• Газеты, часопісы і г.д.
  • З глыбінь тысячагоддзяў  Міхаіл Чарняўскі

    З глыбінь тысячагоддзяў

    Міхаіл Чарняўскі

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 126с.
    Мінск 1978
    34.89 МБ
    Улічваючы найбольшае падабенства з прыбалтыйскімі матэрыяламі, дзе ў той час былі распаўсюджаны помнікі так званай нарвенскай культуры, мы, хоць і з пэўнай перасцярогай, і сучасную паўночную частку Беларусі ўключаем у яе арэал, вылучаючы тут асобны крывінскі варыянт нарвенскай культуры.
    Трэба было даведацца, калі існавалі ў Паазер'і ранненеалітычныя плямёны. Для гэтага з культурнага пласта паселішча Зацэнне ўзялі вугаль і зрабілі аналіз. I тады аказалася, што чалавек тут упершыню пасяліўся ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., гэта значыць, каля пяці з паловай тысячагоддзяў таму назад.
    У III тысячагоддзі да н. э. з ужытку людзей паазерскіх стаянак знікаюць рагавыя свідраваныя матыкі і долатападобныя прылады з трубчастых костак. У гэты час па невядомых яшчэ нам прычынах тутэйшыя жыхары пачынаюць ужываць кераміку, сценкі якой выраўноўваліся малаточкамі. У арнаментацыі гліняных вырабаў грабянцовыя адбіткі адыходзяць на другі план, саступаючы месца розным насечкам, наколкам і нават пракрэсленым рысам.
    3 канца III — пачатку II тысячагоддзя ў «гаршкалепнай» справе на тэрыторыі сучаснага Паазер'я зноў наступаюць змены. Асартымент керамічных вырабаў павялічыўся: апрача гаршкоў, з'явіліся міскі, кубкі, мініяцюрныя пасудзінкі. Сценкі посуду пачалі густа штрыхаваць, зверху наносіўся арнамент з частых паскаў адбіткаў
    розных штампаў, завостраных палачак, пласткоў, грабянца, трубчастых костак. У гэты час сустракаюцца і пласкадонныя гаршкі, арнаментаваныя спрэс або толькі ўверсе.
    Тарфянікавыя помнікі III і II тысячагоддзяў характарызуюцца незвычайным багаццем рэчаў з рога, костак, дрэва. Але пералічваць іх не будзем, бо менавіта пра гэтыя знаходкі мы ў асноўным і гаварылі, калі характарызавалі матэрыяльную культуру неалітычнага насельніцтва на сучаснай тэрыторыі нашай рэспублікі.
    Важна адзначыць, што ў першай палове II тысячагоддзя да н. э. сюды пранікаюць моцныя ўплывы з Падняпроўя. Гэта тлумачыцца перасяленнем на поўнач часткі дняпроўскага позненеалітычнага насельніцтва. Крыху пазней тут з'явіліся і плямёны культуры шнуравой керамікі.
    Калі матэрыялы III тысячагоддзя ўсё яшчэ маюць характэрныя рысы нарвенскай культуры, то для першай паловы II тысячагоддзя археолагі палічылі патрэбным Ьылучыць у нашым Падзвінні асобную паўночна-беларускую культуру, пачаткі якой адносяцца яшчэ да новага каменнага веку, а далейшае развіццё праходзіла ўжо ў наступную эпоху — бронзавым веку.
    Помнікі нарвенскай і паўночна-беларускай культур на Паазер'і трапляюцца паўсюдна, але найбольш вядомыя знойдзены на Крывінскім тарфяніку якраз на мяжы Сенненскага і Бешанковіцкага раёнаў. Тут паміж вёскамі Галоўск і Асавец спрадвеку было непраходнае балота, праз якое пятляла павольная, але глыбокая рэчка Крывінка.
    Ужо ў савецкі час, у 30-х гадах, балота пачалі асушваць. Праз нейкіх 700 м на паўночны захад ад Галоўска землякопы сустрэлі рэшткі неалітычнага паселішча. Сабраныя матэрыялы — некалькі гліняных чарапкоў і костак трапілі да вядомага нашага балатазнаўца У. С. Дак-
    Рагавыя сякеры. (Асавец.)
    туроўскага, а затым былі перададзены археолагу К. М. Палікарповічу, які пазней пачаў даследаваць помнік. Раскопкі праводзіліся ў 1934 і 1939 гадах і далі шмат цікавых матэрыялаў, але калекцыі ў час вайны былі вывезены ў Германію, а назад вярнуліся толькі ў нязначнай колькасці.
