За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
— Я хачу аднаго — дазволь мне трошкі паспаць. Я ведаю, што табе загадалі не даваць мне спаць. Але не бойся, я цябе не падвяду. Як толькі пачую сігнал трывогі, я адразу ж буду на нагах. Паўтараю — я цябе не падвяду.
— Ну, што з табой зробіш? Паспі трошкі, але глядзі, не падводзь,— нарэшце згадзіўся турэмшчык.
He паспелі зачыніцца дзверы, як Міхась сеў на тое ж самае месца і адразу заснуў.
Колькі ён так праспаў, Міхась і сам не ведае, але як толькі загрымелі запоры ў дзвярах, тут жа ўскочыў на ногі і стаяў па камандзе «смірна».
— Малайчына! — пахваліў яго ўчарашні грозны турэмшчык.— Я прынёс табе вячэру. Абед таксама стаіць. Я заходзіў у камеру, але не стаў будзіць цябе — пашкадаваў. Так што еш адразу і абед, і вячэру. Хутка прынясу чай.
Міхась прагна накінуўся на абед і на вячэру. Неўзабаве прыбыў і кіпяток, які называўся чаем, таму што быў трошкі падфарбаваны. У прысутнасці турэмшчыка ён выпіў і чай. I тут жа асмеліўся яшчэ раз звярнуцца з просьбай.
— Браток, дазволь мне яшчэ трошкі прыдрамаць. Бо я не ведаю, калі яшчэ дачакаюся такое раскошы.
— Добра, адпачывай. Я бачу, ты неблагі чалавек.
— Дзякую табе, добры чалавек!
Міхась сеў і падумаў: «А ўсё ж такі не перавяліся добрыя людзі. Яны нават і сярод турэмшчыкаў ёсць».
Так ён правёў у забыцці яшчэ гадзін колькі. А потым, як звычайна, сярод ночы, ён пачуў, як грымнулі дзверы, і Міхась у адзін момант апынуўся на нагах, як салдат. Турэмшчык паблажліва ўсміхнуўся. Ахоўнік-канваір у блакітнай фуражцы па той бок калідора гучным голасам спытаў:
— Фа-мн-лн-е ва-ше?
He хацелася задзірацца з канваірам, выгаворваць яму яго некультурнасць.
— Асцёрскі,— прымірэнча адказаў Міхась.— Куды
мяне?
— На кудыкіну гару,— груба адказаў канваір.— Ты ж, пэўна, не навічок тут, ведаеш, куды водзяць пад канвоем.
Калі дайшлі да кабінета, дзе чацвёра сутак таму назад адбылася сутычка ў следчага, і ахоўнік паказаў на дзверы, у Міхася раптам аслабелі ногі: далей ісці ён не мог...
— Ну, чаго стаў? Ідзі! — скамандаваў ахоўнік.
— He магу,— вырвалася з грудзей у Міхася.
Яму адразу прыгадалася ўсё, што там рабілася. Нейкі страх авалодаў усёй яго істотай. Ён падумаў: «Вядуць за разлікам, будуць метадычна адымаць жыццё. Смерці я не баюся, баюся пакут. А тут жа на гэта здатныя, ды яшчэ пасля такога выпадку... Нездарма ж загадвалі калідорнаму дзяжурнаму забараняць мне спаць».
— Ідзі! — яшчэ раз паўтарыў канваір.
— He магу, ногі не служаць,— прызнаўся Міхась.
Тады канваір сам адчыніў дзверы кабінета і проста ўпіхнуў туды Міхася.
У кабінеце за сталом следчага сядзеў той самы начальнік аддзялення, маёр Байцоў. Ён абвёў вачыма Міхася і ветліва сказаў:
— Садзіся, таварыш Асцёрскі!
— Дзякую,— не паверыўшы сваім вушам, падзякаваў Міхась.
— Ну, як справы, паэт-настаўнік? — Відаць,ён ужо паспеў пазнаёміцца з паперамі на Міхася.— Як адпачываласяспалася?
— Адпачываць адпачывалася, а вось спаць не давялося,— схітрыў Міхась. Нельга ж падводзіць чалавека, які дазволіў такое.
— А чаму? — дапытваўся маёр, нібы ён нічога не ведаў.
— He даваў калідорны дзяжурны.
— За самаўпраўства, за самадурства ён будзе пакараны,— працягваў хітрыць Байцоў.
Пасля гэтых слоў ён адразу ж перавярнуў пласцінку на другі бок:
— Скажыце, Асцёрскі, вы не забыліся, што тры-чатыры дні таму назад вы нарабілі вось у гэтым кабінеце?
