За калючым дротам  Павел Пруднікаў

За калючым дротам

Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
54.23 МБ
Кіраўніцтва дарогі ў тэрміновым парадку прыняло рашэнне ліквідаваць завал сіламі работнікаў паравознага і вагоннага дэпо, аб’явіўшы гэты дзень «нядзельнікам». Атрымлівалася так, што як быццам ніхто не пазбаўляў гэтых людзей выхаднога дня. Маўляў, яны добраахвотна ахвяравалі яго, нядзельнік. А таму яны вывелі за зону да адзінага чалавека і пад узброеным канвоем пагналі за сем кіламетраў — да аварыйнага ўчастка.
Пасля бурнай, страшнай ночы ўстанавілася ціхае, цёплае надвор’е, што проста душа радавалася. Прырода баяла і гаманіла. Яна запрашала ў свае абдымкі кожную жывую істоту. Асабліва красавалася на сонцы і запрашала да сябе марошка — гэты цуд паўночнага хараства. Ідзеш строем, любуешся, а сарваць няможна: забаронена выходзіць са строю. Аўтамат у канваіра заўсёды быў напагатове. Усю дарогу, а яна заняла больш за гадзіну, ніхто не рызыкаваў паддацца такой спакусе. А калі прыйшлі на месца, канваір папярэдзіў, што кожнае адхіленне ад правіла прынясе «парушальніку» суровае пакаранне. Кожны разумеў, што «дзядзькі» шуткаваць не любяць.
Больш за паўсотні чалавек моўчкі працавалі да сёмага
поту. Бо падганялаў назбіралася хоць адбаўляй. Акрамя назначанага на гэты дзень брыгадзіра былі дзесятнікі, прарабы, чыгуначныя майстры, тэхнікі. Карацей кажучы, нахлебнікаў хапала.
Час ішоў непрыкметна. I вось, калі дабраліся да паловы гэтага завалу, прывезлі баланду і быў аб’яўлены перапынак.
Як і працавалі, елі моўчкі «смачную» сечку. Амаль кожны пажадаў бы дабаўкі, ды яе не было. А на свежым паветры апетыт быў куды большы, чым у памяшканні. Калі ж пакончылі з абедам, пачалі шуткаваць, расказваць анекдоты. А «бытавічкі» спрабавалі згуляць у карты (у «ачко»), але ім не дазваляў аднадзённы брыгадзір.
А вакол буяла прырода сваімі багаодямі і фарбамі. Побач чырванелася марошка, але яна аказалася забароненым плодам — канвой не дазваляў яе рваць. Канваір стаяў, як свечка, і сачыў за рухам кожнага чалавека.
I вось адзін з зэкаў усё ж такі рызыкнуў падпаўзці з паўметра і, лежачы, адшчыпнуць пару ягадак. Але не паспеў данесці іх да рота, як пачуўся глухі стрэл (у тундры стрэлы паходзяць на шчаўчкі), і ў хлопца цераз рот пацякла кроў... Міхась спачатку падумаў, што гэта яго вырвала, стала млосна ад ягад. Бо ён знаходзіўся ад Міхася не больш як за метр. А той узмахнуў рукамі і заціх...
— Забойца! Што ты нарабіў? — пачуўся голас тых, што ляжалі побач з ахвярай.
Усе зразумелі, што адбылося відавочнае забойства. Спачатку забойца і сам быў напалохаўся свайго ўчынку, a потым апамятаўся і закрычаў:
— Лажыся! Усе лажыся! Страляць буду!
Усе павольна, як нехаця, падпарадкаваліся — ляглі.
Праз лічаныя хвіліны на месца здарэння прыляцелі тры энкавэдысты: оперупаўнаважаны, следчы і эксперт. Яны паварушылі, паварочалі ахвяру, памерылі рулеткай адлегласць ад ляжанкі зняволеных да марошкі, напісалі заключэнне і загадалі брыгадзе ляжаць тварам да зямлі, пакуль не будзе новага распараджэння.
Праз нейкі час вярнуўся ўжо адзін оперупаўнаважаны разам з двума новымі канваірамі, таму што канваіра-забойцу яны знялі з гэтага паста і, відаць, паставілі ў іншае месца, каб не адбылося тут яшчэ якога непаразумення. Па настроі людзей відаць было, што яны абураны ўчынкам канваіра. А таму оперупаўнаважаны заявіў:
— He хвалюйцеся дарэмна, усё зроблена па закону. Ваш сябар Мікалай Цароў хацеў уцякаць. А цяпер, калі вы яго
паважаеце, выкапайце яму магілу, бо вам яшчэ трэба будзе працаваць — разбіраць завал.
Калі ўсе пераканаліся, што Мікола Цароў сапраўды мёртвы, яны на самым пагорку, амаль на тым жа самым месцы, дзе яго сустрэла смерць, падрыхтавалі ямку і закапалі ў ёй свайго сябра. А перад тым як закапаць, нехта сарваў галінку марошкі і паклаў яму ў рукі.
— Яна завяла яго ў магілу. 3 ёю няхай ён будзе і там. Нябожчык вельмі любіў гэтую ягаду,— сказаў адзін са зняволеных.
Як хавалі, ніхто не заплакаў, усе трымаліся мужна. А пасля ўжо, як напружанасць прайшла, многія ціха і моўчкі выціралі слёзы, праклінаючы ў душы забойцу.
Калі ж была пададзена каманда зноў пачаць работу, ніхто не падняўся з месца. Усе моўчкі ляжалі на зямлі. Спачатку іх угаворвалі, потым загадвалі, пагражалі, але нічога не памагло: да самага вечара ніхто не падняўся з месца. Пэўна, і сам Сталін ці Берыя не паднялі б іх. Гэта была як жалоба па Міколу Царову, якому заставалася быць за калючым дротам усяго толькі некалькі дзён з тых васьмі гадоў, якімі яго «ўзнагародзілі» ў 1937 годзе за «дыверсію і шпіянаж» на карысць Японіі.
У тую ноч Міхась не спаў, як і шмат хто з яго сяброў. У кожнага стаяў перад вачыма самасуд — несправакаванае і адкрытае забойства чалавека. Тым больш што незадоўга перад гэтым Міхасю давялося бачыць і другую ахвяру, якую напаткала недарэчная трагічная смерць.
Зусім яшчэ маладзенькі хлопец, так прыкладна гадоў 20, загінуў пад вагонам, які ён рамантаваў у начную змену побач з дэпо. Ён, відаць, паміраў цяжкай, пакутлівай смерцю па віне і зменнага майстра, і інжынера па тэхніцы бяспекі. Вагонная рама, якую ён для зручнасці падымаў на дамкраце, сарвалася з гэтага няхітрага прыстасавання і ўпала яму прама на жывот. Колькі ён так пакутаваў, колькі заставаўся яшчэ жывы, ніхто не ведае. Яго знайшлі пад цяжарам гэтай вагоннай рамы толькі раніцай. Ніякага медыцынскага агляду, ніякай экспертызы ніхто не рабіў. Паднялі раму, выцягнулі мёртвае цела, адвезлі некуды і на гэтым паставілі кропку. Нават вымовы нікому не далі за такую бяспечнасць і абыякавасць да чалавека.
А хлопцу гэтаму таксама да канца тэрміну заставалася некалькі месяцаў. Яго судзілі за нейкую дробязь і далі тры гады. Гэта было ў час вайны. Яму тады толькі-толькі споўнілася 18 гадоў. I вось два гады і тры месяцы адбыў. Ён расказваў, што на бацьку маці атрымала пахаванку і ён
заставаўся за гаспадара. I каб выратаваць сям’ю ад голаду, нешта недзе ўзяў, і яго судзілі, пасля чаго прывезлі ў Нарыльск. Да лагера ён працаваў слесарам у нейкім вагонным дэпо Уральскай чыгункі. Звалі яго Якавам Зайцавым.
Смерць Яшы Зайцава і Міколы Царова змяшаліся ў адно непадзельнае цэлае і ляглі на сэрца Міхася цяжкім каменем у апошнія дні яго зняволення.
СВАБОДА ПА-СТАЛІНСКУ
Вось і надышоў дзень, якога Міхась так чакаў цэлых восем гадоў. Чакаў і не верыў, што дачакаецца. I вось ён, нарэшце, развітаецца з зонай, абнесенай калючым дротам, з узброенай аховай і яе агідным беззаконнем і гвалтам. Цяпер ён будзе вольным чалавекам і грамадзянінам сваёй Айчыны. Як гэта хораша! Як заманліва! Што можа быць вышэй і даражэй за свабоду чалавека? На такое пытанне ніхто не можа адказаць. Свабода — гэта свята, з якім нельга нічога параўнаць на Зямлі.
Раніцай 11 жніўня 1945 года ў барак, у якім жыў Міхась, зайшоў намеснік начальніка калоны па працы і спытаў:
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч ёсць?
— Ёсць,— адказаў Міхась.
— На работу не выходзь.
— Чаму? — як быццам нічога не ведаючы, спытаў Міхась.
— Пойдзеш на свабоду,— адказаў той.
— Во пашэнціла чалавеку! — не стрымаўся нехта.
— I табе вось так жа пашэнціць, як прыйдзе твой час,— абарваў хтосьці зайздросніка.
Сябры Міхася па чарзе пачалі віншаваць яго з вызваленнем і прасілі не забываць іх, гаротнікаў.
— Што вы, хлопцы, я заўсёды з вамі. Усё роўна з Нарыльска нікога нікуды не выпускаюць,— адказаў сябрам Міхась.— Я да вас яшчэ прыйду. Як кажуць, расстаёмся ненадоўга.
I ён не памыліўся. Калі Міхася прывялі ў аддзел кадраў (а вялі яшчэ пад канвоем), там сустрэлі яго па-іншаму, чым у зоне.
— Асцёрскі Міхаіл Раманавіч? — для парадку спыталі ў яго.
— Так, я Асцёрскі Міхаіл Раманавіч.
— У сувязі з заканчэннем тэрміну зняволення вы вызва-
ляецеся з Нарыльска, але з замацаваннем за Нарыльскім горна-металургічным камбінатам.
— Я вас не разумею,— сказаў Міхась,— вызваляюся і раптам з замацаваннем за камбінатам.
— А што тут разумець? — гаварылі яму.— Вы замацоўваецеся за камбінатам. Будзеце на свабодзе, але ў распараджэнні Нарыльскага горна-металургічнага камбіната.
— А што гэта значыць?
— А тое, што будзеце працаваць там, куды пашле вас кіраўніцтва Нарыльскага камбіната. Вось у гэтым выпадку вы павінны працаваць там, адкуль вас вызваляюць,— у вагонным дэпо.
— Паслухайце, у мяне ёсць спецыяльнасць настаўніка, якую я набываў у інстытуце.
— Мы гэтага і слухаць не жадаем. Пойдзеце ў вагоннае дэпо і будзеце працаваць токарам. Токары нам болып патрэбны, чым настаўнікі.
— Я буду скардзіцца! — заявіў Міхась.
— Каму? — спыталі ў яго.
— Ураду нашай дзяржавы.
— А гэта ж і ёсць урадавае ўказанне. Вось падпішыце ўмову на тры гады.
— Ніякай умовы падпісваць не буду! — рашуча заявіў Міхась.
— He падпішаце — самі падпішам.
— Выходзіць, што гэта не вызваленне, а падман?
— Як хочаце, так і разумейце. Давайце ваш палец і ідзіце на ўсе чатыры бакі, толькі ў межах камбіната.
— А куды ж ісці начаваць? — спытаў Міхась.
— Гэта ўжо ваша справа. Жыллём мы не распараджаемся. Шукайце самі.
3 гэтым і пайшоў Міхась на так званую «свабоду». Ён сказаў сабе: «Ёсць катлеты па-гамбургску, разводы паітальянску, а гэта мая свабода — па-сталінску». I ён сур’ёзна задумаўся, дзе ж зрабіць прычал для начоўкі...
Слабодка — Нарыльск — Мінск
1958—1988
ЗМЕСТ
Яжоўскія рукавіцы 5
Паўночнае пекла 93
Літаратурна-мастацкае выданне
Пруднікаў Павел Іванавіч
За калючым дротам
Аповесці
Рэдактар Л. К. Лявонаў. Мастак A. М. Малышава. Мастацкі рэдактар A. I. Дрозд. Тэхнічны рэдактар М. Ц. Папкова. Карэктар A. Т. Глушчанка.
ІБ № 3987
Здадзена ў набор 09.06.92. Падп. да друку 25.01.93. Фармат 84ХЮ8'/з2« Папера друк. № 1. Гарнітура тып Таймс. Афсетны друк. Ум. друк. арк. 14,28. Ум. фарб.-адб. 14,28. Ул.-выд. арк. 16,26. Тыраж 4850 экз. Зак. 2158. Цана 50 р.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ліцэнзія ЛВ № 3. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.
Мінскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінат МВПА імя Я. Коласа. 220005, Мінск, Чырвоная, 23.
50р.