• Газеты, часопісы і г.д.
  • За калючым дротам  Павел Пруднікаў

    За калючым дротам

    Павел Пруднікаў

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 272с.
    Мінск 1993
    54.23 МБ
    — Ведаеш што, Міхась Раманавіч, аб’яўлены набор на трохмесячныя курсы тапографаў. Зарплата па месцы работы захоўваецца, хоць курсы гэтыя і будуць з адрывам ад вытворчасці. Ці раіш ты мне падацца туды?
    — Справа, браце, твая, але я асабіста раю. Заўсёды будзеш з прыродай сам-насам. Кожны дзень новыя ўражанні. Ды і зарплата там, пэўна, вышэйшая, чым тут, у дэпо.
    Хутка пасля гэтага Мікола стаў курсантам. А ў Міхася былі свае часовыя перамены ў яго пакутніцкім жыцці.
    ЗНОЎ КУЗНЯ
    Зімовай раніцай 1944 года да Міхася падышоў майстар. Ён, нічога не кажучы, стаіць і глядзіць, як той варочае калёсныя пары.
    — Рыгор Сцяпанавіч, вы штосьці сказаць мне хочаце, ды не адважыцеся.
    — Так, ты кажаш праўду, як заўсёды,— сказаў майстар.— Хачу прапанаваць табе нешта, ды баюся, што не спадабаецца.
    — Гаварыце, я да ўсяго гатовы, вы ж мяне ведаеце,— гаварыў Міхась.
    — Ведаеш, Міхаська, тут такая справа. Сёння ноччу пасадзілі другога нашага малатабойца, дык я хацеў бы табе зноў прапанаваць папрацаваць нейкі час з кавалём Восіпавым, пакуль падшукаем новага,— тлумачыў майстар.— Табе справа гэта знаёма, ды і водгукі неблагія аб ранейшай тваёй працы ў кузні. Як ты на гэта глядзіш?
    — Як бы я і глядзеў, а свайго рашэння вы не памяняеце,— адказаў Міхась.— Вы ж, пэўна, ужо ўзгаднілі гэту прапанову з самім начальнікам дэпо. А можа, нават і ідэя гэта яго?
    — Калі сказаць шчыра, яго,— прызнаўся майстар.
    — Як бачыце, адмовіцца я не маю права. Скажыце, калі я павінен ісці туды?
    — Зараз, бо кузні нельга рабіць перапынку.
    — А каму станок перадаць?
    — Пакуль нікому. Пазней будзем глядзець.
    Так Міхась зноў з токара ператварыўся ў малатабойца. Толькі ўжо цяпер ён працаваў на пару не з Макаравым, а з Восіпавым, пры гэтым не з «палітычным», а з «бытавіком».
    Іван Восіпаў таксама быў ленінградцам і таксама ўраджэнцам Старарускага раёна. Ён разам са сваім братам Хведарам трапілі туды за нейкае супольнае злачынства. Так яны разам і крочылі па этапах, пакуль не трапілі ў Нарыльск. Іван працаваў кавалём, а Хведар — слесарам-вагоннікам. Калі ўжо надакучала і яму лазіць пад вагонамі, ён таксама перабраўся ў кузню.
    На двух горнах у адным памяшканні дзве пары працавалі адначасова. 3 Макаравым працаваў яго сталы малатабоец Юмас Юзаф, якога ўсе звалі па-руску Іосіфам. Гэта негаваркі, высокі, моцна складзены латыш, які адбываў пакаранне без тэрміну і артыкула. Калі ў яго пыталіся, за што ён трапіў у гэтыя мясціны і на які тэрмін, ён заўсёды адказваў з гумарам:
    — За непавагу да сваіх бацькоў на бестэрміновы тэрмін. Калі мне захочацца, тады я і паеду да жонкі, якая, пэўна, рада, што пазбавілася ад мяне.
    Сам ён селянін. У час праўлення Ульманіса батрачыў у заможнага селяніна аж да прыходу туды часцей Савецкай Арміі. Гаспадар яго ўцёк за мяжу, а яго павязлі далей ад Латвіі, бо ён добра ведаў шмат каго з тых, хто служыў Ульманісу верай і праўдай. Ён быў рамізнікам у гаспадара.
    Міхась хутка з ім пазнаёміўся, а пасля і пасябраваў. Гэта быў выключна сумленны чалавек і добры сябар.
    Нялёгка было пераключыцца з адной работы на другую, асабліва на такую, як малатабоец. Паспрабуй прывыкнуць па 12 гадзін узапар махаць вялізным молатам! Гэта не з венікам хадзіць па цэху (а была і такая пасада) і нават і не ля станка стаяць і вадзіць графчыкам па шыйцы восі колавай пары. Тут патрэбна была сіла і трываласць.
