З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Цяперка вось гэты сацыяльны пласт вынішчаецца
ў карані сучасным савецкім рэжымам Беларусі. Зь ягонаю-ж ліквідацыяй існаваньне ці нейкае аднаўленьне працэсу адплыву талентаў зь Беларусі ў польскае культурнае рэчышча стаецца й фізычна немагчымым.
Вось дзеля ўсяго гэтага маем поўную аснову выказаць ужо сяньня гэткае цьверджаньне: ні Міцкевічаў, ні Сыракомляў, ні Арэшчыхаў зь беларускіх прастораў Нёмна, Дняпра, ды Дзьвіны ў польскай літаратуры болып ня будзе.
Беларуская плынь польскага пісьменства перажывае сяньня свой апошні, свой канцавы замыкальны этап.
«Конадні». № 4, 1955
ЯНКА ЗАПРУДНІК
СПРАВА АЎТАНОМІІ БЕЛАРУСІ
У ПЕРШАН ДУМЕ I «НАША НІВА»1
Нацыя можа складацца з розных элемэнтаў, але адным зь неадлучных і незаменных кампанэнтаў ейных павінна быць памяць пра сваю мінуўшчыну — як найпаўнейшая, як найглыбейшая.
У першай палавіне 1906 году, калі на Беларусі разьняволенае нацыянальнае слова ўбіралася ў сілу, каб увайсьці неўзабаве ў гісторыю вызначнай нашаніўскай традыцыяй, у сталіцы Расейскае дзяржавы, у Пецярбургу, засядала Першая Дзяржаўная Дума (ад 27 красавіка да 8 ліпеня паводля старога стылю). 478 пасланцоў з розных частак імпэрыі напружана й натхненна шукалі выхаду із затхлі зьбюракратызаванага самаўладзтва, з аднаго боку, ды ратунку ад рэвалюцыйнага катаклізму, з другога. Разам з гэтым прабіваліся на сьвет і палітычныя асьпірацыі падбітых нацыянальнасьцяў, якімі абрасла на працягу стагодзьдзяў маскоўская спадчына Раманавых. Прадстаўлена ў Думе была й Беларусь, афіцыйна званая тады ўсё йшчэ абезасабоўленым тэрмінам «Северо-Западный край».
Сярод пасланцоў Паўночна-Заходняга Краю былі мяшчане, сяляне, шляхта-дваранства, духавенства; былі людзі з вышэйшай асьветай (вялікая бальшыня), зь сярэдняй, з пачаткавай; былі праваслаўныя й каталікі; былі беларусы, палякі, летувісы, габрэі, расейцы, латышы; былі канстытуцыйныя дэмакраты, трудавікі, беспартыйныя, аўтанамісты.
У аснове гэтага артыкулу даклад, прачытаны на навуковай канфэрэнцыі ў Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва ў НьюЕрку 12 чэрвеня 1966 г.
Мы ня будзем займацца тут характарыстыкай усіх гэтых групаў, адкладаючы гэта да іншых нагодаў. Паглядзем адно тым часам, як у Першай Дзяржаўнай Думе Расеі была выказаная, на чым грунтаваная ідэя аўтаноміі Паўночна-Заходняга краю ды як разумець і чым вытлумачыць тую пазыцыю ў дачыненьні да гэтых выказваньняў, якую заняла «Наша Ніва», калі напрыканцы 1906 году яна пачала выходзіць.
Нацыянальнае пытаньне, разам із справаю палітычнае амністыі й зямельнае рэформы, было галоўным аб’ектам дэбатаў у першым парлямэнце імпэрыі. Пацьвярджаюць гэта й савецкія гісторыкі, праўда, упорыста ўхіляючыся ад дакумэнтаваньня ды распрацоўваньня самое тэмы.
Актуальнасьць нацыянальнага пытаньня ў Расеі, як ведама, вынікала з абмежаваньня й перасьледу нерасейскіх народаў. У Думе, установе, адданай дэмакратычным прынцыпам, патрэба разьвязаньня нацыянальнага пытаньня выплывала ўжо з самога пастуляту роўнасьці ўсіх грамадзянаў перад законам. I дзеля гэтага ўжо Дума, адказваючы цару на ягоную тронную прамову, задэкляравала:
«Дзяржаўная Дума апрацуе закон пра поўнае зраўнаньне ў правох усіх грамадзянаў, із скасаваньнем усіх абмежаньняў і прывілеяў, абумоўленых станам, нацыянальнасьцяй, рэлігіяй або родам»1.
