За калючым дротам
Павел Пруднікаў
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 272с.
Мінск 1993
У летні час і ў Нарыльску было добра. Круглыя суткі свяціла сонца. Пад яго промнямі, хай сабе і слабымі, можна было грэцца і ноччу. А Міхасю часта даводзілася працаваць у начную змену. I, трэба сказаць, яму такая змена падабалася. Ніякай мітусні, ніякага крыку-вэрхалу. Колькі хочаш працуеш і колькі хочаш адпачываеш. Ніхто табе не псуе нерваў, якія даўно і так былі ўжо сапсаваны. Ён прасіў майстра, каб той пасылаў у начную змену і Міколку, і той згаджаўся. А майстар ведаў пра сяброўства двух гэтых на першы погляд розных людзей. Ды і не толькі майстар. Пра гэта ўжо ведалі амаль усе ў дэпо, але глядзелі на такія ўзаемаадносіны па-рознаму.
Неяк раз Міхась рызыкнуў расказаць свайму юнаму сяб-
ру аб сваёй сямейнай трагедыі, пра якую ён яшчэ і сам добра не ведаў, але адчуваў гэта сэрцам.
— А можа, Міхась Раманавіч, гэта табе толькі так здаецца? — супакойваў, як мог, свайго старэйшага сябра Мікола.— Паспрабуй яшчэ раз напісаць сваёй Таісе.
— Кажаш «сваёй Таісе?» А ці яна цяпер мая?
— А чыя ж?
— He ведаю чыя, а толькі ўжо не мая,— сумным голасам гаварыў Міхась.— Я ж табе гаварыў, што яна публічна адраклася ад мяне і пасля не адказала ні на адно маё пісьмо да яе.
— А ты яшчэ раз напішы. Можа, яна тваіх пісем і не атрымлівала.
— Напісаў бы, ды не ведаю куды: Ленінград жа ў блакадзе. Трэба трошкі пачакаць. Мне здаецца, што вось-вось кола гэтай праклятай блакады разляціцца!
— Ну, тады трошкі пачакай,— згадзіўся Мікола.
— Я ж, як толькі магу, стараюся паскорыць канец гэтай ненавіснай блакады. Кожны месяц амаль усю сваю зарплату ахвярую на абарону пакутніка Ленінграда. Жонка як жонка, яна ўжо ніколі не будзе маёй, а сын... Ён жа таксама недзе там пакутуе, калі застаўся жывы.
— Правільна робіш. Я і сам бы так рабіў,— шчыра і пераканаўча гаварыў Мікола.
Гэта гутарка адбывалася ў сярэдзіне чэрвеня 1944 года. А яшчэ да гэтага Міхась пачуў па радыё ноччу 26 чэрвеня, што 25 чэрвеня вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў горад Чавусы Магілёўскай вобласці. Назаўтра ж паведамлялася аб тым, што ад акупантаў ачышчана Орша, потым — гарады Горкі, Шклоў і, нарэшце, Магілёў. Радасці не было канца. Каго б ён у той час ні сустракаў са сваіх знаёмых, усім гаварыў:
— Ты ведаеш, мая Магілёўшчына вызвалена ад фашысцкай чумы! Скора Гітлеру будзе капут!
I сябры па працы і па лёсу віншавалі Міхася з перамогай, да якой было яшчэ далёка.
Доўга не думаючы, Міхась сеў і напісаў пісьмы бацькам і двум сёстрам, якія жылі асобна ад бацькоў. Думаў, вось цяпер яны напішуць яму пра сябе, пра сваіх родных і блізкіх. Гэтыя пісьмы былі адпраўлены з першым параходам навігацыйнага сезона 1944 года. А навігацыя па Енісеі пачыналася ў сярэдзіне чэрвеня.
А праз два месяцы пасля таго да Міхася прыйшла новая радасць: 10 жніўня цалкам была знята блакада з гераічнага Ленінграда. I ён тут жа напісаў пісьмы Таісе і былой цеш-
чы — Марыі Пятроўне. У пісьме да Таісы ён паведамляў аб тым, што жыў-здароў і спадзяецца на хуткае вызваленне. Пытаўся ў гэтым пісьме і пра сына. Прасіў яе берагчы іх агульнае дзіця, а таксама і самую сябе. Для парадку некалькі слоў пракляцця паслаў у адрас Гітлера, узваліўшы ўсю віну на яго і за свой лёс. Маўляў, каб не ён, дык і з ім, Міхасём, не здарылася б таго, што ён перанёс і перажыў разам з ёю, Таісай, і іх сынам, Алегам. Хоць сапраўднага віноўніка ён ужо добра ведаў, але ў пісьме не хацеў пра гэта гаварыць, каб не наклікаць на сябе новай, яшчэ страшнейшай бяды. А ў пісьме да былой цешчы ён яшчэ больш хітрыў. Два пісьмы адправіў адначасова міма лагернай цэнзуры. Іх аднёс на пошту Мікола, і яны пайшлі па прызначэнні ў канвертах з грыфам «Авіа».
