзяржаўнай арганізацыі, калі яна здаровая дзяржаўная арганізацыя, зьяўляецца нахіл да пашырэньня ейных межаў. У наш час з гэтым паглядам ня шмат хто мог-бы пагадзіцца. Але наш час — гэта час перамогі тэндэнцыяў стрымліваньня й абмежаваньня вольнай гульні ў сфэры міждзяржаўных дачыненьняў. На гэта, ведама, ёсьць свае прычыны. Ды мы цяпер гаворым пра Вялікае княства Літоўскае й пра часы Макіявэлі. Для тае эпохі ягонае цьверджаньне ня было памылковым.
Як здаровы й моцны арганізм XIV—XVI стст. (гаворым цяпер адно пра гэты пэрыяд), Вялікае княства Літоўскае вяло палітыку заваяваньняў. Гэтая палітыка даўгі час была ўдалай, а ейны кірунак быў выразны: ён ішоў па лініі змаганьня дзеля задзіночаньня вакол беларускае Вільні ўсіх галоўных частак усходня-эўра-
пейскага цыклю. Мы ведаем, што арганічным удзельнікам у дзяржаўным жыцьці Літвы-Беларусі быў побач зь беларускім і летувіскі народ, да іх пазьней далучылася асноўная частка ўкраінскага жыхарства Прыдняпроўя, часткава й часова ўваходзілі сюды й часткі заходня-расейскіх княстваў. Даўгі час віленскі князь быў найбольш магчымым кандыдатам на галаву вялікае ўсходня-эўрапейскае імпэрыі, што лучыла ў сабе ўсю асноўную прастору Ўсходняе Эўропы.
Мы гаворым пра гэты працэс таму, што гісторыя Ўсходняе Эўропы не тварыла дагэтуль магчымасьці сужыцьця (хоць-бы й далёка ня мірнага) розных нацыянальных самастойных дзяржаўных адзінак, як гэта было ў Эўропе Заходняй. Тут адзін арганізм імкнуўся стаць гегемонам над іншымі, і, галоўнае, якраз тут ён здолеў гэтага дасягнуць.
Мы ведаем, што гэтая вялікая гістарычная наважнасьць літоўска-беларускіх князёў — злучыць пад знакам Віленскае Пагоні ўсю Ўсходнюю Эўропу — у канцы закончылася няўдачай. Вялікі паход на ўсход і поўдзень зьмяніўся палітыкай абароны перад усходам і поўднем, саюзу «Літвы» з Польшчай, вялікімі ўдачамі Масквы. He беларуская Вільня, а расейская Масква сіламоц злучыла пад сваёй уладай народы вялікіх прастораў усходня-эўрапейскай раўніны. На даўгія гады расейская культура стала дамінантным выказьнікам творчых праяваў сваеасаблівага генія ўсходняэўрапейскіх нацыяў.
Чаму гэтак сталася? Нам адказваюць: вайсковыя няўдачы «Літвы». Ці гэта можа здаволіць нас? Матар’яльныя рэсурсы Вялікага княства Літоўскага ня былі меншымі за рэсурсы Маскоўскага гаспадарства. Кажуць яшчэ: сацыяльны антаганізм паміж шляхтай і сялянствам. Але ці-ж ня было гэта скрозь у тагачасных дзяржавах? Нам кажуць: змаганьне спалячанае шляхты зь вернымі старой культуры народнымі масамі, змаганьне вуніі й праваслаўя. Але чаму мела месца гэтае змаганьне і ў чым прычыны ўсёй ягонай гарачыні?
Мяркуем, што ўсе гэтыя факты мелі сваё значаньне, але асноўнай прычынай паразы «Літвы» быў дэманстратыўны выбар ейнай элітай заходняга (а ня ўсходняга) шляху. Адразу зробім заўвагу: гэты выбар і гэты шлях абяцалі й запраўды далі вельмі памысныя вынікі.
Яны адкрылі жывую крыніцу больш сьпелае заходняе культуры, і з гэтай крыніцы пілі ды ёй жывіліся найлепшыя дзеячы беларускага й іншых народаў Вялікага Княства. I калі мы гаворым пра гэта як пра прычыну паразы, дык маем на ўвазе тое, што заходняя культура прывівалася да іншага культурнага пня. Гэта рабіла новую расьціну хай і часова, але слабой. А перад ёй стаялі іншыя ўсходня-эўрапейскія грамады, усё менш і менш закранутыя заходняй культурай, далейжа на ўсход незакранутыя зусім, ёй арганічна чужыя. Яны наважна супраціўляліся заходняй плыні, і чым больш «заходняй» рабілася «Літва», тым мацнейшай і наважнейшай была сіла іхнага супраціву.
Чым паўнейшай была вэстэрнізацыя Вялікага княства Літоўскага (у аснове якраз гэтак мае быць названы працэс вялікіх палітычных і культурных зьменаў XVI—XVIII стст.), тым большы яна сустракала адпор як унутры краіны, гэтак, і асабліва, звонку — з паўдня й з усходу. Калі вялікі князь прыняў каталіцтва й каталіцкі клер атрымаў шэраг прывілеяў ды калі беларускі й летувіскі шляхціч загаварыў па-польску,— супраціў набыў яшчэ болыпую вайстрыню. Вось-жа ў самым працэсе ўсё большай і большай вэстэрнізацыі «Літвы» мы бачым нейкі дзіўны парадокс: чым паўнейшым і, здавалася-б, больш плённым ён быў — тым слабейшай і менш задзіночанай рабілася нацыянальная грамада.