Дума ў тым-жа сваім адказе — вялікім дакумэнце расейскае канстытуцыйнае гісторыі — дзякуючы дамаганьням нацыянальных дэпутатаў, унесла і інтарэсы нацыянальнасцяў у праграму свае дзейнасьці:
«Дзяржаўная Дума ўважае, нарэшце, за канечнае адзначыць у ліку безадкладных заданьняў сваіх і разьвязаньне пытаньня пра задаваленьне даўно насьпелых дамаганьняў паасобных нацыянальнасьцяў. Расея становіць дзяржаву, заселеную шмат якімі плямёнамі й народнасьцямі. Духовае задзіночаньне ўсіх гэтых племяў і народнасьцяў магчымае адно пры задаваль-
Государственная Дума. Стенографнческне отчеты. Т. I. Государственная тнпографня, С.-Петербург, 1906. Б. 239. (Далей пры спасыланьні на гэтую крыніцу ўжываецца скарот «СО», г. зн. «Стенографнческне отчеты».)
неньні патрэбы кажнага зь іх захоўваць і разьвіваць сваеасаблівасьць у паасобных галінах быту. Дзяржаўная Дума парупіцца пра шырокае здавальненьне гэтых справядлівых патрэбаў»1.
Адным з дынамічных і красамоўных абараньнікаў нацыянальных правоў быў у Думе дэпутат Менскае губэрні, кадэт, аўтанаміст — Аляксандар Лядніцкі, Ужо на чацьвертым паседжаньні Думы (3 (16). V. 1906 г.) Лядніцкі падаў голас нацыянальнага пратэсту й дамаганьняў. Выступаючы ў справе адрасу (звароту) у адказ цару на ягоную тронную прамову, Лядніцкі заяўляў:
«Мы, прадстаўнікі паасобных нацыянальнасьцяў і тэрыторыяў, уважаем за магчымае прыняць той адрас, які складзены камісіяй, але ў гэтым гістарычным мамэньце, ад імя гэтых прадстаўнікоў уважаю за свой абавязак заявіць і вытлумачыць, як мы разумеем задавальненьне тых справядлівых нацыянальных дамаганьняў, у імя якіх мы сюды зьявіліся»2.
Лядніцкі, між іншага, будучы з нацыянальнасьці паляком, але родам, відаць, зь Беларусі, разрозьніваў нацыянальныя інтарэсы Беларусі й Польшчы, не атаесамляў гэтых двух краёў, а ставіў поруч, што відаць зь ягоных словаў:
«Калі мы слухалі прадстаўнікоў Царства Польскага, салідарных з намі ў агульным імкненьні да палітычнае свабоды, мы ўспомнілі, што там задыхаюцца ў атмасфэры пораху й дыму, у атмасфэры самавольства й гвалту; ...калі мы ўспамінаем, што мусульманскі зьезд яшчэ нядаўна ня мог сказаць свайго собскага слова ў абарону сваіх правоў, калі Ліфляндыя, Эстляндыя й Літва зьнябываюцца ў шчамлётках карных аддзелаў і таго самавольства, зь якім мы таксама змагаемся, дык я бачу, як адтуль з нашых родных мясьцінаў працягваюцца рукі кашых братоў (падчыркненьне Hama.— Я. 3.), тых-жа працоўных клясаў, тых-жа работнікаў, таго-ж працоўнага сялянства, якія клічуць-просяць расейскі народ пра дапамогу, пра тое, каб у гэтую ўрачыстую часіну ўсім стаць упоруч у змаганьні за
1 Государственная Дума... Б. 241.
2 Тамсама. Б. 102.
агульную свабоду, за ўстанаўленьне вялікіх пачаткаў справядлівасьці1.
Я думаю,— казаў далей Лядніцкі,— ...што справядлівае імкненьне паасобных акругаў у прызнаньні ім поўнае свабоды ў арганізацыі самастойнага нацыянальнага быту, у арганізацыі яго на прынцыпах аўтаноміі й аўтаномнага самакіраўніцтва знойдзе тут задавальненьне... Мы ня толькі вітальна кланяемся прадстаўніком расейскага народу, але й уважаем за свой абавязак заявіць, што ад гэтага расейскага народу мы чакаем задавальненьня нашых нацыянальных дамаганьняў»2.
Лядніцкі выказаў у Думе сваё моцнае перакананьне, што калі надыйдзе мамэнт падліку нацыянальных імкненьняў, «дык будуць узятыя на ўвагу канкрэтныя й этнаграфічныя асаблівасьці, якімі кажная асобная акруга або нацыянальнасьць, бясспрэчна, вызначаюцца»3.