He прайшло і месяца, як Міхась атрымаў адказы на абодва пісьмы. Пісьмо ад былой цешчы было лаканічным. Яна паведамляла аб тым, што за вайну яны нагараваліся, але засталіся жывымі і што асабіста яе напаткала вялікае гора: у час бамбёжкі Ленінграда яшчэ ў 1941 годзе загінуў яе муж, айчым Таісы.
Таіса ж настрачыла пісьмо на цэлых чатыры старонкі. Яна пісала: «Міхась, я вельмі рада, што ты жыў і здароў і што не крыўдуеш на мяна за маё маўчанне. Ты ведаеш, што я замужам за палкоўнікам. У мяне ад яго ёсць сын Вова. Наш Алік расце і чакае цябе. Муж мой зараз на фронце — змагаецца з агульным нашым ворагам — фашызмам. Але нягледзячы на ўсё гэта, ты прыязджай, як толькі вызвалішся. Мы цябе чакаем...» I ў канцы: «Таіса».
Міхась набраўся цярпення — дачытаў да канца. Хацеў быў адразу парваць гэтыя лісткі і кінуць у грубку, але ўстрымаўся. Ён вырашыў паказаць гэта пісьмо свайму юнаму сябру і параіцца з ім. Так ён і зрабіў. У той жа дзень ён даў пачытаць ліст Міколу.
— Ну як, класічны «твор»? Добрая краля? — спытаўся Міхась.
— Марыя Магдаліна,— адказаў Мікола.
— Тады скажы, Міколка, як мне быць? Аднаму мне тут не справіцца. Ты бачыш, якая ханжа: «Я замужам... У мяне ёсць сын ад яго (новага мужа, значыць), але ты прыязджай». Гэта выходзіць так, што я, былы яе муж, бацька яе старэйшага сына, цяпер павінен буду ехаць туды ў ролі яе палюбоўніка ці распусніка. Як табе падабаецца гэта?
— Ты знаеш, Міхась Раманавіч, такая задача мне не пад сілу. Сам мой узрост і мізэрны жыццёвы вопыт не даюць разабрацца ў гэтым. Тут неяк усё заблытана, пераблытана.
Давай пакуль што адкладзём гэту справу. Добра падумаем.
— Я згодзен, адкладзём хоць да заўтра,— пагадзіўся Міхась.— Думай ты, і я буду думаць.
Назаўтра Міхась зноў спытаў у Міколы яго думку. Той пакруціў галавою і прызнаўся:
— Нічога я, браце, не прыдумаў. Вырашай сам, як знаеш.
— А вось што я вырашыў,— сказаў Міхась.— Адкажу ёй на гэта пісьмо так, як быццам паміж намі нічога не здарылася. Распытаю ў яе пра свайго пераемніка, хто ён і што, нават пахвалю яго за добразычлівасць у адносінах да яе і сына, назаву яго «ратавальнікам» сваёй сям’і. Пагляджу, што яна адкажа на гэта. Няхай раскрывае свае карты.
— Разумнае рашэнне,— сказаў Мікола,— я з табою згодзен.
Так Міхась і зрабіў. Ён пісаў ёй так, як быццам паміж імі нічога і не адбылося. Відаць, яна паверыла і напісала Міхасю, што па-ранейшаму яго кахае. А ўсё, што здарылася з ёю, дык гэта вымушанае, паміма яе волі і жадання. Умольвала яго дараваць ёй за яе «памылку» і пры першым выпадку прыязджаць. А калі ў новым сваім пісьме Міхась спытаў, што яна будзе рабіць з двума мужамі, яна адказала трыма словамі: «Тады будзе відаць».
— Бачыш, якая крывадушная? Няўжо яна не разумее, што яе хітрасць відаць?
— Падлюка! — не стрымаўся Міколка.— Больш не nimbi ёй ні слова.
— Пакуль што ўстрымаюся.
He прайшло шмат часу, як, не дачакаўшыся адказу, Таіса прыслала Міхасю новы ліст, у якім ці то са шкадаваннем, ці то з радасцю (так ён і не зразумеў) яна паведамляла яму аб гібелі другога мужа: «Дарагі Міхась,— пісала яна,— мяне напаткала вялікае гора — загінуў мой муж у званні палкоўніка. Я не ведаю, што мне рабіць цяпер? Як мне жыць?»
Можа, каб Міхась быў у іншых умовах, яго хоць трохі кранула б гора яго былой жонкі, а цяпер яму хацелася над ім смяяцца: «Так табе і трэба!»
Яго юны сябра выказаў падобную думку, толькі звернутую да таго, што загінуў.
Міхась напісаў хутчэй не спачувальны, а з’едлівы ліст і паслаў Таісе, спадзеючыся, што на гэтым і скончыцца іх няшчырая перапіска, але дзе там! Яна пачала пісаць яму яшчэ часцей і запрашаць пасля адбыцця «тэрміну пакарання» прыехаць да «сваёй сям’і». «Толькі ты дарэмна абража-
еш майго часовага мужа, ён добры чалавек. Выратаваў ад гібелі мяне і сына нашага, маму — вывез у пачатку блакады ў Куйбышаўскую вобласць да сваіх сваякоў, дзе мы і жылі да зняцця блакады». Так яна і назывла свайго палкоўніка «часовым мужам». He мог Міхась не ўпікнуць яе гэтым: «Сёння ты называеш Рэдзькіна «часовым мужам», а нядаўна, пэўна, так жа называла мяне ў яго прысутнасці. А каго ж заўтра назавеш гэтым словам?»
Пакуль Міхась вёў такую нервозную перапіску, адразу да яго прыйшлі два лісты з родных мясцін ад родных яму людзей — ад сястры і пляменніцы. Сястра пісала, што яны ўсе бясконца рады яго пісьму, рады, што ён жыў і здароў і што ў іх таксама ўсё ў парадку, што яны з нецярпеннем чакаюць яго дамоў, асабліва маці, у якой ён заўсёды быў любімым дзіцем. Калі Міхась прачытаў гэты ліст, то адразу адчуў, што нешта замоўчваецца. Гаворыцца пра маці — і ні слова пра бацьку. Пра брата Міколу таксама нічога не сказана. «Тут штосыіі не тое,— падумаў Міхась.— He ўсё ёсць у радках, засталося нешта па-за радкамі...» Ён трошкі паразважаў сам з сабою і адкрыў канверт ад пляменніцы.
У гэтым лісце Міхась не знайшоў ніякіх рэбусаў. Па сваёй нявопытнасці з першых радкоў Галя пісала пра ўсё так, як яно было на самай справе: «Дарагі дзядзька Міхась, вы пісалі і пасылалі пісьмо на імя маёй мамы, дык яе ўжо няма — памерла ад тыфусу, які прынеслі нам фашысты. Бацька ж загінуў на вайне недзе пад Чавусамі. Там жа забілі і дзядзьку Міколу, вашага роднага брата. Забілі на вайне і дзядзьку Сёмку і дзядзьку Сашку, і яшчэ дзядзьку Грышку. Дзед Раман, ваш бацька родны, памёр ад таго, што забілі дзядзьку Міколу. I яшчэ хачу паведаміць вам, што забілі на вайне дзядзьку Петрака, мужа цёткі Пёклы, дзядзьку Васіля, мужа другой цёткі, і дзядзьку Ігната, мужа трэцяй цёткі Ганны. Забілі і дзядзьку Змітрака, брата майго бацькі. I цётку Полю забілі немцы. Цяпер я засталася адна жыць у сваёй хаце далёка ад цётак і бабы. Яны запрашаюць мяне жыць да іх, але я не хачу ісці са сваёй хаты. Цяжка мне жыць, але трэба. Цяпер усім цяжка. Прыязджайце хоць вы да нас. Піша вам ваша пляменніца Галя».
Калі Міхась прачытаў гэта прастадушнае, шчырае пісьмо, яго адразу кінула ў жар. Нейкі час ён знаходзіўся нібы ў шокавым стане. А калі апрытомнеў, не стрымаўся і заплакаў наўзрыд.
— Што з табою, Асцёрскі? — пыталі і адначасова супакойвалі яго суседзі па нарах.
Міхась нічога нікому не адказваў, а яшчэ мацней плакаў,
што з ім рэдка здаралася. Гаварыць ён не мог, а замест гэтага паказваў на пісьмо. Суседзі па нарах здагадаліся, што там нешта страшнае.
I пасля гэтага яны спрабавалі супакойваць яго, але нічога не маглі зрабіць.
Было гэта вераснёўскім вечарам. Потым усю ноч Міхась не спаў, а толькі плакаў. Назаўтра раніцай ён сказаў сябрам, што захварэў і на работу не пойдзе. У медпункт ён не пайшоў: ведаў, што ад такой хваробы ад работы ніхто вызваляць не будзе, бо ні паносу, ні тэмпературы ў яго не было.