    Пасля вайны раскопкі працягваліся. За ўвесь час даследавання помніка было раскапана больш як 500 квадратных метраў і атрымана каля 10 000 розных знаходак — керамікі, вырабаў з костак, рога, дрэва і каменю.
    У 1966 годзе непадалёку ад вёскі Асавец на Крывінскім тарфяніку было адшукана яшчэ адно падобнае паселішча. Яно дало надзвычай многа цікавых знаходак, у тым ліку і рэчаў мастацтва — скульптурак, гравіровак на кераміцы, розных упрыгожванняў. На асавецкім помніку ўжо каторы год даследуюцца і рэшткі старадаўняга драўлянага жытла.
    Але, як і на ўсіх тарфяніках, частка культурнага пласта на помніках ля Крывінкі залягае ніжэй узроўню вады ў рэчцы. Гэта вельмі ўскладняе раскопкі. Пры вывучэнні асавецкага паселішча аднойчы адбыўся такі выпадак. 'Даследчыкі вычарпалі ваду з раскопкі, зачысцілі яе дно, знялі тарфяны пыл з драўляных канструкцый і вечарам пайшлі адпачываць у свой лагер. Вярталіся раніцой і вачам не верылі — раскопка аж па самыя краі напоўнілася рудой вадой, на паверхні якой плавалі рэшткі калоў, абломкі слупоў і іншыя часткі пабудовы, да якіх нават рукой дакрануцца баяліся, каб не зрушыць з месца.
    Касцяная аздоба. (Асавец.)
    А здарылася гэта таму, што пры вытоку Крывінкі з Сенненскага возера адкрылі шлюз,вада ў рэчцы паднялася і зусім затапіла нашу раскопку... Добра, што ў папярэдні дзень паспелі замаляваць драўляныя канструкцыі.
    Дык можа і сапраўды на Паазер'і ў каменным веку жылі нейкія дзіўныя людзі, якія чамусьці любілі сяліцца ледзь не ў самай вадзе? Таямніцу дапамаглі разгадаць геолагі. У III тысячагоддзі да н. э. клімат на тэрыторыі Беларусі быў значна сушэйшы, чым цяпер. А калі выпадала менш дажджоў, то і ўзровень вады ў вадаёмах быў ніжэйшы. Таму ў мясцінах, дзе сёння балота або бераг возера, у неалітычны час меліся сухія і зручныя для засялення ўчасткі зямлі. У II тысячагоддзі да н. э. колькасць ападкаў павялічылася, больш паўнаводнымі сталі рэкі і азёры, утварыліся новыя балоты на значных плошчах.
    Але гэта, зразумела, не быў нейкі там біблейскі патоп «за сорак дзён і начэй». Змены берагавой лініі адбываліся вельмі павольна. Людзі паступова пераносілі сваё жытло на вышэйшыя ўчасткі, а рэшткі ранейшых паселішчаў апынуліся ў вадзе.
    Праходзілі сотні гадоў. Плытчэйшыя мясціны вадаёмаў зарасталі, торф пакрыў рэшткі жыццядзейнасці чалавека.
    Хоць увільгатненне клімату было найболыл значным менавіта на Паазер'і, але яно адбывалася і на астатняй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Справа ў тым, што за межамі апошняга абледзянення., г. зн. у басейнах Дняпра,
    Прыпяці і Нёмана, ужо існавала развітая сістэма вадасцёку. Таму тут амаль і не сустракаецца тарфянікавых помнікаў каменнага веку. А шкада, бо толькі на такіх аб'ектах можна знайсці найбольш поўны асартымент рэчаў, якімі карысталіся старадаўнія жыхары Беларусі.
    У 1223 годзе ў бітве на Калцы воіны ўсходнеславянскіх княстваў упершыню скрыжавалі свае мячы з мангольскімі шаблямі. Былі ў той незабыўнай бітве і нашы продкі. У 1238 годзе татара-мангольскія орды ўварваліся і на тэрыторыю Беларусі. Пачалася крывавая барацьба за свабоду і незалежнасць.
    Даследаванні археолагаў сведчаць, што гэта было далёка не першае з'яўленне выхадцаў з Азіі на нашых землях. За тры з паловай тысячагоддзі да нашэсця хана Батыя тэрыторыя сучаснай Беларусі была месцам, куды пранікалі іншыя людзі з Усходу.
