За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
што вакол былі людзі. Тут панавалі законы тайгі і тундры — мацнейшы выжывае, слабейшы гіне. Гэтым галаварэзам магла супрацьстаяць толькі група дружных, смелых, фізічна моцных людзей.
Тут шмат хто з гэтага мурашніка пакрыўджаных богам і людзьмі гаротнікаў атрымліваў перадачы ад сваіх родных і блізкіх, але не кожны мог скарыстаць тое, што атрымліваў, не мог спажываць тое, што меў. Адымалі проста на вачах у людзей, і тыя маўчалі. Каму хацелася лезці на ражон, з-за некага рызыкаваць сабою! Бо гэтыя банды дзейнічалі заадно з турэмнаю аховай. Асобным людзям пры атрыманні перадач прызначалася нават узброеная ахова. Але ж ахоўнікі не будуць чакаць, пакуль ты спажывеш атрыманае. Ахоўнік прывядзе цябе на прызначанае месца і пойдзе на сваю вахту. А як толькі ён знікне, банда хапугаў навальваецца на чалавека і забірае ўвесь яго скарб.
Міхасю ў гэтых адносінах трошкі пашанцавала. Ён трапіў у кампанію надзейных і смелых людзей. 3 ім разам былі яго знаёмыя: Іван Сямёнавіч Сяргееў, Павел Лёсік, Мікалай Канеўскі (палітрук батальёна), Іван Беленькі, Рыгор Гайсёнак, Аляксандр Трошка. Амаль усе яны, акрамя Сяргеева,— ленінградскія беларусы. Паміж сабою былі вельмі дружнымі, а таму здолелі адразу адваяваць сабе зручнае і бяспечнае месца і абараніць усю сваю маёмасць. Праўда, асобныя бандыты спрабавалі пажывіцца за іх кошт, але кожны раз іх спасцігала няўдача. Важна падкрэсліць яшчэ і тое, што крымінальнікі не такія смелыя як сябе выстаўляюць. У душы яны баязліўцы. Варта толькі хоць адзін раз паказаць ім сваю сілу ці проста па-сапраўднаму прыгразіць ім, як яны потым перастаюць чапляцца да чалавека, а нават і абыходзяць яго.
Сумлення ў іх няма, яны паважаюць толькі сілу. Асноўная маса зняволеных, што выпадкова трапляла ў турмы, лагеры, калоніі — цярпела двайны прыгнёт: з аднаго боку — турэмнае, лагернае начальства, з другога — крымінальнікі — бандзюгі, блатнякі і зладзеі розных масцей, якія былі ў змове з адміністрацыяй лагераў і турмаў, нават дзяліліся сваёю здабычай са сваім начальствам, за што карысталіся рознымі прывілеямі. Тэрарызаваць палітычных зняволеных уваходзіла ў іх задачу і абавязкі перад адміністрацыяй. За гэта яны былі вызвалены ад фізічнай працы, якую пераклалі на плечы палітычных — каб хутчэй аддавалі богу душу...
Дык вось, Міхась атрымаў ад жонкі Таісы перадачу, прынёс яе ў свой кут. Перадача была вялікая, ён нават здзівіўся. Там былі асабістыя яго рэчы (адзенне, абутак) і пра-
дукты — усё тое, што ён прасіў. Па самым аб’ёме перадачы (цэлы мяшок, як падняць) і па тых рэчах (адзенне), якія былі перададзены, ён здагадаўся, што гэта справа не адной Таісы. Да гэтага, няйначай, прыклалі свае намаганні яго верныя сябры па вучобе: Кастусь, Мікола, Сцяпан. Відаць, яны не пабаяліся, што іх будуць абвінавачваць у сувязях са «злачынцам» ці «ворагам народа». Міхасю гэта падымала настрой, бадзёрыла: пра яго не забылі!
Запіска ж Таісы да перадачы была вельмі скупой, лаканічнай. Яна пісала: «Добры дзень, Міхась! Перадаю табе ўсё, што ты прасіў: паліто (цёплае), пінжак (касцюмны), штаны ад старога касцюма, валёнкі, шапку (зімовую), рукавіцы, світэр, кашулю (цёплую), 2 пары бялізны; 4 кіло сухароў, 1 кілаграм цукру (кускавога), 10 пачкаў махоркі, конаўку піць чай, пачак чаю (грузінскага), 2 пачкі пячэння (лімоннага). Жыву нармальна. У мяне нарадзілася дзіцё — хлопчык, зваць Алегам. Пра мяне не клапаціся, усё будзе добра. Мне дапамагаюць бабуля і нашы сябры. Хутка прыедзе мама. Усяго табе добрага! Мацуйся.
