За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
Адпакутаваўшы месяц, Міхась прыйшоў да вываду, што ён не выжыве — загіне. Чатыры гады зняволення далі аб сабе знаць. I ён вырашыў накласці на сябе рукі — пакон-
чыць жыццё самагубствам. Ён падумаў: «Рана ці позна, а ўсё роўна зрабіць гэта давядзецца. Усё роўна я не вынесу больш і таго, што да гэтага мог выносіць. Такія пакуты не па маім сённяшнім здароўі...» Рашэнне было прынята. Заставалася толькі прыдумаць, дзе і як гэта зрабіць. «Каб пусцілі на завод, падышоў бы да каўша з расплаўленым металам і нырнуў бы туды галавой. Адна мінута страху — і ўсё ў парадку. Ды туды ж ніяк не пройдзеш. Адна надзея — пятля. Сёння-заўтра зраблю гэта!» — сказаў ён самому сабе.
I ён бы зрабіў, каб не адна акалічнасць...
ВЫРАТАВАННЕ
Назаўтра, у час разводу, нейкі незнаёмы чалавек, стоячы ля вахты, гучна спытаў:
— Слесары і токары-чыгуначнікі сярод вас ёсць?
— Я,— доўга не думаючы, сказаў Міхась.
Пачулася і яшчэ некалькі галасоў.
— На работу не выходзьце, пойдзем у дэпо.
Калі ўсіх рабацяг павялі на абрыдлы аб’ект, Міхасю разам з чатырма такімі ж самымі смельчакамі загадалі збірацца з рэчамі. Але спачатку павялі іх на «собеседованне» да спецыялістаў. Гутарыць давялося з двума начальнікамі дэпо — паравознага і вагоннага. У кабінет запрашалі па адным. Першым трапіў Міхась.
— Вы да лагера дзе і па якой спецыяльнасці працавалі? — спытаў у Міхася адзін з начальнікаў.
— Спачатку на ленінградскім заводзе «Электрапрыбор» у якасці слесара, а потым па той жа спецыяльнасці ў вагонным дэпо станцыі Ленінград — Таварная Кастрычніцкай чыгункі, недалёка ад Маскоўскага вакзала. Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.
— А ў паравозным дэпо вы часам не працавалі? — спытаў другі начальнік.— Паравозы рамантаваць не даводзілася?
— He, з паравозамі справы не меў,— шчыра прызнаўся Міхась. Ён добра ведаў, што паравоз — складаная машына, гэта не вагон. А таму можна лёгка заблытацца і пагарэць.
— Іваноў, гэта па тваёй спецыяльнасці — вагоннік,— сказаў свайму напарніку паравозны начальнік-экзаменатар.
— Якія работы выконвалі ў вагонным дэпо? — ужо звяртаўся з пытаннем да Міхася вагонны начальнік. Міхась зразумеў, што гэта і ёсць прадстаўнік ад вагоннага дэпо, і ён тут жа паўтарыў свой папярэдні адказ:
— Рамантаваў тармазы, буксы, падшыпнікі.
— А з рэсорамі даводзілася мець справу?
— А як жа, рамантаваў і іх.
— Добра, пойдзеце ў вагоннае дэпо,— сказаў вагонны начальнік.— Пачакайце трохі ў калідоры, пакуль мы з іншымі пагутарым, і потым разам пойдзем у дэпо, на месца будучай работы,— тлумачыў «вагоннік».
«Няўжо прайшоў нумар? — думаў Міхась.— Я ж у гэтых вагонах разбіраюся столькі, колькі баран у Бібліі ці свіння ў апельсінах. Ды што тут зробіш, трэба неяк жыць. Ніколі ў жыцці сваім не хлусіў, а вось цяпер давялося саграшыць перад сумленнем».
А ў лагеры было так. Што ты скажаш, таму і павераць, калі гэта датычыць тваёй прафесіі. У першыя гады свайго паднявольнага жыцця Міхась не разумеў гэтай механікі. А таму, калі часам звярталіся наконт прафесіі, ён называў сябе настаўнікам. А каму ў лагеры патрэбная такая прафесія? За ўсе чатыры гады ён папрацаваў па ёй усяго толькі каля двух тыдняў. Ён зразумеў — само жыццё падказала,— што ў лагерных умовах трэба набываць рабочую прафесію. Ён спрабаваў набыць прафесію шафёра, ды правакатар перашкодзіў: напісаў данос, што ён хоча ўцякаць з лагера. Што-што, а правакатары ўсюды ёсць — і на волі, і ў турме, і ў лагеры. Яму гаварыў яшчэ Уладзіміраў: «Забудзь ты на сваё настаўніцтва, яно тут нікому не патрэбна». Амаль тое ж самае паўтарыў пасля ўжо ў Дудзінцы і Андрэй Александровіч. Ён папярэджваў Міхася: «Міхаська, глядзі не паўтары маёй памылкі — не называй інтэлігентныя прафесіі, з імі тут не лічацца. Старайся авалодаць якойнебудзь рабочай прафесіяй».
Міхась улічыў парады сяброў і пры першым жа выпадку скарыстаў іх.
Калі майстар вагоннага дэпо спытаў у Міхася, што ён можа рабіць, той адказаў яму хітра:
— Што пакажаце, тое і буду рабіць.
— А гайкі і балты можаш наразаць?
— Спрабаваў, пастараюся і тут.
— А калі пакажу, як буксы рамантаваць?
— Пастараюся.
Майстар засмяяўся і сказаў: «Добра».
СЛЕСАР ВАГОННАГА ДЭПО
Майстрам механічных майстэрняў вагоннага дэпо быў вольнанаёмны, паважаны ўсімі чалавек сталага ўзросту — гадоў пад пяцьдзесят — Гарулёў Сцяпан Рыгоравіч. Акрамя яго вольнанаёмнымі ў дэпо працавалі яшчэ тры чалавекі: начальнік дэпо і два цесляры-сталяры — Ступнікаў Іван Міхайлавіч і Дулесаў Мітрафан Пятровіч. I пятым паміж імі хадзіў па дэпо і яго майстэрнях стралок-ахоўнік. Астатнія — чалавек сорак,— у тым ліку і галоўны інжынер Ларын Сямён Пятровіч, былі зняволеныя. Але жылі яны і працавалі ў такіх узаемаадносінах, што цяжка было зразумець, хто з іх зэк, а хто вольны.
Першы дзень Міхась наразаў гайкі. Майстар паказаў яму, як гэта робіцца (на яго вачах нарэзаў сам тры гайкі), потым прапанаваў тое ж самае паўтарыць і Міхасю, і ён, на здзіўленне майстра і самога сябе, зрабіў гэта не горш за майстра. Гарулёў пахваліў Міхася і пажадаў поспехаў у асваенні новай прафесіі. Да канца змены Міхась нарэзаў цэлую кучу такіх гаек, адразу выканаўшы норму рабочага дня. Пасля заканчэння змены яго разам з усімі работнікамі павялі ў палатку, у якой жылі выключна чыгуначнікі, у асноўным — паравознікі і вагоннікі. Але перш чым пасяліць яго туды, завялі ў санпрапускнік, дзе памылі самога і прасмажылі адзенне, пры гэтым бялізну замянілі на новую. Таксама памянялі бушлат і ватныя штаны, хоць і на старыя, але ж не парваныя. Пасля ён асмеліўся папрасіць замяніць і валёнкі. Яму і тут пайшлі насустрач: замест старых, запэцканых і стаптаных валёнак далі падношаныя, але цэлыя, падшытыя лямцам. I толькі пасля ўсяго гэтага павялі ў палатку і адвялі месца на нарах, дзе ўжо ляжалі матрац, набіты саломай, і такая ж падушка. Далі таксама нешта падобнае і на коўдру. Hi прасцінаў, ні навалачак у той час і ў гэтай палатцы яшчэ не было. Яны з’явіліся там значна пазней. Міхась і такому камфорту быў вельмі рады.
Назаўтра майстар прапанаваў яму ўжо наразаць балты. I таксама спярша на яго вачах сам нарэзаў некалькі штук — паказаў на прыкладзе, як гэта робіцца. Работа таксама здалася Міхасю памяркоўнай. Да канца змены, як і напярэдадні з гайкамі, ён напаласаваў іх цэлую кучу.
— Маладзец, Асцёрскі! Бачу, што цябе недарэмна сюды ўзялі, апраўдаеш давер начальніка дэпо,— сказаў майстар.
I нарэшце, на трэці дзень, майстар прапанаваў Міхасю яшчэ адну новую работку.
— Ну, Асцёрскі, а цяпер паспрабуеш выконваць больш
складаную і адказную работу,— будзеш рамантаваць буксы. Дарэчы, ты іх бачыў хоць калі-небудзь ці не?
— Адзін раз — гадоў шэсць таму назад,— шчыра прызнаўся Міхась.
— А дзе ж гэта табе пашчасціла ўбачыць?
I Міхась коратка расказаў пра выпадак з буксай.
— А было так,— пачаў ён,— ехаў я з канікул ад бацькоў — перад пачаткам заняткаў у інстытуце (я тады яшчэ быў студэнтам педінстытута ў Ленінградзе). Гэта было ў жніўні, здаецца, 1935 года. Падышоў да акна і пачаў любавацца прыродай. Нечакана ўбачыў, як з-пад вагона раптам паваліў дым. Побач са мной стаялі яшчэ два чалавекі — мужчына і жанчына. Вось я і пытаюся ў іх: «Адкуль гэта дым прэ?» — «Гэта, пэўна, букса загарэлася»,— сказаў мужчына. «А гэта небяспечна?» — пытаюся.— «Можа быць аварыя»,— адказаў той. «Дык што ж будзем рабіць?» — «Трэба затармазіць, націснуць на стоп-кран»,— сказаў, a сам баіцца, як бы чаго не выйшла. Тады я, доўга не думаючы, сарваў пломбу і са ўсёй сілай націснуў на гэты стоп-кран. He прайшло і пары мінут, як цягнік зарыпеў сваімі тармазамі і спыніўся. I тут адразу ж да вагона прыбегла ўся цягніковая брыгада. «Хто спыніў цягнік? — было першае пытанне. «Я»,— адказваю смела. «Што прымусіла вас зрабіць гэта?» — «Пажар»,— сказаў я. «Дзе?» — «Нейкая букса гарыць»,— гавару я наіўна.
Калі гэтыя спецыялісты-вагоннікі паглядзелі на буксу, то проста ахнулі. Яны як толькі маглі пастараліся патушыць ахопленую полымем буксу, але цягнік пакуль што далей не пайшоў. Адразу ж было паведамлена ў дэпо, у Ленінград. I пакуль адтуль не прывезлі новую колавую пару, а таксама буксу, цягнік стаяў нерухома. На гэта пайшло 12 гадзін. А цягнік жа гэты, як на грэх, быў хуткі — Адэса — Ленінград. Людзі хваляваліся, кожны кудысьці спяшаўся, а тут на табе — вымушаная стаянка. Шчыра кажучы, я і сам ужо пасля праклінаў сябе, што зрабіў гэта. Бо да Ленінграда заставалася кіламетраў сорак, гэта недалёка ад станцыі Вырыца, дзе мы тады «загаралі». Ад чыгуначнай службы я атрымаў тады вусную падзяку, а ад дырэкцыі інстытута — пісьмовую вымову за спазненне на заняткі. Можа б, там, у інстытуце, і не даведаліся аб маім спазненні, дык падвёў мяне ліцерны (бясплатны) праязны чыгуначны білет, які я па прыездзе павінен быў паказаць у канцылярыю інстытута. Вось так я тады ўпершыню ў сваім жыцці і пазнаёміўся з буксай.
— Расказ цікавы,— сказаў майстар.— Малайчына! Ты
тады выратаваў цягнік ад магчымай аварыі. Ведаеш, што магло б здарыцца? Мог бы загарэцца сам вагон, магла пераплавіцца і пераламацца сама шыйка восі, на якой круціцца кола, і тады — непазбежная аварыя ўсяго цягніка. А гэта значыць, незлічоныя чалавечыя ахвяры. Так што ты дарэмна шкадаваў страчаны час. Ды і вымова, якую ты тады атрымаў ад дырэкцыі інстытута,— нішто супраць таго, што магло б здарыцца, калі б ты не адважыўся на такі рызыковы, але пачэсны ўчынак. А цяпер давай зоймемся рамонтам самой буксы.
Майстар па-бацькоўску паказваў і тлумачыў Міхасю, што і як рабіць. Тут Міхасю было ўжо значна цяжэй. Трэба было ведаць, дзе і як трэба накласці металічны лапік на пакалечанае месца буксы. Трэба добра валодаць і пілой, і напілкам, і рашпілем, і нажоўкай, і зубілам, і малатком. Справа новая, да ўсяго трэба прывыкаць і прыстасоўвацца. Калі ўжо адвячоркам падышоў да яго майстар і паглядзеў на вынікі яго працы, то не вытрымаў і сказаў:
— Працаваць ты будзеш, але пакуль што ў цябе яшчэ не ўсё клеіцца. Ды гэта дробязь. Спадзяюся, што і гэту справу ты адужаеш.
А калі дні праз тры начальнік спытаў у майстра, як працуе яго «навічок», той адказаў:
— Прысылайце паболей такіх слесараў. Хлопец што трэба — і кемлівы, і працавіты.
— Ну што ж. Пайду табе насустрач: сёння ж прышлю табе яшчэ аднаго слесара, толькі ўжо не беларуса, а ненца, тутэйшага.