    Міхасю было ўжо не прывыкаць. Ён, сцяўшы зубы, стараўся, як мог, баючыся, каб не было горшага. А ў лагеры гэта рабілася вельмі проста. Цябе маглі ператварыць нават у нішто. I паскардзіцца не было каму. Ніхто цябе не пачуе і ніхто табе не дапаможа. Бо ніхто там не лічыў цябе за чалавека. Там ты — проста рабочае цягло, і толькі.
    Пачалося зноў знаёмае ддя Міхася жыццё. Цэлы дзень ці ноч ён махаў сваім кавальскім молатам у такт невялікаму малатку каваля. А ў абедзенны перапынак і ў рэдкія часы перакураў ён зноў наведваў кладоўку, дзе слухаў цікавыя расказы яе гаспадара — кладаўшчыка Замяткіна. Разам з ім туды хадзіў і Юмас. А было гэта ўсё побач з кузняй. Там ён пазнаёміўся яшчэ з адным цікавым чалавекам — былым нашым контрразведчыкам даваеннага часу. Той яшчэ цікавей за Замяткіна расказваў асобныя эпізоды са свайго баявога, як сам гаварыў, жыцця. Гэта быў ужо немалады чалавек — гадоў пад пяцьдзесят. Па нацыянальнасці паляк. Але нарадзіўся і жыў на Украіне. Польшчу наведваў толькі па заданнях як легальна, так і нелегальна. Камуніст, удзельнік грамадзянскай вайны. У апошнія гады, да самага арышту афіцыйна лічыўся агентам нарыхтоўчай канторы, a фактычна працаваў контрразведчыкам у пагранічных раёнах Польшчы і Румыніі, якія ў той час былі буржуазнымі. Меў сям’ю, але вельмі рэдка з ёю бачыўся. Пасля таго як ён расказаў пра сябе, ахрысцілі яго «шпіёнам». Так пасля і клікалі, забываючыся на сапраўднае яго імя і прозвішча. А быў гэты «шпіён» не хто іншы, як Казімір Жаброўскі.
    — Скажы, Жаброўскі, цяжкая гэта справа быць шпіёнам ці не? — спытаў у яго Міхась.
    — He шпіёнам, a контрразведчыкам,— паправіў той свайго субяседніка.
    — Як бы там ні называў, а занятак гэты шпіёнскі,— настойваў на сваім Міхась.
    — He, не ўсё роўна,— не згаджаўся Жаброўскі.
    — Для сапраўднага патрыёта высакародны, а для іншых... Самі разумееце.
    — I колькі ж табе ўляпілі за тваю высакароднасць?
    — Усяго толькі пятнаццаць і пяць паражэння ў правах.
    — У чым жа цябе абвінавачвалі? — спытаў урэшце Юмас, які дасюль маўчаў.
    — У тым, што быццам бы я працаваў на два бакі — на савецкі і на польска-румынскі. Гэта значыць, што я, камуніст з 1918 года, мог памяняць СССР на нейкія там Полыпчы, Румыніі.
    — У нас за нішто не судзяць,— падкалоў Макараў.
    — У вас, можа, і не, а ў нас судзяць,— адказаў «шпіён».— Значыць, і над табой прысуд правільны, а яшчэ часам крыўдуеш.
    — Ну, хопіць разводзіць дарэмныя спрэчкі,— прапанаваў Макараў.— Давай, Казімір Зыгмундавіч, лепш раскажы што-небудзь са свайго баявога жыцця.
    — Эх, сябры, расказваць ёсць пра што, але не ведаю з чаго пачаць.
    — Ну, вось раскажы хоць пра тое, як ты трапляў у тую ж самую Румынію. Пэўна ж, не так проста было?
    — Перабірацца — і не раз — даводзілася ноччу цераз Днестр. Папярэдне развітваешся з сям’ёй, сябрамі і начальствам, якое цябе пасылае, а ўжо сярод ночы непрыкметна сядзеш у падрыхтаваную лодку — і шась на другі бераг. Там цябе хтосьці ўжо чакае. Потым той жа чалавек адвядзе цябе ў прызначанае месца, пасля чаго ты ўжо дзейнічаеш самастойна, але не без інструкцый, канечне.
    — Ты даруй мне, што перапыняю, але скажы, як ты ў такі час адчуваў там сябе? — не стрымаўся Асцёрскі.— Ці боязна было аднаму?
    — Наіўнае пытанне,— спакойна гаварыў «шпіён».— Уяві сабе, што ты ідзеш па канаце над безданню, у якой ледзь чарнеюцца вострыя скалы. Адна маленькая памылка, неасцярожнасць, і твая песенька спета. Вось і там таксама. Памыляцца контрразведчыку, як і мінёру, няможна. Добра ведаючы ўсё гэта, я рэдка калі распранаўся і разуваўся, начуючы ў гасцініцы ці прыватным доме. I пісталет заўсёды трымаеш пад галавой, а часам і лімонку — гранату.