Таіса».
Вось і ўсё. Нават не папрасіла напісаць ёй. Міхася адразу ахапілі і радасць, і смутак, і надзея, і расчараванне, і яснасць, і нейкая недагаворанасць, бо ў запісцы не было той цеплыні, якая патрэбна была сёння для яго збалелага сэрца. He было той шчырасці і адданасці, якіх ён чакаў ад самага блізкага яму чалавека, хоць ужо і адлучанага ад яго тым «адрачэннем» у газеце. Ад яе веяла нейкай казёншчынай. Нават даты не было пастаўлена ў канцы запіскі. Як быццам штосьці прадракала яму, што гэтыя напісаныя Таісай словы, адрасаваныя яму, былі першымі і апошнімі... He, ні пачуцці, ні інтуіцыю не ашукаеш! «Значыць, яна выканала свой чалавечы абавязак і на гэтым — канцы»,— вырашыў Міхась. I, як убачым пазней, не памыліўся. «Так, мае зайздроснікі дабіліся свайго: адабралі ад мяне і каханне, і сям’ю»,— з болем у грудзях разважаў сам з сабою Міхась.
А доказам гэтага было не толькі адрачэнне Таісы, у якое ён спачатку не верыў, але і тое, што яна не пажадала нават сустрэцца з ім. Чаго-чаго, а гэтага ён ад яе ніколі не чакаў. Выходзіць, што яна і сама паверыла ў гэтае адрачэнне. «Ну і бог з ёю, відаць, ужо лёс мой такі, прыйдзецца дажываць у крыўдзе і адзіноце. Шкада толькі, што сын будзе расці без бацькі»,— закончыў размову з самім сабою Міхась і пачаў упарадкоўваць перадачу, дзяліць яе між сваімі сябрамі.
Хацелася, каб хутчэй адгэтуль выбрацца — з гэтай цеснаты, з духаты, ад якой рабілася млосна. Людзі абліваліся потам — хоць бяры венік і хвашчыся, як у сапраўднай рускай лазні.
У такіх абставінах Міхась жыў-пакутаваў ні многа ні мала — тры тыдні. Здавалася, што каб пражыць яшчэ якіх дні тры, ён не вытрымаў бы,— усе сілы скончыліся б — і ён пакінуў бы белы свет, як гэта часам здаралася з некаторымі насельнікамі гэтай парылкі. I тыя, што адыходзілі ў царства нябеснае, і тыя, што заставаліся яшчэ на гэтым свеце, з горыччу паўтаралі пытанне з двух слоў: «За што?» Словы гэтыя не давалі спакою і Міхасю. Ён вымаўляў іх штодзень на працягу ўсіх пяці месяцаў сваіх пакут за турэмнымі кратамі. Ён не ведаў, што будзе наперадзе, але ўсёй сваёй істотай адчуваў, што будзе не лягчэй, а можа, і цяжэй. Бо ніхто яго не судзіў нават фармальна, як іншых, не называў артыкула Крымінальнага кодэкса РСФСР, не аб’яўляў тэрміну пакарання. He было за што? Можа, суддзі саромеліся глядзець у вочы тым, каго павінны былі судзіць па ліпавых, паклёпніцкіх абвінавачваннях? Відаць, не. Проста следчым абрыдла з імі доўга валаводзіцца, час падганяў, і іх, упартых, сагналі ў адзін гурт, як тых, хто застанецца жывы, пагоняць ці павязуць невядома куды.
Міхась прадчуваў, што іх чакае наперадзе цяжкая катаржная праца, з іх пакрысе будуць вымаць здароўе і сілу, высмакчуць усю кроў — і разам жыццё — на якіх-небудзь вялікіх будоўлях веку, такіх, як Беламорканал, Турксіб, як магістраль Масква — Мінск і іншыя будоўлі краіны — вялікія і малыя...
У сярэдзіне студзеня новага, 38-га года Міхася разам з яго новымі турэмнымі сябрамі выклікалі ў асобны пакой, вярнулі яму папружку, якую адымалі пры паступленні ў «Крыжы», прапанавалі распісацца, што ён атрымаў сваю маёмасць, і скамандавалі ісці яшчэ ў адзін пакой і чакаць новай каманды.
— А грошы 25 рублёў, якія забралі ў мяне разам з папружкай? — спытаўся Міхась.
— Грошы атрымаеш па прыбыцці на месца прызначэння,— адказалі з іроніяй.
— А дзе ж будзе тое месца? — спытаўся па інерцыі Міхась.
— He ведаем. Прыедзеш — убачыш.