— He забыў, грамадзянін начальнік, вымушана ўвязаўся ў бойку са следчымі. Непрыемны выпадак,— вінавата адказаў Міхась.
— Бойкі бываюць розныя, а гэта аказалася асаблівай: вы тады забілі чалавека — следчага Фаміна.
— Як гэта забіў? — здзівіўся Міхась.— Абараняючыся, я ударыў яго адзін раз — і ўсё. Гэта я добра памятаю, а наконт забойства — гэта проста выдумка.
— Якая выдумка! Яго ўчора пахавалі. Ну, і чорт з ім! Сабаку сабачая смерць!.. А вось нам з вамі яшчэ жыць ды жыць, спраў наперадзе многа. Я бачу, што вы наш, савецкі чалавек, але прайдзісветы абвялі вас вакол пальца, антысаветчыкі заблыталі ў варожую павуціну, з якой вы самі і не выблыталіся б, каб на дапамогу не прыйшлі нашы органы, якімі кіруе спрактыкаваны ленінец Мікалай Іванавіч Яжоў. Бачыце,— ён паказаў на вялізны партрэт «ленінца» побач з партрэтам Сталіна на сцяне кабінета,— як ён трымае іх, гэтых антысаветчыкаў, у сваіх яжоўскіх рукавіцах? Ён, a разам з ім і мы, ратуем такіх, як вы, грэшных, ад сапраўднай контры. У каго вучыўся Мікалай Іванавіч? У самога Дзяржынскага, які з першых дзён савецкай улады пачаў ваяваць з усёй гэтай поганню. Мы таксама вучымся ў яго. На долю Дзяржынскага выпаў нялёгкі абавязак: міжнародная і ўнутраная контра. He лягчэй і нам цяпер. Вы павінны ўсё заўважыць і ацаніць. Павінны зразумець нас і дапамагчы нам. Раскажыце, хто вас зацягнуў у гэта балота. За гэта сурова караць вас не будуць, дадуць гады тры, і ўсё. А інакш вас могуць шлёпнуць. Зразумелі? Распішыцеся на гэтай паперцы, і мы з вамі квіты.
— Дзякую за павучальную лекцыю, але падпісвацца пад фальшыўкай я не буду. Калі я гэта зраблю, мяне, як вы кажаце, шлёпнуць, а не падпішу — судзіць няма за што.
— Значыць, не падпішаце? — трохі падумаўшы, спытаўся маёр.
— He! — цвёрда адказаў Міхась.
— Ну што ж, я вымушаны буду пасадзіць вас у карцэр.
— Воля і ўлада ваша, таварыш маёр.
— Я вам не таварыш. Вам таварыш Бухарын са сваёю хеўрай! — ашчэрыўся маёр.
— Прабачце, грамадзянін начальнік,— паправіўся Міхась.
Маёр націснуў на кнопку, і ў кабінет зайшоў узброены пісталетам ахоўнік.
— Адвесці падследнага ў карцэр,— загадаў яму маёр.
ХАЛАДЗІЛЬНІК
Той год у канцы лістапада ў Ленінградзе стаяла незвычайна халоднае надвор’е. Зямля ледзь пакрылася снегам, затое ўзяліся такія маразы, што Нява стала. I так моцна яе ўкавала, што па ледзяным люстры каталіся на каньках. Часам лёд на рацэ ажно трашчаў. Адным словам, зіма ўваходзіла ў сілу.
I вось такім часам Міхася пасадзілі ў карцэр, які ніколі не бывае цёплы. Наадварот, у ім былі спецыяльныя адтуліны, праз якія ўлетку можна было наганяць гарачыню, а зімою — холад. Усё гэта рабілася для таго, каб чалавек не вытрымаў такіх пакутаў і хутчэй «прызнаўся» ў сваіх «злачынствах».
Тут было ўсё каменнае: і сцены, і падлога, і ложак з «падушкай» на ім. Драўлянай была толькі адна палоскадошка, умазаная пасярод ложка, дзе зняволены мог прылегчы. Акенца было доўгае, але вузкае — сантыметраў 15—20. Лямпа, якая была замацавана на сцяне пад столлю, ледзь-ледзь свяцілася, як лампадка над нябожчыкам. I яна была не для зручнасці насельніка карцэра, а для таго, каб калідорны дзяжурны мог назіраць за паводзінамі ахвяры. Гэта быў сапраўдны халадзільнік, у якім рэдкі чалавек мог вытрымаць значны час.
Перад тым як змясціць Міхася ў гэты ляднік, з яго садралі вельветавую куртку-талстоўку, знайшлі прыхаваныя 25 рублёў, адабралі папружку, абрэзалі ў штанах кручкі: нібы ён мог уцячы з карцэра!