На адну з «канкрэтных» асаблівасьцяў беларускага народу зварачаў увагу дэпутатаў Думы прадстаўнік тае-ж Менскае губэрні, зь якое паходзіў і Аляксандр Лядніцкі, князь Геранім Друцкі-Любецкі. У часе абмяркоўваньня пытаньня зямельнае рэформы Друцкі-Любецкі казаў:
«Спадарове народныя прадстаўнікі! Я сам паходжу зь Менскае губэрні, гэта значыцца з аднае з губэрняў Паўночна-Заходняга Краю, да якога тарнаваліся ўсялякага роду вылучныя захады й дзе ўстанавілася поўнае панаваньне бюракратызму... Я сам рос сярод народу й ведаю, што гэты просты сельскагаспадарскі народ Беларусі мае таксама свае ідэалы. Ягоны ідэал — «Зямля Божая», але й народ Божы — таму ён уважае, што гэтая Божая'зямля павінна належаць свайму Божаму народу, гэта значыць, што патрэбы дадзенае мясцовасьці, патрэбы дадзенае нацыянальнасьці павінны быць задавольненыя згодна зь ідэаламі гэтае нацыянальнасьці»4.
Друцкі-Любецкі, між іншага, у адным із сваіх далейшых выступленьняў зварачаў увагу на псыхалягічную асаблівасьць жыхарства Паўночна-Заходняга
1 Государственная Дума... Б. 103.
. 2 Тамсама.
-3 Тамсама.
4 Тамсама. Б. 197.
Краю, на пачуцьцё неадлучнасьці індывідуальнае зямельнае собскасьці.
«Гэтае пачуцьцё,— казаў ён,— гэтак глыбака прасякла ў душу жыхарства Паўночна-Заходняга Краю, што яно заве гэтую зямлю сваёй зямлёй, а прынцып собскасьці гэтак грунтоўна яму ўласьцівы, што, праўду кажучы, яно навет уважае, што ўся тэрыторыя павінна належаць вылучна жыхарству, што на ёй жыве»1.
Мы бачым, як на аснове псыхалягічнае асаблівасьці беларускага народу фармуляваўся пастулят нацыянальна-палітычны: «уся тэрыторыя павінна належаць вылучна жыхарству, што на ёй жыве».
Выступаючы ў справе зямельнае рэформы — найгалаўнейшага й найскладанейшага пытаньня ў Першай Дзяржаўнай Думе,— дэпутат Горадзенскае губэрні ксёндз Анатоль Сангайла зварачаў таксама ўвагу на мясцовыя сваеасаблівасьці Паўночна-Заходняга Краю й грунтаваў на гэтым патрэбу дэцэнтралізацыі дзяржаўнае ўлады:
«Расея — дзяржава самая абшырная, мясцовыя ўмовы ейнага жыхарства гэтак разнастайныя, як разнастайнае й само жыцьццё... Што можа стацца выгодным аднэй мясцовасьці, аднэй губэрні нутраной, таго можа выявіцца зусім недаволі й навет на шкоду губэрні паўночна-заходняй ці якой-небудзь іншай. Мы ўвесь час змагаліся зь бюракратыяй; цэнтральнае кіраўніцтва краем давяло нам сваю поўную недасканальнасьць. I калі мы, імкнучыся да дэцэнтралізацыі, ужываем у дадзеным выпадку аднолькавыя захады, дык мы творым новы бюракратызм... Я адважуся прасіць, каб мы зазірнулі ў сэрцы ўсіх народнасьцяў ува ўсе ўскраіны нашае абшырнае бацькаўшчыны й разьвязалі аграрнае пытаньне згодна зь мясцовымі ўмовамі»2.
Дэпутат Віцебскае губэрні ксёндз Франц Трасун, латыш з наііыянальнасьці, казаў тое самае:
«Мясцовыя палажэньні й спосабы земляўладаньня й землякарыстаньня гэткія розныя ў Расеі, што адзіны закон для ўсіх ніколі ня можна выдаць. Дзеля гэтага трэба было-б пакінуць гэта мясцовым установам, каб кажная з гэтых установаў вызначыла тую форму й спосабы валоданьня, якія яна жадала-б мець у сябе»3.
1 CO. Т. I. Б. 624.
2 CO. Т. I. Б. 198.
3 CO. Т. 1. Б. 419.
«Для ўжыцьцёўленьня карэннае аграрнае рэформы,— казаў дэпутат Віленскае губэрні Ялавецкі,— перш-наперш павінна быць разьвязанае пытаньне пра аўтаномныя й краёвыя самакіраўніцтвы»
Другі дэпутат зь Віленскае губэрні Міхал Гатавецкі дамаганьне аўтаноміі для свайго краю абгрунтоўваў даволі шырака: