З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Пануючае становішча беларускае культуры на вялізарнай прасторы Вялікага княства Літоўскага, дзе жылі людзі розных нацыянальнасьцяў, звычайна вяло да ейных уплываў на іншыя народы. У музыцы гэта праявілася галоўна пашырэньнем беларускага песеннага фальклёру далёка за этнаграфічныя межы Беларусі.
Яшчэ адзін важны фактар гэтага пэрыяду — гэта нараджэньне новае культурнае сілы: беларускае інтэлігенцыі. Разьвіцьцё палітычнага жыцьця, рост культуры высоўвае яе на гістарычную арэну, й яна пакрысе бярэ ў свае рукі шмат якія галіны дзяржаўных справаў, стаючыся асабліва вялікаю сілаю асьветы й мастацтва.
Сэнс першага пэрыяду залатое пары мы бачым у тым, што ў ім ува ўсіх культурных асяродзьдзях ідзе як-бы зьбіраньне сілаў і магчымасьцяў, каб давесьці культурны рост да ягонага вышэйшага ўздыму.
2
Кульмінацыйнае ўзвышша беларускае культуры прыпадае якраз на другі пэрыяд залатое пары — ад сярэдзіны XV й да канца XVII ст. і адбываецца ў часе культурнага заходняэўрапейскага руху, ведамага пад назваю Рэнэсансу (Адраджэньня).
Эпоха Рэнэсансу зрабіла поўны ідэолёгічны пераварот у грамадзкім жыцьці. Гэта быў моцны рэвалюцыйны рух супроць сярэднявечча, супроць схалястычнага, царкоўнага сьветагляду, за перамогу чалавечага розуму, за свабоду, незалежнасьць чалавечае думкі. Гэта быў век гуманізму, перамогі гуманітарных ідэяў.
У Беларусі новыя ідэі найболып захапляюць маладую беларускую інтэлігенцыю, якая хутка прыймае новыя прынцыпы свайго веку. Карыстаючы з пастановы выдатнага дзяржаўнага акту — Літоўскага статуту
(XVI ст.), паводле якога «кажны чалавек мае вольнасьць і моц выехаць для навук», шмат (больш моцных матар’яльна) беларускіх сем’яў пачынаюць пасылаць сваіх сыноў для вучобы ў замежныя эўрапейскія ўнівэрсытэты (у Італію, Нямеччыну, Чэхію, Польшчу). Атрымоўваючы там эўрапейскую навуку, набіраючыся новага сучаснага духу, прадстаўнікі беларускае інтэлігенцыі падыходзяць да пастаноўкі пытаньня вялізарнае вагі: распаленьня ў Беларусі свайго нацыянальнага Адраджэньня.
У той час як Заходняя Эўропа ў эпоху Рэнэсансу адраджае антычную грэка-рымскую культуру, у Беларусі ўзьнікаюць першыя думкі аб адраджэньні свае старадаўняе культуры з эпохі старога Полацкага княства. Дзейнасьць прадстаўнікоў беларускага гуманізму й правядзеньне іхніх ідэяў мела, як мы ўбачым далей, вельмі важнае значаньне й для музычнага мастацтва.
У гісторыі сусьветнае музыкі эпоха Рэнэсансу зьвязаная з новымі прынцыпамі паўстаньня сьвецкае музыкі, яе пануючага значаньня (замест царкоўнае), адраджэньнем формаў грэцкага тэатру (нараджэньне опэры) і нараджэньнем камэрнае музыкі. Цэнтрам музычнага Рэнэсансу была Італія, дзе музыка дасягнула такое вышыні, што ўзоры ейныя абыйшлі ўсе дзяржавы Эўропы. Патрапілі яны і ў Беларусь, дзе была для гэтага ўжо дасьпелая глеба.
Мы зацемілі ўжо раней, што двары вялікіх князёў літоўскіх ня ўступалі шмат якім эўрапейскім дваром. У практыцы жыцьця тут ужо даўно пачалі ладзіць на балёх, банкетах, вечарох і ўрачыстых прыняцьцях розныя мастацкія імпрэзы: канцэрты, музычныя пастаноўкі, балеты. У дзёньніку пісьменьніка таго часу Тодара Еўлашэўскага (XVI ст.) ёсьць такая аб гэтым зацемка: «...рабіў яму (паслу) кароль і каралева (вялікі князь літоўскі спалучаў у сабе й асобу польскага караля) вялікую ўрачыстасьць і банкет вялікі з танцамі чынены».
