З глыбінь тысячагоддзяў
Міхаіл Чарняўскі
Выдавец: Народная асвета
Памер: 126с.
Мінск 1978
Вось так і з агульнай карцінай каменнага веку. Мы ўжо ведаем яго этапы, улавілі напрамак развіцця, пазнаёміліся з сутнасцю цэлага шэрагу культур, якія пакінулі нашы далёкія продкі. Але засталося шмат чаго яшчэ невядомага. I нявысветленых, загадкавых пытанняў у археалогіі засталося, мусіць, не менш, чым пытанняў вырашаных. Але навука няспынна развіваецца, і новыя адкрыцці кожны год запаўняюць існуючыя пустоты ў нашых ведах. Праўда, новыя адкрыцці адначасова, бывае, нараджаюць і новыя пытанні, але яны ўжо, як правіла, не па кардынальных праблемах, а па дэталях. Гэта як на той фрэсцы: якую форму мела вуха ў адной з фігур або ў што гэтая асоба была абута.
Дык вось. Націснем пускавую кнопку на машыне часу. Сачыце за экранам!
А на экране нічога не відаць, быццам хто яго засланіў. Падкруцім дальнамер. Ды гэта ж валасаты насарог! Вось ён ужо бачны зводдаль — стаіць на беразе нейкай вельмі шырокай ракі і п'е з яе ваду. Тырчаць у жывёліны на носе два вострыя рогі — адзін з метр даўжынёй, другі меншы. Пагрозліва зіркаюць злосныя вочы. He, лепей з ім не сустракацца на адной сцяжыне.
Палеалітычныя і важнейшыя мезалітычныя стаянкі Беларусі. 0 — палеалітычныя: 1 — Бердыж, 2 — Юравічы; A —мезалітычныя: 1—Кавальцы, 2—Пужычы, 3—Збляны, 4—Беліца, 5—Бурносы, 6—Морына, 7—Нясілавічы, 8—Чарэшля, 9—Дабрынёва, 10—Бабровічы, 11 —Міхневічы, 12 —Крумплева, 13—Пятроўцы, 14—Нова-Лукомль. 15—Крыжы, 16—Міраслаўка, 17—Журавель, 18—Гайкоўка, 19—Кісцяні, 20—Жыхаў, 21—Воранаўка, 22—Аношкі, 23—Рудня Споніцкая, 24—Прылукі, 25—Зарэчча, 26—Опаль, 27—Моталь, 28—Заазер'е, 29— Дарашэвічы, 30—Юравічы, 31—Беласарока; Т Т —паўднёвая мяжа апошняга абледзянення.
А за пясчаным берагам падымаецца густы сасновы бор. I каб не гэты насарог, можна было б у першы момант падумаць, што на экране сучасны бераг Дняпра недзе пад Лоевам. Але на хранометры ўнушальны лік—
100 000 гадоў таму назад. А рака— старажытны Дняпро, або Пра-Дняпро, як яго цяпер называюць геолагі.
Блішчаць на сонцы дробныя рачныя хвалі. На небе кучаравяцца воблакі. Адчуваецца спёка. А насарог усё п'е. Колькі ж яму трэба той вады?
He, з такімі тэмпамі мы мала што ўбачым. Трэба пераключаць хуткасць і павялічваць перспектыву.
1 вось на экране ўжо велізарная панарама — ад Балтыйскага мора аж да ўкраінскіх стэпаў і ад вярхоўяў Волгі да Віслы. I спрэс суцэльная зеляніна, толькі, як артэрыі на чалавечай руцэ, малапрыкметна сінеюць тонкія жылкі рэк.
Сярэдняе Падняпроўе, Прыкарпацце і басейн Дзясны заселены першабытнымі людзьмі. Рэдкія паселішчы ў адзін ці два буданы туляцца на ўзлесках па рачных берагах. Дымяцца вогнішчы. Нейкія дымкі бачны і на тэрыторыі сучаснай паўднёва-ўсходняй Беларусі. Гэта гараць цяпельцы, а навокал іх грэюцца каржакаватыя дужыя людзі — неандэртальцы. Вочы ў іх вельмі падобныя на нашы, але якія вялікія надброўныя дугі, ну, нібы стрэшкі, празмерна пакатыя лбы. Сядзяць першабытныя паляўнічыя, аглядаюць лясную мясцовасць, а ў іх вузлаватых руках крамянёвыя секачы і абсмаленыя доўбні. Можа тут дзе былі і іх паселішчы, рэшткі якіх пакуль што не знойдзены археолагамі. Але на экране шмат нейкіх цьмяных плям. Ніяк не разгледзець падрабязнасцей.