Як толькі ён зайшоў у гэты змрочны лёх, яго адразу абдало холадам. Ён сеў на ложак, які больш нагадваў грабніцу, разгубіўся і не ведаў, што далей. Адно зразумеў, што жывым, а тым больш здаровым, адсюль не выйсці. «Што ж рабіць, што прыдумаць, каб не паміраць паступова цяжкай, пакутлівай смерцю? Які знайсці сродак для паратунку? Хто
ці што ў гэтым дапаможа?» — разважаў ён сам з сабой.
I вось за сцяною пачуўся дзікі, душараздзіральны крык і просьба аб літасці:
— Ой!.. Ой!.. Ой!.. Паклічце следчага! Я не магу болып!..
Неўзабаве загучалі крокі, прыйшоў следчы.
— Ну што, паразумнеў на свежым паветры, апамятаўся? — голас быў здзеклівы: гаварыў уладар лёсу са сваёю ахвярай.— Падпісвайся і пойдзеш у цёплы пакой.
— He магу, не магу!.. Я ж ні ў чым не вінаваты!
— Значыць, да цябе яшчэ не дайшло. Пасядзі, пакуль дойдзе,— гучна сказаў садыст-следчы.— Працвярэзішся болып — падпішаш.
Грымнулі дзверы, і ён пайшоў у свой кабінет, добра ведаючы, што ахвяра яго капітулюе, бо ў такім халадзільніку доўга не выцерпіш.
Такія размовы і крыкі Міхась пачуў за дзень некалькі разоў, урэшце ахвяра здавалася і рабіла тое, што ёй загадвалі.
«Не, я да такой нізасці не дайду! Паміраць буду, а літасці ў ката не папрашу! — сказаў сабе Міхась.— Толькі трэба прыдумаць штосьці, каб выратавацца ад ганебнай смерці і сораму перад людзьмі»,— думаў Міхась. I ён успомніў гімнастычныя практыкаванні на занятках па фізкультуры пад час вучобы ў інстытуце. Шчыра кажучы, тады ён гімнастыку не вельмі цаніў. Любіў больш скакаць, бегаць, ездзіць на лыжах, каньках, ганяць футбольны мяч. Наогул спорт ён любіў. I вось вырашыў узяцца менавіта за гімнастыку — яна падыходзіла да яго ўмоваў. Ён успомніў усе 32 такты, за якія ў свой час нават меў непрыемнасці ад фізрука, бо не ставіўся сур’ёзна. Ужо пасля першай спробы ён зразумеў, што гімнастыка — адзінае, што яго выратуе. Пасля пяці хвілін заняткаў ён сагрэўся, а пасля дзесяці напружанай працы рук, ног, тулава пачынаў пацець. Так ён рабіў з перапынкамі спачатку па дзесяць, а пасля і да пятнаццаці хвілін. Гэта, канечне, было прыблізна, таму што гадзіннік яго ляжаў недзе асобна ад яго — тут яго мець не дазвалялася. Але вязні ўмеюць вызначаць час па сонцы, па іншых прыкметах, а болып «на вока». Так што прыблізна хвілін 10—15 ён практыкаваўся, а потым столькі ж адпачываў на ложку з каменнаю падушкай. Пад спінаю была дошка, а заместа падушкі былі доўгія валасы і нават барада, якія ў яго адраслі ў «Крыжах» больш як за тры месяцы. У часе адпачынку Міхась і засынаў на некалькі хвілін — таксама некалькі разоў у суткі. I так ён рабіў і днём, і ноччу, бо проста прымушаў холад. Усё рабілася ўпотай ад турэм-
шчыкаў. Калі б тыя даведаліся пра яго хітрасць і далажылі следчым, тыя зрабілі б усё, каб пазбавіць сваю ахвяру і такой магчымасці грэцца. Ім трэба было «прызнанне», якое па-добраму не здабываецца ў такіх установах. Зламаць жа яго волю ім трэба было любой цаной.
Міхась ведаў, што за ім сочаць, а таму быў асцярожны — прыслухоўваўся да кожнага кроку калідорнага дзяжурнага. А калі зразумеў, што яго западозрылі і сочаць за ім, вырашыў зрабіць нечаканы манеўр, як кажуць шахматысты, зрабіць ход канём. Такое рашэнне Міхась прыняў пасля двух першых сутак цяжкіх пакут у халадзільніку. Бо за гэты час да яго ў карцэр заходзіў новы следчы — Рой (Фаміна Міхась больш ужо не бачыў) і тройчы — новы памочнік следчага. Яны спрабавалі ўгаварыць яго «раскалоцца» — падпісаць фалыпыўку, інакш пагражалі замарозіць яго ў карцэры.