З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
шай паэмы) — Дубоўка і ўкладае ў вусны Байрану, што зьяўляецца перад ім пасьля Пушкіна. На жаль, памяць захавала толькі першую і апошнюю (10-ю) станзу Дубоўкавага перакладу гэтага ўрыўку, зь якім выступае ў ягоным творы Байран; пакуль ня ўдасца з абрыўкаў паасобных радкоў, што вырынаюць з памяці, аднавіць усю цэласьць (на што, аднак, ня траціцца надзеі) — пададзём тутака хоць гэтыя ўспомненыя кавалкі:
1
Бывай, бывай, мой родны край, Зьнікай у сінь вады;
Сьвіргочуць чайкі, вадаграй, I ў ветры плач нібы. Плыве за небакрай. Плыве за небакрай.
Дабранач вам абодвым дам, Мой родны край, бывай!
10
Імчы-ж хутчэй, мой плаў, мяне Празь пенны перакат:
Абы ў якой быць старане, Каб толькі не назад.
Вітаю ўсьпенены прастор, А змоўкне вадаграй — Вітацьму пусткі, змрок пячор... Мой родны край, бывай!
Пэўна-ж, настрой пакіданьня роднага краю, атмасфэра якога рабілася гэтак нязноснай для вольнага духу, ня мог ня быць асабліва блізкім нашаму паэту ў тым 1929 годзе, гэткім пракудным на ягонай бацькаўшчыне. Дый ці яму аднаму? Ці адзін ён тады гатова-б «пакінуў свой край», падаўся-б «у сьвет, хоць да чорта на рогі» з адзіным жаданьнем «абы ў якой быць старане, каб толькі не назад», калі-б гэта толькі было магчыма? Ды калі нельга было вырвацца з задухі прыгнобленага краю, каб змагацца за волю там, дзе змаганьне было магчымае, дык можна было й трэ было спрабаваць прыцягнуць увагу да нялюдзкага стану на бацькаўшчыне тых, хто мог-бы пераняць гэтае змаганьне ў вольным сьвеце й прыйсьці з вызвольнаю памогай пакутнаму краю. I наш паэта зварачаецца да такога вольнага сьвету, увасобленага для яго цяпер у постаці духу вялікага ангельскага паэты-змагара, што аддаў калісь нат сваё жыцьцё за вызваленьне аднаго, як
здавалася яму, з найбольш укрыўджаных народаў свайго часу:
Лёрд Байран! Вы йшлі бараніць Ня грэкаў, а грэцкія міты. Вяла вас антычнасьці ніць На поўдзень, у лаўры спавіты.
Лёрд Байран! Мінула даўно Уся гэна рамантыка ваша, I з грэкамі туркі ўвадно Для кухняў лаўровы ліст важаць...
Лёрд Байран! Каб ведалі вы Пра нашай краіны нядолю, Здратованыя паплавы I ўкорань стаптанае поле —
Вы, пэўна, пайшлі-б бараніць Яе, а ня грэцкія міты...
Ды ўрвалася прошласьці ніць, I мы ланцугамі спавіты...
Гэтак у запраўдным сэнсе сваім ізноў гучыць тут зварот да любага паэта, да таго, кажучы Канакоцінавымі словамі, «вартаўніка з Захаду», які мог-бы, як рыцар вол_і вольнага сьвету, прыйсьці із сваёй вызвольнай памогай туды, дзе воля гэтая гвалцілася ўжо ад вякоў, а цяпер засморгвалася канчальна пятлёй нячуванага яшчэ ў тых вякох гвалту. Гэтак, між радкоў гэтага звароту кідаўся той самы адчайны кліч «SOS» (ратуйце нашыя душы), што ўжо таксама ці раз перад тым спрабаваў данесьці да вольнага сьвету між радкоў свае паэзіі найбліжэйшы Дубоўкаў сябра-паплечнік у «Ўзвышшы» Язэп Пушча («Рабіндранату Тагору», 1927, «Ліст да Эўрапейскіх паэтаў», 1928 г.).
Горкая думка аб ланцугох не забівае, аднак, на духу паэта, і ён супрацьставіць ёй, закончваючы свой твор, загалоўны ягоны заклік да сваіх «сяброў-супольнікаў у працы», не зважаючы нінавошта, і далей «штурмаваць будучыні аванпосты», у надзеі, што прыйдзе ўсёткі час, калі будзе зьнішчаны нарэшце ўсякі «...прыгон над словам, над духам, над чынам...».
Зараз-жа па гэтых словах, такіх нядвусэнсавых у 1929 годзе, годзе нячуванага завайстрэньня таго бальшавіцкага ўсеабсяжнага «прыгону над словам, над духам, над чынам», і канчаецца Дубоўкаў «камбайн».