    — А скажы, Казімір Зыгмундавіч, былі такія выпадкі, калі вы сустракаліся з разведчыкамі з другога боку? — спытаў зноў Макараў.
    — А як жа, былі, і неаднойчы. Толькі ні яны, ні я не адкрываліся. Яны сачылі за намі, а мы за імі. Яны палявалі на нас, а мы на іх. Быў выпадак, калі нам давялося ўступіць у паядынак. Добра, што гэта адбывалася на нашай тэрыторыі, у Адэсе. Я заўважыў, што гэтага чалавека неаднойчы бачыў у Кішынёве і ў Ясах, а цяпер ён ходзіць па Адэсе. Я паведаміў пра гэта сваім сябрам па службе, і мы яго накрылі ў рэстаране. Дужы быў, халера, ледзь справіліся ўтрох.
    — Так, занятак твой быў не з лёгкіх,— сказаў Юмас.
    — Дык затое ж і заплацілі няблага,— падкалоў Замяткін.
    — Па рабоце і цана,— дадаў Макараў.
    — Раскажы яшчэ пра што-небудзь,— прасіў хто-небудзь з кампаніі.
    — У другі раз як-небудзь...— не згаджаўся «шпіён».— А зараз трэба ісці прыбіраць цэх, пакуль людзі абедаюць.— Ён працаваў прыбіральшчыкам у дэпо і баяўся страціць такую «добрую пасаду». Бо да гэтага ён дзёўбаў мёрзлую зямлю пад падмурак гарадскога драмтэатра.
    Так што работа ў дэпо пасля такой катаргі — рай. Таму ён і трымаўся за яе. Некалькі разоў яму даводзілася падмяняць і малатабойца, калі па якой-небудзь прычыне той не выходзіў на работу. Больш за ўсё па хваробе. А такія вось гутаркі паміж зняволенымі неяк аблягчалі жыццё незаслужана пакрыўджаных людзей. Слухаючы падобныя расказы, яны забываліся на сваё рабскае становішча, у якім чалавеку не дазволена кіраваць сабою. Асабліва калі гэтыя расказы былі з гумарам. Збяруцца паднявольныя, паменцяць языкамі, і лягчэй робіцца на душы. Здавалася, што гэта не ў лагеры, а недзе на калгасным полі ці ў заводскім цэху. Усе гавораць, і ты гаворыш, усе смяюцца, і ты смяешся. Усе часам патрошкі выхваляюцца, і ты выхваляешся, як паляўнічыя ці рыбакі на ўлонні маткіпрыроды.
    ВЯТРАННЕ Ў ЦЭХ
    Каля трох месяцаў — да цёплых майскіх дзён — Міхась махаў цяжкім кавальскім молатам. Ён і яшчэ працягваў бы там ішачыць, каб не адно здарэнне. На дарозе адбылася
    аварыя з-за сапсаванай колавай пары: перагарэла і абламалася шыйка восі на адным з вагонаў таварняка. Добра, што састаў быў невялікі і амаль паражняк. Праўда, некаторыя з вагонаў папсаваліся, але вялікіх страт чыгунка не панесла, ды і чалавечых ахвяр не было. Але ж факт застаецца фактам: аварыя адбылася з-за не апрацаванай як след шыйкі адной з колавых пар.
    У начальніка дэпо кіраўніцтва чыгункі-вузкакалейкі спытала, хто з токараў-шыечнікаў апрацоўваў тую колавую пару. Той адказаў:
    — Храмаў Васіль.
    — А чаму не Асцёрскі? — пыталіся ў начальніка дэпо высокія чыны.
    — Па ўважлівай прычыне не быў на рабоце,— схлусіў той.
    — За нядбайныя адносіны да даручанай справы атрымаеш вымову,— запэўніў, начальнік дарогі.
    А начальнік вагоннага дэпо, у сваю чаргу, аб’явіў вымову майстру і загадаў вярнуць у цэх, да станка, Асцёрскага. I Міхась зноў пачаў выконваць складаныя аперацыі на прымітыўным такарна-шыечным станку. Ён па-ранейшаму праводзіў павучальныя, карысныя гутаркі са сваім малодшым сябрам Міколкам, які без адрыву ад вытворчасці ў вячэрні час вучыўся на курсах тапографаў. Калі той сутыкаўся з цяжкасцямі ў сваёй вучобе ці працы, Міхась заўсёды памагаў яму. Ды і не толькі гэтым, Міхась памагаў свайму маладому сябру ва ўсіх жыццёвых пытаннях. Ён палюбіў яго так, як толькі можа любіць бацька свайго роднага сына. I Мікола са свайго боку лічыў Міхася другім сваім бацькам, што не вельмі падабалася Ступнікавустарэйшаму. Ён неяк насцярожана пачаў адносіцца да Асцёрскага, затаіўшы ў душы нейкую крыўду.