Зусім зразумела, што першыя свае крокі італьянскае музычнае мастацтва зрабіла менавіта тут, у асяродзьдзі прыдворным. Значна спрычынілася да гэтага яшчэ й тое, што жонкаю вялікага князя Жыгімонта II (пачатак XVI ст.) сталася каралева Бона, дачка італьянскага князя (Сфорцы).
Каралева Бона згуляла ў справе насаджэньня ў Беларусі эўрапейскае музыкі выдатную ролю. Перадусім
яна сама была вялікаю аматаркаю музыкі, і любоў да італьянскага мастацтва яна ня толькі прывезла із сабою, але моцна распаўсюджвала і ў нас. Паводле сьведчаньняў дворскае хронікі, двор каралевы Боны «гучэў музыкамі». 3 другога боку, каралева Бона ў гэтай любові да музыкі ўзгадавала й свайго сына, вялікага князя Жыгімонта III.
У ягонае княжаньне, згодна із гістарычнымі сьведчаньнямі, пры двары ўжо была цэлая плеяда выдатных музыкаў, розных спэцыялістаў, што былі прывезеныя зь Італіі. Сярод іх спамінаецца ведамы вэнэцыянскі кампазытар Дыямэд Катон, капэльмайстар Аскрылі Потэлё, скрыпач Якуб Нідэрляндзкі, лютніст Галёт і шмат іншых.
Пад уплывам вялікакняскага двара мода на ўсё італьянскае агартае й замкі, і палацы арыстакратыі ды магнатаў княства, раскіненых па Беларусі. Выдатныя іхныя прадстаўнікі, як: князь Слуцкі, князь Радзівіл (Нясьвіж), гэтман Хадкевіч, князь Сапега (Друя) і іншыя, ладзяць у сябе мастацкія бібліятэкі, выставы, канцэрты, танцавальныя спэктаклі, балеты, прапагандуюць італьянскае малярства, паэзію, музыку, абкружаюцца іншаземнымі, галоўна італьянскімі, музыкамівыканаўцамі.
Тыя-ж уплывы можна наглядаць і ў асяродзьдзі беларускае інтэлігенцыі, асабліва той, што студыявала на замежных унівэрсытэтах, зь якіх якраз больш папулярнымі былі італьянскія (у Падуі, Флёрэнцыі й Балёніі). Непасярэдна знаёмячыся зь італьянскаю музыкаю на месцы, яны прывозяць яе ўзоры й пашыраюць іх на бацькаўшчыне.
Гэтак у шмат якія колы пранікаюць новыя формы музычнага рэнэсансу, творыцца глеба для іхняга разьвіцьця. Асабліва карыстаецца любоўю практыка камэрнае музыкі, хатняе музыкі ў выглядзе пяяньня манодыяў, мадрыгалаў, канцонаў, стансаў, балядаў (вакальныя камэрныя формы) і граньня рэгэркараў, такатаў, танцавальных сюітаў і інш. (інструмантальныя камэрныя формы).
Праз тыя-ж колы патрапіў у Беларусь і тагачасны заходняэўрапейскі інструмантарый: клявікорд, клявісын, вірджынэль (клявішныя інструманты), іскрыпка, віёлядамур, лютня, цымбалы й. г. д.
Як мы спаміналі, у эпоху залатой пары творыцца
яшчэ адно асяродзьдзе, дзе разьвіваецца музычнае мастацтва,— асяродзьдзе беларускае інтэлігенцыі. Заданьні, якія яна ставіць, значна перавышаюць адно пашырэньне заходняэўрапейскае музыкі. Разьвіцьцё нацыянальна-адраджэнскага руху ў Беларусі ў галіне музычнага мастацтва прыводзіць да зацікаўленьня беларускім песенным фальклёрам, да першых спробаў адшуканьня, вывучэньня й паіпырэньня народных беларускіх песьняў і танцаў, якія пачынаюць штораз часьцей трапляць у тэматыку хатняе музыкі.
На музыку глядзяць ужо як на паважную, неабходную й вялікую рэч у галіне асьветы, узгадаваньня й агульна-культурнага разьвіцьця чалавека. Гэты пагляд беларуская моладзь выносіць ізноў-жа з заходняэўрапейскіх унівэрсытэтаў, дзе музыка тады ўваходзіла ў склад гэтак званых сямі свабодных навук (граматыка, рыторыка, фізыка, лёгіка, матэматыка, астралёгія й музыка) і была абавязкаваю навуковаю дысцыплінай.
