З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Як у школьнай драме, гэтак і ў містэрыі музыка (пяяньне, граньне на музычных інструмантах) займала асабліва вялікае месца й была неад’емнаю часткаю, арганічным кампанэнтам кажнага спэктаклю ці інсцэнізацыі.
Новая форма культавога мастацтва адразу-ж мела нязвычайную ўдачу ў народзе, хутка пашыралася й пакрысе, пад уплывам масы, пачала ўсё больш і больш набліжацца й надавацца да народных дзеяў.
Як ведама, школьная драма, спачатку выконваная на лацінскай мове, была незразумелаю й недаступнаю простаму народу. Каб прыцягнуць да пастаноўкі-больш людзей, выклікаць большае зацікаўленьне, паміж дзеямі драмы пачалі ўводзіць адмысловыя сцэны, гэтак званыя інтэрмэдыі на бытавыя, блізкія народу сюжэты, якія ўжо выконваліся па-беларуску. Неўзабаве інтэрмэдыі сталіся зусім народнай бытавой, жартоўнай дзеяю, якая нават была болып папулярнаю за сам спэктакль. Такая зьмена мела для музыкі вялізарнае значэньне, ператварала яе ўжо ў першарабны элемэнт дзеі.
Фармальная пабудова інтэрмэдыі складалася звычайна з чаргаваньня тэксту зь пяяньнем, музыкай, танцам; паміж імі было поўнае ўзаемадзеяньне. Ілюстраваць гэта можна, напрыклад, такім адрыўкам з захаванае да нашых дзён школьнае інтэрмэдыі:
С е л я н і н (пяе):
Сядзіць сава на каліне, сычык на другой, Азірнемся, аглянемся, аж'но на чужой.
(Гаворыць):
Сяргей! Гэй, Сяргей! За што ты мяне пхаеш, ня йдзеш?
(Ізноў пяе):
Быў, быў Сямён баяр, Сем год, яшчэ ня стар, Сам ляжыць на печы, Ногі на паліцы... і г. д.
Гэтая форма чаргаваньня тэксту й музыкі давала вялікія магчымасьці пранікненьню ў школьныя драмы народнае беларускае творчасьці: народнай песьні, танцу, народных інструмэнтаў і выканаўцаў.
Таму й ня дзіва, што школьныя драмы сталіся ўлюбёнымі й папулярнымі ў Беларусі й на працягу стагодзьдзя (XVI—XVII) ахапілі сабою амаль што ўсе мястэчкі Віленшчыны, Піншчыны, Наваградчыны, Меншчыны, Случчыны, Полаччыны, Слонімшчыны й інш.
Калі школьныя драмы былі тэатральнаю формаю, што прыйшла ў Беларусь з Захаду, дык містэрыі ўжо нарадзіліся ў самой Беларусі і пайшлі адсюль у іншыя краіны. Адным зь першых іхніх аўтараў і арганізатараў быў выдатны беларускі дзеяч, япіскап Сымон Полацкі (XVII ст.). Атрымаўшы пазьней прызначаньне пры двары расейскіх цароў (пры Аляксею Міхайлавічу, царэўне Зофіі й Пятры I), Сымон Полацкі прывёз туды й беларускія (полацкія) містэрыі. Іхная ўдача пры двары была гэткая вялікая, што яны зрабілі моцны ўплыў на тэатральнае мастацтва Расеі таго часу.
3 усяго вышэйсказанага можна бачыць, што царква ў разьвіцьці музычнага мастацтва захоўвала і ў гэты пэрыяд сваё вялікае значаньне, уплываючы на ход гісторыі музыкі. Трэба да таго яшчэ зацеміць, што й на адраджэнскі рух беларускае інтэлігенцыі царква мела значнае ўзьдзейнічаньне. (Гэтак, напрыклад, з рэфарматарскіх рэлігійных колаў выйшлі беларускія першадрукары ды асьветнікі Цяпінскі й Будны.) Гэта адбілася й на музычнай асьвеце і ўзгадаваньні, аб чым могуць сьведчыць таксама й практычная дзейнасьць, і выказваньні доктара Скарыны, які карыстаецца заўсёды нагодаю зьвярнуць увагу беларускае моладзі на рэлігійныя ідэі. У справе вывучаньня музыкі Скарына раіць Біблію, як найлепшы падручнік, дзе «прамноства вершаў і песьняў сьвятых па ўсёй кнізе сей знойдзеш».