На хранометры лікі гадоў зліваюцца ў суцэльную белую стужку, нават стагоддзі мільгаюць — цяжка лавіць воку. Там, дзе паўднёвы бераг Балтыйскага мора, нешта белае пачало засцілаць экран. Гэта — ледавік. Вось ён напаўзае далей на поўдзень, а перад ім шырачэзнай хваляй разліваецца шэра-руды колер з рэдкімі зеленаватымі плямамі — колер тундры і халоднага стэпу.
Ледавік дайшоў амаль да сучаснай Вілейкі і спыніўся. Холад і вечная мерзлата прымусілі людзей адступіць на
поўдзень. Пагаслі вогнішчы на тэрыторыях сучаснай Гомельшчыны, Браншчыны.
Але ў болын спрыяльных для жыцця раёнах Еўропы чалавецтва працягвала развівацца. I ў гэтым развіцці адбыліся важныя змены — сфарміраваўся краманьёнец, чалавек сучаснага тыпу.
Як толькі ледавік пачаў раставаць і пацяплела, на паўднёвых і паўднёва-ўсходніх землях цяперашняй Беларусі зноў з'явіліся людзі. Пачалася новая эпоха — эпоха позняга палеаліту.
На хранометры: 26 470 і 23 430 гадоў — на беразе Сожа і Прыпяці ў гэты час існавалі Юравіцкае і Бердыжскае паселішчы познепалеалітычных паляўнічых на мамантаў.
Няма сумнення, што такіх паселішчаў было больш, але рэшткі іншых яшчэ не знойдзены археолагамі.
Штосьці зноў стала дрэнна відаць на машыне часу. Адлюстраванне расплываецца і затым знікае зусім. Толькі мільгаюць лічбы: 20 000, 19 000, 18 000. ...I так ледзь не да самага канца палеаліту, бо гэты прамежак часу пакуль што зусім не даследаваны.
...Канец палеаліту і ранні мезаліт.
Зноў зялёны экран. Верхняя яго палова пакрыта безліччу блакітных плям самых розных памераў і формаў— гэта пасляледавіковыя азёры.
У той час паўднёва-заходняя і заходняя тэрыторыі Беларусі былі заселены плямёнамі паляўнічых і рыбакоў, што пакінулі пасля сябе помнікі свідэрскай культуры. «Свідэрцы» займалі таксама значныя тэрыторыі Украіны, Польшчы, нават Чэхаславакіі і Венгрыі.
У канцы палеаліту на наша Панямонне з паўночнага захаду праніклі невялікія групы носьбітаў прыбалтыйска-мадленскай культуры, але яны ў хуткім часе, як кажуць, «растварыліся» сярод мясцовага насельніцтва.
...Перад намі зноў той жа бераг Дняпра, дзе ў пачатку нашага з вамі падарожжа на машыне часу мы бачылі 118
насарога. Зразумела, насарога таго няма. Ды і ўсе насарогі даўным-даўно вымерлі. I сам Днепр стаў некалькі вузейшы, але затое за прайшоўшыя тысячагоддзі ён значна паглыбіў сваё рэчышча, і таму бераг ракі ўздымаецца стромкімі ўступамі тэрас. На верхняй пачынаецца лясны гушчар. Ля самай вады цягнецца шыракаватая стужка пяску з лазняком. У лазняку стаіўся з дзесятак мужчын, узброеных дзідамі і цяжкімі доўбнямі. I пазіраюць мужчыны ўверх, дзе край гушчару. Яны кагосьці чакаюць, некага падпільноўваюць. Чужакоў? Падкручваем дальнамер — і ўжо бачны ладны кавалак лесу паўз бераг. Хоць лес і густаваты, але не настолькі, каб не прыкмеціць, як паміж хвой і кустоўя рухаецца ў бок Дняпра доўгі ланцуг старых, жанчын і дзяцей. У іх руках паходні, палкі, бубны. Па адкрытых ратах, па ўзмахах рук з палкамі можна ўявіць, які лямант і грукат стаіць зараз у лесе. I ад гэтага шумліва-вогненнага ланцуга напалоханыя звяры імчаць да рачнога абрыву. А пад ім ужо чакаюць здабычу тыя ўзброеныя мужчыны...
Нам пашанцавала натрапіць на загоннае паляванне, але фіналу яго чакаць не будзем. Гэта — хрып забіваемых звяроў, хруст костак, кроў. А калі які стары дзіксякач у апошнім адчаі паверне на ланцуг загоншчыкаў? ...Бяромся за рэгулятар хуткасці.
У V тысячагоддзі да н. э., а верагодней у яго канцы, на поўдні Беларусі пачаўся новы каменны век. На поўнач неалітычныя традыцыі распаўсюдзіліся крыху пазней — у IV тысячагоддзі.