Апрача таго, той-жа паважны пагляд беларуская моладзь выносіла й з нагляданьняў гарадзкога эўрапейскага жыцьця, дзе яна ўспрыймала лепшыя ўзоры музычнага мастацтва, наведваючы опэру, канцэрты, лекцыі, выставы й гэтак далей. 3 тых часаў і ў беларускіх навучальных установах музыка ўваходзіць у склад «чатырох вызваленых навук», стаіць нароўні з паэзіяй, лёгікай і рыторыкай.
Вялікую ролю ў гэтым новым паглядзе на музыку згулялі лепшыя перадавыя прадстаўнікі беларускае інтэлігенцыі: Будны, Рымша, Пашкевіч і асабліва Францішак Скарына, які пакінуў незабыўны сьлед і ў гісторыі беларускае музыкі.
Францішак Скарына (XVI ст.), слаўны сын Полацку, доктар філязофіі й мэдыцынскіх навук і беларускі першадрукар, быў нязвычайна разнабаковым, разнастайна адукаваным, здольным чалавекам. Цікавасьць, любоў і паважныя дачыненьні да музычнага мастацтва ён вынес із сваіх замежных студыяў і шматлікіх замежных падарожжаў (Польшча, Чэхія, Нямеччына, Італія). Ен заўсёды падчырківаў, што ўся ягоная як літаратурная, гэтак і друкарская дзейнасьць прызначаная дзеля навучаньня «седмі навук вызволеных» (а гэта значыцца й музыкі). У сваёй выдатнай прадмове да кнігі «Прамудрасьць Ісуса Сына Сірахава» Скарына зьвяртаецца да беларускае моладзі з заклікам вучыцца побач зь іншымі
й «музыкі, то ест пеўніцы». Скарына таксама добра ведаў і любіў народную беларускую песьню, якая ўвайшла ў ягонае сэрца з маленства, і ён колькі мог карыстаўся сваім уплывам дзеля ейнага вывучэньня й пашырэньня.
3
Удача насаджэньня й пашырэньня сьвецкае музыкі й новых формаў заходняэўрапейскага мастацтва ў колах двара, арыстакратыі й беларускае інтэлігенцыі зусім не аслабіла дзейнасьці культавое музыкі. Царква мела і ў гэты пэрыяд вялікую ролю.
Аднак новыя грамадзкія падзеі, зразумела, не маглі не адбіцца на характары гэтае дзейнасьці. Агульны ход царкоўнага жыцьця ў гэты час быў бурлівы й напружаны. У Вялікім княстве Літоўскім рэлігія была складаным, паблытаным і балючым вузлом на фоне грамадзкага жыцьця.
Праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая й рэфарматарская цэрквы існавалі тут адна побач іншае й вялі паміж сабою зацятае змаганьне, уцягваючы ў яго й народныя масы. Гэтая варажнеча часта даходзіла да буйных збройных канфліктаў, бойкаў і паўстаньняў. Аднак гэтыя сутычкі розных рэлігійных плыняў для музычнага мастацтва мелі адно пазытыўнае ды прагрэсыўнае значэньне.
Справа ў тым, што кажная рэлігія, маючы за мэту распаўсюджваньне сваіх ідэяў і пашырэньне сваіх уплываў, аддавала галоўную ўвагу рэлігійнай асьвеце й таму стварала цэлую сыстэму сярэдняе й вышэйшае адукацыі, у якой салідную, паважную й нязьменную ролю мела й музычная асьвета ды ўзгадаваньне.
Тая-ж мэта прымушала царкву ўзвышаць узровень мастацкага абслугоўваньня культу, што памацняла й павялічвала кадры культавых выканаўцаў.
Царква таксама не магла ня ўлічваць і нараджэньне новых формаў у музычным мастацтве і ў сваю чаргу імкнулася тварыць новыя формы мастацкай культавой практыкі. Зацеміўшы асаблівую любоў народу да ўсялякіх сцэнічных дзеяў (успомнім тут папулярныя скамарошыя дзеі), прадстаўнікі царквы твораць свае рэлігійна-тэатральныя формы мастацтва. Гэтак ужо ад XV ст. па лініі каталіцкае царквы паяўляецца ў Белару-
сі школьная, або вяртэпная, драма, а крыху пазьней па лініі праваслаўнае царквы: містэрыя.
Школьная драма вырасла як запраўдны тэатральны спэктакль, што ставіўся вучнямі каталіцкіх школаў на Каляды. Зьместам ягоным былі падзеі з гісторыі нараджэньня Хрыста (адкуль і назоў: «вяртэпная драма»). Містэрыя ўяўляла сабой тэатральную інсцэнізацыю біблійных сюжэтаў, што гуляліся сьвятарствам, хорамі, вучнямі й службаю праваслаўнае царквы.