    Раскопваючы стаянку на беразе Скемы — маляўнічай пратокі паміж Нараччу і Мястрам, нам удалося знайсці абломкі таўстасценных ляпных гаршкоў, арнаментаваных грабянцовымі адбіткамі і ямкамі. Такія матэрыялы на Беларусі давялося ўбачыць упершыню. Яны сведчылі аб тым, што на Мядзельшчыне напаткаліся сляды невядомай тут археалагічнай культуры. Праўда, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Ленінградскай вобласці вучоныя ўжо знаходзілі рэшткі паселішчаў, на якіх сустракаліся абломкі добра абпаленых гаршкоў мехападобнай формы з акруглымі донцамі. Тубыльцы з зайздросным пастаянствам упрыгожвалі свае пасудзіны гарызантальнымі паскамі адбіткаў шыраказубага штампа і глыбокіх круглых ямачак. Сярод крамянёвых прылад працы найбольш характэрнымі былі наканечнікі стрэлаў у выглядзе вярбовага ліста.
    Улічваючы характар керамічных вырабаў, археолагі сталі ўмоўна называць культуру такіх помнікаў культу-
    Фрагменты гаршкоў культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі з стаянкі каля вёскі Мікольцы Мядзельскага раёна.
    рай тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі. Чаму менавіта «тыповай»? Таму, што на іншых тэрыторыях сустракаецца кераміка з менш выразнай арнаментацыяй — «нетыповая».
    Які ж народ жыў на гэтых паселішчах, каму належалі такія гаршкі? Што ён быў не мясцовага паходжання, вядома, бо да сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. у паўднёва-ўсходняй Прыбалтыцы, як і на тэрыторыі Беларускай Поўначы, жылі плямёны з зусім іншай культурай.
    Адкуль з'явіліся прышэльцы? Археолагі сцвярджаюць, што з паўночнага ўсходу. Адсюль носьбіты грабеньчата-ямачнай керамікі пачалі распаўсюджвацца на
    тэрыторыі сучаснай Эстоніі, Латвіі і Літвы. Яны нават дасягнулі нізоўяў Нёмана.
    У Прыбалтыцы знойдзены пахаванні гэтага часу. Аналіз чалавечых касцякоў паказаў, што адна частка прышэльцаў мела выразныя мангалоідныя рысы, другая — еўрапеоідныя. Сустракаліся і змешаныя тыпы. Такім чынам, у расавых адносічах прышэльцы былі змешаныя, і сярод іх нярэдка трапляліся асобы, што па свайму знешняму выгляду былі вельмі падобныя на тых, з якімі нашы продкі праз чатыры з паловай тысячы гадоў сустрэліся на Калцы.
    Даследаванні на поўначы Беларусі паказалі, што тып стаянкі ля Скемы не адзінкавы на гэтай тэрыторыі. Праз некаторы час былі знойдзены помнікі культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі ля вёскі Малмыгі Вілейскага раёна, на Лепельскіх і Ліснянскіх азёрах.
    У Прыбалтыцы такіх помнікаў шмат, бо гэтая культура ў другой палове III тысячагоддзя да н. э. тут мясцінамі з'яўлялася дамінуючай, і асабліва ў Эстоніі.
    На Віцебшчыне і паўночнай Міншчыне было наадварот — на берагах азёр і рэк па-ранейшаму жылі мясцовыя плямёны нарвенскай культуры, а там-сям знаходзіліся раскіданыя рэдкія паселішчы нешматлікіх прышэльцаў. Гэта была апошняя хваля аднаго з «вялікіх перасяленняў» старажытнасці, якая, аслабленая, дакацілася да рэчак і азёр, што на сучаснай Віцебшчыне, і захлынулася ў мясцовым этнічным моры.
    Пакуль што цяжка гаварыць аб узаемаадносінах паміж тубыльцамі і плямёнамі прышэльцаў. Напэўна былі і сутычкі, бо мясцовае насельніцтва не магло абыякава адносіцца да перасяленцаў, якія пачалі паляваць і лавіць рыбу ў тутэйшых лясах і азёрах. Але з цягам часу новыя людзі змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры і поўнасцю асіміляваліся.
    ЯК НА ЭКРАНЕ МАШЫНЫ ЧАСУ...
    Паспрабуем цяпер у агульных рысах сказаць пра каменны век на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Занятак гэты не з лёгкіх. Уявіце сабе працу рэстаўратара старадаўняй фрэскі: на сценах засталіся толькі невялікія фрагменты пафарбаванай тынкоўкі, таму малюнак ледзь згадваецца і рэстаўратару даводзіцца ў друзе пад сцяной вышукваць патрэбныя кавалачкі, падклейваць іх да фрэскі, і вось ужо праступаюць дэталі, угадваецца кампазіцыя. Але многіх кавалкаў яшчэ не хапае і невядома, ці будуць яны калі-небудзь знойдзены — можа, беззваротна зніклі, здрабніліся ў пыл.