З'явіліся першыя керамічныя вырабы — гліняныя вастрадонныя гаршкі, паўсюдна ва ўжытку распаўсюдзіліся крамянёвыя сякеры.
Паспрабуем падгледзець падрабязнасці.
Запавольваем бег часу і змяншаем перспектыву. Візір кіруем на пэўнае месца, ну, напрыклад, на берагі возера Нарач.
Вось злева на экране водны блакіт з дробнымі гра-
бянцамі пены на хвалях — ветрана. На правым краі таксама сінее возера — гэта Мястра, А між імі цягнецца зялёны пас сухога перашыйку з блакітнай стужкай пратокі ўпоперак. Пратока быццам звязвае азёры-сёстры. На поўдзень яе ашчацініўся хваёвы векавечны лес, на поўнач, над шырокай балацявінай, уздымаюцца невялікія пясчаныя груды з каржакаватымі рэдкімі хвоямі. Паўз берагі азёр і на балацявіне разлілася серабрыстая зеляніна вербаў і лазы. Шкада, што наша машына часу не ўзнаўляе гук. Мы б, пэўна, пачулі шум ветру ў вяршалінах дрэў і шоргат нарачанскіх хваль аб прыбярэжны пясок.
На вузкай кладцы праз пратоку хлапчук ловіць рыбу. Мусіць, ужо не клюе, бо ён змотвае леску, падымае з травы лазовы пруток з нанізанымі на яго плотачкамі і вузкай сцяжынкай праз лазняк ідзе ў паселішча. Яно невялікае — чатыры буданы, быццам стажкі сена. Яны збудаваны з жэрдак, увагнаных у пясок і звязаных уверсе ў адзін пук. Паверх жэрдак тоўстым пластом прымацаваны трыснёг. У самым версе жытлаў маецца адтуліна, каб выходзіў дым ад агнішча. Але, мабыць, нядаўна быў дождж, таму адтуліны прыкрыты вялікімі кавалкамі бяросты. Летам у жытле не паляць, хіба ў непагадзь.
Зараз на вытаптанай невялікай пляцоўцы між буданоў на кучцы камянёў гарыць ламачча. На агні ў вялікім вастрадонным гаршку, закапцелым і зашмальцаваным да бляску, нешта гатуецца. Старая жанчына сядзіць перад агнішчам і памешвае варыва драўляным апалонікам. Непадалёк маладая жанчына здзірае са шкуры жывёлы мяздру. Дзяўчаты плятуць сетку. У пяску корпаюцца малыя дзеці, брудныя, з парэпанымі нагамі. Усе, хто ў паселішчы, раз-пораз пазіраюць у бок агнішча — час палуднаваць. I толькі мужчыны, якія за буданамі здымаюць шкуру з упаляванага раніцой лася, робяць выгляд, што есці ім яшчэ не хочацца. Лось падвязаны заднімі нагамі да перакладзіны на вярбе. Яго разгалістыя рогі, быццам
вялізныя чалавечыя пясці з растапыранымі пальцамі, упіраюцца ў зямлю. Кроў яшчэ капае на траву, і ўзбуджаныя ёю калматыя сабакі мітусяцца вакол мужчын — чакаюць свой кавалак.
А зараз зноў прыспешваем машыну часу.
Крамянёвыя прылады працы ранняга неаліту на тэрыторыі сучаснай Беларусі шмат у чым падобны на вырабы з папярэдняй мезалітычнай эпохі. А вось самыя старажытныя гаршкі, якія тут пачалі ляпіць, некалькі нагадваюць кераміку суседняй Украіны. Там навык «гаршкалепства» распаўсюдзіўся некалькі раней, і таму лічыцца, што менавіта адтуль і запазычылі яго нашы продкі. Праўда, арнамент і форму керамічнага начыння яны відазмянялі па свайму густу.
У IV і, мабыць, пачатку III тысячагоддзя да н. э. значную частку Усходняй Еўропы засялялі плямёны, матэрыяльная культура якіх была шмат у чым падобная паміж сабой. Вельмі магчыма, што і этнічна яны былі адзіныя.
Стаянкі гэтага насельніцтва вядомы цяпер і пад Ленінградам, і ва ўсходняй Прыбалтыцы, і пад Масквой, і на Кіеўшчыне, і на Беларусі. Спрэс тут жылі паляўнічыя, рыбакі, збіральнікі «дароў лесу, балот і вадаёмаў». У паўднёвых раёнах іх рассялення зарадзілася прымітыўнае матыжнае земляробства і жывёлагадоўля.