З гісторыяй на «Вы» выпуск 3
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
Мо ня ўсе яны поўнасьцяй захаваліся. Але ці рабіліся наагул спробы адкопваць іх, заглядаць у іх? I калі не, дык ці не перашкаджаў гэтаму культуралізм у падыходзе да нашае гісторыі, аўтаматычнае адкіданьне ўсяго, што ня зьвязана зь беларускай мовай, культурай?
Цяпер пастаўма сабе пытаньне: у 1906 годзе — якой шырыні была плынь нацыянальнага жыцьця Беларусі — Беларусі такой, якой яна была тады, не абавязкава беларускамоўнай, не абавязкава нацыяналістычнай? Якія нурты ў гэтай плыні абумаўлялі ход падзеяў, фармавалі будучыню?
Гэта пытаньне мэтадалёгіі. Якім-жа прынцыпам кіравацца тут?
Вось-жа так, як у геамэтрычнай прасторы паміж двума пунктамі можна правесьці лінію, гэтак у прасторы гістарычнай, часавай, паміж двума мамэнтамі (скажам, паміж 1906 і 1918 гадамі) можна правесьці лінію галоўнага разьвіцьця. На Беларусі разьвіцьцё гэтае йшло ад запярэчаньня існаваньня беларускае нацыі да абвешчаньня беларускае сувэрэннае дзяржавы. А таму — абавязак сучаснага гісторыка прасачыць лінію гэтага разьвіцьця: вытлумачыць тое, што было спачатку, з гледзішча таго, што сталася пасьля, з гледзішча таго, што ёсьць сяньня. Абавязак гісторыка, інакш кажучы, дасьледваць усе гістарычныя фактары, што ўзьдзейвалі на фармаваньне асноўнага факту на-
1 Гл. Академня наук БССР. Документы н матерналы по нсторнн Белорусснн (1900—1917 гг.), т. III. Мннск, 1953. Б. 305 — 309.
шае найнавейшае палітычнае гісторыі — беларускае дзяржаўнасьці — не зважаючы на тое, ці гэныя фактары былі расейскамоўныя, польскамоўныя ці беларускамоўныя.
Шукаць гэкых фактараў трэба, бясспрэчна, пры дапамозе крытэрыяў не літаратурнамоўных, культуралістычных, а шырэйшых крытэрыяў — палітычна-дзяржаўніцкіх.
Паўстае тут, пэўна-ж, пытаньне: а што рабіць з тым, што нацыянальна-дэмакратычная дзяржава, Беларуская Народная Рэспубліка, была падмененая сацыялістычна-таталітарнай дзяржавай, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай? Адказ на гэта такі, што адно другога не засталучае, не касуе. Гістарычныя падзеі, калі на іх глядзець праз вакно адчыненага розуму, а не праз прадушыны марксыцкіх догмаў ды ленінскіх цытатаў, разьвіваюцца як вынік сутыку розных сілаў і інтарэсаў, часам антаганістычных, часам хаўрусных, часам напоўабо начверцьхаўрусных. Лінія гістарычнага разьвіцьця абумаўляецца, так сказаўшы, і тым, што справа, і тым, што зьлева. Гэтак, прыкладам, БНР і БССР зьвязаныя неразрыўнай прычынавай сувязяй. Як паказвае ўжо храналёгія, БНР была акцыяй, БССР — рэакцыяй. А гэта не мяняе таго, што беларускі гістарычны працэс пачатку дваццатага стагодзьдзя трэба прасочваць з гледзішча ідэі беларускае сувэрэннае дзяржавы й ня звужаць яго да аспэкту — хоць і вельмі важнага — адраджэньня беларускае культуры. Адно гэтак мы вызвалімся з палону культуралізму ў разуменьні нашае мінуўшчыны ды рэгабілітуем свой гістарычны працэс. На мінуўшчыну трэба глядзець шырэй і сьмялей, бо толькі такім шляхом узбагачваецца будучыня...
Цэнтральнае пытаньне найнавейшае палітычнае гісторыі Беларусі такім парадкам: адкуль паходзіць беларуская незалежніцкая ідэя? Хто першы быў заражаны ейнымі мікробамі? Якое асяродзьдзе спрыяла іхнаму перахоўваньню й дасьпяваньню? Хто займаўся іхным пашыраньнем?
I як толькі мы дакранаемся да гістарычнага матар’ялу, дык адразу-ж упіраемся ў пытаньне ролі беларускага шляхоцтва; ролі кансэрватыўнага элемэнту; ролі людзей, часамі небеларускае культуры, якія, аднак, стаялі за аўтаномію Беларусі, што сталася,
як паказалі далейшыя падзеі, першай фазай руху да незалежнасьці.