Ён ужо здагадваўся, што грошай сваіх не ўбачыць яму як уласных вушэй. Яны засталіся ў кішэнях нахабных, бяздушных турэмшчыкаў.
На гэтым i закончылася ўся працэдура па афармленні для адпраўкі.
Праз гадзіну пасля гэтага Міхась ужо сядзеў у «цяплушчы» — таварным вагоне з нарамі і кратамі на акенцах. Шкада было аднаго: ён не трапіў у адзін вагон разам са сваімі сябрамі, якія абаранялі яго ў перасыльнай турме ад розных жулікаў і бандзюгаў.
Так пачалася новая старонка ў жыцці-быцці, ці мукахпакутах, Міхася Асцёрскага.
1957—1987
Слабодка — Ленінград — Мінск
П^ЮЧНАЕ ПЕ1Ў14
Частка першая
Можа, у дол пахавалі, Можа, сняжком замяло... На чалавекапавале Нормы тады не было.
С. Законнікаў
ДАЛЁКАЯ ДАРОГА
Студзеньскім ранкам 1938 года са станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі адыходзіў незвычайны цягнік з незвычайным грузам. Ён складаўся з 50 вагонаў, большая палова з якіх — цяплушкі, набітыя да адказу людзьмі. У кожнай з гэтых цяплушак знаходзілася не менш як 50 чалавек, бо ў большасці вагоны былі пульманаўскія. Звычайна ў такіх вагонах майструюцца нары-палаці ў два ярусы, а ў гэтых — у тры. Інакш яны не паспявалі б вывозіць у тэрмін тысячы «пасажыраў». Такімі цягнікамі была запруджана ўся паўночная ветка чыгункі. Іх набралася значна больш, чым намячалася па графіку — на адным дні па некалькі.
Хто ж былі гэтыя загадкавыя паса-
жыры? Яны— армія першапраходцаў паўночна-ўсходніх раёнаў, бясплатная рабочая сіла — цягло з агульным кляймом-ярлыком «вораг народа». Гэта бяспраўныя істоты з «наморднікамі», ці, як іх потым празвалі, «барадатыя камсамольцы», якіх чакаў цяжкі, невядомы лёс. Куды іх вязуць, навошта вязуць — ім невядома. Вядома толькі, што яны надоўга, а можа, і назаўсёды расстаюцца з сем’ямі і Паўночнай Пальмірай — Ленінградам...
Вось грымнулі дзверы вагона. Прынеслі першую дарожную баланду. Вырашылі перад адпраўкай накарміць — дарога далёкая. А было гэта ў дзевяць гадзін раніцы пятнаццатага студзеня. Надвор’е стаяла халоднае, марознае.
— Грамадзянін начальнік, куды далёка паедзем? — хтосьці з нявольнікаў спытаўся ў старшага канваіра.
— Прыедзем — убачыш,— адказаў той.
— А раней ведаць няможна?
— Няможна.
— А чаму? — не адставаў смелы вязень.
— Таму што я і сам яшчэ не ведаю,— схітрыў канвойны начальнік.— Зачыніце дзверы! — звярнуўся ён да радавога канваіра.
На гэтым і закончылася гутарка, да якой так прыслухоўваліся: хацелася ведаць хоць трохі з таго, што іх чакала.
— Во звяругі, нават не скажуць, куды павязуць,— сказаў невядома каму расчараваны вязень.
— Да цешчы на бліны,— падкалоў яго сусед па нарах.— А калі ў «Крыжы» вязлі, табе сказалі куды?
— To была іншая рэч: турма, ды яшчэ і следчая. А цяпер жа мы як быццам вольныя.
— Вольныя з «намордкікамі». He ўбачыць нам волі, як сляпому белага свету.
— Мо і праўду ты кажаш,— згадзіўся той і змоўк.
А тым часам цягнік рыхтавалі да адпраўкі. Прычапілі паравоз, які пыхцеў, як заезджаны рысак. Чыгуначніківагоннікі правяралі кожнае кола і кожны тормаз. Яны хадзілі ўздоўж састава, стукалі малаточкамі па колах, адкрывалі кожную буксу, правяралі падшыпнікі, дзе трэба, змазвалі шыйкі колаў, каб пасля адпраўкі не мець ніякіх непрыемнасцей.
I вось нарэшце цягнік крануўся з месца. Застукалі колы на стыках, зарыпелі вагоны. Людзі пакідалі горад, з якім даўно зжыліся, якім калісьці любаваліся і ганарыліся, які ў свой час дарыў ім радасць, а напаследак прынёс вялікае гора. Ужо мільгалі апошнія агеньчыкі горада на Няве. Бывай назаўсёды, «Петра творенье»!..