Неўзабаве па Дубоўку ўзьняў свой голас у тэй-жа справе, што хвалявала ўсіх у 1929 г.— у справе баль272
шавіцкага замаху на сялянства пад сьцягам «калектывізацыі»,— і сам той, што, паводле калішніх словаў таго-ж Дубоўкі, «адзін, ад усіх найвялікшы, маладых гадаваў сваёй песьняй» — сам Янка Купала.
Калі Дубоўку, як ужо казалася, 1929 год выпаў найбольш прадукцыйным у ягоным творстве, дык у Купалы, якраз наадварот, год гэны прайшоў на найніжэйшым узроўні творчае прадукцыйнасьці. Свой апошні найбольшы ўздым і колькасны і якасны Янка Купала перажыў тры гады перад тым — у 1926 годзе, што быў наагул найбольшым годам нацыянальнага ўздыму ў Савецкай Беларусі. У гэным годзе Купала напісаў і надрукаваў 21 вершаваны твор на 1122 вершаваныя радкі, тым часам як у папярэднім 1925 г.— усяго 1 твор на 89 радкоў, а ў наступных гадох — у 1927 г.— 6 твораў на 114 радкі, у 1928 г.— 1 твор на 100 радкоў і ў разгляданым 1929 г.— 2 творы на 85 радкоў. У гэным годзе вялікі наш трыбун і змагар мог і хацеў яшчэ дэманстраваць няўтомнасьць і нязломнасьць свайго творчага духу:
Есць-жа яшчэ ў мяне сіла Крыўдзе ня дацца, змагацца, Над сонных продкаў магілай Вольна маланкай мігацца...
Есьць-жа яшчэ ў мяне песень, Поўных надзеі, жыцьця,— Як-бы ня быў ім сьвет цесен, Вырвуцца ў сьвет зь нябыцьця...
Есьць-жа яшчэ ў мяне вера Ў вольны мой родны народ, Што у патрэбе зь сякерай Выйдзе за волю ў паход!
Адылі, з другога боку, у тым-жа самым годзе Купала бачыў ужо сябе й перад судам гісторыі сярод тых, пра каго суд гэны павінен будзе рассудзіць, ці яны
...аб свой гонар дбайна дбалі I дабравольна, бяз прынук, Самі сабой не гандлявалі, Ня несьлі ў петлі дум і рук...
і добра прадчуваў, як у рассудку гэным можа быць датычная й да яго сумная канстатацыя факту,
Што нейкі з нас, хоць быў ня зломак, А плечы гнуў у крук ня раз;
Ня йшоў з адкрытымі вачыма
У сьвет і сьцежкі не прастаў, А ўсёй магчымасьці магчымай Таптаў сьляды, сябе таптаў...
ды мо прадчуваў навет, што шлях гэткага саматаптаньня ў яго яшчэ больш наперадзе, чымся адзадзя...
У кажным разе пасьля 1926 г. у Купалы ўсё меншала а меншала «песень, поўных надзеі, жыцьця», асабліва-ж «песень, зь якіх-бы можна было ўцяміць, што мы свабоднымі былі». Пятля несвабоды няўзнак тужэла на волі «дум і рук». Выразныя знакі гэтага й відаць ужо на тым творы 1929 г., што ім і адгукнуўся Купала на пазначаны гэным годам гвалт над народам нашым — на ведамым вершы ягоным «Зыходзіш, вёска, зь яснай явы», датаваным лістападам 1929 г. і ў тым-жа часе паданым у друку. Тутака найлепшы й найчулейшы сын ды найбольшы паэт нашае вёскі ўжо безь відавочных выяваў і «сілы крыўдзе ня дацца, змагацца» і «веры ў вольны свой родны народ, што ў патрэбе зь сякерай выйдзе за волю ў паход» — пяець мэлянхалічную адыходную гэтай вёсцы, ужо ад пачатку прасякнутую даволі мяшанымі пачуцьцямі:
Як сон маркотны, нежаданы, Зыходзіш, вёска, зь яонай явы, А твой народ вернападданы Імкнецца, скінуўшы кайданы, Да новай долі, новай славы...