4
Нязвычайна яскрава праявіўся другі пэрыяд залатой пары і ў народнай творчасьці й выканаўстве. Кіпучая дзейнасьць народнага мастацтва ня спынілася, a новыя зьявішчы прыносілі з сабою й новыя шляхі й новыя каналы ягоным жыватворчым плыням.
Буйныя палітычныя падзеі гэтага часу, вонкавае й нутраное змаганьне Вялікага княства Літоўскага, бойкі ды паўстаньні (войны супроць Маскоўскае дзяржавы, рэлігійныя й палітычна-эканамічныя паўстаньні супроць польскіх паноў), а таксама ўвядзеньне вайсковае службы ізноў павярнулі народную творчасьць (як гэта было ў пэрыяд старадаўных княстваў) да ратных, вайсковых сюжэтаў і формаў. Гэтак ад XVI ст. нараджаецца жанр старой вайсковай песьні (ня трэба мяшаць яго з больш пазьнейшаю салдацкаю песьняю).
Старая вайсковая песьня, з аднаго боку, працягвае традыцыю гераічнага, гістарычнага народнага эпасу (тэматыка баёў, паходаў, жыцьцё краю й правадыроў), a з другога боку — дае малюнкі бытавога вайсковага зьместу (быт беларуса-жаўнера, служба, думы аб радзіме й блізкіх). Прыкладам гістарычнае тэматыкі можа служыць вайсковая песьня XVI ст. пра вайну з Масквою (пры Жыгімонце II пад камандаю гэтмана Астрожскага) і перамогу на рацэ Воршы:
Ой, у нядзельку параненька Узышло сонца хмарненька, Узышло сонца па-над борам, Па-над Сялецкім таборам. А ў таборы трубы йграюць, Да ваяцкае парады зазываюць, Сталі рады адбываці, Адкуль Воршы здабываці.
(Цікавы тут успамін аб ігры трубаў.)
За прыклад старой бытавой вайсковай песьні можна прывесьці беларускую жаўнерскую песьню каралеўскага войска «Бяжы, коню»:
Бяжы, коню, бяжы, коню, дарогаю.
Гэй, не якою — шырокаю...
Як у тэкставых, гэтак і музычных адносінах старая вайсковая песьня (асабліва бытавая вайсковая) паказвае высокія якасьці народнае творчасьці, робіцца характэрнай па сваіх беларускіх асаблівасьцях і атрымлівае сталую традыцыю (што потым адбіваецца на пазьнейшай рэкруцкай песьні).
Другою, ня менш яскраваю народнаю формаю гэтага пэрыяду была тэатральная музыка. Узаемныя ўплывы народнае творчасьці на культавую музыку (асабліва ў інтэрмэдыях школьных драмаў і містэрыяў) і, наадварот, царкоўнае музыкі (формы рэлігійных прастаўлень-
няў-выставаў) на народную прывялі да стварэньня ў Беларусі ў XVI—XVII стст. беларускага народнага лялькавага тэатру пад назоваю батлейкі, або бэтлейкі.
Народныя тэатральныя формы паходзяць зь вел^мі старых часоў. Продкамі іхнымі былі народныя карагоды зь ігравымі дзеямі. Яны з агульнае харавое масы вылучалі паасобных салістаў-карыфеяў, і так паўставалі салёвае выкананьне, музычныя дыялёгі (дуэты), харавыя ансамблі. Сцэнічная дзея, акторская гульня прыдавалі такому карагоду ўжо ўсе элемэнты тэатральнага спэктаклю (народныя выразы вельмі ўдала падчыркваюць гэтыя якасьці: «вадзіць карагод», «іграць» карагод, а не пяяць карагод).
Гэтыя элемэнты яшчэ мацней праяўляліся ў народных абрадавых ігрышчах і потым атрымалі асаблівае разьвіцьцё ў скамарошых дзеях. Апошнія й сталіся асноваю для найбольш простае й цікавае сцэнічнае дзеі ў выглядзе чаргаваньня паміж сабою тэксту, музыкі, пяяньня і танцу, што атрымала потым назоў «зіншпіля» (у Нямеччыне). Ітак, глеба для народнага спэктаклю была створаная ўжо з даўных часоў.
*3апісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».
№2. 1952
ІГНАТ ДВАРЧАНІН
БЕЛАРУСЫ НА ПРАСКІМ УНІВЭРСЫТЭЦЕ ад ягоных закладзінаў да паловы XVI стагодзьдзя'
Праблема вызваленьня беларускага народу ў сучасны мамэнт знаходзіцца ў самай непадзельнай сувязі з адраджэньнем беларускае нацыі, якая мусіць дамагацца агульначалавечых правоў перад «цывілізаваным грамадзтвам». Поймы «нацыя» й «народ» у беларусаў пакуль што ўжываюцца найчасьцей як сынонімы, а іх трэба адрозьніваць: nation — populus, die Nation — das Volk, the nation — the people.