Беларускасьць як ідэя, трэба памятаць, у шмат якіх выпадках ішла паперадзе тэрміналёгіі: часта тое, што ня было беларускім паводле свайго тэрміну, было ім у сваёй аб’ектыўнай існасьці. Тэрміналягічная дрыгва нашае гісторыі ўсё йшчэ чакае на сваіх мэліяратараў.
Савецкая гістарыяграфія, зазначма, ставіць таксама тое-ж кардынальнае пытаньне: адкуль незалежнасьць Беларусі (незалежнасьць у савецкім разуменьні)? Дзе бяруць пачатак вытокі беларускае дзяржаўнасьці? Толькі адказ на гэта даецца па-дагматычнаму спрошчана й па-агітатарску заежджана: дзяржаўнасьць беларускаму народу дала Кастрычніцкая рэвалюцыя!.. Ад яе пачынаецца будаваньне беларускае сацыялістычнае нацыі.
Беларуская сацыялістычная нацыя ня была, аднак, дэкрэтаваная й ня была абвешчаная тэлеграмай з Крамля. Фармаваньне нацыі, якое-б там ні было — буржуазнае ці сацыялістычнае,— працэс складаны й павольны. Дзеля гэтага зьяўленьне й беларускае сацыялістычнае нацыі мусіла быць абумоўленае цэлым сьцягам падзеяў папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. На жаль, досьледам гэтага пытаньня ў Савецкай Беларусі дасюль ніхто як сьлед ня мог заняцца: усе адыходныя шляхі перарэзаныя загарадзяй — «партыйнасьць (плюс русыфікацыйнасьць) гістарычнае навукі!». Гэтак вось і выходзіць: беларуская савецкая гістарычная навука неўзабаве будзе адзначаць сваё 50-годзьдзе, а беларускі народ — блізу паўвеку сацыялістычнае дзяржаўнасьці, а дасюль гісторыя нацыянальнае сьведамасьці ляжыць няўзьнятым аблогам. Савецкую гістарычную навуку аніяк не бянтэжыць тое, што ў трактаваньні гісторыі беларускае дзяржаўнасьці яна даходзіць да кур’ёзаў, на адзін зь якіх варта глянуць.
У 1958 годзе ў выдавецтве Акадэміі навук БССР выйшла калектыўная праца «Фарміраваньне і разьвіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі»1. Першы разьдзел гэтае кнігі кідае чытача адразу-ж з галавой у вір 1917 году. Разьдзел гэтакі загалоўлены: «Каетрыч-
1 Акадэмія навук БССР. Інстытут філасофіі. Фарміраваньне і разьвіццё беларускай сацыялістычнай нацыі. Мінск, 1958. (Рэд. калегія: П. Ф. Глебка й інш.)
ніцкая рэвалюцыя і ўзьнікненьне асноваў беларускай сацыялістычнай нацыі». Тым часам нельга ўцячы ад пытаньня: а як-жа выглядала справа зь беларускай нацыяй да рэвалюцыі? I тут-жа кідаецца ў вочы мэтадалягічная непасьлядоўнасьць савецкіх дасьледнікаў. Калі, прыкладам, яны пішуць гісторыю сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры, дык разьбіраюць па костачках і Багрыма, і Дуніна-Марцінкевіча, і Багушэвіча, і ці мала іншых літаратараў XIX й пачатку XX стагодзьдзяў. Трэба, бачыце, паказаць на глыбокія гістарычныя карані «перадавога мэтаду сацыялістычнага рэалізму» ў беларускай літаратуры. Тож-ба! Тым самым тропам трэба было-б ісьці ў дарэвалюцыйныя дзесяцігодзьдзі, углыбкі, дасьледуючы пытаньне паходжаньня й беларускае сацыялістычнае нацыі. Але гэтага ня робіцца, каб ня будзіць прыспанае мінуўшчыны.
Савецкай гістарычнай навуцы, як бачым, не стае сьмеласьці заставацца пасьлядоўнай у рамках ёю-ж прынятага мэтадалягічнага прынцыпу: ісьці глыбей за Кастрычніка.
Ад гэтае непасьлядоўнасьці партыйнае навукі, зразумела, не мяняецца асноўны факт: як паказваюць ужо матар’ялы Першае Дзяржаўнае Думы, радаводу беларускае незалежніцкае ідэі й беларускае дзяржаўнасьці (а савецкім гісторыкам — і тае сацыялістычнае нацыі) трэба шукаць у дзесяцігодзьдзях, што йдуць далёка глыбей за Кастрычніцкую рэвалюцыю. Кастрычнік беларускае дзяржаўнасьці не спарадзіў і ёй ня спрыяў, ён перахапіў адно ідэю яе ды, пагвалціўшы, налажыў на яе сацыялістычныя клямры.
«Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва».
№ 4. 1966
ЯНКА ЗАПРУДНІК
ДВАРАНСТВА
I БЕЛАРУСКАЯ МОВА'
Да праблемы «Асновы беларускага сьветапогляду»
Сёньня, калі мы шмат гаворым пра «нацыянальнае адраджэньне», пра «адбудову нацыі», вельмі важна паддаць аналізу само паняцьце беларускасьці, паколькі паняцьце гэтае было катастрафічна звужана да паняцьця сялянскасьці, мужыцкасьці, вясковасьці. Звужанасьць паьяцьця беларускасьці сталася псыхалягічнай перашкодай на шляху да адраджэньня, да ўсьведамленьня сябе як паўнавартаснага нацыянальнага арганізму. Звужанасьць паняцьця беларускасьці перагароджвае доступ да разуменьня стратэгічна важных аспэктаў нашае мінуўшчыны, патрэбны для ўмацаваньня будучыні.
Заўважма, што звужэньне паняцьця беларускасьці адбылося ў моц фактараў як аб’ектыўных, гэтак і суб’ектыўных.
Аб’ектыўным фактарам было тое, што фармаваньне тэорыі беларускага адраджэньня (пачынаючы ад гоманаўцаў 1884 года) і фармуляваньне праграмы беларускага руху адбывалася ў імя сацыяльных нізоў, .пастаўленых у цэнтр увагі народнікамі, а пасьля сацыялістычнай ідэяй. На пачатку стагодзьдзя беларус прамовіў вуснамі свайго абуджэнца Янкі Купалы: «Я буду жыць, бо я МУЖЫК!»
Суб’ектыўным фактарам было тое, што ворагі беларускага адраджэньня адразу-ж угледзелі ў гэтым мужыкоўстве беларуса аргумэнт супраць беларускага руху — і карыстаюцца гэтым аргумэнтам дасюль — у
1 У аснову артыкула пакладзены даклад на Міжнароднай канфэрэнцыі «Фарміраваньне 1 разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў» 19 — 20 жніўня 1992 году ў Менеку і Маладзечне.
намаганьні абніжыць беларускую ідэю, перш-наперш беларускую культуру, да сацыяльна найніжэйшага ўзроўню, каб пазбавіць гэтую ідэю агульнанацыянальнай радаслоўнай. А мы ў сваёй несьвядомасьці. У сваім яшчэ ў вялікай меры асяляненым мысьленьні, запраграмаваным нашаніўскай школай і замацаваным ленінскай мэтадалёгіяй, памагаем нашым ворагам у канцэптуальным абкраданьні паняцьця «беларускасьць». TaTae зьбядненьне саміх сябе ідзе таксама і ад няпоўнага разуменьня існасьці гістарычнага працэсу.
Для разгляду пытаньня сацыяльнай генэалёгіі ідэі самабытнасьці Беларусі, а значыцца, і права беларусаў на дзяржаўную незалежнасьць стаўлю тэзу: гістарычны працэс — гэта сума ўчынкаў людзей, намеры якіх часта былі зусім іншыя, чым вынікі іх учынкаў (суб’ектыўнае і аб’ектыўнае ў гісторыі). На падмацаваньне гэтай тэзы падам ілюстрацыю, усім нам відавочную: намеры і мэты, якія ставілі перад сабой аўтары савецкай перабудовы, былі далёкія ад таго, што атрымалася ў сапраўднасьці, што мы называем аб’ектыўнай гісторыяй.
Газэта «Нью-Ерк Таймс» за 21 ліпеня 92 г. падала выказваньне чэхаславацкага прэзыдэнта Вацлава Гавэла. Пакідаючы сваю прэзыдэнцкую пасаду ў выніку распаду Чэха-Славакіі, Гавэл сказаў пра гэты распад: «Я ня думаю, што які-небудзь адзін чалавек мог бы стрымаць тое, што гістарычна неабходна».
Чалавек праракуе, Бог выракуе. Непадуладнасьць сацыяльна-палітычных працэсаў чалавечай волі адзначана пагаворкамі ў шмат якіх мовах. Вось-жа падобную разьбежнасьць паміж намерамі і вынікамі мы можам прасачыць і ў складаным ды доўгім ходзе беларускага нацыянальнага адраджэньня, у працэсе станаўленьня нашае нацыянальнае сьвядомасьці, ідэі беларускае дзяржаўнасьці. Бяручы агульна, ідэю гэтую фармулявалі ня толькі выхадцы зь сялянства, але таксама людзі іншых станаў, у тым ліку і дваране. У сувязі з гэтым усё наша нацыянальнае адраджэньне дый увесь гістарычны шлях трэба разглядаць у шырэйшай пэрспэктыве, ня звужваючы яго да сялянскага аспэкту.