Ужо ў гэтай зваротцы, што аблямоўвае ўвесь верш, пачынаючы й канчаючы яго, адчуваецца зусім выразна між радкоў (асабліва пачатных) глыбокі жаль самога паэта, што адпявае «зыход зь яснай явы», «як сну маркотнага, нежаданага», ягонай роднай і, пэўна-ж, дарагой яму вёскі, якая яго-ж і ўзгадавала. Праўда, пачуцьцё гэтае ён намагаецца ўсяляк перамагчы, адагнаць ці проста прыхаваць падбадзёрным усьпяваньнем быццам-бы абяцаючых (ці, можа, усяго толькі абяцаных) пэрспэктываў «новай далі, новай славы» для «народу вернападданага», як вельмі нядвусэнсоўна характарызуецца тутака той сялянскі беларускі народ, пра які афіцыйна было абвешчана, што ён «скінуў кайданы» й зусім «дабравольна» «імкнецца» да фактычна гвалтам накіданага яму новага прыгону — той самы селавы, вясковы люд, пра які Купала яшчэ ў 1926 г. пісаў як пра «вольны свой народ», а зусім не «вернападданы» каму-небудзь народ. I хоць на пра-
цягу ўсяго вершу паэт увесь час намагаецца як найбольш канцэнтравацца на гэткім-жа, што й напачатку, падбадзёрным усьпяваньні нейкіх пэрспэктываў, «новай долі, новай славы», ён абярняся зрываецца на поўнае глыбокага суму й жалю адпяваньне «зыходу» або, як ужо болып не хавае ён — гвалтоўнага й груба-жорсткага выгубленьня, «ліквідацыі» гэткага дарагога й мілага селавога, народнага ўкладу — нацыянальна-гістарычнага, паэтычнага, рамантычнага:
...Гарбы тваіх нямых курганаў, Дзе сьпяць нявольнікі і князі, Парэжа сталь, як нож баранаў... ...Тваіх жалеек сьпеў гаротны Патопча трактарнае кола... ...Лясун з русалкаю пакіне Палохаць сонныя сялібы, I вадзянік загіне ў ціне...
Але-ж усё гэта мусіць загінуць — ці-то пад нажом (як бараны...), ці-то патаптанае колам — адылі ці так ужо бясьсьледна? То-ж бо ведала ўжо гісторыя падобныя «ліквідацыі», і ўсё-ж хрысьціянства, прыкладам, гэтак і не дало рады «зьліквідаваць» зусім створанае самым народам «паганства», а мусіла зьліцца зь ім, напластавацца на яго. Можа, й цяпер адно толькі творыцца новае, трэцяе напластаваньне?
Над вежамі тваіх бажніцаў Хвабрычны комін возьме ўладу. А звон зьбянтэжаных званіцаў Гудка жывучая крыніца Заглушыць гулкім гудам-ладам.
I будуць ладзіцца год кожны На новы лад, на новы звычай Дзяды кастрычнікавы збожна, А кожны год болып пераможна Для сьвята волі бунтаўнічай.
«Дзяды» — нашае народнае «паганскае» сьвята восенскага памінаньня прашчураў, захаванае й хрысьціянствам, блізу супаўшы ў часе з бальшавіцкім сьвятам «кастрычніцкае рэвалюцыі», запраўды, пачынала ўжо ў народзе зьлівацца зь ім у адно. I Купалу гэта стаецца, можа, за найбольш падбадзёрны яму сымбаль — сымбаль прыйдучае перамогі несьмяротнага духу прашчураў і «волі бунтаўнічай» над усімі наноснымі напластаваньнямі, што іх змушаны прыймаць (ці не на тое толькі, каб пасьля адно памінаць?) «народ
вернападданы»... Гэтым сымбалем і завяршаецца Купалаў верш.
Але цікавы й ягоны, здавалася-б, чыста фармальны, тэхнічны бок. Напісаны ён чатырастопным ямбам і пяцірадковай звароткай з чарадаваньнем рыфмаў паводля схэмы а-в-а-а-в пры вылучна жаноцкім рыфмаваньні. Усё гэта пры чытаньні стварае нейкую панурую хаўтурную манатоннасьць, вельмі адпаведную для таго «адпяваньня», пра якое мы казалі, ды ніяк не для «падбадзёрнага ўсьпяваньня», якому вонкава быццам-бы прысьвячаная бальшыня зва^отак і радкоў вершу. Калі ў аднэй прыватнай гутарцы зацемілі пра гэта Купалу, ён сказаў: «Я гэта ведаю. Калісьці я напісаў на гэткі лад адзін верш, і цяперака ён мне прыпомніўся, дык я напісаў і гэты на той самы лад». Зацікаўленыя, удзельнікі гутаркі кінуліся шукаць таго першага, «на той самы лад напісанага» вершу Купалавага і, перапароўшы ўсю ягоную паэзію, знайшлі там толькі адзін твор, запраўды напісаны паводля тае-ж рытмічнае, страфічнае й рыфмавае схэмы, што й «Зыходзіш, вёска, зь яснай явы». Гэта — зьмешчаны ў ведамым Купалавым зборніку «Шляхам жыцьця» (1913) верш «У ночным царстве». Варта прыгадаць тут цалком гэты невялікі твор, асацыяцыя зь якім, паводля собскага паэтавага прызнаньня, мела месца пры стварэньні ім свае апошняй «адыходнай» калектывізаванай вёсцы, бо асацыяцыя гэтая пралівае зыркае відно на той настрой, зь якім паэт тварыў гэную «адыходную»: