З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Побач з гэтым сойм заваяваў і іншыя галіны кампэтэнцыі ў дзяржаўных справах. Пачынаючы ад 1551 г., справы заканадатнага парадку пераходзяць на сойм (ягоны законапраект меў зацьвярджаць у форме свайго «адказу» вялікі князь). Статут 1566 г. выразна адзначае, што падаткі й правы (якія, як мы бачылі па статуце 1529 г., былі кампэтэнцыяй паноўрады) належаць ужо да кампэтэнцыі вальных соймаў. Апрача таго, на соймах разглядаліся ўмовы задзіночаньня (у форме пэрсанальнае вуніі, г. зн. аднаго караля — вялікага князя) з Польшчаю. На соймах, як мы ўжо гаварылі вышэй, праводзіліся й выбары вялікага князя па сьмерці папярэдняга. Сойм вызначаў памеры вайсковых кантынгентаў шляхоцкага «Паспалітага Рушэньня». Справы вайны й міру таксама належалі да кампзтэнцыі вальных соймаў, і, прыкладам, за Жыгімонта II Старога да вайны не дайшло адно дзеля таго, што гэтага не захацеў вальны сойм. Сойм 1563 г. спыніў абмежаньні для праваслаўнае часткі жыхарства. Вальны сойм 1564 году правёў судовую рэформу.
На вальным сойме былі прысутныя паны-радныя, дзяржаўныя ўрадаўцы, а таксама большыя магнаты, г. зв. «княжаты й паняты». Але галоўную ягоную частку складала шляхта. Яна зьбіралася спачатку пагалоўна, пасьля — прадстаўнікоў ейных прызначала мясцовая адміністрацыя. Але з часам шляхта дамаглася права самой выбіраць сваіх прадстаўнікоў.
За Жыгімонта-Аўгуста з вальнага сойму выйшлі княжаты й паняты, а шляхта паслала на сойм сваіх
выбраных прадстаўнікоў. Віленскі сойм 1565—1566 гг. пастанавіў, што шляхоцкія паслы, па 2 ад кажнага павету, маюць выбірацца на мясцовых (павятовых) сойміках, скліканых дзеля разгляду тых справаў, якія будуць разглядацца на вальным сойме, і даваць выбраным паслом сваю «навуку»-інструкцыю.
Мяшчанства — і ў гэтым была крыніца слабасьці вальнага сойму — было прадстаўленае на ім толькі ў форме ўдзелу на ягоных паседжаньнях прадстаўнікоў галоўнага места — Вільні. Сойм склікаўся непэрыядычна, але калі былі патрэбныя ягоныя пастановы. Месца паседжаньняў соймаў ня было вызначанае, аднак яны адбываліся найчасьцей у Вільні.
Дужа цікава, што побач з паседжаньнямі вальнага сойму йшлі пашыраныя сходы пленуму паноў-рады, якія разглядалі тыя самыя пытаньні, што й вальны сойм.
Калі гаварыць аб вальным сойме Вялікага княства Літоўскага ў цэласьці і калі прыраўнаваць яго да іншых аналягічных установаў тагачаснае Эўропы, дык трэба прыйсьці да выснаву, што вальныя соймы, якія беларускі народ стварыў у дзяржаве, званай Вялікім княствам Літоўскім, з памогаю народаў украінскага й летувіскага, жылі родам парлямэнтарнай установы дзяржавы, што пераходзіла ад фэадальных часоў да пары станавага падзелу жыхарства.
Як орган, нараджэньне й рост якога залежалі ад прычынаў аднолькавых у бальшыні эўрапейскіх краёў, ён вельмі быў падобны да іншых тагачасных эўрапейскіх парлямэнтаў, генэральных станаў, сьнемаў і г. д. Але як орган дзяржавы, што мела сваеасаблівыя рысы свайго гістарычнага разьвіцьця, вальны сойм заканамерна меў і розьніцы, раўнуючы да іншых тагачасных парлямэнтарных установаў. Адной з найважнейшых было прадстаўніцтва толькі ад аднаго стану, шляхты. Гэта сьведчыць аб меншым разьвіцьці мескага жыцьця й меншым уплыве мяшчанства на дзяржаўныя справы. I калі гэтая, у аснове ад’емная рыса, родніць беларускі сойм з соймам польскім, дык у той-жа час нельга не зацеміць і таго, што на вальным сойме Вялікага княства Літоўскага шляхоцкія масы ніколі ня мелі такога, даведзенага да скрайнасьці, станаўкога жаданьня для голасу кожнага зь іх, як гэта было ў Полыпчы.
Цалкам сваеасаблівым у нас было й выключна
ўплывовае палажэньне Верхняе Гасподы — паноўрады, што адводзе парлямэнтарнай сыстэме Вялікага княства Літоўскага сваё, асобнае месца ў агульным разьвіцьці эўрапейскага парлямэнтарызму.
У 1569 г. вальны сойм Вялікага княства Літоўскага быў зьліквідаваны пасьля таго, як яно пайшло на цясьнейшую дзяржаўную сувязь з Польшчаю. Польскі сойм стаўся супольным парлямэнтам Польшчы й Літвы (Беларусі).
Але, як гэта пераканальна даводзяць працы расейскага прафэсара I. Лаппы й беларускага гісторыка Друшчыца, беларуская дзяржава ня згубіла й па Люблінскай вуніі сваёй дзяржаўнай прыроды. Застаўся й род беларускага парлямэнту, за які трэба ўважаць т. зв. галоўны соймік, на які беларускія й летувіскія шляхоцкія паслы зьбіраліся перад выездамі на агульны сойм із палякамі. Тут, на галоўным сойміку, яны вызначалі свае пазыцыі на будучых паседжаньнях сойму і, што асабліва важнае,— вырашалі справы Вялікага Княства як асобнае дзяржавы, не пераносячы іх на супольны сойм із палякамі.
У якой меры галоўны соймік быў пытаньнем права, а не адно факту, пераканальна сьведчыць тое, што Літоўскі Статут 1588 г. проста пастанаўляе, што галоўны соймік абавязкова мае быць скліканы кажны раз на два тыдні перад супольным соймам «Кароны» й «Літвы». Галоўны соймік існаваў да канца трываньня Вялікага княства Літоўскага й быў скасаваны толькі пасьля ліквідацыі беларускае дзяржаўнасьці.
«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».
№ 1, 1952
ЛЕЎ АКІНШЭВІЧ
ПРА «ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНЫЯ АСНОВЫ»
БЕЛАРУСКАГА ГІСТАРЫЧНАГА
ПРАЦЭСУ
Бясспрэчная рыса найнавейшае філязофіі гісторыі — ейная адмысловая ўвага да вывучэньня паасобных камплексаў г. зв. «культурна-гістарычных цыкляў» ці «цывілізацыяў». Гэты кірунак апраўдваецца тым, што пры больш глыбокім знаёмстве з гісторыяй паасобных людзкіх грамадаў усё з большай і большай выразнасьцяй выступаюць рысы нераўнамернасьці, нятоесамасьці, апрычонасьці гістарычнага разьвіцьця паасобных народных групаў. Усё ясьней становіцца, што супольны й тоесамы шлях агульнага разьвіцьця ўсіх людзкіх грамадаў адшукаць цяжка. Усё больш выразна зазначаецца й неаднолькавасьць гэтага гістарычнага разьвіцьця. Прыкладам, нават Марксу й Энгельсу давялося вылучыць адмысловы «азіяцкі спосаб вытворчасьці», які яны знаходзілі ў гісторыі Кітаю й старадаўнага Эгіпту, і гэты «спосаб» выразна выломваўся із стройнай нібы схэмы «сацыяльна-эканамічных фармацыяў», што прыходзяць на зьмену адна аднэй у гісторыі сьвету.
Справа, аднак, выходзіць далёка за межы Кітаю й Эгіпту, бо цэлы шэраг людзкіх арганізацыяў таксама мае тэндэнцыю выломвацца із схэмы агульнага й аднолькавага (у асноўных рысах) людзкога прагрэсу. Усё ясьней робіцца, што ўсе схэмы прагрэсыўнага разьвіцьця народаў сьвету ў запраўднасьці абапіраюцца на нібы «клясычным» прыкладзе гісторыі Заходняй Эўропы. 3 часам сталася ясным, што й сама гісторыя гэтай апошняй ня ёсьць адзінай і бесьперапыннай, што яна лучыць у сабе адменныя самастойныя цывілізацыйныя цыклі антычнага (грэка-рымскага) й мадэрнага (рамана-германскага) тыпу.