Таму, каб выйсці з стану «нацыі этнаграфічнай», побач з агульнымі заданьнямі сучаснага мамэнту, перад беларускім актывам паўстае пытаньне дасьледваньня свайго культурнага багацьця, захаванага пад попелам старасховаў. Адна зь цікавейшых бачынаў беларускага культурнага жыцьця ў мінулым гэта час пасьля ўсталеньня Беларусі як адзінага гаспадарства, калі яно пайшло шляхам набліжэньня да складу жыцьця Заходняе Эўропы. Ня менш цікавы, зь іншага боку, і пачатак тое вялікае эпапэі ў змаганні за новыя культурна-грамадзкія формы, якую адчыніла ў Эўропе гусыцкая рэвалюцыя. Таму важна ўстанавіць і ступень удзелу ў гэтай эпапэі беларусаў, асабліва з увагі на жывыя сутыкі тагачаснай Беларусі з крыніцаю выбуху рэвалюцыі — Чэхіяй.
Гэты артыкул мае на мэце закрануць справу сутычнасці паміж чэскім і беларускім народамі ў дачыненьні да ў некаторай ступені агульнай Alma Mater —
' Гэтая праца доктара Ігната Дварчаніна была напісаная каля 30 гадоў таму ў часе ягоных студыяў у Празе. Д-р Дварчанін, як ведама, быў сасланы бальшавікамі ў 1933 г. на Салавецкую катаргу й там у 1936 г. памёр.
Праскага ўнівэрсытэту. Дакладней: зьвярнуць увагу на далучэньне беларусаў да агульнага культурнага руху праз здабываньне вышэйшай асьветы на гэтым унівэрсытэце.
1
Праскі ўнівэрсытэт заснаваны ў 1348 г. пры чэскім каралю Карле, які ведамы пад імем імпэратара Сьвятой Рымскай Імпэрыі Карлы IV. У той час беларусы перажывалі пару нутраной кансалідацыі паасобных княстваў у адно магутнае гаспадарства пры вялікім князю Альгердзе (летувіскую частку гаспадарства зьбіраў Кейстут). 3 гэтае прычыны сумніўна, ці Беларусь тады магла адразу пасылаць сваю моладзь у гэтую, толькі што закладзеную, цытадэлю веды. Але факты, пададзеныя беларускімі летапісамі, сьведчаць пра тое, што чэскую мову ведаў Ягайла, а магчыма, й Альгерд. Гэта ды даныя аб уплывах у тыя часы чэскай культуры на беларускую дазваляюць меркаваць, што Беларусь мела пэўную лучнасьць з Праскім унівэрсытэтам ужо ад самага пачатку.
У верагоднасьці гэтага нас могуць пераканаць яшчэ гэткія факты:
1. Праскі ўнівэрсытэт зараз-жа пасьля ягонага адчыненьня стаўся адным зь перадавых у Эўропе, побач з Парьіскім, Оксфардзкім і Балёнскім.
2. Ен прыцягнуў да сябе гэтулькі моладзі з усяе Эўропы, што яму мог-бы пазайздросьціць ці адзін унівэрсытэт нашага часу.
3. Паводле некаторых вестак, беларусы каля гэтага часу здабывалі ўжо асьвету на ўнівэрсытэтах Захаду, прыкладам, у Балёнскім, ды тварылі там нават адзін з «ультрамантанных»' (загорных) унівэрсытэцкіх народаў.
4. Праскі ўнівэрсытэт быў да Беларусі найбліжэйшы.
Гэтыя меркаваньні лягічна прыводзяць да думкі пра навучаньне беларусаў у Праскім унівэрсытэце ад самага пачатку. Пэўна-ж весткі аб гэтым мы маем ужо з 1387 г., калі пры ўнівэрсытэце была закладзеная г. зв. «Літоўская калегія». Але, на жаль, з прычыны зьнішчэньня чэскіх культурных помнікаў у часе «крыжовых» войнаў з гусыцтвам за панаваньня першых Габсбургаў, ды асабліва ў Трыццацігоднюю вайну, не засталося архі-
ваў Калегіі, адкуль можна было-б дастаць найпэўнейшыя весткі1. Цікава тут толькі адцеміць, што Гус на Канстанцкім саборы прыгадвае аб «русах» як аб сваіх вучнях і пасьлядоўніках.