Шэраг рысаў сучаснай заходняэўрапейскай цывілізацыі выразна аддзяляюць ейнае разьвіцьцё ад разьвіцьця іншых людзкіх грамадаў. Апошнія ня ведалі й ня ведаюць такога выразнага й юрыдычна абгрунтаванага падзелу дзяржаўнае ўлады, як гэта было ў заходняэўрапейскім феадалізьме. Яны не стварылі на базе вынікаў фэадалізму грамады з усталенымі правамі грамадзянаў дзеля ўдзелу ў дзяржаўным кіраўніцтве й кантролю над ім. Яны ніколі не дайшлі да таго кансэквэнтнага выніку асабістае волі, пэрсанальнае ініцыятывы й цьвёрдасьці прынцыпу прыватнай уласнасьці, які стварыў клясычныя ўзоры заходня-эўрапейскага (а за ім і амэрыканскага) «капіталізму». Мы тут бярэм адно праўныя й гаспадарчыя катэгорыі. Але можна й трэба гаварыць і пра адменныя прынцыпы ў агульнакультурным, рэлігійным, маральным ды іншым жыцьці й прагрэсе розных людзкіх групаў.
За асобную й адмысловую рысу заходняй цывілізацыі F. S. С. Northrop («The Taming of the Nations». Ney York. 1952. бач. 186—213) уважае ейную рымскую спадчыну і, асабліва, засвоекыя ёй канцэпцыі цьвярдых і агульна-зьвязваючых усё жыхарства прынцыпаў рымскага права. У гэтай думцы ёсьць шмат праўды.
Гэтая заходняя цывілізацыя была і ў сваёй аснове ёсьць адзінай, нягледзячы на стракатую адменнасьць ейных паасобных нацыянальных кампанэнтаў. Пра гэта так пісаў расейскі славянафіл Н. Данілеўскі, адзін з заснавальнікаў тэорыі культурна-гістарычных «цыклічных тыпаў»: «Гэта, у сапраўднасьці, гісторыя аднаго цэлага... Як ніхто ня думае аб асобнай цывілізацыі Атэнаў ці Спарты, гэтаксама няма чаго гаварыць пра асобную гісторыю Францыі, Італіі ці Нямеччыны. Такой гісторыі ў сапраўднасьці няма зусім, а ёсьць толькі гісторыя Эўропы з французскага, італьянскага, ангельскага ці нямецкага гледзішча...» («Россня н Европа», б. 110.)
Ці пануе «клясычная» цывілізацыя Заходняе Эўропы на прасторы ўсяго эўрапейскага абшару? I ці належаць да гэтага цывілізацыйнага камплексу народы, якія засяляюць шырокія прасторы Усходу Эўропы? На гэтыя пытаньні даваліся розныя адказы. Калі расейскі гісторык Паўлаў-Сільванскі першы заявіў пра існаваньне феадалізму ў Расеі, ён гэтым самым ставіў гісторыю Расеі на адну роўню з гісторыяй Захаду. Калі савецкая
гістарычная навука прыймае гістарычную схэму Маркса — Энгельса, дык яна гэтым самым ізноў ставіць расейскую гісторыю на адзін шлях з гісторыяй Захаду. Калі ўкраінскія гісторыкі В. Ліпінскі й С. Тамашэўскі ставяць пытаньне пра заходнія асновы культурнага й палітычнага разьвіцьця ўкраінскага народу, яны гэтым самым вылучаюць гэты ўсходня-эўрапейскі народ з кола культурнага цыклю Ўсходняе Эўропы.
Што да народу расейскага, дык ягоная культурная сваеасаблівасьць і адменнасьць ягоных гістарычных шляхоў вызнаюцца цяпер шмат кім з гісторыкаў за бясспрэчныя. Адкінутыя й запярэчаныя ў свой час ідэі расейскіх славянафілаў і расейскіх народнікаў, якія верылі ў магчымасьць для Расеі мінуць капіталістычны шлях разьвіцьця, шмат у чым у наш час здаюцца ня гэткімі ўжо сьмешнымі й галаслоўнымі.
«У расейскага народу,— піша расейскі філёзаф нашага часу,— была вялізарная сіла стыхіі й параўнальная слабасьць формы... У народаў Заходняе Эўропы ўсё шмат лепш выясьнена й аформлена, усё падзелена на катэгорыі і ўсё нязьменнае. Расея ніколі ня была ў заходнім сэнсе краінай арыстакратычнай, як ня сталася яна й буржуазнай» (Н. Бердяев, «Русская ндея», б. 6).
«Расейцы,— піша А. Тойнбі,— былі хрысьціянамі, й шмат хто зь іх і цяпер зьяўляюцца імі, але яны ніколі ня былі хрысьціянамі Захаду. Расея жыла наверненая ў хрысьціянства ня з Рыму, як Ангельшчына, але з Канстантынопалю, і, нягледзячы на іхную супольную хрысьціянскую аснову, усходняе й заходняе хрысьціянства былі заўсёды адно ад аднаго далёкія, а часам — адно аднаму антыпатычныя й варожыя» («The World and the West», p. 4).